Надомная праца ў Беларусі: перажытак мінулага або перспектыва развіцця краіны?

Самы галоўны рэсурс краіны – гэта людзі. Недарэмна ж некалі надомная праца інвалідаў успрымалася адначасова і як істотны ўнёсак у эканоміку краіны, і як лепшы сродак іх сацыялізацыі і рэабілітацыі. Але сёння, намагаючыся выжыць на невялікую пенсію, людзі з інваліднасцю шукаюць працу, аказаўшыся за бортам працоўнага рынку.
Надомная праца – тое, што баліць многім
Літаральна штотыдзень нам тэлефануюць у рэдакцыю або пішуць у сацыяльныя сеткі незнаёмыя людзі, якія маюць інваліднасць. Прычына ў асноўным адна: «шукаю працу». Не аднойчы, калі я размаўляла з героямі публікацый, яны ўзгадвалі, як некалі працавалі на камбінатах надомнай працы, якіх ужо, па сутнасці, не існуе ў тым выглядзе, у якім яны некалі былі. Так і атрымліваецца, што большасці інвалідаў толькі і застаецца сядзець дома на ўласную пенсію.
Толькі свет не стаіць на месцы: у ім зараз патрабуюцца далёка не толькі зборшчыкі чагосьці ці вязальшчыкі… Так, калі шукаць працу праз адмысловыя сайты, у некаторых аб’явах можна сустрэць, што вакансія даступная для саіскальнікаў-інвалідаў, якія могуць працаваць аддалена. Але дагэтуль у Беларусі не створаны спецыяльныя цэнтры, якія б маглі і браніраваць месцы для інвалідаў, і шукаць падыходзячых працаўнікоў з інваліднасцю для працадаўцаў, як гэта функцыянуе, напрыклад, у ЗША.
Уладзімір Патапенка, старшыня Цэтральнага праўлення Беларускага таварыства інвалідаў, перакананы, што пры СССР надомная праца давала хай і невялікі, але дадатак да пенсіі па інваліднасці:
– У той час пенсія не магла перавышаць 120 рублёў. Для маладых інвалідаў гэта была адзіная магчымасць зарабіць працоўны стаж для пераразліку іх сацыяльнай пенсіі. Акрамя матэрыяльнага складніка надомнай працы, нават калі яна была руціннай, малааплачвальнай і манатоннай, яна ўсё адно давала магчымасць развіваць маторыку рук, ног, аднаўляць страчаныя рухальныя функцыі, а галоўнае – можна было змяніць свой сацыяльны статус: стаць працоўным інвалідам. У той час гэтаму надавалася асаблівае значэнне і стаўленне. Таму тады ўсе інваліды, нават самай цяжкай формы, шукалі магчымасць працаўладкавацца. Яны шукалі шанец задзейнічаць свае пакінутыя патэнцыйныя магчымасці і здольнасці. І дзяржаўная сістэма кіравання падтрымлівала такое імкненне інвалідаў шляхам стварэння адпаведных умоў працы на камбінатах надомнай працы.
/
Уладзімір Патапенка кажа, што ў СССР з заробку інваліда не спаганяліся ніякія падаткі, колькі б ён ні зарабляў. Працоўныя інваліды атрымлівалі санаторна-курортныя пуцёўкі бясплатна і ў першачарговым парадку, мелі прыярытэтнае забеспячэнне спецаўтатранспартам на ільготных умовах.
/
Сяргей Драздоўскі, дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю, кажа, што ў пасляваенны час надомная праца была адной з самых развітых рэчаў: Такая была эканоміка ў той час. Усё пакрывала тады саматужніцтва». Але ён перакананы, што пасля распаду СССР камбінаты надомнай працы разваліла карупцыя. «Сёння патрабаваць ад дзяржавы аднавіць такую ж сетку камбінатаў надомнай працы – гэта ўтопія», – упэўнены эксперт.
Як выглядае праца надомнікаў сёння?
Сёння пры Беларускім таварыстве інвалідаў у розных гарадах краіны функцыянуюць некалькі камбінатаў надомнай працы на базе прадпрыемстваў. Але дзяржава не мае да іх дачынення.
Напрыклад, на прадпрыемстве «ШчучынСпецПашыў», дзе шыецца спецыяльная вопратка, некалькі інвалідаў працуе дома. Наталля Дзяніска, дырэктарка прадпрыемства, кажа, што іх праца заключаецца ў ачышчэнні кабеляў ад пластыкату. «Завод «Аўтапровад» прывозіць, кладаўшчык расфасоўвае. Некаторыя інваліды па кабелі прыходзяць самі, некаторым – адвозяць, у кожнага ж рознае захворванне», – тлумачыць Наталля Міхайлаўна. – Шчыра кажучы, працы мала. Некалі ў нас працавала 30 чалавек, а зараз працуе толькі 10». Дырэктарка кажа, што з усімі працаўнікамі заключаны дамовы аб надомнай працы.
На самім жа прадпрыемстве працуе 46 чалавек, 28 з іх – з інваліднасцю. «Было б цудоўна, калі б буйныя і дробныя прадпрыемствы самі прапаноўвалі працу інвалідам-надомнікам. Зараз яны гэтага не робяць, бо лічаць гэта немэтазгодным. Яно і зразумела, бо пытанне хатняй працы – пытанне не столькі прадпрымальніцкае, колькі сацыяльнае. Бо людзі з інваліднасцю не могуць, як усе, хадзіць на працу, але ж працаваць ім хочацца», – сказала Наталля Дзяніска.
Дырэктар швейнай фабрыкі ў Баранавічах кажа, што ў іх на прадпрыемстве 13 надомнікаў: «Яны займаюцца дробнай працай, дробнымі дэталямі. Але гэта ўсё неэфектыўна, бо трэба ўкладаць шмат грошай у працу інвалідаў. Больш эфектыўна ўкладаць грошы ў само прадпрыемства, куды б інваліды без перашкод маглі дабрацца, тут іх можна пракантраляваць, калі дапусцяць нейкі брак. Надомная праца носіць больш сацыяльны аспект, чым камерцыйны і выгодны». Не так даўно Польшча вылучыла гранд на развіццё прадпрыемства ў Баранавічах. На прадпрыемстве яго вылучылі на навучанне маладых інвалідаў, набыццё спецыяльнай тэхнікі… Такое ўкладанне дырэктар бачыць намнога больш перспектыўным і выгодным для прадпрыемства.
Ці ёсць будучае ў камбінатаў надомнай працы?
«Я асабіста не бачу вясёлкавых перспектыў развіцця надомнай працы на базе нашых існых прадпрыемстваў, – прызнаецца Уладзімір Патапенка. – Тут жа яшчэ той факт, што арганізацыя надомнай працы патрабуе вельмі вялікай дадатковай працы і адказнасці для кіраўнічага апарата і ў першую чаргу дырэктараў прадпрыемстваў, бо яны таксама не гараць жаданнем развіцця такога напрамку дзейнасці. Але, на мой погляд, калі мы зможам арганізаваць працоўныя месцы для надомнікаў, яны былі, ёсць і будуць заўсёды запатрабаваныя».
/
«Звыклую надомную працу ў выглядзе пляцення мачалак адназначна трэба мяняць, – упэўнены Сяргей Драздоўскі. – Трэба прыводзіць яе да больш электронных і камунікацыйных выглядаў. На яго думку, у камбінатаў вытворчасці ў такім выглядзе, у якім яны зараз, перспектыў няшмат. А тэндэнцый пошуку новых формаў пакуль няма.
/
«З пункту гледжання нашых камбінатаў гэта пытанне перабудовы, – упэўнены Драздоўскі. – Напрыклад, ёсць вялікія праграмы ААН, яны ідуць такімі моднымі трэндамі як «сацыяльнае прадпрымальніцтва», але мала хто хоча з гэтым разбірацца. Па сутнасці, усе стартапы разлічаны на атрыманне вялікага прыбытку, а ў гэтай сферы прыбытак, думаю, не атрымаецца. Надомная праца грунтуецца на развіцці чалавечага патэнцыялу. Гэтыя грошы трэба чакаць 5-7 гадоў».
Ці дазваляе заканадаўства выкарыстоўваць надомную працу?
З першага погляду, калі разважаць пра тую сітуацыю, якая склалася ў Беларусі з надомнай працай, можна падумаць, што беларускае заканадаўства не надта дазваляе выкарыстоўваць надомную працу. Але гэта не так. У Працоўным кодэксе змяшчаецца цэлая глава аб надомнай працы.
У яе артыкулах прапісана, кім з’яўляюцца работнікі-надомнікі. Гэта асобы, якія заключылі працоўную дамову з наймальнікам аб выкананні работ дома з выкарыстаннем уласных матэрыялаў, абсталявання, інструментаў, механізмаў, прыстасаванняў або якія вылучаюцца наймальнікам або набываюцца за кошт сродкаў наймальніка. Пад надомнай працай разумеецца праца, якую работнiкі-надомнікі выконваюць па месцы яго жыхарства або ў іншых памяшканнях на яго выбар па-за памяшканнямі наймальніка. Прытым дададзена, што арганізацыя хатняй працы дапускаецца толькі ва ўмовах, якія адпавядаюць патрабаванням аховы працы, для асоб, якія маюць практычныя навыкі або якія могуць быць навучаны гэтым навыкам для выканання пэўных работ.
У артыкуле 305 названы канкрэтна тыя асобы, якія маюць пераважнае права працаваць дома: «Пераважнае права на заключэнне працоўнай дамовы аб выкананнi надомнай працы прадстаўляецца: жанчынам, якія маюць дзяцей ва ўзросце да шаснаццаці гадоў (дзяцей-інвалідаў – да васямнаццаці гадоў); інвалідам і пенсіянерам (незалежна ад віду прызначанай пенсіі), асобам з паніжанай працаздольнасцю, якім ва ўстаноўленым парадку рэкамендавана праца ў надомных умовах; асобам, якія ажыццяўляюць догляд інвалідаў або доўга хварэюць; асобам, занятым на работах з сезонным характарам вытворчасці (у міжсезонны перыяд), а таксама якія вучацца на дзённай форме атрымання адукацыі; асобам, якія па аб’ектыўных прычынах не могуць быць заняты непасрэдна на вытворчасці ў дадзенай мясцовасці».
У той жа час ёсць Канвенцыя аб надомнай працы 1996 года, у якой сказана, што нацыянальная палітыка ў галіне надомнай працы павінна па меры магчымасці садзейнічаць роўнасці ў звароце паміж надомнікамі і іншымі наёмнымі работнікамі. Нацыянальная палітыка ў галіне надомнай працы павінна праводзіцца з дапамогай заканадаўства, калектыўных дагавораў, арбітражных рашэнняў або любым іншым належным спосабам, адпаведным нацыянальнай практыцы. А тыя дзяржавы, якія ратыфікуюць дадзеную канвенцыю, прымаюць, праводзяць і перыядычна пераглядаюць нацыянальную палітыку ў галіне надомнай працы, накіраваную на паляпшэнне становішча надомнікаў, кансультуючыся пры гэтым з найбольш прадстаўнічымі арганізацыямі працадаўцаў і працоўных, а таксама з арганізацыямі, якія займаюцца праблемамі надомнікаў, і з арганізацыямі працадаўцаў, якія прадстаўляюць працу надомнікам.
Сяргей Драздоўскі мяркуе, што заканадаўча правы і магчымасці для надомнай працы прапісаны няблага: «У прынцыпе, у нашым кодэксе ўсё прапісана. Так, там ёсць прагалы ў праве, але, шчыра кажучы, гэта не вельмі істотна». Тут юрыст мае на ўвазе, што ў законе падрабязна не прапісана, што такое надомная праца. «У нас жа трэба, каб да літары ўсё было прапісана. Але ў міжнароднай Канвенцыі аб надомнай працы гаворыцца, што ты можаш знаходзіцца дзесьці на іншым месцы і гэта можа стацца тваім працоўным месцам».
Што мусіць рабіць дзяржава?
З той сітуацыі, якая склалася з працай надомных камбінатаў сёння, можна зрабіць выснову, што сама дзяржава не надта займаецца арганізацыяй надомнай працы, пакінуўшы грамадскія аб’яднанні сам на сам з гэтай праблемай.
«У суверэннай Рэспубліцы Беларусь стаўленне да працоўнага інваліда, у тым ліку да таго, які працуе дома, значна змянілася, – упэўнены Уладзімір Патапенка. – Уведзены падаходны падатак на заработную плату. Працоўны інвалід пазбавіўся права на бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне незалежна ад памеру заробку. На сёння заканадавец, гэта значыць дзяржава, можна сказаць, ніяк не стымулюе і не матывуе самога інваліда да працаўладкавання».
Уладзімір Патапенка мяркуе, што праблема надомнай працы вырашыцца з прыняццем Закона аб сацыяльных прадпрыемствах: «Ёсць нават даручэнне Міністэрства працы і сацыяльнай абароны па гэтым пытанні, але рэальных вынікаў пакуль няма. Няма дзейнага дакумента, закона або падзаконнага акта, які б стымуляваў саміх інвалідаў да працаўладкавання, рэгламентаваў умовы стварэння, арганізацыі працы і развіццё прадпрыемстваў, якія ствараюць працоўныя месцы для інвалідаў дома».
Сяргей Драздоўскі прапаноўвае дзяржаве браніраваць працоўныя месцы для людзей з інваліднасцю: «Дзяржава можа падымаць пытанні: дзе і колькі месцаў ёсць на раёне, колькі ёсць наймальнікаў. Адшукаўшы такіх кіраўнікоў, яна можа дамаўляцца з імі, браніраваць працоўныя месцы, хаця гэта і складана, бо сам рынак надомнай працы – хуткаплынны. Але і прымушаць наймальнікаў уладкоўваць людзей з інваліднасцю – таксама не ёсць добры варыянт».
/
«Што мусіць рабіць дзяржава? – разважае Сяргей Драздоўскі. – Трэба стымуляваць наймальнікаў, каб менавіта яны звярталі ўвагу на праблему: надомная праца патрэбна і людзям з інваліднасцю, і сталым людзям, і мамам у дэкрэце… Дзяржава мусіць звярнуць увагу на гэтую праблему, але не з пазіцыі максімальна поўнага ўзаконьвання, а з пазіцыі прыбірання бар’ераў, якія толькі могуць быць тут. Дзяржава мусіць звярнуць увагу на той рынак, які ўжо ёсць, і разабрацца, чаму там мала людзей з інваліднасцю працуе, і падумаць, якім чынам можна стымуляваць наймальніка, каб людзі з інваліднасцю для іх аказаліся цікавымі працаўнікамі».
/
Таксама ён кажа пра тое, што дзяржава мусіць займацца перакваліфікацыяй інвалідаў: «Напрыклад, чалавек раней клаў дах, а пасля траўмы ніхто і не думае, што ён можа пачаць пісаць артыкулы. І яму самому цяжка справіцца з гэтым. Цэнтры занятасці мусяць абраць патрэбную мову, каб ён пасля траўмы запрацаваў, а не запіў».
Ці ўсё залежыць ад дзяржавы?
На пытанне: «Дык хто мусіць займацца арганізацыяй надомнай працы?» Сяргей Драздоўскі адказаў, што самі дырэктары прадпрыемстваў: «Немагчыма напісаць метадычку па надомнай працы ў Беларусі. Тут канкрэтны чалавек на канкрэтным месцы мусіць быць носьбітам гэтай ідэі. Без людзей нічога не атрымаецца».
Сяргей Драздоўскі кажа, што да яго досыць часта звяртаюцца прадпрымальнікі, якім пытанне працаўладкавання інвалідаў баліць. Яны хочуць дапамагчы, але не ведаюць чым. Пачуўшы пра сістэму надомнай працы па прыкладзе камбінатаў і паспрабаваўшы яе, хутка расчароўваюцца. «Пасля аказваецца, што для прадпрымальнікаў гэта проста нерэнтабельна: вазіць матэрыялы, пасля забіраць… Для яго гэта аказваецца проста невыгадна», – тлумачыць Сяргей Драздоўскі. – Былі намаганні нешта новае адчыняць і ў Мінску, і ў Магілёве, – узгадвае Драздоўскі. – Напрыклад, рабілі сувеніры з ракавінак… Але нічога не атрымалася, бо трымалася ўсё на мастаку. Тут больш трэба маркетынг, бо падобных рынкаў шмат у Беларусі».
Як арганізавана надомная праца ў ЗША?
Дзеля цікавасці, я ўвяла ў гугл-пошукавіку словазлучэнне на англійскай мове «праца дома». І пабачыла адказы накшталт «варыянты прац», «падшукаць кадравыя агенцтвы», «топ 15 кампаній, якія могуць прапанаваць працу дома»… Відавочна, што ў англамоўных краінах надомная праца ўладкавана інакш. Паспрабуем разабрацца.
У пачатку 1970-х гадоў у сувязі рэструктурызацыяй эканомікі і ростам беспрацоўя многія краіны пайшлі па шляху рэалізацыі нацыянальных праграм па прыцягненні беспрацоўных да індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў форме самазанятасці. У гэтых краінах разам з развіццём самазанятасці і хатняга бізнесу распаўсюджванне атрымала практыка выканання працы дома наёмнымі супрацоўнікамі. Напрыклад, у ЗША такі выгляд занятасці вызначаецца тэрмінамі «хатняя занятасць» і «надомная праца». Гэта такія працы, як дробная індывідуальная вытворчасць, расфасоўка і ўпакоўка, тэлефонная даведкавая служба, рэдактура тэкстаў, бухгалтарская справаздачнасць, пошук інфармацыі, праграмаванне, кансультаванне па тэлефоне ці Інтэрнэце, выкананне складаных навукова-тэхнічных работ або даследаванняў і шмат што іншае.
Сёння ў ЗША адносіны працадаўцаў і наёмных надомных работнікаў жорстка рэгламентаваны працоўным заканадаўствам ЗША. На падставе «Закона аб нормах справядлівых працоўных адносін» на надомных работнікаў распаўсюджваюцца ўсе правы, якія прадстаўляюцца федэральным заканадаўствам аб працы. Вытворчай дзейнасцю дома могуць займацца толькі асобы ва ўзросце ад 16 гадоў.
У многіх выпадках надомная праца патрабуе спецыяльнага абсталявання, якое прадстаўляецца працадаўцам або набываецца самім работнікам у залежнасці ад умоў працоўнай дамовы. Для абслугоўвання надомных работнікаў у ЗША створана мноства малых прадпрыемстваў, якія аказваюць дапамогу ў набыцці неабходнага абсталявання і аргтэхнікі, у арганізацыі пастаўкі матэрыялаў, у правядзенні прафілактычнага абслугоўвання і рамонту абсталявання. Спецыялісты падобных прадпрыемстваў аказваюць неабходную кансультацыю кліентам у адпаведнасці з абраным імі відам хатняй дзейнасці ў частцы падбору і набыцця, які патрабуе абсталявання і матэрыялаў.
Пашырэнне прымянення інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій у апошнія 20 гадоў паступова прывялі да трансфармацыі хатняй індывідуальнай працы ў шматбаковую калектыўную дзейнасць, якая ахоплівае мноства кваліфікаваных спецыялістаў, якія знаходзяцца ўдалечыні адзін ад аднаго. Гэта адбываецца дзякуючы забеспячэнню інфармацыйнага ўзаемадзеяння многіх надомных работнікаў. У ЗША хатні выгляд занятасці, які базуецца на шырокім ужыванні ІТ, вызначаецца тэрмінам «тэлезанятасць».
Праведзеныя ў ЗША апытанні паказваюць, што многія кіраўнікі прадпрыемстваў вельмі станоўча ацэньваюць перавагі выкарыстання працы тэлепрацаўнікоў, нават на ўмовах частковай занятасці. Па-першае, гэта дае магчымасць эканоміць на арэндзе вытворчых і офісных плошчаў тысячы долараў толькі на адным працаўніку. Па-другое, як сцвярджаюць аналітыкі, тэлеработнікі, якія працуюць дома, выконваюць працу больш на 25-30% у параўнанні з работнікамі, якiя выконваюць свае абавязкі ў офісе. Гэта звязана са зніжэннем часу на паездкі да месца працы, мінімізацыяй стрэсаў і магчымасцю аптымізаваць па часе свой працоўны дзень у больш спрыяльнай абстаноўцы. Эксперты адзначаюць, што такія работнікі яшчэ і менш хварэюць, таму што яны менш кантактуюць з навакольнымі людзьмі на працы і ў грамадскім транспарце. Таксама ў надомных тэлеработнікаў з’яўляецца магчымасць скарачэння падаткаабкладаемых сум з асабістых даходаў, якія выдаткоўваюцца на набыццё офіснага абсталявання (факсавыя апараты, сканеры, тэлефоны, капіявальная тэхніка, камп’ютарныя і розныя расходныя матэрыялы). Таксама шырокае выкарыстанне тэлеработнікаў спрыяе захаванню працоўных месцаў і зніжае патрэбы бізнесу ў аўтсорсінгавых паслугах. У мэтах развіцця тэлезанятасці ў краіне дзейнічае мноства інфармацыйных сайтаў, якія складаюць нацыянальную пошукавую сетку для асоб, якія шукаюць надомную працу.
Акрамя таго, ў ЗША існуюць праекты і законы, якія ўцягваюць інвалідаў і ветэранаў узброеных сіл у эканамічную дзейнасць. У рамках Міністэрства працы ЗША створаны адмысловы «Дэпартамент занятасці інвалідаў», які ва ўзаемадзеянні з іншымі федэральнымі агенцтвамі і рэгіянальнымі адміністрацыямі комплексна вырашае пытанні сацыяльнай і тэхнічнай дапамогі ў працаўладкаванні гэтай катэгорыі грамадзян краіны. Дэпартамент распрацоўвае агульнанацыянальную палітыку забеспячэння занятасці інвалідаў і ветэранаў узброеных сіл, удасканальвае сістэму аказання ім паслуг у найме на працу, а таксама ажыццяўляе міжведамасную каардынацыю дзейнасці розных дзяржаўных агенцтваў у аказанні тэхнічнай і метадычнай дапамогі працадаўцам, якія выкарыстоўваюць працу інвалідаў. Гэты дэпартамент стварае эфектыўную сістэму стымулаў для павышэння зацікаўленасці працадаўцаў ў найме на працу інвалідаў, іх навучанні і далейшым іх прасоўванні па службовай лесвіцы. Асаблівую ўвагу дэпартамент надае пытанням развіцця розных напрамкаў тэлезанятасці інвалідаў, якія пашыраюць галіну выкарыстання iх працы ў розных сферах дзейнасці. Дэпартамент праводзіць рэгулярныя абследаванні федэральных і рэгіянальных дзяржаўных агенцтваў, а таксама прыватных кампаній, якія прадстаўляюць працу інвалідам. Гэтым крокам яны вызначаюць стратэгічныя і арганізацыйныя мерапрыемствы, якія спрыяюць развіццю тэлезанятасці для інвалідаў.
Разам з Міністэрствам працы ў адпаведнасці з законам «Аб прадпрымальніцкай дзейнасці ветэранаў і развіцці малога бізнесу», Адміністрацыя малога бізнесу ЗША гэтак жа актыўна займаецца пытаннямі ўключэння інвалідаў і ветэранаў узброеных сіл у эканамічную дзейнасць у сферы малога прадпрымальніцтва. Гэты закон абавязвае ўсе нацыянальныя структуры актыўна дапамагаць у стварэнні і развіцці хатніх прадпрыемстваў, якія належаць ветэранам узброеных сіл і інвалідам.
Асноўныя кірункі і спосабы прыцягнення інвалідаў для працы на прыватных прадпрыемствах і ў дзяржаўных арганізацыях – гэта і магчымасць атрымання падатковага крэдыту працадаўцам, і прапанова навучальных праграм для інвалідаў, і зацікаўленасць вышэйшага кіраўніцтва ў прымяненні працы інвалідаў, і ўзаемадзеянне са спецыялізаванымі кадравымі агенцтвамі, і гібкі графік працы, і распрацоўка праграм па ўцягненні інвалідаў у працу, і перспектыва прасоўвання па службе, і падрыхтоўка штатных супрацоўнікаў да працы з інвалідамі. Гэта ўсё сведчыць аб дзейнай сацыяльнай палітыцы дзяржавы, якая стымулюе працадаўцаў адшукваць і актыўна выкарыстоўваць розныя магчымасці па стварэнні спрыяльных умоў для працы інвалідаў.
Высновы і прагнозы
Выслухаўшы меркаванні экспертаў і прааналізаваўшы досвед заходніх краін, можна сказаць дакладна: Беларусі проста неабходна распрацаваць агульнанацыянальную палітыку забеспячэння занятасці інвалідаў.
/
Я чамусьці пераканана, што нашы патэнцыйныя працадаўцы не супраць бачыць у сваіх супрацоўніках людзей з інваліднасцю, тым больш калі ўлічыць, што сучасны свет прадстаўляе шмат магчымасцей для рэалізацыі чалавека як добрага працаўніка. Але праблема ў тым, што наймальнікі не асабліва зацікаўлены ў тым, каб браць на працу інвалідаў. Тут дзяржава сапраўды мусіць зацікавіць дырэктараў пэўнымі прывілеямі і льготамі.
/
Цалкам магу пагадзіцца з Уладзімірам Патапенкам, які прапаноўвае стымуляванне працадаўцаў замацаваць законам. Ды і самі інваліды зусім не ўяўляюць, дзе шукаць працу і патэнцыйных працадаўцаў… Таму ў Беларусі проста неабходна стварыць цэнтры, якія б дамаўляліся з наймальнікамі аб працоўных месцах для інвалідаў, а інваліды змаглі без праблем выбраць сабе падыходзячы варыянт.
Свет не стаіць на месцы, таму варта ісці ў нагу з часам. Але пакуль у большасці беларусаў дагэтуль застаецца стэрэатып, што працаваць можна толькі на працы… Хаця варта ўсвядоміць як на абывацельскім узроўні, так і на дзяржаўным: самазанятасць і надомная праца апошні час знаходзіць усё больш шырокае распаўсюджванне як сярод кваліфікаваных спецыялістаў, так і сярод працаўнікоў у свеце. Гэта дазваляе, выкарыстоўваючы гнуткія формы працоўных адносін, прымяняць найбольш прымальныя віды занятасці, якія ўлічваюць індывідуальныя асаблівасці розных катэгорый працаўнікоў. Працоўнае месца – гэта не толькі твой працоўны стол у офісе. Ва ўсім свеце працоўнае месца зараз – гэта месца для выканання работы з неабходным тэхналагічным і офісным абсталяваннем (тэлефон, камп’ютар, аргтэхніка і іншае). Гэтае месца можа знаходзіцца і дома. Сучасныя камунікацыйныя сродкі дазваляюць надомным работнікам у мэтах каардынацыі сваёй дзейнасці хутка звязацца з любымі спецыялістамі і калегамі па працы. Для інвалідаў гэты аспект асабліва важны, бо яны могуць мець дома рэгуляваны стол, зручна размешчаныя сродкі сувязі, пакой адпачынку, туалет і ванну. Калі ёсць магчымасць надомнай працы, тады аўтаматычна пашыраюцца сферы дзейнасці ў сувязі з выкарыстаннем сучаснай камп’ютарнай і камунікацыйнай тэхнікі, якія здымаюць абмежаванні геаграфічнага або транспартнага характару.
Плюсаў у надомнай працы безліч. Надомная праца – гэта эканомія часу і выдаткаў на штодзённыя паездкі супрацоўнікаў да месца працы і назад, што асабліва важна для інвалідаў.
/
Надомная праца – гэта яшчэ і эфектыўная праца, што таксама даказана на Захадзе. Надомная праца – гэта гнуткі графік працоўнага часу, які дазваляе вызначаць
найбольш зручны час пачатку і заканчэння працы. Для людзей з інваліднасцю гэта дае магчымасць рабіць працяглыя перапынкі ў працы для адпачынку або для выканання лячэбных працэдур.
/
Але нават пры ўсведамленні ўсяго гэтага паўстае пытанне: як правільна арганізаваць сістэму надомнай працы, каб яна эфектыўна працавала? Будзем шчырымі: камбінаты надомнай працы у той форме, у якой яны існуюць сёння, даўно сябе выжылі, бо чалавецтва зрабіла ўжо з дзясятак крокаў наперад, ды і прадпрымальнікі – гэта найперш прадпрымальнікі, а не дабрачынцы. Але калі іх зацікавіць выкарыстаннем працы надомнікаў, то яны таксама будуць мець выгоду. Яны эканомяць на арэндзе офісных або вытворчых памяшканняў, а таксама скарачаюць выдаткі на стварэнне новых працоўных месцаў. Як ужо было сказана вышэй, працуючы дома, чалавек з інваліднасцю робіць гэта больш прадуктыўна, ад чаго наймальнік толькі выйграе. Дзякуючы надомнай працы кіраўнікі могуць захаваць у складзе штатных супрацоўнікаў каштоўных спецыялістаў, якія ў сілу асабістых абставін не могуць у далейшым выконваць свае функцыі ў офісе. Таксама кіраўнікі могуць атрымаць падатковыя і льготы і іншыя прывілеі за стварэнне новых працоўных месцаў для інвалідаў.
У ЗША ў свой час такі пераход да надомнай працы быў абумоўлены крызісам і тым, што трэба было падымаць эканоміку краіны.
У пасляваенны час у СССР была тая ж сітуацыя: надомная праца была найлепшым сродкам падняцця эканомікі ў той час, калі зруйнавана было практычна ўсё. Таму натуральна, што выкарыстоўванне патэнцыйных магчымасцяў многіх людзей, якія маюць жаданне працаваць, аднак абмежаваныя ў сілу асабістых абставін, – гэта не толькі сацыяльны складнік, але і эканамічны. У цяперашніх умовах эканамічнага развіцця нашай краіны былі б дарэчныя магчымасці для пашырэння працоўных рэсурсаў пры мінімальным унёску ў стварэнне новых працоўных месцаў. У гэтай сувязі становіцца актуальнай праблема прыцягнення ў эканамічны зварот перш за ўсё такіх патэнцыйных рэзерваў, якія не патрабуюць вялікіх інвестыцый. Для гэтага і трэба як мага глыбей прыцягнуць такія сферы дзейнасці, як самазанятасць, хатні бізнес, надомную працу. Варта памятаць: самі вялікі рэсурс краіны – гэта людзі. Калі правільна гэты рэсурс скарыстаць, то прыбытак будзе ва ўсіх: і ў дзяржавы, і ў наймальнікаў, і ў людзей з інваліднасцю.
Вікторыя Чаплева
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.