Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз прызнаў, што мама з інваліднасцю здольная выхоўваць сына

Вольга Корзун, якая мае інваліднасць 2 групы па псіхічным захворванні, можа выхоўваць свайго сына, якога адабралі па прычыне яе стану здароўя. Гэта рашэнне вынесла Галоўнае ўпраўленне судова-псіхіятрычных экспертыз Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь пасля таго, як Корзун прайшла псіхолага-псіхіятрычную экспертызу.
Нагадаем, што ў мінулым красавіку прадстаўнікі Столінскага райвыканкама пасля смерці маці Вольгі забралі сына, а пасля перадалі яго ў прыёмную сям’ю. Такое рашэнне яны тлумачылі тым, што працуюць на апярэджанне небяспек, якія тэарэтычна маглі б здарыцца, бо Вольга мае псіхічныя расстройствы.
З таго моманту Вольга прысутнічала не на адным судовым пасяджэнні, толькі каб даказаць, што яна можа самастойна выхоўваць сына. Апошняе судовае пасяджэнне ў Брэсце прыняло рашэнне накіраваць Вольгу на праходжанне псіхіятрычнай экспертызы ў Мінску. Па яе выніках Брэсцкі абласны суд мусіў нарэшце вынесці канчатковае рашэнне па справе адабрання дзіцяці без пазбаўлення бацькоўскіх правоў.
Эксперты зрабілі выснову, што Вольга Корзун “пакутуе на псіхічныя расстройствы ў форме лёгкай разумовай адсталасці, пра што сведчыць яе адсталасць у разумовым развіцці з дзяцінства, няздольнасць да навучання па праграме агульнаадукацыйнай школы, нізкі інтэлектуальны ўзровень і запас агульнаадукацыйных ведаў, слабая здольнасць да аналізу, абагульнення і абстрагавання, прымітыўнасць суджэнняў”.
Але ўсё вышэйпералічанае не дае падставу зрабіць тую выснову, якую без правядзення экспертызы зрабілі прадстаўнікі Столінскага райвыканкама. Судмедэкспертыза адзначыла, што ўзровень інтэлектуальнага недаразвіцця ў Корзун мінімальны, і зрабіла выснову, што сацыяльна-бытавая і прафесійная адаптацыя ў яе аб’ектыўна паляпшаецца.
/
“Корзун па сваім псіхічным стане здольная да належнага выхавання дзіцяці”, – было адзначана ў заключэнні.
/
Судовая калегія па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда ў сувязі з прадстаўленым заключэннем пастанавіла аднавіць справу па апеляцыйнай скарзе Корзун на рашэнне Суда Столінскага раёна. Судовае пасяджэнне адбудзецца 30 сакавіка ў зале Брэсцкага абласнога суда. Тады стане нарэшце дакладна зразумела, вернецца Арсеній да мамы ці не.
Вікторыя Чаплева
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.