«Знішчаныя». Храмы Беларусі, якія былі зруйнаваны у часы савецкай улады

Поддержи

Штодня мы ходзім па гарадскіх вуліцах і не ведаем, што раней тут стаялі не проста святыні, а помнікі архітэктуры, якіх нам так зараз не хапае для таго, каб беларусы адчувалі сваю самабытнасць. Мы сабралі найбольш выбітныя і вядомыя культавыя будынкі, якія былі знішчаны дашчэнту савецкай уладай. За кожным з іх – свая гісторыя….

Казанская царква ў Мінску. Тагачаснае беларускае кіраўніцтва прыйшло паглядзець на тое, як яе ўзрывалі

У 70-я гады ХIХ стагоддзя будавалася чыгунка, што праходзіла за мяжой тагачаснага Мінску. Чыгуначнікі сталі ствараць свае пасёлкі. Большасць іх жыхароў была праваслаўная, таму, натуральна, узнікла патрэба ў будаўніцтве храма. У выніку, у 1890 годзе была асвячона маленькая драўляная царква Казанскай Божай Маці. Месцілася яна ў раёне цяперашняй плошчы Мяснікова.

Хутка пры царкве заснавалі брацтва, галоўным абавязкам якога было збіраць сродкі на будаўніцтва ў гэтым раёне новага і трывалага храма. Пасля быў атрыманы дазвол на пабудову цаглянай царквы, побач з драўлянай. Каменная Казанская царква была пабудавана ў 1914 годзе паблізу ад драўлянага Казанскага храма. Храм быў размешчаны ў цэнтры цяперашняй плошчы Мяснікова ў непасрэднай блізкасці ад чыгункі, дзе ў цяперашні час сыходзяцца вуліцы Савецкая, Бабруйская і Мяснікова. Паміж дзвюма ажыўленымі дарогамі там зараз зялёная зона: менавіта на гэтым пятачку і месцілася царква. У народзе яе празвалі «жоўтай царквой», бо яна была пабудавана ў псеўдавізантыйскім стылі.

Цікава, што ні бамбардзіроўка Першай сусветнай вайны, ні рэвалюцыя 1917 года не знішчылі храм. У 1917 годзе ў драўлянай Казанскай царкве размясціўся «клуб для глуханямых», у каменнай царкве яшчэ некаторы час здзяйсняліся набажэнствы. У 1930-м бальшавікі закрылі каменны Казанскі храм, знялі з яго крыжы і наладзілі ў ім клуб чыгуначнікаў.

У маі 1936 года храм быў узарваны. У пачатку верасня 1941 года набажэнствы ў драўляным храме аднавіліся. І працягнуліся да 1961 года, пакуль царква не была зачынена і зруйнавана.

Касцёл XVI стагоддзя ў Полацку, які перажыў войны трох стагоддзяў, але не вытрываў рэлігійнай нянавісці

Мала хто ведае, што Полацк у XVI стагоддзі 17 гадоў быў пад расійскай акупацыяй Івана Жахлівага. У 1579 годзе войска новаабранага караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя вызваліла Полацк, аднак горад быў фактычна спустошаны… Стэфан Баторы, які хацеў як мага хутчэй засяліць спустошаны край, а таксама распаўсюдзіць каталіцтва на ўсходзе ВКЛ, пасяліў у Полацку езуітаў і перадаў ім усе праваслаўныя манастыры і цэрквы, за выключэннем сабора Святой Сафіі. Кароль прапанаваў размясціць касцёл на Верхнім замку, а калегіум на востраве на Дзвіне, аднак езуіты вырашылі будаваць іх на рыначным пляцы.

Спачатку быў пабудаваны драўляны касцёл, але доўга ён не прастаяў праз пажары і расійскую акупацыю падчас Паўночнай вайны. На месцы драўлянага быў збудаваны каменны касцёл. Яго будаўніцтва галоўным чынам было завершана ў 1738 годзе, але працы працягваліся і пасля яго асвячэння ў 1745 годзе.
У лютым 1833 года, пасля таго, як землі адышлі да Расійскай Імперыі, касцёл Святога Стэфана быў пераасвячоны ў праваслаўную царкву ў гонар святога Мікалая, якая пазней стала кафедральным саборам Полацка-Віцебскай епархіі.

У 1936 годзе вежы касцёла разабралі. Стан касцёла і калегіума езуітаў пасля заканчэння вайны няўхільна пагаршаўся. Камісія, узначаленая тагачасным намеснікам старшыні Савета Міністраў БССР і старшынёй Дзяржбуда БССР, прыняла рашэнне аб «немэтазгоднасці і немагчымасці» аднаўлення комплексу. Будынкі былі зняты з уліку помнікаў гісторыі і культуры. На іх знішчэнне было выдаткавана 30 тысяч тагачасных рублёў.

У студзені 1964 года касцёл Святога Стэфана і частка калегіума былі ўзарваны. За добра выкананую працу ўдзельнікам акцыі была аб’яўлена падзяка, двое з іх узнагароджаны ганаровымі граматамі гарвыканкама. На месцы зруйнаваных будынкаў узведзены прэстыжны дзевяціпавярховы жылы дом.

Замест касцёла XVI стагоддзя ў Віцебску – амфітэатр

Віцебск, як і іншыя буйныя гарады Беларусі, у ХV – пачатку XIX стагоддзя быў міжканфесійны. У яго цэнтры размяшчаліся праваслаўныя, уніяцкія, рыма-каталіцкія саборы і сінагогі. Зараз, на жаль, у гістарычным цэнтры адноўлены толькі праваслаўныя храмы. Многія кажуць, што сярод царкоўнага кола, якое месціцца ў старой частцы Віцебска, не хапае менавіта яго, велічнага касцёла Святога Антонія…

Касцёл святога Антонія Падуанскага размяшчаўся з усходняга боку Рынкавай плошчы і Смаленскай вуліцы, насупраць ратушы і каля цяперашняга амфітэатра. Будаўніцтва касцёла і кляштара ў 1676 годзе фінансаваў віцебскі ваявода Ян Антоній Храпавіцкі. Першапачаткова будынкі храма былі драўляныя і гарэлі ў пажарах. У 1737 годзе пачалося будаўніцтва мураванага касцёла і кляштара, а ў 1768 касцёл быў асвячоны.

Касцёл Святога Антонія быў не выцягнуты ўглыб, як гэта бывае звычайна, а быў квадратным. У адрозненне ад большасці віцебскіх храмаў, касцёл Святога Антонія не перадаваўся праваслаўнай царкве пасля далучэння да Расійскай Імперыі. Цікава, што ў 1899 годзе касцёл наведаў пісьменнік Іван Бунін. Пасля ён напіша пра гэта ў сваім рамане «Жизнь Арсеньева»: «Ни Акрополь, ни Баальбек, ни Фивы, ни Пестум, ни святая София, ни старые церкви в русских Кремлях и доныне несравнимы для меня с готическими соборами. Как потряс меня орган, когда я впервые (в юношеские годы) вошел в костел, хотя это был всего на всего костел в Витебске!»

Пры Савецкай уладзе касцёл быў зачынены ў 1940 годзе. Была спроба перадаць будынак медыцынскаму інстытуту, але у выніку там размясціўся Музей атэізму, дзе захоўваліся мошчы Святой Еўфрасінні Полацкай. У 1944 былі разбураны верхавіны вежаў. Канчаткова касцёл быў знішчаны ў 1961 годзе.

Лютэранскае падвор’е ў Мінску

У Мінску ў XVIII – пачатку XX стагоддзя існавала не адна лютэранская кірха. Насупраць універсама «Цэнтральны» на сучасным праспекце Незалежнасці існавала цэлае лютэранскае падвор’е. У яго комплекс, акрамя лютэраснкай царквы, уваходзілі сад, каменны двухпавярховы дом і каменны аднапавярховы флігель, узведзены ў пачатку 1840-ых гадоў. У адным з будынкаў дзейнічала рэлігійная школа. На лютэранскім падвор’і ў XX стагоддзі, дарэчы, знаходзіўся кінатэатр «Гігант». Ён займаў увесь аднапавярховы флігель і палавіну першага паверха ў другой камяніцы.

Лютэранскую суполку разагналі савецкія ўлады. У цэнтральнай кірсе знеслі вежу, і там стаў працаваць кінатэатр. Будынак знішчылі ў Другую сусветную вайну. Цяпер там стаіць жылы дом з уваходам на станцыі метро «Купалаўская» і «Кастрычніцкая». Іншую кірху разбурылі ў 1939 годзе.

Фара Вітаўта ў Гродне, якую адмовіліся ўзрываць беларусы

Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі, таксама вядомы як Фара Вітаўта, быў закладзены пры праўленні вялікага князя літоўскага Вітаўта, то бок, яшчэ ў канцы XIV стагоддзя. Фарны касцёл, або Фара – значыць прыхадскі касцёл, а не той, які належыў манаскаму ордэну. Мураванай Фара Вітаўта стала дзякуючы каралю Стэфану Баторыю, які любіў Гродна, маліўся ў гэтай бажніцы і хацеў быць пры ёй пахаваны.

Будынак мяняў назвы і ўласнікаў. У адзін час ён стаў праваслаўным Сафійскім саборам. З пераходам улады ў Заходняй Беларусі і Гродна да палякаў касцёл быў вернуты каталікам і перададзены пад гарнізонны храм. Даволі хутка адбылася рэканструкцыя, у выніку якой быў адноўлены высокі спічасты дах, вежа была завершана сціплым шатровым завяршэннем. За савецкім часам там месціліся склады розных арганізацый.

У час Другой сусветнай вайны касцёл быў пашкоджаны і стаяў занядбаны. Лёс храма быў вырашаны 8 сакавіка 1961 на пасяджэнні выканкама Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных, дзе было прынята рашэнне аб зносе будынка. Аднак беларускія сапёры не ўзяліся ўзрываць яго. Дзеля гэтага запрасілі спецыялістаў з Ленінграда. Фара Вітаўта была ўзарвана расійскімі сапёрамі ў ноч з 29 на 30 лістапада 1961 года.

Будынак сінагогі быў узведзены ў Мінску аж на пачатку XVII стагоддзя… Гэта цяперашняя вуліца Няміга. Сінагога называлася «халоднаю», бо калісьці маліліся там толькі ў святы, а ў будні сінагога не ацяплялася.
Да XIX стагоддзя яна належала габрэйскай абшчыне, у 1930-я закрытая, пасля Другой сусветнай вайны вернутая вернікам. Пэўны час у будынку размяшчалася адно са сховішчаў Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Кастрычніцкай рэвалюцыі. Сінагога доўгі час была адной з найстарэйшых мураваных пабудоў у горадзе. У 1965–1966 гадах падчас разбурэння гістарычнай забудовы вуліцы Нямігі будынак сінагогі быў знішчаны.
У 2001 годзе, калі на месцы сінагогі пачалося будаўніцтва паркінгу, мінская яўрэйская абшчына прапанавала аднавіць яе, але галоўны архітэктар Мінска вырашыў паставіць толькі памятны знак.

Касцёл Святога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканцаў мог бы зараз стаяць на галоўнай плошчы Мінска
Касцёл святога Тамаша Аквінскага і рыма-каталіцкі кляштар дзейнічалі ў пачатку XVII стагоддзя. Стаяў касцёл у самым цэнтры сучаснага Мінска – у частцы квартала Палаца Рэспублікі.

Мяркуецца, што яго збудавалі ў 1620—1640 гадах і асвяцілі ў гонар святога Тамаша Аквінскага, найбольш славутага прадстаўніка Дамініканскага ордэна, філосафа і прапаведніка. Паводле сведчання Ўладзіслава Сыракомлі, першы мінскі каталіцкі кляштар падтрымала шляхта, якая вярталася праз горад з выправы на Маскву.

Дамініканскі касцёл і кляштар знаходзіліся непадалёку ад паўднёвай лініі гарадскіх умацаванняў – землянога вала з ровам і бастыёнамі. У другой палове XVII стагоддзя кляштарны комплекс з’яўляўся адным з абарончых фарпостаў горада. У маскоўскіх дакументах часоў Трынаццацігадовай вайны (1654-1667 гады) згадваецца, што з касцёла можна было весці «полковой, и подошвенный, и мушкетный бой». Падарожнікі, якія праязджалі праз Мінск, адзначалі пышнасць і багацце дамініканскага касцёла, а стольнік Пятра I П. Талстой, які спыняўся тут у 1697 годзе, захапляўся яго арганам.

У 1840-я гады кляштарныя будынкі перабудавалі пад каталіцкую семінарыю. Але калі паўстанне Кастуся Каліноўскага было падаўлена, комплекс выкарыстоўваўся пад ваенныя кашары.

Падчас заняцця Мінска савецкімі войскамі ў 1944 годзе кляштарны комплекс быў пашкоджаны. У 1945 годзе БССР атрымала ад Германіі кантрыбуцыю на аднаўленне будынкаў, а ў канцы 1940-х выканалі першасную кансервацыю касцёла. Аднак у 1950 годзе кіраўніцтва БССР канчаткова зацвердзіла новы генеральны план Цэнтральнай плошчы, паводле якога пасярод яе ўзводзіўся манумент Сталіну, а на месцы колішняга кляштара разбіваўся сквер.

Пад покрывам ночы, у 1950 годзе савецкія ўлады ўзарвалі выбітны помнік архітэктуры. Яго камені выкарысталі для падмуркаў новых будынкаў Мінска. У 1985 годзе на Кастрычніцкай плошчы пачалі будаваць Палац Рэспублікі, а ў 1986 годзе археолагі адкапалі падмуркі дамініканскага касцёла Святога Тамаша Аквінскага. Яго сцены месцамі дасягалі 3-метровай таўшчыні, на фасадах выявілі байніцы ніжняга бою, прыстасаваныя для страляніны з мушкетаў.

 

Вікторыя Булатая
Фота ўзяты з адкрытых крыніц

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.