«Ва ўсіх сітуацыях я намагаюся заставацца культурным і сумленным чалавекам». Перадкалядныя мары Сашы, у якога псіхічнае расстройства

Поддержи

Кажуць, ад астрогу няма перасцярогу… Я б дадала, што і ад псіхічных хвароб перасцярогі няма… Пра іх у нашым грамадстве размаўляць нязручна. Тым не менш, з псіхіятрычнымі дыягназамі некаторыя людзі жывуць усё жыццё. Аляксандр – адзін з іх. Ён захацеў распавесці пра тое, як у яго, маладога хлопца, жыццё аднойчы перакрэслілася дыягназам, які гучаў як «псіхічнае расстройства».

Стаць інвалідам у маладосці

Саша нарадзіўся і жыве ў Мінску. Яму 37 гадоў. Як скончыў школу, то спрабаваў паступаць ва ўніверсітэт на тэхнічную спецыяльнасць, але ў яго не атрымалася. Так, Саша трапіў у войска. Адслужыў, праўда, толькі паўгода: камісавалі праз нервовы зрыў. Саша кажа, што штуршком да гэтага паслужыла жорсткае абыходжанне з ім аднаго з сяржантаў.

«Я захварэў у 22 гады. Калі трапіў упершыню ў бальніцу, то прыняў усё блізка да сэрца. А пасля, калі пабачыў такіх жа людзей, як я, стала лягчэй: я не адзін такі, у іншых такія ж праблемы».

– Ці адразу вы прынялі той факт, што ваша хвароба на ўсё жыццё? – пытаю Аляксандра.

– Так, адразу, я ведаў, што гэтая хвароба не вылечваецца. Дагэтуль раз на два тыдні я хаджу і раблю ўкол, ён падымае настрой. Як ні было б кепска, намагаюся быць на пазітыве. Я ніколі не спыняюся прымаць прэпараты.

Яшчэ пяць гадоў пасля гэтай пастаноўкі дыягназу ён працаваў: на заводах і ў гаражным кааператыве падсобным працоўным.

У 2009-м годзе Аляксандру далі другую непрацоўную групу, бо ён ужо не мог выходзіць на вуліцу праз свае прыступы: «Мне падавалася, што з мяне смяюцца, што мяне абражаюць. Ад гэтага мне станавілася кепска, я хацеў схавацца ад людзей. Агрэсіі не было, я проста хаваўся ад людзей, хадзіў у лес. У мяне быў рэкорд: я не выходзіў з кватэры два месяцы».

Сям’я і асабістае жыццё, якому… быць не лёс

Пытаю ў Сашы пра яго ўзаемаадносіны з бацькамі, бо такога кшталту дыягназы цяжка прыняць найперш сваякам. Пры слове «сям’я» Сашаў твар расплываецца ва ўсмешцы: «Я вельмі люблю і тату, і маму. Намагаюся ва ўсім іх слухацца, не грубіць. Я ж разумею, што залежу ад іх. Я за маму заўжды перажываю: кажу, каб яна асцярожна пераходзіла дарогу… Каб не парады маіх мудрых бацькоў, не ведаю, што са мной было б цяпер».

Пенсія ў Сашы складае 275 рублёў, 160 з іх ён аддае бацькам, 115 – пакідае сабе. За ўласныя грошы ён набывае сабе нешта смачнае.

Пытаю ў Сашы, ці ўлюбляецца ён. «Сяброўкі ёсць, – дзеліцца Саша. – Прыходзяць у госці, тэлефануюць, пытаюць: «Саша, куды ты нас павядзеш?». Раней я хадзіў нават на дыскатэкі. Ды дзяўчат жа некуды трэба ўвечары вадзіць, а я не магу і на вуліцу выйсці. Шчыра, з маім дыягназам пра стварэнне ўласнай сям’і нават не думаю».

Жыццё з хваробай

Саша любіць займацца баявымі мастацтвамі: толькі нядаўна перастаў хадзіць на кун-фу. Але з асноўным, Саша пазбягае вялікага тлуму людзей: «Я знаходжуся ў асноўным, дома. Дом-клубны дом – і ўсё».

Дома Саша любіць чытаць, у асноўным энцыклапедыі і слоўнікі. Нядаўна ён паўтарыў правілы правапісу рускай мовы, зараз вывучае сінтаксіс. Любіць чытаць Саша рускую літаратуру, асабліва Гогаля.

Калі ў Сашы пачынаецца прыступ, ён не панікуе: «Я чытаю пра свае хваробы, працую над сабой, таму хутка аднаўляюся. Калісьці прачытаў, што, калі ў цябе прыступ, трэба проста супакоіцца, перачакаць 20 хвілін – і ўсё стане зноўку добра. Я так і раблю. І гэта працуе».

Саша прызнаецца, што курыць: «Куру, бо я поўны. А калі куру, есці не так хочацца». На паўнату, па словах Сашы, уплываюць і лекі, якія ён п’е.

Клубны Дом, які стаў другім домам для Сашы

– Што больш за ўсё вас радуе? – пытаю Сашу.

– Што Клубны дом ёсць.

Тут Сашу называюць «Сняжынка». Ён прыйшоў сюды пяць гадоў таму. Клубны дом «Адкрытая душа» – гэта пляцоўка ў Мінску, дзе людзі з псіхічнымі асаблівасцямі могуць сустракацца і кантактаваць.
Клубны дом дае Сашу яшчэ і падпрацоўку: ён робіць цацкі для сабак. Саша кажа, што для яго гэта стымул для таго, каб не дэградаваць.

– А якога падарунка чакаеце на Каляды? – пытаю ў Сашы.

/

 Я хачу знайсці якую-ніякую працу, – прызнаецца Аляксандр. – Хочацца пайсці працаваць, каб не дэградаваць праз гультайства. Я магу працаваць гардэробшчыкам, расклейшчыкам. Прынамсі, чатыры гадзіны ў дзень я магу працаваць. Мне прапанавалі былі працу расклейшчыкам абвестак, але там трэба працаваць у другой палове дня… А раптам мне стане кепска…

/

Саша кажа, што хоць з аднаго боку і хоча знайсці працу, з іншага баіцца: некалі яго падманулі і не заплацілі. Але ён не крыўдуе, кажа: «Ва ўсіх сітуацыях я намагаюся заставацца культурным і сумленным чалавекам».

P.S. Клубны дом «Адкрытая душа» існуе за кошт ахвяраванняў. Вы таксама можаце дапамагчы аб’яднанню, пералічыўшы сродкі. Рэквізіты для пералічэння сродкаў тут: http://basw-ngo.by/podderzhite-nas/

Вікторыя Чаплева
Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.