«У гэты дзень прынята падводзіць вынікі». Сяргей Драздоўскі – аб Міжнародным дні інвалідаў у Беларусі

Традыцыйна 3 снежня адзначаецца Міжнародны дзень інвалідаў. У Беларусі ў гэты дзень падводзяць вынікі зробленай за год працы ў сферы інваліднасці. Але ці сапраўды гэты дзень – свята ў тым сэнсе, якім мы прывыклі яго разумець? Як Беларускае таварыства інвалідаў рыхтуецца да гэтага дня? Сяргей Драздоўскі, намеснік старшыні БелТІ, адказаў для «Вместе!» на гэтыя пытанні.
– Сяргей, ці можна называць Міжнародны дзень інвалідаў святам?
– Не, гэта дакладна не свята. Міжнародны дзень інвалідаў прыдуманы для таго, каб звярнуць увагу на праблему людзей з інваліднасцю. Натуральна, што зараз людзі з інваліднасцю думаюць пра тыя штодзённыя праблемы, якія існуюць у грамадстве. Але Міжнародны дзень людзей з інваліднасцю – гэта так званая традыцыя, якую прапанавала ўвесці міжнародная супольнасць. Гэта толькі адзін дзень у годзе, дзякуючы якому пытанні людзей з інваліднасцю будуць падняты наверх. Калі вы апошнія месяцы не ўзгадвалі аб праблемах, звязаных інваліднасцю, то гэты дзень – для таго, каб пра іх узгадаць. Гэты дзень – выдатная магчымасць быць пачутымі. У гэты дзень людзі з рознымі формамі і асаблівасцямі мусяць атрымаць трыбуну, дзякуючы якой яны маглі б дагрукацца да сваіх суграмадзян, якія жывуць побач, але не ведаюць пра тыя праблемы, якія існуюць. Важна, што гэта дзень міжнародны, таму гэта яшчэ і міжнародная салідарнасць. Гэта дапамагае нам паглядзець на тых людзей з інваліднасцю, якія жывуць за мяжой і зразумець: што клапоціць літоўцаў, а што клапоціць нас? Традыцыйна ў гэты дзень прынята падводзіць вынікі: дзяржава выкладае шмат статыстычнай інфармацыі.
– То бок, міжнародны дзень людзей з інваліднасцю – гэта своеасаблівы Новы год?
– Так, вы маеце рацыю, такі вось Новы год. З пункту гледжання ідэалогіі і пункту адліку гэта новы год. У гэты дзень мы даведваемся пра шмат якую інфармацыю, якая не публікавалася дагэтуль. У гэты дзень многія кажуць аб пазітыўным, намагаюцца абмінуць праблемы. У гэтым ёсць сэнс. Таксама часта гэты дзень зводзіцца да святкавання, узгадваюць і ўзнагароджваюць тых людзей, якіх трэба нейкім чынам адзначыць. Гэта лагічна: калі мы ўзгадваем аб праблемах, то мы ўзгадваем і аб людзях, якія гэтыя праблемы дапамагаюць вырашаць. У гэтым годзе, канечне, святкаванняў не будзе. Будзе ўсё кропкава і звернута.
– Якім чынам БелТІ спрычыніцца да гэтага дня?
– На самой справе, сёлета па Беларусі з’явілася некалькі ініцыятыў. Традыцыйна Белпрэсцэнтр праводзіў прэс-канферэнцыю, на якую раней запрашаліся міністэрствы і буйныя грамадскія аб’яднанні. У гэтым годзе анлайн-мерапрыемствы да Дня інвалідаў ладзяць Міністэрства спорта і турызму і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Збольшага ідзе імкненне перавесці мерапрыемствы ў анлайн-фармат. Мы сабралі даныя, што ў рэгіёнах будуць праходзіць мерапрыемствы афлайн, але, канечне, у меншых маштабах, чым было раней. Дзесьці мерапрыемствы ініцыіруе БелТІ, дзесьці – ТЦСАНы. Мы сёлета нічога не ладзім, а разыходзімся па розных пляцоўках: лічым, што там нас больш пачуюць. Зараз мы абмяркоўваем агульную павестку, рыхтуем інфармацыю для інтэрв’ю: у прэсы таксама ў гэтыя дні з’яўляецца інтарэс да нашай арганізацыі.
– Калі лаканічна падвесці вынікі гэтага года для дзейнасці БелТІ, то што можна назваць?
– Самы пазітыўны момант – гэта той факт, што мы захаваліся і падтрымліваем нашы ключавыя віды працы. Прытым мы фактычна сышлі на дыстанцыйную працу. Гэта вельмі складана, нязвыкла, бо шмат якія праблемы патрабуюць вочнага ўдзелу. Але зараз мы намагаемся працаваць анлайн. Сябры арганізацыі сталі больш прасунутымі ў гэтым. Калі б не было пандэміі, сумняюся, што мы збіраліся б на зум-канферэнцыі. У сталым узросце цяжка асвойваць такога кшталту праграмы. Асобныя сябры нашай арганізацыі падключыліся да валанцёрства: збіраюць прадуктовыя наборы тым, каму гэта патрэбна, і ім іх дастаўляюць. На жаль, шмат хто з нашых старшыняў цяжка перахварэў на каронавірус, таму некаторыя арганізацыі зараз знаходзяцца ў замарожаным стане. З гэтым цяжка нешта зараз парабіць: так ёсць.
– А як справы ідуць на прадпрыемствах?
– Тут мы намагаемся трымацца. Мы захавалі працаздольнасць, ачагоў на прадпрыемствах няма. Практычна ўсе швейныя прадпрыемствы шылі маскі або касцюмы для медыкаў. Канечне, са стратамі ў эканамічных паказчыках, але прадпрыемствы выстаялі. Больш складаная сітуацыя зараз адбываецца з «Інвацэнтрам» і з адаптацыйна-аздараўляльнай установай «Востраў надзеі». «Востраў надзеі» не можа сысці на карантын, бо гэта будзе раўназначна яго закрыццю. Таму пакуль мы працуем, выконваючы ўсе меры перасцярогі. Сярод паспяховых устаноў гэта, канечне, і газета «Вместе!» Нягледзячы на спад тыражоў і іншыя цяжкасці, іншай крыніцы інфармацыі ў Беларусі ўсё адно няма.
– Ведаю, што БелТІ нейкім чынам намагалася дапамагаць людзям з інваліднасцю з самазанятасцю. Ці атрымалася прасунуцца ў гэтым накірунку зараз, калі людзям з інваліднасцю важна заставацца дома?
– Не магу сказаць, што ў гэтай галіне былі нейкія поспехі. Мы больш працавалі над тым, што ёсць, каб не страціць тое, што маем. У гэтым годзе мы больш вырашалі надзённыя праблемы. Адбыўся пэўны спад у планаванні, абмеркаваннях пытанняў з органамі ўлады. Пакуль гэта на нас ніяк не адлюстравалася. Але ў будучым годзе, хутчэй за ўсё, будзем назіраць наступствы такога спаду. Так, у некаторых месцах мы ўзаемадзейнічаем з органамі ўлады. Але агулам – гэта праблема. Каронавірус паўплываў на звыклыя спосабы камунікацыі, якія былі раней. Пакуль ёсць асцярожныя спробы знайсці альтэрнатывы. Спадзяемся, што гэта прынясе свае плёны.
Вікторыя Чаплева
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.