«Цёплы дом»: месца стасункаў і жыццёвая школа для маладых мінчукоў з інваліднасцю

Поддержи

Цёплы дом. Такую ўтульную назву носіць вучэбная трэніровачная кватэра пры аддзяленні дзённага знаходжання для людзей з інваліднасцю ТЦСАН Маскоўскага раёна горада Мінска. Тут супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра дапамагаюць маладым людзям з інваліднасцю, атрымаць навыкі, неабходныя для самастойнага жыцця. «Вместе!» завітала ў па-сапраўднаму цёплы дом і паглядзела, як яго жыхары разам з працаўнікамі тэрытарыяльнага цэнтру спраўляюцца з адной з самых важных сваіх задач – авалодваюць усімі патрэбнымі навыкамі, каб пасля застацца жыць там, дзе нарадзіўся і вырас.

«Цёплы дом»

У дзвюх сумежных кватэрах у адным са шматпавярховікаў Мінска знаходзіцца «Цёплы дом» – месца, дзе шэсць маладых людзей з інваліднасцю вучацца жыць самастойна. Такая форма сацыяльнай паслугі толькі пачынае рэалізоўвацца: маладыя людзі прыходзяць сюды трэці тыдзень.

Мэта для супрацоўнікаў ТЦСАН заключаецца ў тым, каб зрабіць усё залежнае ад іх для таго, каб людзі з інваліднасцю не трапілі ў зачыненыя ўстановы, калі застануцца адны, без сваякоў. Нават калі ў такіх людзей будзе вырашана праблема жылля, то без падтрымкі і валодання базавымі побытавымі і сацыяльнымі навыкамі яны рызыкуюць апынуцца ў інтэрнатах.

Для рэалізацыі гэтай сацыяльнай паслугі Вольга Ермалаева, загадчыца сектара вучэбнага суправаджальнага пражывання ў структуры аддзялення дзённага знаходжання для людзей з інваліднасцю ТЦСАН Маскоўскага раёна, прапанавала валанцёрам каманды «Ёсць справа» далучыцца да працы. Аднак ужо не ў якасці валанцёраў, а ў якасці супрацоўнікаў тэрытарыяльнага цэнтра. «У нас ёсць досвед у сферы суправаджальнага пражывання, мы працавалі з такімі аддзяленнямі у інтэрнатах, – распавядае Вольга Дамінікевіч, дырэктарка арганізацыі «Ёсць справа» і псіхолаг у аддзяленні суправаджальнага пражывання ТЦСАН. – З той прычыны, што ў інтэрнаты праз каранцін нас пакуль не пускаюць, мы пагадзіліся тут на частковую занятасць». У «Цёплым доме» праходзяць практыку і студэнты Мінскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання. Да маладых людзей прыходзяць госці і валанцёры.

Калі я зайшла ў «Цёплы дом», мяне сустрэлі дзве Вікі, жыхаркі дома. Яны дапамаглі мне распрануцца, зняць боты і, канечне, памыць рукі.

– У гэтай кватэры ёсць свая гісторыя, – распавядае Вольга Дамінікевіч. – Некалі менавіта тут рэалізоўваўся праект па суправаджальным пражыванні Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. Аднак калі фінансаванне скончылася, скончылася і рэалізацыя праекта.

Тэрытарыяльнаму цэнтру спадабалася ідэя, якую рэалізоўвала БелАДДзІіМІ. Кіраўніцтва ў хуткім часе ўключылася ў працу па арганізацыі адкрыцця сектара вучэбнага суправаджальнага пражывання ў структуры аддзялення дзённага знаходжання для людзей з інваліднасцю.

Для паспяховага функцыянавання «Цёплага дома» тэрытарыяльны цэнтр увёў стаўкі загадчыцы сектара, псіхолага, спецыялістаў па сацыяльнай працы, сацыяльнага работніка і прыбіральшчыка. На апошнюю стаўку супрацоўнікі хочуць уладкаваць некага з маладых людзей з інваліднасцю.

Звычайны дзень у «Цёплым доме»

Першы тыдзень маладыя лю-дзі з інваліднасцю разам з супрацоўнікамі знаходзіліся ў кватэры з 10 да 14 гадзін. Зараз – з 10 да 16. А ўжо зусім хутка яны будуць заставацца тут кругласутачна, за выключэннем выхадных дзён. Пакуль жыхары дома разам ходзяць у краму, гатуюць, прыбіраюць і адпачываюць.

Сэрца любой кватэры – кухня. На ёй гаспадарыць Вераніка, валанцёрка «Ёсць справа» і па сумяшчальніцтве супрацоўніца ТЦСАН, разам з дзяжурнымі, якія ёй дапамагаюць. На кухні смачна пахне яблычным пірагом.

Мы сядаем за вялікі стол у залі. Вераніка запальвае свечы – тут жыхары «Цёплага дома» звычайна ядуць і п’юць гарбату.

«У большасці маладыя людзі паміж сабой ужо былі знаёмыя, калі трапілі ў «Цёплы дом», – распавядае Вольга. – У тэрытарыяльнага цэнтра ёсць спісы маладых людзей з інваліднасцю. Іх бацькам мы і прапанавалі гэтую паслугу. Некаторыя пагадзіліся. Але прыйшлі сюды пакуль не ўсе. Калі гэтая сістэма будзе добра працаваць, плануем, што сюды будуць прыходзіць яшчэ два чалавекі з больш цяжкімі дыягназамі.

Навучальны цыкл будзе цягнуцца тры месяцы. Чаму менавіта столькі? «Мы спадзяемся, што хутка пачне працаваць кулінарны праект, у якім навучанне асновам прафесіі будзе цягнуцца акурат тры месяцы, – тлумачыць Вольга. – Да таго ж, гэты тэрмін добры, каб нечаму надзейна навучыцца».

– Чаму вы за два тыдні навучыліся? – пытаю дзяўчат за сталом.

– Прыбіраем, пыл выціраем, вучымся гатаваць, – адказвае за ўсіх Віка.

– Навучанне – працэс досыць няхуткі, – каментуе Вольга. – Пакуль мы асвойваем планаванне, ходзім у краму, асвойваем гігіенічныя навыкі… У многіх яны ўжо ёсць. Калі мы праводзілі анкетаванне з бацькамі, то высвятлялі, якія навыкі маюць той ці іншы малады чалавек або дзяўчына і ў якой галіне ім трэба здабываць веды. Зараз мы на практыцы вучымся паводзіць сябе на кухні. Некаторыя могуць толькі імбрык паставіць, астатняе за іх робіць маці. Зараз мы назіраем і ацэньваем магчымасці маладых людзей. Напрыклад, для таго, каб зразумець, што Віцы патрэбна гарызантальная тарка для гародніны, нам трэба было паспрабаваць пачысціць гародніну нажом, зрабіць гэта на вертыкальнай тарцы…

Вольга кажа, што на наступным тыдні педагогі падвядуць вынікі і паставяць задачы для кожнага з маладых людзей. Усе задачы будуць індывідуальнымі. Методыка навучання ў супрацоўнікаў ТЦСАН ужо наладжана.

«Калі мы займаліся суправаджальным пражываннем у дамах-інтэрнатах, то методыка распрацоўвалася, – распавядае Вольга. – Тут нашыя наведвальнікі ў многіх рэчах больш сацыялізаваны, чым у дамах-інтэрнатах. Там жыхары радзей бываюць у грамадскіх месцах, не ходзяць звычайна самі ў краму, не ўмеюць гатаваць, але затое многія ўмеюць чысціць бульбу, запраўляць ложак, мыць падлогу. Тут жа мы, наадварот, толькі вучымся гэта рабіць».

Хоць напрацоўкі па методыцы навучання ўжо і існуюць, але ўсё неабходна адаптаваць пад кожнага чалавека індывідуальна: «Зразумела, што ў кожнага свой узровень. Камусьці трэба навучыцца чысціць зубы. А камусьці – самастойна мыць галаву. А некаму ўжо можна вучыцца наносіць макіяж».

Супрацоўнікі кажуць, што вельмі важна, каб бацькі маладых людзей былі актыўнымі  ўдзельнікамі навучальнага працэсу. Для гэтага ім трэба кантраляваць, каб кожны навучэнец выконваў хатнія заданні: «Калі чалавек раней ніколі не запраўляў ложак, а тут ён навучыўся гэта рабіць, то дома ён мусіць рабіць гэта пастаянна, каб не былі страчаны яго навыкі. Калі за яго зноў гэта будуць рабіць бацькі, працэс навучання не будзе эфектыўным».

/

Калі маладыя людзі ідуць у краму, то набываюць прадукты за свае грошы. Дадому яны нясуць чэкі, каб даць справаздачу бацькам. «Гатуем, складаем меню мы ўсе разам. Ёсць тыя, каму трэба працёртая ежа. Тады чалавек сам бярэ міксер і ўсё робіць».

/

У кватэры вельмі ўтульна: кветкі, досыць новая мэбля, абрусы, тэхніка… Усё гэта дапамаглі сабраць знаёмыя і незнаёмыя людзі. Яны проста прачыталі пост у сацыяльных сетках, дзе каманда «Ёсць справа» прасіла ўсіх неабыякавых аб дапамозе. «Кветкі прыехалі сёння, пасцельная бялізна – учора», – распавядае Вольга.

Спачатку супрацоўнікі прывялі ў парадак шэраг нарматыўных дакументаў. «Пасля мы зразумелі, што тут недастаткова абсталявання для таго, каб можна было тут жыць». З гэтай прычыны камандзе прыйшлося прасіць  дапамогу ў іх падпісчыкаў у сацыяльных сетках. У выніку за два тыдні неабыякавыя людзі поўнасцю абсталявалі кватэру мэбляй і ўсімі неабходнымі рэчамі.

«Цёплы дом» – гэта магчымасць працаўладкавання

«Цёплы дом» – гэта месца, дзе не толькі вучаць жыццёвым навыкам, але і намагаюцца раскрыць пакліканне кожнага, каб яно магло прыносіць маладым людзям і матэрыяльнае задавальненне. Вадзім распавёў супрацоўніцам ТЦСАН пра тое, што яму падабаюцца валасы і што ён хацеў бы быць цырульнікам.

Вадзім, актыўны ўдзельнік вучэбнай  трэніровачнай кватэры «Цёплы дом»

– Мы скарысталіся асабістымі знаёмствамі і разам пайшлі да добрага майстра-цырульніка. Вадзім дапамагаў рабіць прычоску, фарбаваць валасы, – распавядае Вольга. – Яму вельмі спадабалася.

– У нас ёсць планы па занятасці і працаўладкаванні маладых людзей з інваліднасцю, – дадае Вераніка. – Мы пакуль вывучаем іх магчымасці. З магчымасцямі Вадзіма ўжо вызначыліся. Для Ромы ў нас таксама ёсць ідэя: ён вельмі добра вяжа, таму можна яго зарэгістраваць як рамесніка. Да дзяўчат пакуль прыглядаемся.

– Нам патрэбна любая дапамога тых, хто можа разглядаць гэтых людзей у якасці асістэнта, памочніка па працы ў сваёй справе, – кажа Вольга. – У нас не ідзе гаворка пра поўную стаўку. Але ім важна падняцца ранкам і пайсці на працу. Напэўна, Вадзім не зможа стаць цырульнікам, але ён зможа быць добрым памочнікам цырульніка ў салоне.Супрацоўнікі кажуць пра тое, што «Цёплы дом» мае патрэбу ў правядзенні для яго жыхароў розных майстар-класаў. Напрыклад, ужо запланаваны майстар-клас па мылаварэнні: гэтае рамяство можа спатрэбіцца некаторым маладым людзям з інваліднасцю ў будучыні.

«Цёплы дом» – месца, куды хочацца вяртацца

Вольга распавядае, што ў іх планах пасля каранціна ў інтэрнатах запрашаць у госці іх пастаяльцаў. Але, нягледзячы на каранцін, яны не забываюць пра жыхароў інтэрната. Так, нядаўна нарадзілася ідэя ўсім разам перадаць перадачу ў псіханеўралагічныя інтэрнаты.

– На жаль, дамы-інтэрнаты не дазваляюць перадаваць сваім жыхарам выпечку, якую мы зрабілі самастойна, таму мы вырашылі перадаць туды гатовае печыва ды іншыя прысмакі, – распавядае Вераніка. – Бацькі нашых людзей з інваліднасцю адгукнуліся, прынеслі пакеты з перадачамі.

Пытаю жыхароў «Цёплага дома», што менавіта ім тут падабаецца. «Падабаецца хадзіць у краму!» – адказвае адразу Наста. Віка кажа, што ёй падабаецца гатаваць, прыбіраць. А Вадзіму тут падабаюцца сябры… і Віка.

Каля 16 гадзіны Наста пачынае пакрысе збірацца: хутка па яе заедзе сацыяльнае таксі. Заўтра зранку яно прывязе яе ў «Цёплы дом» зноў. Віцю прывядзе мама. Нехта прыйдзе сам, як, напрыклад, вельмі самастойны і разважлівы Рома.  А пакуль усе разыходзяцца па дамах. Адпачываць і выконваць хатнія заданні. Каб заўтра сустрэцца зноў.

 

 

Вікторыя Чаплева
Фота аўтара

 

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.