Параненасць ёсць у кожным
Сядзім ў манастырскай трапезнай. Я распавядаю, як упершыню ночыла тут. І патрапіла ў адзін пакой з бабуляй. Яна ўвесь час плакала, жалілася мне, што прыехала ў манастыр, каб пажыць і аднавіцца пасля смерці сваёй…коткі! З аднаго боку смешна, з іншага – жахліва, бо разумееш усе маштабы адзіноты.
Насупраць нас села маладая прыгожая жанчына з трыма дзецьмі. Яна падслухала нашу размову і спакойна сказала мне:
– Сястра, ведаеце, бываюць людзі вельмі моцна і глыбока паранены. Так паранены, што смерць коткі – так, гэта трагедыя. Я была згодная з ёй. Але замоўкла ад няёмкасці. Пасля ўжо разгаварыліся. Яны з мужам прыехалі на семінар па залежнасцях у Жыровічы.
– А дзеці? – пытаю.
– А з дзецьмі мы ставім тут батлейку. Мы з прыхода ў Сокале (пад Менскам).
– Ого! З мужам служыце?
– Ды не, проста жывём, – яна замялася, – ведаеце, шмат параненых людзей кідаецца ў служэнні. І сыходзяць поўнасцю ў сястрынства. Іх не абмінаюць залежнасці і сузалежнасці. Мы не пазіцыянуем сваю працу пры храме як служэнне, хоць і спектаклі ставім, і з дзецьмі займаемся, і ладзім канцэрты. Мы проста жывем. І я сама ведаю, што такое параненасць. Я разумею тых людзей,у якіх ёсць усё і яны няшчасныя. Яны не скажуць нікому пра сваё няшчасце. Бо настолькі моцна параненыя… У мяне было ўсё. Але толькі з Богам я стала шчаслівая.
Яна глядзіць на мяне, усміхаецца. Не ведаю, што мелася на ўвазе пад словам «усё». Толькі выпрабаванняў ёй хапіла. Узяць проста трох мужчын-інвалідаў у яе сям’і. Яна выцерла роцік самаму маленькаму, адказала на тролінг старэйшай, што стала адказваць нам па-беларуску, і пабегла на семінар.
А я ўвесь дзень разважала над яе словамі. Бо сама ведаю, што такое параненасць. Толькі ўпасці можна праз яе не толькі ў шкодныя залежнасці, але і ў добрыя – калі жыцця няма, ёсць толькі служэнні. І словы гэтай жанчыны адкрылі мне гэта ў поўнай ступені.
Ведаю, але часта забываю, што параненасць ёсць у кожным. І рана загаіцца толькі тады, калі не будзеш на яе націскасць увесь час, але капнеш хоць адну кропельку ялею.

Вікторыя ЧАПЛЕВА
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.