«Нельга з ружы зрабіць фіялку». Маці дзяцей з інваліднасцю пра прыняцце, любоў і працу над сабой

Поддержи

Рубрика : Эксклюзив.

«У мяне нетрадыцыйныя погляды на выхаванне дзяцей з асаблівасцямі, – пачала размову са мной Ала Цітовіч, якая жыве ў Мінску, – шмат каму можа гэта не спадабацца». Жанчына выхоўвае дваіх дзяцей з інваліднасцю, таму падумалася, што яе меркаванне і жыццёвая гісторыя вартыя таго, каб іх пачулі.

Прыняць дзяцей

З Алай Цітовіч мы пазнаёміліся выпадкова, праз сацыяльныя сеткі. Яна проста пакінула каментарый пад маім допісам, праз які я даведалася, што яна выхоўвае дваіх дзяцей з інваліднасцю. Ала падалася мне глыбокай жанчынай, таму чамусьці захацелася з ёй пазнаёміцца. Разгаварыліся. І ўнутранае адчуванне не падманула.

У Алы чацвёра дзяцей, двое з якіх – з інваліднасцю. Прытым двое дзетак памерла адразу пасля нараджэння.

– Як вы справіліся з болем? – пытаю ў Алы.

– Зараз болю я ўжо не адчуваю. Асабліва балюча было, калі памерла другое дзіця. Думала: чаму зноў? Чаму са мной? Але чалавек, на самой справе, можа перажыць усё. Значыць, так трэба.

Ала распавядае, што калі нарадзіла першае дзіця з сіндромам, ёй сказалі, што яно будзе не такое, як усе. Пасля нарадзілася другое дзіця. Першае, што сказаў доктар: «Ваша дзіця не падобнае да іншых».

– Мне хацелася верыць, што доктар памыляецца, – узгадвае Ала. – Але пасля супакоілася, бо прайшоў час. На тое, каб прыняць першае дзіця такім, якім яно ёсць, мне спатрэбіліся чатыры гады. На другога ўжо менш – два.

Зараз Ала ўжо на пенсіі, дагэтуль збольшага займалася дзецьмі. Некалі працавала настаўніцай пачатковых класаў. Старэйшы сын атрымаў дыплом магістра, малодшая дачка пойдзе ў 7 клас. Дачцэ з інваліднасцю – 17 гадоў, хлопчыку з інваліднасцю – 8.

Ала кажа, што старэйшыя дзеці крыўдавалі праз тое, што маці больш увагі надае асаблівым дзецям. Але тады яна казала наступнае: «Каму больш даецца, з таго больш і спытаецца. Табе больш дадзена, значыць, ты больш і робіш».

На вуліцы Ала не звяртае ўвагі на касыя позіркі. «Гэта ж толькі здаецца, што я не такая, як яны. Такая. Калі б не было ў мяне такіх дзяцей, магчыма, я і сама б так глядзела на чужых дзяцей з інваліднасцю». Ала кажа, што яе дзеці ніколі не пыталі, чаму яны такія: «Яны жывуць у сваім свеце, ім добра, яны шчаслівыя. Яны заўсёды будуць дзецьмі, яны будуць са мной. Яны добрыя, адкрытыя. Я ніколі не буду адна».

/

Пытанні кшталту «за што мне такое?» у жанчыны ўзнікалі: «Пытанне «за што?» трэба мяняць на пытанне «навошта?» І калі пачынаеш разважаць менавіта над гэтым пытаннем, становіцца ўсё зразумела. Мае дзеці – гэта два ліхтарыкі, якія вядуць мяне да Бога. Чаму іх два? Таму што з першага разу я не зразумела, навошта».

/

У інтэграцыйных класах ім кепска

Ала кажа, што старэйшая дзяўчынка з інваліднасцю ў гэтым годзе скончыла дапаможную школу. Такога кшталту школ у Мінску дзве. Не трэба блытаць дапаможныя школы са спецыялізаванымі. У апошніх дзяцей вучаць па звычайнай праграме, выдаюць атэстат. У дапаможных школах гэтага няма. Там навучаюцца менавіта тыя дзеці, якія маюць разумовую адсталасць.

– Чаму вы выбралі вучобу не ў інтэграцыйным класе? – пытаю ў Алы.

– Таму што ім там дрэнна. Мы праз гэта праходзілі. Яны ніколі не змогуць стаць звычайнымі дзецьмі. Мая дачка проста бегла адтуль. Дзіця можа і не можа зразумець, што яно не такое, як усе, але яно гэта адчувае.

Ала кажа, што на восем дзяцей у класе прыходзяцца чатыры педагогі: «Звычайная школа не можа гэтага даць. Людзі ідуць не туды, а пасля патрабуюць таго, што ім не могуць даць. У звычайнай школе ў настаўніка ёсць мэта – навучыць здаровых дзяцей. А дзецям патрэбны індывідуальныя заняткі, з імі трэба сесці і займацца. Але я разумею такіх мам, я сама такая была. Я ж прайшла праз непрыняцце дзіцяці. Як гэта: я ж такая разумная, а ў мяне – дзіця з разумовай адсталасцю і ДЦП?

Прыняць дзіця і не намагацца яго змяніць

Гэта няпроста – прыняць, што дзіця іншым не будзе. Яно такое, якое ёсць.

/

 Я не змагаюся за сваіх дзяцей, я не імкнуся іх перарабіць, – кажа Ала. – Я ўспрымаю іх такімі, якія яны ёсць. Нельга перайначыць таго, што стварыў Бог. Ім можна дапамагаць, можна вучыць, але не мяняць іх.

/

Ала кажа, што ўкласці ў такіх дзяцей прыходзіцца больш, а атрымаць у выніку менш або зусім нічога. Мы звычайна чакаем выніку. Але яго можа не быць зусім.

«Цяжарная жанчына, калі выношвае дзіця, марыць пра ружу, – разважае Ала. – А нарадзілася – фіялка. І маці пачынае з фіялкі рабіць ружу. Але яна не зробіць ружу. Калі ты змагаешся за сваё дзіцё, то накіроўваеш сваю энергію на гэтую барацьбу, але атрымліваеш зусім не тое, што чакаў – хутчэй, наадварот. Мы не змагаемся, мы проста жывём. Я не саромеюся сказаць людзям, што ў мяне такія дзеці, а некаторыя саромеюцца. Гэта сведчыць пра тое, што чалавек не прыняў нешта і не разабраўся ў сабе. Калі маці хоча нешта перайначыць, змяніць, палепшыць у сваім дзіцяці, варта спытаць ці хаця б задумацца, ці хоча гэтага дзіця, ці патрэбна гэта яму, ці палепшыць гэта яго жыццё. Ахвяраваць сваё жыццё дзеля дзіцяці – гэта памылка. Ад гэтага яму толькі горш. А мы прыносім сябе ў ахвяру, тым самым разбураючы сваё жыццё, свае адносіны з мужам, сваю сям’ю. Можна даць дзіцяці толькі тое, што маеш сам. Калі ў сэрцы няма любові, то што можна даць дзіцяці?»

Ала тлумачыць, што пасля прыняцця дзіцяці такім, якое яно ёсць, адпадае неабходнасць шукаць вінаватых: «Ніхто ні ў чым не вінаваты – ні ўрачы, ні педагогі, ні тым больш самі бацькі. А мы шукаем вінаватага. Калі ёсць ліха, то павінен быць ліхадзей? А мы ходзім, «абіваем парогі», просім, патрабуем і крыўдзімся, калі не атрымліваем жаданага. Любая прэтэнзія – гэта прэтэнзія да Бога: чаму дапусціў такое, чаму не дагледзеў? А мы жывём, абчэпленыя крыўдамі на ўсіх і на ўсё.

/

Я лічу, што трэба не дзяцей перайначваць, а бацькоў. Калі такія дзеці прыходзяць у сям’ю, гэта азначае, што яны прыходзяць з пэўнай мэтай, не выпадкова».

/

– Паглядзіце на сваё дзіця, – кажа Ала. – Яно пакутуе? Ці яму добра, яно шчаслівае? Хутчэй за ўсё, яно шчаслівае ў сваім свеце, а пакутуеце вы. А цяпер спытайце ў сябе, чаму.

Вікторыя Чаплева
Фота з асабістага архіва Алы Цітовіч

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.