Гісторыя пра тое, як чалавек на вазку стварыў нефармальнае аб’яднанне ў аграгарадку, каб дапамагаць іншым

Разам з міжнароднай кампаніяй TZMO SA, якая выпускае гігіенічныя і перавязачныя вырабы пад гандлёвымі маркамі марками Seni, Matopat, Happy, мы завіталі ў па-восеньску ціхі аграгарадок Ілья Вілейскага раёна. Там нас чакаў мясцовы актывіст, шчыры чалавек з 1-й групай інваліднасці Віктар Фелістовіч. Ён кіраўнік нефармальнага аб’яднання мясцовых людзей з інваліднасцю «Добрае сэрца», у валанцёраў якой сэрцы не маюць межаў.
Лёс Віктара
Некалі Ілья было досыць вялікім мястэчкам, да нядаўняга часу – нават раённым цэнтрам. Зараз жа у яго цэнтры – пустыя будынкі колішняга райкама і ўнівермага, невялікая рынкавая плошча і сквер.
Пасярод усяго гэтага мясцовыя людзі з інваліднасцю не ўпалі ў роспач, а, наадварот, зразумелі: дапамагчы адно аднаму яны могуць толькі самі. Так і з’явілася нефармальнае аб’яднанне ільянскіх валанцёраў «Добрае сэрца», большасць з якіх – людзі з інваліднасцю. А натхняе ўсіх мясцовы лідар Віктар.
Самому Віктару 57 гадоў. Інвалідам ён стаў у 2011 годзе ў выніку памылкі дактароў. У Віктара проста стала балець спіна. Медыкі спрабавалі ўзяць пункцыю, у выніку чаго занеслі інфекцыю: «У выніку я стаў інвалідам 1-й групы. У бальніцы правёў амаль 11 месяцаў, з іх паўтара месяца – у рэанімацыі».
– Памятаю, што я захварэў 17 красавіка, – узгадвае Віктар. – Мяне перакідвалі з бальніцы ў бальніцу, а 26 красавіка мяне прывезлі ў Бараўляны. У мяне пайшоў агульны сепсіс, дактары сказалі, што жыць мне засталося лічаныя дні. Аказалася, што на пазваночніку быў гнойны нарыў.
Віктар кажа, што ў Бараўлянскую бальніцу яго адправілі далёка не адразу. Толькі пасля другой аперацыі ён змог больш-менш прыйсці ў прытомнасць. Але калі прыйшоў, то зразумеў, што не адчувае ўласнага цела.

– Мне не хацелася жыць, – шчыра дзеліцца Віктар. – На самой справе, усё залежыць ад чалавека. Калі пачынаецца апатыя, то нічога не дапаможа табе выздаравець.
Віктар у сваёй апатыі, пэўна, дастаў дна, бо яго выратавала думка пра дзяцей. Жонка яго памерла. «Без мяне ім будзе цяжка, – тады я падумаў. – Адразу пачынаеш ісці на папраўку. А пасля – зноўку дэпрэсія. Я бездапаможны. Нічога не мог рабіць, бо тады і рукі адмаўлялі, ляжаў, як бервяно. Так я праляжаў некалькі месяцаў. Пасля вырашыў, што трэба жыць, трэба змагацца.
Зараз сын Віктара жыве ў Мінску. Дачка вучыцца ў Вілейцы. Калі Віктар захварэў, яго дачцэ было 10 гадоў, а сыну – 15. Віктар 15 гадоў адпрацаваў на «Белтэлекаме». Людзі, якія працавалі ра-зам з ім, дагэтуль аказваюць яму дапамогу.
– Ці думалі да траўмы, што зможаце арганізоўваць такую дапамогу людзям, з якімі жывяце побач?
– У мяне, на самой справе, характар быў вельмі цяжкі. Я думаю, што мая інваліднасць – гэта пакаранне. Я быў эгаістам. Часу на падумаць у бальніцы ў мяне было шмат. Я вырашыў, што трэба спяшацца рабіць добрыя справы, пакуль жывы, пакуль магу гэта рабіць.
Добрыя сэрцы, якія не маюць межаў
Віктар – гэта той чалавек, які вакол сябе аб’ядноўвае. Пакуль ён аб’яднаў аднадумцаў і ўразлівых людзей з Ільі. У яго марах – аб’яднаць людзей з інваліднасцю з трох сельсаветаў, у тым ліку і Ільянскага. Агульная колькасць інвалідаў у гэтых трох малых рэгіёнаў – каля 1000 чалавек! І ўсім ім патрэбна дапамога. Непасрэдна па Ільянскім сельсавеце колькасць людзей з інваліднасцю складае каля 300 чалавек, прытым насельніцтва самога аграгарадка не перавышае 2000 чалавек.
Каб мець уплыў у грамадстве і развіваць пасёлак не ў апакаліптычным русле, а ў прагрэсіўным, Віктар марыць аб афіцыйным, а не намінальным стварэнні валанцёрскай арганізацыі. Справа ў тым, што ў Вілейцы няма філіі Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў, толькі ў Маладзечне. І гэтая адлегласць, на самой справе – досыць праблематычная рэч. Але пакуль Віктар сустракаецца толькі з адмовамі ў рэгістрацыі яго арганізацыі.
– Калі прыйшла да вас ідэя дапамагаць? – запытваюся ў Віктара.
– Жыццё так склалася, што я прайшоў усе колы пекла. Я ведаю, як гэта – вырашаць пытанне, калі ты інвалід. Таму я вырашыў дапамагаць людзям.
– А як прыйшлі да таго, што інвалідам Ільі патрэбна свая арганізацыя?
– Ідэя аб’яднацца з’явілася тады, калі я стаў інвалідам. Дзесьці ў 2014 годзе мы намагаліся стварыць сваю асацыяцыю інвалідаў-калясачнікаў. Нас сабралася каля 18 чалавек. Мы давалі юрыдычныя кансультацыі, дапамагалі з вопраткай, прадуктамі харчавання… Праз тое, што ў Вілейцы філія РАІК адсутнічае, мы працавалі з Маладзечнам. А гэта, канечне, адлегласць. У выніку мы зменшылі аб’ёмы нашай дапамогі.
З памяшканнем валанцёры звязваюць і мары рэалізацыі ўласнага паклікання. Так, Людміла – швачка, якая з’яўляецца актыўнай удзельніцай незалежнага валанцёрскага руху «Добрае сэрца». Людміла жыве ў Ільі 22 гады. Старэйшаму сыну – 21 год, малодшаму – 17, у яго інваліднасць: «Воўка інвалід, таму я блізка з тымі людзьмі, у якіх падобныя праблемы. Мяне проста так выхавалі: усе павінны адно аднаму дапамагаць».

У Людмілы з Уладзімірам ёсць цікавае хобі: яны займаюцца рэканструкцыяй Першай сусветнай вайны. Людміла рэканструюе вобраз сястры міласэрнасці, Уладзімір – салдата царскай арміі. Гэты занятак асабліва важны для захавання памяці: недалёка ад Ільі праходзіла лінія фронту. Сям’я так захапілася рэканструкцыяй, што Вова праводзіць шмат часу ў школьным музеі, распавядае школьнікам пра Першую сусветную вайну.

З намі гутарыць і Аляксандр, яшчэ адзін валанцёр, у якога хвароба адняла дзве нагі. У Аляксандра праблемы са здароўем пачаліся ў 2009 годзе. «У мяне пачаліся праблемы з сасудамі. Спачатку адняліся ногі, пасля – ныркі». У свае 52 гады ён без ног, жыве адзін, кажа, што спраўляцца ўжо навучыўся.
– Да 2014 года я яшчэ хадзіў на нагах. Пасля ўжо пайшла ампутацыя. Калі адмовілі ныркі, стаў ездзіць на гемадыяліз. Дыяліз заліваюць унутр, на яго я езджу ў Маладзечна. Кожная паездка абыходзіцца нятанна, наймаю машыну.
Машыну Аляксандру трэба наняць і для таго, каб з’ездзіць у Бараўляны і набыць пакунак раствораў на месяц.
Іна – шматдзетная маці: яна выхоўвае пяць дзяцей, нядаўна далучылася да валанцёраў. У старэйшага сына – цукровы дыябет. Сярэдняй дачцэ далі групу на год праз праблемы з суставамі. «Я нядаўна далучылася да людзей, бо па жыцці, калі я сама сутыкалася з няпростымі сітуацыямі, з’яўляліся людзі – і проста дапамагалі. Зараз мы самі сталі на ногі, нам крыху лягчэй, я хачу зараз дапамагаць людзям. Прынамсі, я магу аддаваць тую ж вопратку, якая застаецца ад дзяцей. Ведаць толькі б, каму яе аддаваць».

Праблема безбар’ернага асяроддзя
Мясцовыя людзі з інваліднасцю хочуць трымацца разам яшчэ і для таго, каб вырашаць агульныя праблемы. Самая галоўная з іх – гэта адсутнасць добрых дарог і пандусаў у Ільі. Прытым не варта забываць, што людзей з інваліднасцю тут нямала.
– Узімку, каб выбрацца з хаты, я выклікаю МНС, – распавядае Віктар. – Служба прыязджае, дапамагае мне трапіць у бальніцу. Далей дзякуючы ім я трапляю на патрэбны паверх і ў патрэбны кабінет.
І ў Віктара, і ў Аляксандра – электравазкі. «Мы ваявалі за гэтыя вазкі так, што можна кнігу напісаць, – жартуе Віктар. – Спачатку мне далі б/у вазок, там быў забіты акумулятар, на ім можна было праехаць метраў 200. Так, праездзіў на ім я каля месяца, пасля ён зламаўся. А калі мне давалі гэты вазок, то забралі мае звычайныя. Я аддаў у рамонт, пытаю: «На чым мне цяпер ездзіць?»
Мне адказалі, што нічым дапамагчы не могуць. Праўда, пасля далі другі вазок, дзе ламаўся акумулятар. У выніку за свае 400 рублёў акумулятар я адрамантаваў, цяпер вось езджу».
Каб словы пра бар’ернае асяроддзе не былі проста словамі, мы вырашылі ўсе разам пашпацыраваць па мястэчку. Рушылі да Дома культуры. Да яго ад дома Віктара – 5 хвілін хады.
/
Мы самыя нязручныя людзі, – каментуе Віктар. – Нам дзяржава дала групу інваліднасці, а мы яшчэ ў яе нешта просім…
/
Гэта Віктар так сумна жартуе пра безбар’ерны асяродак Дома культуры. Пандус там зрабілі толькі месяц таму. Па шматлікіх паперах і лістах ад неабыякавых жыхароў Ільі.
– Месяц назад наша арганізацыя «Добрае сэрца» сумесна з Чырвоным Крыжам дала дабрачынны канцэрт, мэтай якога быў збор сродкаў на лячэнне хворых на анкалогію. Мы запрасілі людзей, самі прыехалі. А як трапіць у клуб? Пандуса тады яшчэ не было. Перасаджваліся на звычайны вазок – і людзі нас заносілі ўнутр.
Мы звярнулі на дарогу, якая вядзе дадому Аляксандра. Ён доўга патрабаваў, каб яму яе зрабілі камунальныя службы, бо па ёй цяжка ісці было нават мне: яма на яме. «Цуд інжынерыя, – каментуе Віктар. – На 150 метраў дарогі паклалі толькі 10 метраў асфальту».
Аляксандру найбольш цяжка ехаць па ёй, калі ён вяртаецца з гемадыялізу. «Мне ж вадкасць заліваюць унутр, а пакуль я па гэтых ямах дабяруся дадому, то ўсё растрасу. У выніку вельмі баліць жывот». Кажуць, калі пройдзе дождж, то праехаць там на вазку фактычна немагчыма.
Рушым далей. «Зараз будзем ехаць па лесе», – каментуе Віктар свой адрэзак шляху. Па бакавіне тратуара пасаджаны вербы, галінкі якіх атуляюць пешую частку. Калі здаровы чалавек можа іх абысці, то чалавеку на вазку прыходзіцца прабірацца наўпрост праз іх.
– Леанідавіч у нас лідар, малайчына! – кажа Людміла пра Віктара падчас хады. – Хочацца яго падтрымаць у гэтым змаганні, таму і мы пішам лісты, звяртаемся ў сельсавет…
Цырульні ў пасёлку няма. Каб падстрыгчыся, людзям прыходзіцца ехаць у Вілейку, за 25 кіламетраў.
Праходзім міма вясковай крамы. Яны знаходзіцца ў былым міжваенным доме. Чалавеку на вазку туды не зайсці: прыступкі і вузкія дзверы. Але прадавачкі ў краме сказалі, што пытанне дырэктарам вырашаецца. Прынамсі, да тратуара да дзвярэй паклалі плітку.
Мары пра ўласнае памяшканне
Так мы падышлі да аднапавярховага будынку, былой школы ў часы міжваеннага перыяду. У ім і знаходзіцца некалькі памяшканняў, дзе валанцёры збіраюцца апошнім часам.
– Мы пазнаёміліся з Мінскім абласным таварыствам Чырвонага Крыжа, пасля гэтага ў нас стаў больш шырокі спектр дзейнасці, – распавядае Віктар. – Там нам паабяцалі дапамагчы, але для гэтага нам трэба зарэгістравацца.
Пасля гэтага ў валанцёраў паўстала пытанне ў памяшканні. «Хоць пустых памяшканняў тут і шмат, але для нас – няма, – у роспачы кажа Віктар. – Мы некалькі разоў выходзілі на райвыканкам. У выніку нам вылучылі некалькі пакояў у будынку, які быў перададзены мясцовай царкве».
Святар прапанаваў валанцёрам некалькі пакояў. Валанцёры такую магчымасць скарысталі. Так, увесну, калі Беларусь сутыкнулася з пандэміяй каронавірусу, яны пашылі каля 4000 масак. Віктар і яго сябры перадавалі іх у цэрквы, бальніцы, школы, раздавалі на вуліцы.
– Мы сталі арганізоўваць ранішнікі для дзяцей-інвалідаў, бо, калі арганізоўваюцца такога кшталту мерапрыемствы ў раёне, да нашага сельсавета не даходзіць, – распавядае Віктар. –
Трэба было бачыць вочы дзяцей пасля ранішніка… Тут жа шмат дзяцей з інваліднасцю, шматдзетных сем’яў. Мы хочам рэальна ім дапамагчы. Але для гэтага нам патрэбны юрыдычны адрас. Мы проста хочам працаваць з людзьмі.
Віктар кажа, што з ім ужо гатовы супрацоўнічаць і замежныя арганізацыі. Напрыклад, арганізацыя нямецкіх хрысціян паабяцала абсталяваць залю з трэнажорамі для маладых людзей. «Каб наша моладзь не співалася, а займалася спортам», – каментуе Віктар.
Наогул, памяшканне арганізацыі Віктар бачыць як своеасаблівы цэнтр, дзе людзі з інваліднасцю маглі б прадстаўляць паслугі насельніцтву. Людміла займаецца ўсімі відамі рукадзелля, таму магла б весці гурткі для дзяцей. Таксама яна б магла і шыць, і рамантаваць вопратку для дзяцей і шмат- дзетных сем’яў за мінімальныя кошты.
Аляксандр хоча адкрыць сваю абутковую майстэрню: «Калі я ўжо ведаў, што застануся без ног, бо ўсё да гэтага і ішло, я паехаў і вывучыўся на шаўца. У гэты ж час пазнаёміўся з прадстаўнікамі арганізацыі Чырвонага Крыжа. Мы вырашылі, што маю дапамогу можна будзе прапанаваць інвалідам і малазабяспечаным сем’ям».
На жаль, з гэтай добрай задумы пакуль нічога не атрымалася. Для гэтага трэба набыць неабходнае абсталяванне і мець сталае памяшканне.
Памяшканне, дзе апошнім часам сустракаюцца валанцёры, было перададзена царкве ўжо каля двух гадоў таму, але на баланс не пастаўлена. Каб яго прывесці да ладу, перабудаваць, аказалася, што трэба ўкласці шмат сродкаў і сіл. Святар зразумеў, што ні аднаго, ні другога яму не хопіць. Адпаведна, Віктару з сябрамі зноў прыйдзецца шукаць памяшканне для захоўвання гуманітарных рэчаў, шыцця масак і асветы жыхароў Ільі.
Прага дапамагаць
«У дадзены момант у нас ёсць памяшканне, але хутчэй за ўсё яго ў нас адбяруць, – дзеліцца Віктар. – Магчыма, нехта знойдзецца і ўзяць нас пад апеку. Мы, людзі, хочам дапамагаць
інвалідам і шматдзетным сем’ям. Мы прайшлі шмат, таму ведаем, што такое бездапаможнасць. Калі раптам знойдуцца ахвотныя дапамагчы ў памяшканні нам, мы будзем вельмі рады».
Хочацца, каб «Добраму сэрцу» дапамаглі дзеля таго, каб яны маглі дапамагаць іншым. Яны, маючы абмежаваныя магчымасці, не маюць абмежаванняў у сэрцы. Жывучы ў невялікім мястэчку, яны дапамагаюць не толькі ўразлівым групам насельніцтва. Валанцёры хочуць, каб жыхары мястэчка ганарыліся яго гісторыяй і культурай, таму робяць усё магчымае для таго, каб несці асветніцтва людзям.
Пасля нашага шпацыру і гутаркі мы перадалі Віктару набор сродкаў ад кампаніі Seni. Ён заўсміхаўся, а пасля прадказальна спытаў: «Ці можна я перадам гэтыя сродкі і іншым нашым інвалідам?» Пачуўшы «Канечне!», папрасіў паставіць скрыню каля дзвярэй. Напэўна, заўтра разам са сродкамі доглядавай прадукцыі пойдзе праведваць тых інвалідаў Ільі, якія самі да яго дайсці не могуць. Вось такі ён, Віктар. Віктар-Добрае сэрца.
* * *
Шмат гадоў працаўнікі кампаніі «Seni» працягваюць руку дапамогі людзям, якія сутыкнуліся з праблемай догляду хворых і недзеяздольных лю-дзей. «Seni» не проста забяспечвае мільёны людзей па ўсім свеце гігіенічнай прадукцыяй, а яшчэ і аказвае канкрэтную дапамогу як псіханеўралагічным інтэрнатам, так і людзям з інваліднасцю. Наш сумесны праект «Нецярпенне сэрца» толькі пацвярджае гэта. «Нецярпенне сэрца» – гэта пра дабрыню, клопат і ўвагу, якіх нам так часта бракуе ў гэтым свеце…
Вікторыя Чаплева
Фота Вольгі Северыной
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.