«Мой электравазок у ліфт не ўвайшоў». Жыхары Брэсцкага дома ветэранаў засталіся без магчымасці выйсці з дому пасля капітальнага рамонту

Поддержи

Таццяна Сергяевіч мае інваліднасць 1-й групы і перасоўваецца на вазку. Яна жыве ў доме ветэранаў у Брэсце па вуліцы Гродненскай. Але не так даўно ў доме сталі рабіць капітальны рамонт. З гэтай прычыны ў ім замянілі ліфты, якія зусім не прыдатныя да таго, каб імі карысталіся людзі з інваліднасцю.

Дом

У Таццяны рэўматоідны артрыт, на які яна хварэе з дзяцінства. У доме ветэранаў яна жыве на восьмым паверсе. «У гэтым доме я жыву ўжо 20 гадоў, – распавядае Таццяна. – Раней жыла з бацькамі ў вёсцы. А пасля напісала заяву на імя Адміністрацыі –  і мне пайшлі насустрач, далі тут кватэру».

У Таццяны ў шматпавярховіку шмат сяброў: яны таксама людзі з інваліднасцю, у тым ліку на вазках.

/

Шырыня майго беларускага вазка – 65-67 сантыметраў. Калі нават зайду я, то ў ліфт не зойдзе той, хто мяне будзе суправаджаць на двор.
/

Таццяна вельмі любіць свой дом. З сяброўкамі яны вырошчваюць каля дома кветкі. Усе матэрыялы набываюць самі, за сваю пенсію. «Хочам, каб нам прыстасавалі шланг, каб мы маглі паліваць кветкі і градкі», – дзеліцца Таццяна.

Ліфт, у які немагчыма зайсці на вазку

Зараз у доме праводзіцца капітальны рамонт, таму адбылася замена ліфтаў. У выніку былі ўсталяваны ліфты з кнопкамі са шрыфтом Брайля. Але шырыня дзвярнога праёма ў іх – 70 сантыметраў.

«Мой нямецкі электравазок у ліфт не ўвайшоў, – распавядае Таццяна. – Шырыня майго беларускага вазка – 65-67 сантыметраў. Калі нават зайду я, то ў ліфт не зойдзе той, хто мяне будзе суправаджаць на двор. Атрымліваецца, прыйдзецца некага прасіць, каб сустракалі мяне на першым паверсе… Мае сяброўкі – таксама вазочніцы. Адна сяброўка ехала ў ліфце разам з мужам, які ледзь дацягнуўся да кнопкі. Але ж гэта не выйсце! Такое адчуванне, што яны проста зэканомілі на інвалідах, – незадаволена Таццяна.

/

Паўстае лагічнае пытанне: чаму, калі ўсталёўвалі ліфт у доме ветэранаў, дзе жывуць вазочнікі, не пацікавіліся, колькі складае шырыня вазкоў, на якіх яны перасоўваюцца.

/

«Мы тэлефанавалі, пісалі лісты куды толькі можна, – абураецца Таццяна. – Па правілах, ліфты павінны быць у шырыню не меншыя за 80-90 сантыметраў… Для чаго ж закон? Каб яго выконвалі».

Барацьба за ліфт

Таццяна звярталася на прамую тэлефонную лінію Брэсцкага гарадскога камітэта па пытанні замены ліфтаў. УКУП «Жыллёвае рамонтна-эксплуатацыйнае ўпраўленне Брэста» Таццяне пасля адказала, што дадатковым патрабаваннем заказчыка было наступнае: «праектнай арганізацыі разглядзець характарыстыкі ліфтоў, якія будуць усталёўвацца зноў, з пункту гледжання іх даступнасці для пасажыраў-інвалідаў з парушэннямі сэнсарных функцый (зроку і слыху) ці статадынамічнай функцыі, уключаючы інвалідаў, якія карыстаюцца крэсламі-вазкамі і іншымі сродкамі перасоўвання, а таксама для пасажыраў, якія адносяцца да маламабільнай групы насельніцтва». Далей сказана, што была ўлічана «магчымасць максімальнага раскрыцця дзвярэй ліфта ў межах існуючага праёма, павялічаны памер кабіны 95х120 сантыметраў».

/

«Па правілах, ліфты павінны быць у шырыню не меншыя за 80-90 сантыметраў… Для чаго ж закон? Каб яго выконвалі».

/

Паўстае лагічнае пытанне: чаму, калі ўсталёўвалі ліфт у доме ветэранаў, дзе жывуць вазочнікі, не пацікавіліся, колькі складае шырыня вазкоў, на якіх яны перасоўваюцца? Таццяна, якая жыве на восьмым паверсе, застаецца літаральна без магчымасці выйсці на двор.

«Яны кажуць, што Магілёўскі завод не выпускае такіх ліфтоў. Але я ведаю, што выпускаюць!» –  дзеліцца Таццяна.

Нават зайшоўшы на сайт «Магілёўскі завод ліфтавай машынабудоўлі», можна знайсці ў іх каталозе прыклады абсталявання для маламабільных груп насельніцтва. Напрыклад, у тэхнічных характарыстыках ліфта адзначана шырыня дзвярнога праёма – 80-90 сантыметраў. У такі ліфт вазок Таццяны змясціўся б без праблем.

Пакуль, на жаль, Таццяна не тое, што выйсці з кватэры, – яна не можа падняцца нават з ложка. «У мяне такая праблема: я паслізнулася ў ванне і траўміравала спіну. Цяпер я так названая ляжачая, – распавядае Таццяна. – Дактары забаранілі мне сядзець, сказалі: пару месяцаў трэба паляжаць.

– Як жа вы спраўляецеся зараз? – пытаю ў Таццяны.

– Шчыра кажучы, з гэтым таксама праблема. Зараз да мяне прыходзіць сацыяльны работнік –  вельмі клапатлівая жанчына. Але яна звальняецца. Я ведаю, як гэта складана – знайсці сапраўды добрага сацыяльнага работніка, які б і падмыў, і пакарміў цябе.

Пакуль жа Таццяна звяртаецца па дапамогу ў мясцовыя органы ўлады, грамадскія аб’яднанні і да праваабаронцаў. Хочацца верыць, што калі пазваночнік Таццяны прыйдзе ў норму, яна зможа сесці на вазок і выйсці на двор.

 

Вікторыя Чаплева
Фота з асабістага архіва Таццяны Сергяевіч

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.