Маці-інвалід мае права на дзіця. Новыя факты ў судовай справе Вольгі Корзун

Поддержи

«Я за сына змагацца буду», – так пастаянна казала інвалід 2-й групы Вольга Корзун, у якой у ліпені паводле рашэння Суда Столінскага раёна адабралі дзіця. Сваё слова яна стрымала. Пасля суда падала апеляцыю ў Брэсцкі абласны суд, дзе на днях і разглядалі яе скаргу. Там выплылі новыя абставіны і факты, якія дазволілі меркаваць пра тое, што рашэнне столінскага суда было неправамерным. Але аб усім па парадку.

Што змянілася ў сітуацыі Вольгі Корзун з моманту суда ў Століне?

Нагадаем, што ў ліпені Суд Столінскага раёна вырашыў адабраць у Вольгі Корзун, інваліда 2-й групы па псіхічным здароўі, сына Арсенія. Увесну гэтага года ў яе памерла маці, якая дапамагала Вользе выхоўваць пяцігадовага сына. Органы апекі забралі сына ў Вольгі пасля таго, як прайшло пяць дзён са дня смерці маці. Па іх словах, на практыцы выхаваннем сына займалася маці Вольгі, а калі яе не стала, Арсеній трапіў у небяспечнае становішча.

Столінскі суд сваё рашэнне матываваў тым, што ў сілу дыягназу і паводзінаў з поўнай сацыяльнай дэзадаптацыяй Вольга дзіця выхоўваць не можа. Суд зрабіў заключэнне ў тым ліку і на падставе заявы ўрача-псіхіятра, які сказаў, што Корзун не можа ацаніць пагрозу ў адносінах да дзіцяці.

Вольга Корзун не пагадзілася з тым выракам. У сваёй скарзе ў Брэсцкі абласны суд яна папрасіла адмяніць гэта рашэнне. Яна не адмаўляе той факт, што ў яе ёсць і захворванне, і група інваліднасці. Але, згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя, уключэнне яе захворвання ў пералік не з’яўляеццца перашкодай для таго, каб яна займалася выхаваннем дзіцяці. Таксама ў апеляцыйнай скарзе яна напісала, што паказанні профільнага ўрача-псіхіятра Пявец выкладзены няправільна. Вольга кажа, што няма падстаў лічыць яе паводзіны небяспечнымі. Яна сацыялізаваная асоба, якая ідзе на кантакт з людзьмі і самастойна звярталася ў тым ліку па юрыдычную кансультацыю.

Брэсцкі абласны суд абавязаў яе з’явіцца, але яна не прыехала. Як сказала адвакат, Вольга яшчэ за некалькі дзён да суда скардзілася на кепскае самаадчуванне. Таму на ранішнюю электрычку, якая выязджае а 5.45 са Століна, яна не паспела. Аднак зранку аператыўна схадзіла да натарыуса і аформіла даверанасць, згодна з якой адвакат Галіна Мар’янаўна Туравец магла не толькі абараняць яе, але і прадстаўляць інтарэсы Вольгі ў судзе.

Як усё было на самой справе і на што абапіраўся столінскі суд, калі выносіў вырак?

«Дадзенае рашэнне суда з’яўлецца незаконным і неабгрунтаваным», – так пракаментавала вынесены Судом Столінскага раёна вырак адвакат Вольгі Корзун.

Галоўны і, бадай, адзіны аргумент, якім апеляваў суд, быў той, што захворванне ўваходзіць у пералік тых, пры якіх бацькі не могуць выконваць свае бацькоўскія абавязкі. Такі пералік сапраўды існуе. Праўда, у сітуацыі, якая датычыцца Корзун, паўстае адразу два «але».

Пасля вынясення выраку ў Століне ў Офіс па правах людзей з інваліднасцю прыйшоў афіцыйны адказ на іх скаргу ад Міністэрства аховы здароўя, дзе было напісана наступнае: «Прававое абгрунтаванне, прадастаўленае вашай арганізацыяй у Столінскі раённы выканаўчы камітэт, адпавядае патрабаванням заканадаўства і прававых актаў Міністэрства аховы здароўя». А гэта азначае, што суд не мае права выносіць сваё рашэнне аб адабранні дзіцяці, кіруючыся толькі дыягназам бацькоў. Такая пазіцыя стала ўжо афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства аховы здароўя.

Другое «але» хаваецца за самім пералікам захворванняў. Аказваецца, яго можна выкарыстоўваць толькі ў тых выпадках, калі бацькам абавязаны выплачваць грошы, выдаткаваныя на дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні. Калі бацькі хварэюць на штосьці з гэтага пераліку, то яны вызваляюцца ад аплачвання гэтых выдаткаў. Пра гэта кажа 93 артыкул Кодэкса аб шлюбе і сям’і. Корзун не з’яўляецца ні абавязанай (ёй не трэба аплачваць выдаткі на жыццё ў спецыяльнай установе), ні недзеяздольнай. Вольга пражывала ў прыватным доме са сваёй маці і сынам.

«З матэрыялаў справы мы бачым, што Вольга характарызуецца як станоўчы чалавек. Адзіная загана, якую, па меркаванні суда, яна мае, – гэта яе захворванне», – кажа адвакат. Але, з пункту гледжання закона, гэтую загану суд не мае права пазіцыянаваць як асноўны аргумент у адабранні дзяцей.

На якія ж дакументы спаслаўся Суд Столінскага раёна? У матэрыялах справы маецца толькі адна даведка, выдадзеная Брэсцкай абласной псіхіятрычнай бальніцай у Гарадзішчах. Даведка датуецца 2009 годам, калі Вольга была яшчэ непаўналетняй. З таго часу яна не звярталася па дапамогу да ўрачоў-псіхіятраў і ніякіх медыцынскіх прэпаратаў не прымала.

Паказанні аб тым, што Вольга сацыяльна дэзадаптавана, зрабіла маладая доктарка, якая працуе нядаўна ў Давыд-Гарадоцкай бальніцы.

«Як тады на працягу дзесяці гадоў яна магла назіраць Корзун?» – з абурэннем задае рытарычнае пытанне адвакат. – Матэрыялы справы не кажуць пра тое, што яна знаходзілася на ўліку ці праходзіла нейкае лячэнне». Адвакатка прыйшла да высновы, што ніякіх іншых фактаў, акрамя наяўнасці захворвання ў Корзун, у судзе не было прадстаўлена.

***

«Павінна быць комплекснае даследаванне ўсяго жыцця Корзун, – пераканана Галіна Мар’янаўна. – Гэтага ніхто не зрабіў. Пакуль усё выглядае так: калі ты інвалід, то дзіця ты выхоўваць не можаш. Ніхто не падумаў, калі адразу пасля смерці бабулі адбіралі сына, што менавіта бабуля была галавой сям’і. А самой Вользе не далі нават магчымасці пабыць галавой сям’і таксама».

***

Адвакат прывяла ў прыклад адносна нядаўні выпадак у Івацэвіцкім раёне, калі ў інвалідаў з праблемамі апорна-рухальнага апарату нарадзілася дзіця. «Там таксама было прынята рашэнне, што бацькі не могуць выконваць свае функцыі. Аднак мясцовыя ўлады – аддзел па адукацыі, аддзел па ахове здароўя – пайшлі сям’і насустрач. Ім вылучылі нянечку, якая прыходзіла і дапамагала з дзіцем. Гэта той выпадак, які заслугоўвае ўвагі».

«Калі рашэнне Суда Столінскага раёна выдадзена з парушэннем нормаў закону, то такое рашэнне неправамернае, – заключыла Галіна Мар’янаўна. – Чаму суд праігнараваў папраўку ў закон, якую цяпер унесла Міністэрства аховы здароўя? Павінна быць заключэнне, якое комплексна ацэньвае сітуацыю, а не завастрэнне ўвагі на адным дыягназе. Прытым Суд Столінскага раёна прыняў пад увагу толькі паказанні членаў органаў апекі і спецыялістаў з аддзела па адукацыі. Ён не прыняў пад увагу паказанні і хроснай, і суседзяў, якія пацвердзілі, што Вольга Пятроўна добра гатуе, прыбіраецца, пярэ… Нават калі я дазванілася да яе сёння, яна сама пайшла да натарыуса і зрабіла даверанасць, заплаціла дзяржпошліну. Пра якую дэзадаптацыю можа ісці гаворка?»

Як жывецца Арсенію ў новай сям’і?

Святлана Стоўба, загадчыца сектара аховы дзяцінства раённага аддзела па адукацыі Столінскага райвыканкама, стала распавядаць пра тое, як жыве Арсеній у новай сям’і: «Арсенію патрэбны павышаны кантроль, бо ён гіперактыўны. Дарэчы, за апошні месяц ён хварэў пяць дзён. Раней ён хварэў намнога больш».

Пасля суда Вольга наведвала Арсенія амаль кожныя выходныя. Кантактаванне дзіцёнка з маці не нясе, па словах Святланы Стоўбы, выхаваўчай функцыі. Таксама Арсенію падабаецца, што ў новай сям’і з ім ходзяць у краму і набываюць розныя смачнасці.

Святлана Стоўба, загадчыца сектара аховы дзяцінства раённага аддзела па адукацыі Столінскага райвыканкама

***

Адвакат сказала, што гэта нельга прымаць пад увагу: «Матэрыяльны дабрабыт – гэта не самае галоўнае ў жыцці. Няўжо можна казаць, што ў маці было кепска таму, што ў яе не было магчымасці набыць тыя смачнасці? Ніякая апякунская сям’я не заменіць родную маму», – лічыць Галіна Мар’янаўна.

***

Сваёй пазіцыі Святлана Стоўба не змяніла. Яна лічыць, што пакідаць дзіця з маці небяспечна для Арсенія.

Рашэнне суда

– Ці не супраць вы амбулаторнай медыка-псіхіятрычнай экспертызы для Вольгі Корзун, якая б змагла ацаніць яе? – спытала суддзя ў адваката.

– Я не ведаю, ці возьмецца нехта аспрэчваць дыягназ Корзун. У яе стаіць другая група, пажыццёвая.

Але суддзя паставіла пытанне катэгарычна. Тады адвакат шчыра сказала:

– Справа ў тым, што Вольга супраць камісій і экспертыз, на дактароў яна пакрыўджана. Вольга кажа: «Я не пайду да ўрачоў. Яны паставілі мне пляму на ўсім жыцці. Яны адабралі ў мяне сына. Ніхто не скажа цяпер, што дыягназу няма». І, магчыма, па народнай мудрасці яна мае рацыю. Дыягназ жа не выпарыцца цяпер. Яна не давярае нашым урачам.

Адвакат папрасіла вынесці рашэнне аб адмове ў позве, бо доказаў было сабрана недастаткова. Пракурор пацвердзіла той факт, што доказаў сапраўды недастаткова.

У выніку суд вырашыў: Вольга Корзун мусіць прайсці медыка-псіхіятрычную экспертызу. Для спецыялістаў будуць прапанаваны тры пытанні, на якія яны мусяць адказаць: «Ці ёсць захворванне ў Вольгі?”, «Ці можа яна выхоўваць дзіця?», «Ці бяспечна пакідаць дзіця з Вольгай?».

На сёння жанчына адмаўляецца праходзіць экспертызу. Падтрымлівае пазіцыю Вольгі і юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю Алег Граблеўскі: «Мы не згодны з рашэннем Брэсцкага абласнога суда, – сказаў ён. – Абследаванне мусіць быць добрай воляй Вольгі. Мы лічым, што Брэсцкі абласны суд павінен скасаваць рашэнне Суда Столінскага раёна. А матыў такі: сабраных дакументаў недастаткова, каб вынесці рашэнне аб адабранні дзіцяці».

Пакуль Алег Граблеўскі піша скаргу ў Брэсцкі абласны суд, Вольга асабліва пра сябе не нагадвае мясцовым уладам. «Я яе разумею, бо баюся, каб не адбылося яе прымусовай гаспіталізацыі», – пракаментаваў Алег Граблеўскі.

***

Змаганне супраць цэлай сістэмы звычайна забірае ў здаровага чалавека шмат сіл і рэдка сканчваецца перамогай. Што казаць пра і без таго параненую Вольгу, для якой слова «інвалід» перакрэсліла ўсё тое, што ёсць у іншых людзей… Закон на баку Вольгі, юрысты і адвакаты – таксама. Магчыма, мясцовым уладам варта ўзяць прыклад улад Івацэвіцкага раёна і дапамагчы Вользе проста паспрабаваць стаць мамай? А не пазбаўляць яе апошніх сіл і не даводзіць да поўнай паняверкі і адчаю? А яшчэ цікава, калі ж ужо стане зразумела, што ніводнае абследаванне ніколі не адкажа на пытанне: «Якой мамай будзе гэта жанчына?»

 

Вікторыя Чаплева

Фота аўтара

 

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.