Пуцёўка ў жыццё Алега Гапаненкі: інваліднасць, інтэрнат, БДУ

Поддержи

Рубрика : Общество.

Калі заходзіш у кабінет Алега, то трапляеш у нейкі казачны свет –маленькі пакойчык, дзе ўсё зверху данізу запоўнена папкамі, дакументамі, паперамі. Алегу 24 гады, і ён працуе архівістам у Беларускім таварыстве інвалідаў. Ён вывучае архівы і гісторыю як таварыства наогул, так і асобных людзей, у той час калі сам мае цэлы архіў жыццёвых гісторый…

Дзяцінства, праведзенае ў дзіцячым прытулку

Бацькі адмовіліся ад Алега праз тое, што ён нарадзіўся з асаблівасцю: у хлопца адсутнічала правая рука. Спачатку Алег рос у доме малюткі, пасля трапіў у дзіцячы прытулак. Акрамя яго ў прытулку было яшчэ некалькі хлопцаў з інваліднасцю.

– Ці можаце сказаць, што вы пакутавалі ў дзяцінстве? – пытаю ў Алега.

– Я сябе шкадаваў, гэта праўда, – пасля паўзы адказвае хлопец. – Разважаў пра тое, што лепш ужо не жыць пры такіх абставінах, якія ў мяне склаліся… У маленстве мне было вельмі цяжка. Я задаваў сабе пытанні: «За што?» і «Чаму?». І мне ў пэўны момант дапамагла рэлігія. Я проста стаў бачыць праблему такой, якой яна з’яўляецца. Ёсць праблема. І я не змагу ад яе пайсці ніколі. Я павінен сябе ўспрымаць такім, які я ёсць сёння. На сёння я маю асаблівасць. Гэта, канечне, абцяжарвае мне жыццё, але ж не ва ўсіх сферах… Так я тады разважаў.

Акрамя перманентных унутраных змаганняў Алегу даставаліся і знешнія. Напрыклад, настаўніца яго прымушала рабіць адцісканні ад падлогі. Гэта заўважыла намесніца дырэктара і пасля зрабіла вымову настаўніцы.

– Калі я быў у летніку, і мне было каля 12 гадоў, – узгадвае Алег, – уначы да нас уварваліся прадстаўнікі праваахоўных органаў. Нас пабудзілі, паднялі з ложкаў і прымусілі рабіць адцісканні. Я адмовіўся, а адзін з іх ударыў мяне па назе. Сябра закрычаў: «Што вы робіце! Гэта ж інвалід». А пасля ўсю змену яны хадзілі і прасілі ў мяне прабачэння.

Але лёс Алега склаўся не зусім тыпова для хлопца, які вырас у інтэрнаце… І паспрыяў гэтаму загад Прэзідэнта Беларусі, у якім адзначалася: бацькі, якія пакінулі дзяцей у інтэрнатах, павінны вярнуць грошы, што дзяржава аддала на гадаванне дзіцяці.

– Мне тады было шаснаццаць, – узгадвае Алег. – Аднойчы мяне выклікала ў кабінет сацыяльны педагог. А за сталом сядзела незнаёмая мне жанчына. Праз момант мне сказалі: «Знаёмся, гэта твая маці».

Пасля паўзы Алег працягваў:

– Маці прасіла прабачэння. Яна казала, што на момант майго нараджэння ёй было цяжка. Дактары казалі, што я не выжыву. Яна не была ў афіцыйным шлюбе і баялася, што тата яе кіне.

Праўда, хутка пасля таго як малога здалі ў прытулак, бацькі Алега ўсё адно разышліся. На той момант, калі Алег пазнаёміўся са сваімі бацькамі, у кожнага з іх была свая сям’я. Тата Алега не паверыў, што гэта яго сын. Ён правёў экспертызу, якая пацвердзіла, што Алег – яго сын.

Пасля гэтага Алег доўга маўчаў. А я падчас гэтага маўчання намагалася паставіць сябе на месца шаснаццацігадовага Алега. Ці змагла б я прабачыць маму? Ці змагла б я прабачыць бацьку, які да апошняга не прызнаваў свайго бацькоўства? Колькі болю можна было б пазбегнуць Алегу, калі б толькі бацькі не адмовіліся ад сына!

Алег жа да праблемы паставіўся па-філасофску:

– Калі я буду крыўдзіцца, то гэта не прынясе дабра ні мне, ні бацькам. І я павінен ім прабачыць, бо маё прабачэнне палепшыць нашы адносіны. І ўсё ж такі гэта мае бацькі. І нам трэба пачынаць усё з нуля.

З маці ў маладога чалавека склаліся добрыя адносіны.

– Мы можам казаць, што любім адно аднаго, і нават можам абняцца.

З татам Алег не бачыўся ўжо два гады. Агульную мову, на жаль, яны не знайшлі.

Дарослае жыццё: замест чаканай другой групы інваліднасці – трэцяя

Калі Алег выйшаў з дзіцячага прытулку, дзяржава дала яму пакой у сацыяльнай кватэры ў Малінаўцы.

– Чаму вы не сталі жыць з бацькамі? – пытаю Алега.

– Тата казаў так: калі ёсць закон, які дазваляе мець маёмасць, то чаму б гэтым не скарыстацца. Маці мела прыкладна такое ж меркаванне.

Цяпер у Алега трэцяя група інваліднасці. Яго дыягназ – аплазія правага перадплечча. Але Алег марыць пра тое, каб групу інваліднасці можна будзе памяняць на другую:

– Я гляджу на абставіны рэальна. Фармулёўка, калі мне ставілі трэцюю групу, была наступная: «Мы не даем другую групу таму, што ў вас інваліднасць з нараджэння». Прабачце, але я не разумею нашу дзяржаву… Калі ўсе спецыялісты падымаюць здзіўлена вочы, чуючы, што ў мяне трэцяя група інваліднасці… А я яшчэ сірата, мне складана. Для мяне важныя і бескаштоўны праезд, і зніжка на лекі…

У апошнім месяцы Алег атрымаў пенсію ў колькасці 160 рублёў. Большасць грошай у яго сыходзіць на ежу. Алег гатуе сабе самастойна:

– Па гаспадарцы я спраўляюся нармальна. Адзінае, цяжка рэзаць, напрыклад, сала. А калі нешта трэба адкрыць, то я адкрываю гэта зубамі. Гарачы рондаль проса стаўлю на стол і выліваю ваду стаканам. Каб нешта перанесці – шафу ці канапу –клічу свайго сябра з інтэрната. Ён чалавек без асаблівасцей у развіцці, і ён мне дапамагае.

Змаганне за адукацыю: «Навошта табе наогул вучыцца?»

Перад тым як паступаць ва ўніверсітэт, Алег праходзіў мэдыка-рэабілітацыйную экспертную камісію, каб атрымаць групу інваліднасці.

– Я прыходжу, а мне жанчына кажа: «А навошта табе вучыцца наогул? Дзяржава пра цябе клапоціцца. Яна дае табе месца і ўмовы, дзе ты можаш правесці сваё жыццё».

І сумна становіцца ад такіх развагаў.

– Я баяўся паступаць у ВНУ, – дзеліцца Алег. – Найперш я баяўся праз тое, што не ведаў, як мяне ўспрымуць іншыя.

Але, па словах Алега, тыя людзі, якія паступаюць у ВНУ, іншыя. І яны намагаюцца разумець іншых. Спачатку Алег паступіў на факультэт філасофіі і сацыяльных навук у БДУ, дзе правучыўся два гады. Але хутка ён зразумеў, што гэта не зусім яго. Таму пасля пайшоў на гістфак БДУ, які цяпер заканчвае.

У групе Алега вучыцца чалавек з лёгкай формай аўтызму. «Ён індывідуаліст, але бачна, што ён асаблівы. Вучыцца хлопец добра, але мне даводзілася чуць ад іншых, што ён не павінен вучыцца, бо дзіўна сябе паводзіць. А гэта адзіная магчымасць яму атрымаць адукацыю ў нашай краіне, бо ў нас няма месцаў, дзе людзі з асаблівасцю маглі б атрымліваць адукацыю…».

На трэцім курсе Алег хацеў пайсці працаваць і звярнуўся па дапамогу на сваю кафедру. А там якраз ад БелТІ далі абвестку, што ім патрэбны архівіст. Так Алег стаў працаваць на палову стаўкі.

Праца Алегу падабаецца:

– Я знаходжу тут шмат чаго цікавага: напрыклад, аказваецца, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт дапамагаў нашаму аб’яднанню. А наша аб’яднанне дапамагала будаўніцтву адной з мінскіх цэркваў.

Валанцёрства

У апошніх класах школы Алег стаў задумвацца пра валанцёрства:

– Я разумеў, што ў мяне абставіны не такія жорсткія, як у тых, хто ўсё жыццё знаходзіцца ў псіханеўралагічных інтэрнатах.

Спачатку Алег хадзіў з моладдзю ў інтэрнат у Навінкі. Пасля хлопец стаў ездзіць у псіханеўралагічныя інтэрнаты па-за межамі Мінска. Найбольшую ўвагу ён дорыць дзеткам з цяжкай формай ДЦП і «сонечным» дзецям, з якімі гуляе ў футбол.

Алег быў удзельнікам шматлікіх адукацыйных праграм па праблемах людзей з інваліднасцю.

– Шмат хто з беларусаў кажа: і што дае гэтая Канвенцыя аб правах людзей з інваліднасцю? Пандусы? А як жа іншыя жыхары дома? І гэта так балюча чуць!

Алег хоча скарыстаць свой розум і веды на карысць. Ён плануе ісці ў магістратуру і пісаць працу аб развіцці правоў людзей з псіхафізічнымі асаблівасцямі.

– У нашай краіне няма падобных прац. Упершыню ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1588 года быў артыкул, што датычыўся людзей з асаблівасцямі, якія павінны былі знаходзіцца ў спецыяльных месцах, каб іх схаваць. А ў Расійскай імперыі былі так званыя «дома призрения». Па гэтай назве мы можам пабачыць, як ставіліся да такіх людзей.

– Пытанне ўспрымання асаблівых людзей варта падымаць пастаянна, – упэўнены Алег. – Моладзь не ведае праблем і ніколі не сустракалася з людзьмі з асаблівасцямі – ні ў школе, ні ў дзіцячым садку. Каб не мець да такіх людзей стэрэатыпных пачуццяў, варта ведаць з маленства: такія людзі ёсць. У садку дзецям трэба бачыць хаця б аднаго дзіцёнка з асаблівасцямі. Тое ж самае і ў школе.

Алег лічыць, што ў школьнай праграме на ўроках грамадазнаўства дзеці мусяць даведвацца пра тое, што ёсць і тыя людзі, якія адрозніваюцца ад іх.

Наперадзе ў Алега шмат планаў і ідэй для змагання за правы людзей з інваліднасцю. І, напэўна, толькі той, хто зведаў усю горыч адзіноты і непаразумення на сабе, зможа, як ніхто іншы, змагацца, каб перамагчы.

 

Вікторыя ЧАПЛЕВА

Фота аўтара

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.