«Зараз усяму чалавецтву варта задумацца пра тое, куды мы ідзём і што робім». Размова з праваслаўным святаром пра сэнс хваробы і належнае стаўленне да яе
Падчас Вялікага Посту мы вырашылі паразмаўляць з протаіерэем Яўгенам Грамыкам, які служыць у праваслаўным храме свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Мінску.
– Айцец Яўген, зразумела ,што каронавірус, які ўскалыхнуў сусвет, жахлівы найперш таму, што для нашага пакалення нехарактэрна жыццё пасярод хвароб, якія цяжка кантраляваць. Ці зачыняліся раней храмы?
– Спрабавалі, але людзі, нікога асабліва не слухаўшы, усё адно туды хадзілі. Тады яны не разумелі, як гэта: не прыйсці ў царкву і не памаліцца. Натуральна, што прафілактычныя меры былі нядзейсныя… Але людзі рабілі, што маглі. Паколькі хвароба ўспрымалася як пакаранне за грахі, то людзі імкнуліся больш пасціцца, маліцца і хадзіць у царкву.

– Ці згодны вы з меркаваннем пра існаванне хваробы як кары за грахі?
– Думаю, што тут усё больш складана. «Хвароба – гэта кара за грахі», – гучыць надта прымітыўна. Святыя ж таксама хварэлі, у тым ліку і апостал Павел. Чаму людзі хварэюць? Мы не можам сказаць дакладна. Магчыма, калі пачнём казаць пра прычыны, то будзем апраўдваць хваробу. Хвароба прыйшла ў свет з чалавечым грахом, гэта праўда. Але можа быць, Бог, выкарыстоўваючы хваробу, хоча папярэдзіць чалавека, а можа быць, нечаму навучыць… Ці хоча навучыць бліжніх хворага. Я бацькам дзяцей з інваліднасцю заўжды кажу пра тое, што мы маем патрэбу ў інвалідах больш, чым яны маюць патрэбу ў нас, бо мы вучымся клапаціцца, дапамагаць, маліцца за іх. Мы шмат чаму вучымся, калі побач з намі жыве інвалід. Гэта таксама вельмі важны момант.
/
Калі нешта такое здарылася, заўсёды трэба пытаць не за што, а чаму? Чаму я магу навучыцца? Якую карысць з хваробы я магу атрымаць? Я, напрыклад, шмат чаму навучыўся ад свайго сына, ён мае інваліднасць, генетычнае захворванне. Калі б не ён, я б так не мог перажываць за тое, што адчувае той інвалід, які сустрэўся на маім шляху.
/

– У кантэксце віруса, які дадзены ўсяму свету, мы таксама мусім шукаць волю Бога да саміх сябе, а не толькі да чалавецтва?
– Магчыма, усяму чалавецтву якраз варта задумацца пра тое, куды мы ідзём і што робім. Здавалася, што зараз мы жывём у век інфармацыйных тэхналогій… А апынулася так, што мы аказаліся бяссільнымі. Усе людзі проста пахаваліся. А можа… нам трэба навучыцца дапамагаць адзін аднаму? Можа, нам трэба навучыцца клапаціцца адно пра аднаго? Можа, не дарэмна менавіта старыя, сталыя людзі пераносяць хваробу ў больш цяжкай форме? Можа, нам трэба навучыцца клапаціцца пра старых людзей? Але гэта толькі маё меркаванне, мае думкі.
– Зразумела, што прафілактычныя захады могуць і не дапамагчы. Чалавек, які ўвесь час засцерагаецца, таксама можа захварэць…
– Тут абодва фактары маюць вялікае значэнне: і меры прафілактыкі, і давер да Бога. Нельга супрацьпастаўляць веру і навуку. З Божай дапамогай мы павінны выконваць прадпісанні, якія робяць медыкі, але не пераставаць маліцца. А патрабаваць ад Бога ўратавання – гэта адкрыты выклік Богу. Хто мы такія, каб нечага патрабаваць ад Бога? Мы можам проста маліцца. У рэшце рэшт, Бог стварыў і лекараў, і лекі. Таму ні адзін, ні другі аспект адкідаць ад сябе нельга.
Вікторыя Булатая
Фота з асабістага архіва
Яўгена Грамыкі
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.