«Загадзя выходжу з дому, бо ніколі не ведаю, чым для мяне скончыцца паездка». Невідушчы праграміст пра МРЭК, інклюзію і адукацыю

Поддержи

Многія невідушчыя любяць разважаць пра тое, што было б з імі, калі б не слепата. Праграміст Аляксандр Севярын (на здымку) умоўнага ладу дзеяслова не любіць: «Я мог бы быць відушчым і ляжаць на канапе». Замест гэтага Аляксандр у свой час скончыў тэхнікум, пасля ўніверсітэт, а зараз мае сям’ю і працуе праграмістам.

Па Мінску Аляксандр відушчым не хадзіў. Сюды ён пераехаў з Гомеля 5 гадоў таму. Ён працуе ў Цэнтры паспяховага чалавека, пра які мы не так даўно пісалі, дапамагае рэалізоў-
ваць праекты і рабіць IT-прылады для невідушчых беларусаў. Хоць Аляксандр не любіць, калі да яго звяртаюцца журналісты па экспертнае меркаванне, аднак нашай газеце ён не адмовіў. Мы закранулі ў размове такія балючыя пытанні, як праходжанне абітурыентамі камісіі МРЭК, адукацыя людзей з інваліднасцю, інклюзія і тэму суправаджэння.

– У Гомелі Вы працавалі ў БелТІЗе. Як так атрымалася, што перайшлі ў Цэнтр паспяховага чалавека і пераехалі ў Мінск?

– Я прапрацаваў у Гомелі дзесяць гадоў. Але ў мяне не было зацыкленасці менавіта на БелТІЗ. У рэшце рэшт, мне надакучыла, я выйшаў з таварыства, бо там мне не было куды расці. Прыходзіш туды – і табе кажуць: «Малайчына, перспектыўны малады чалавек. Але пакуль ідзі і працуй слесарам». У лепшым выпадку людзі ўладкоўваюцца ў аддзелы рэабілітацыі. Інваліды працуюць з інвалідамі – гэта лепшае, на што можна разлічваць. У Мінск я пераехаў для таго, каб ажаніцца, бо з будучай жонкай паўстала пытанне жылля. У мяне ў Гомелі ёсць жыллё, але ў жонкі тут была праца. Таму вырашылі застацца тут.

– Як праграміст, вы маглі працаваць у арганізацыях, не звязаных з невідушчымі людзьмі. Чаму менавіта Цэнтр паспяховага чалавека?

– Я заўсёды вельмі акуратна падыходзіў да працы. Я не браўся за кіпу замоў, толькі каб зарабіць паболей грошай. У Цэнтр мяне запрасіў Міхаіл Антоненка. Яшчэ калі я працаваў у БелТІЗе ў Гомелі, ён кіраваў маёй структурай. Мы бачыліся з ім на мерапрыемствах. Тых невідушчых, якія на нешта прэтэндуюць, не так ужо і шмат. Міхаіл ведае ўсіх напералік. У Мінску мне прыйшлося чакаць, пакуль створыцца Цэнтр. А па яго адкрыцці першым супрацоўнікам пасля Міхаіла быў я.

Праўда, зараз я ўжо не працую ў офісе. У мяне з’явілася яшчэ адна перспектыва працаўладкавання. Зараз у Мінскім дзяржаўным каледжы электронікі адкрываецца аддзяленне для невідушчых. І я сыходжу туды ў якасці майстра вытворчага навучання, буду працаваць выкладчыкам. Мне падабаецца кантактаваць з людзьмі, вучыць іх цікавым камп’ютарным штукам. На аддзяленне можа паступіць 8 чалавек. Ужо некалькі дзяцей далі сваю згоду на паступленне. Калі ў некага ёсць жаданне, то можна прайсці навучанне па 2 ступенях. Першая – аператар ЭВМ, другая – тэхнік-праграміст.  Ідэя заключаецца ў тым, што тыя, хто пройдзе першую ступень без іспытаў, будуць залічаны на другую. Для ўсіх адкрыццё аддзялення для невідушчых – гэта новы досвед, бо аддзяленне для людзей з парушэннем слыху там ёсць, а за невідушчых узяліся ўпершыню. І Міхаіл, і супрацоўнікі БелТІЗ, і я ездзім і тлумачым кіраўніцтву, што ўсё не так жахліва. Мая задача як выкладчыка будзе заключаецца ў тым, каб невідушчыя не страціліся ў гэтай інтэграцыі. Справа добрая, але там будуць вучыцца дзеці са спецшкол.

– Вы сам з’яўляецеся прыхільнікам інтэграцыі невідушчых у грамадства ці наадварот?

– Адно другому не перашкаджае. Праўда, хавацца па сваіх кутках – гэта няправільна. Перагіб можа здарыцца ў розныя бакі – як у бок інтэграцыі, так і наадварот. Калі, напрыклад, гэта асобны горад пад Мінскам, як калісьці зрабілі ў Расіі, то, канечне, не. Мы тут вам зробім краму, завод… Гэта яскравы перагіб. Мы ўсе добра разумеем, чым гэта сканчваецца. У Мінску ёсць такія раёны, дзе прадпрыемствы і двары абсталяваны пад невідушчых. Маўляў, прыязджайце да нас жыць, дадзім вам інтэрнат або кватэру…

Але час змяніўся. Ездзіць у розныя кропкі гораду – гэта нармальна. А прывязка да мікрараёна – гэта тое ж самае, што і прыкаваць цябе кайданкамі да батарэі і казаць, што два разы на дзень будуць даваць табе хлеб і ваду. Тое ж самае тычыцца і адукацыі, і сучаснай інклюзіі. Нібыта невідушчы будзе вучыцца ў звычайнай школе. Чым гэта сканчваецца? Тым, што невідушчы сядзіць дома і да яго прыходзіць настаўнік. У 9 класе яму даюць даведку, што ён праслухаў курс базавай школы. У 10 і 11 класы яго браць не хочуць, бо ў 11 класе трэба здаваць іспыты. А звязвацца з невідушчымі ніхто не хоча.

– І ён становіцца масажыстам?

– Стаць масажыстам пры такім раскладзе – гэта займець добры лёс, я вам скажу. Каб ім быць, трэба скончыць 11 класаў. І там конкурс атэстатаў. У масажысты трапляюць яшчэ і тыя, хто прайшоў адэкватную школу. Я за тое, каб невідушчыя трымаліся разам. Бо практыка паказвае, што калі невідушчыя адарваныя ад супольнасці, яны вырастаюць незразумелымі людзьмі. Яны не ведаюць, хто яны, што яны могуць, на што прэтэндуюць. А ёсць і тыя хто кажа: «У мяне ўсе ў сям’і бачаць, я да інвалідаў ніякага дачынення не маю». І чалавеку падаецца, што ён інтэграваны. Але, калі прыглядзецца… У паліклініку яго водзіць жонка, на адпачынак едзе са сваякамі. Калі яму спатрэбіцца выйсці на шпацыр, то трэба будзе чакаць суседа. Атрымліваецца, што ніякая гэта не інтэграцыя ў такім выпадку.

– Нядаўна бачыла ў метро невідушчага хлопца з тросткай. Да яго адразу падышоў персанал, каб суправадзіць на іншую ветку. Але хлопец досыць катэгарычна адмаўляўся ад дапамогі…

– Суправаджэнне – гэта цікавая тэма. З аднаго боку, у персанала метро ёсць інструкцыя: не пускаць людзей з інваліднасцю адных у метро, каб ніхто не зваліўся пад цягнік. Але ў той жа час яны кажуць: «У нас і відушчыя падаюць». Так пытанне ў чым? У тым, што ён сляпы ці ў тым, што ён упаў? Дык што, відушчых таксама трэба суправаджаць у метро? Гэта я проста працягваю іх логіку. Канечне, калі прапаноўваюць дапамогу, бузіць не трэба. Я прымаю яе. Сам сервіс-та добры. Але і выканаўцы, і спажыўцы могуць касячыць. Ёсць невідушчыя букі, якія з усяго робяць катастрофу, а ёсць супрацоўнікі метрапалітэна, якія занадта зацята ставяцца да гэтага задання. Ведаю такі выпадак, калі чалавек з рэшткай зроку намагаўся праехацца ў метро. Але яму параілі чакаць суправаджэння. А чалавек спяшаўся. У выніку, ён выйшаў з метро і паехаў наземным транспартам.

– А як невідушчаму можна праехацца наземным транспартам? Ці будуць у транспартных сродках з’яўляцца інфарматары?

– Тралейбусы першапачаткова не былі прыстасаваны да інфарматараў. Што цяпер рабіць? Дзірку ў іх рэзаць? Гэтае пытанне нельга вырашыць проста. Спачатку варта вызначыць, што такі інфарматар патрэбны і ўсталяваць яго на пэўнай колькасці транспартных адзінак. А я езджу звычайным наземным транспартам штодня. Калі гэта маленькі прыпынак, накшталт Захад-4, дзе ходзяць толькі тры віды транспарту, то Бог з ім, я ведаю, што ёсць два аўтобусы і тралейбус, якія я адрозніваю паміж сабой па гуку. Калі я планую маршрут і карта мне паказвае, што трэба ехаць паўгадзіны, то я выходжу за паўтары гадзіны, напрыклад, бо ніколі не ведаю, чым для мяне скончыцца кожная паездка.

 

– А як так сталася, што вы страцілі зрок?

– Некаторы час я бачыў. Кепска бачыў, канечне. Спачатку адмовіла адно вока, пасля другое. Адно страціла зрок, калі студэнтам паехаў капаць бульбу. Застудзіў яго, атрымаў запаленне. Інваліда, канечне, маглі б вызваліць ад капання бульбы. Але я не хацеў адасабляцца ад калектыву. На бульбе ж адбываецца самае цікавае! А другое вока… Я проста цяжка перанёс грып: тыдзень з высокай тэмпературай. Калі разумеў, што пачынаю страчваць зрок, то пайшоў па дактарах. Але яны казалі мне, што яскравых змен не бачаць. Для мяне ўсё адбывалася паступова.

Я вучыўся ў спецыялізаванай школе. Пасля я пайшоў у тэхнікум, дзе ўсе дзеці былі са звычайных школ. Ты прыходзіш – і тупа не ведаеш, куды далей трэба ісці. Ведаеш, што лінейка праходзіць за корпусам. Добра, што мой класны кіраўнік падышоў да мяне і адвёў да сваіх. А пасля… вельмі добра ўсё пайшло. Дзяўчаты аказаліся актыўнымі, знаёміліся з усімі, і са мной, у тым ліку. А пасля ўжо стала прасцей. Усе бачылі, што я не проста ся-джу ў куце і ўсіх баюся. Аказваецца, і спісваць у мяне можна. Калі няма ў каго, то і ў мяне можна, нягледзячы на жахлівы почырк. Было больш страшна, калі стаў паступаць пасля тэхнікуму ва ўніверсітэт. Не ведаеш, дзе знаходзяцца карпусы, не ведаеш, якая аўдыторыя…

– МРЭК адпусціў вас вучыцца без перашкод?

– Цікава, што пытанне, ці змагу я вучыцца, вырашае ні ВНУ, некаледж, а МРЭК. Напрыклад, чалавек хацеў паступіць на гістфак, а на МРЭКу кажуць: «Куды? Там жа раскопкі!». Адкуль вы ведаеце, што там раскопкі? І наогул, ва ўстанове могуць і сваю методыку падабраць для навучэнца. А МРЭК ставіць палкі ў колы вось такімі развагамі пра тое, што ты не зможаш.

Я паступаў на фельчара ветэрынарнай медыцыны. Канечне, мяне «скіроўвалі» пайсці ў Гродна, дзе ў медкаледжы ёсць аддзяленне для невідушчых людзей. Казалі, што я не змагу працаваць ветфельчарам. Я адказваў: «Калі прыйдзе час уладкоўвацца на працу, тады будзем размаўляць». Навошта сёння думаць далёка пра заўтра, калі ніхто нічога не ведае? Дайсці да корпуса я магу, сесці за парту я магу. А калі я не змагу падаіць карову і зрабіць укол – мне паставяць двойку. Камісія кажа таму, хто паступае не ў Гродна, што ў каледжы ці ВНУ няма «спецыяльных умоў», каб ён здолеў там вучыцца.

Тое ж самае тычыцца і працы. Ніхто не ведае, праўда, з чаго складаюцца тыя ўмовы… Безбар’ерка ( тактыльная плітка, таблічкі і ўказальнікі са шрыфтам брайля, гукавыя інфарматары) у фізічным плане ? Але яна для мяне не з’яўляецца першачарговай ці самай галоўнай праблемай. На пачатковым этапе я магу абыходзіцца і без яе. Я магу  прайсці ўздоўж сцяны ці бардзюра з кіем. Калі працадаўца вырашыць і зробіць мне спецыяльныя ўмовы – дзякуй яму. Мне прасцей будзе.

– А ці былі ў вас комплексы, звязаныя са слепатой?

– Напэўна, праз тое, што я па жыцці аптыміст, я не меў комплексаў. Нехта відушчы можа камплексаваць ці ўсё жыццё праляжаць на канапе. Я вырашыў сваё пражыць па-іншаму. І пакуль у мяне гэта атрымліваецца.

 

Вікторыя ЧАПЛЕВА

 

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.