Як напісаць кнігу: мастацкі погляд пісьменніцы Ксеніі Шталенковай

Поддержи

Ксенія – вядомы малады культурны дзеяч. Выкладчыца і беларускамоўная пісьменніца на вазку. Прыводзім яе меркаванне і інтэрв’ю для відэапраекта «ТВАР ТВАР».

– Як стаць пісьменнікам? Каб можна было зайсці з сябрамі ў кнігарню «Логвінаў», тыкнуць на палічку і сказаць: «Вось гэта я напісала»?

– Менавіта так у мяне ўсё і пачалося. Мая першая кніга «Адваротны бок люстра» выйшла ў выдавецтве «Логвінаў». Мне пашчасціла некаторы час заходзіць з сябрамі ў кнігарню і казаць: «Вось я, вось гэта мая кніга».

Што тычыцца пісьменніцкага шляху, то тут няма пэўнага рэцэпта. Кожны чалавек сам прыходзіць да напісання кнігі.

Але напісанне кнігі не з’яўляецца нечым нечуваным і звышнатуральным. Справа ў тым, што калі ты хочаш напісаць, то ты напішаш.

Вядома, ёсць шмат розных падручнікаў, якія расказваюць, як пісаць кнігі. Сярод падручнікаў ёсць добрыя, ёсць не вельмі добрыя. Але чым больш мы чытаем і думаем, як напісаць кнігу, тым менш мы набліжаемся да стварэння самой кнігі.

/

З уласнага досведу скажу, што чым больш думаю, як і што мне рабіць, тым горш атрымліваецца сам працэс напісання. Самае важнае для таго, каб пісаць, – гэта не заставацца ў самоце.

/

Вядома, кожны пісьменнік павінен пэўны час быць адзін, каб ствараць і паглыбіцца ва ўласную творчасць. Але трэба выходзіць да людзей. Важна выходзіць як да чытача, так і да іншых пісьменнікаў, з якімі ты будзеш адчуваць сябе ўнутры той сферы, у якой хочаш сябе выявіць. То-бок, у кніжнай сферы.

У маім выпадку было важна не толькі сядзець з кнігай, але пачаць з таго, каб звярнуцца да перыядычных выданняў. З таго, каб знайсці іншых пісьменнікаў, якія дадуць нейкія парады. Пакажуць, куды яшчэ можна звярнуцца, каб працягваць пісаць. Я скончыла сваю першую кнігу ў 16 гадоў і не ведала, што з ёй рабіць. Мне параілі звярнуцца ў часопіс

«Маладосць». Але я выявілася для яго занадта маладой, і рукапіс перанеслі ў суседні офіс часопіса «Бярозка». Разам з публікацыяй на паперы у 2010 годзе мне прапанавалі апублікаваць твор на сайце. Аднак я тады адмовілася, а цяпер думаю, што мой творчы шлях пайшоў бы па-іншаму. Гэта дазволіла б пашырыць кола чытачоў. Проста тады я марыла менавіта аб кнізе ў вокладцы, у кнігарнях. Я тады не рызыкнула, і з гэтай прычыны адклалася на два з паловай гады гісторыя маёй кнігі. Толькі праз гэты час я звярнулася ў кнігарню, і кніга выйшла. Я атрымала шырокую прэзентацыю, як для падлетка. На яе прыйшлі людзі, якія ўжо паспелі прачытаць кнігу. Была намінавана на прэмію «Дэбют», пазнаёмілася з пісьменнікамі, у бок якіх баялася нават зірнуць.

– З пункту гледжання чытача ў пісьменніка ёсць два варыянты пачаць творчасць: адна і тая ж ідэя прыйшла адначасова да некалькіх людзей і простае жаданне распавесці гісторыю. Як гэта было ў цябе?

– У мяне ўсё пачалося банальна. Было заданне ў школе штосьці напісаць, і ў мяне з’явілася жаданне пісаць далей. Але я і раней ужо спрабавала. Захацелася чагосьці маштабнага. Калі казаць пра больш сталыя мае спробы, то мяне рухае наперад разуменне таго, што на выхадзе будзе завершаны праект.

На наступны год, пасля таго, як выйшла мая першая кніга, бабуля сказала, што пройдзе конкурс, на які прымаюць рукапісы яшчэ нідзе не выдадзеных твораў. Тагачасны кіраўнік ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч сказаў мне, калі я звярнулася да яго па параду, што ніякіх праблем няма з тым, каб адправіць на конкурс працяг маёй першай кнігі. Я літаральна за некалькі месяцаў яго скончыла. Бонусам удзелу ў конкурсе стала навучанне ў Школе маладога пісьменніка. Гэта таксама адкрыла мне нейкія шляхі. Там я пазнаёмілася з Людмілай Рублеўскай. Яна і сказала: «Чаго ты сядзіш з гэтымі рукапісамі? Чаму ты не аднясеш іх у «Мастацкую літаратуру»?» Я падумала: «Дзе я і дзе «Мастацкая літаратура»?» Але аднесла рукапіс. Яго прынялі, прызначылі рэдактара. Паўстала пытанне, як выдаваць. Альбо гэта будзе супольная кніга з творам іншага аўтара, альбо мне трэба дапісаць трэцюю частку. І гэта мяне зматывавала.

«Губернскі дэтэктыў» выйшаў таксама з парады Людмілы Рублеўскай. Яна сказала пра другі набор Школы маладога пісьменніка і спецпраекта ў яго межах. Трэба было падаць праект і стварыць за год кнігу, якая б выйшла пры падтрымцы Саюза беларускіх пісьменнікаў. Гэта была таксама выдатная для мяне нагода нарэшце зноў пісаць. У мяне быў сур’ёзны перапынак, я паступіла ў магістратуру, і не было часу на творчасць. Нічога не штурхала. Была ідэя напісаць новы раман, нават былі напісаны два раздзелы. Тая ж гісторыя атрымался і з манаграфіяй. У інстытуце абвясцілі конкрурс, я перарарабіла сваю магістарскую, падала яе і перамагла. Так шпарка друкавала, што парушыла звязкі на пальцы, не магу рэабілітаваць і зараз.

Дзякуючы парадзе Віктара Марціновіча, майго калегі па Еўрапейскім універсітэце, я падпісалася на Цэнтр беларускай драматургіі і не прагледзела там конкурс. Набор на драматургічную лабараторыю. Я туды патрапіла, і гэта было стымулам напісаць п’есу, якая потым была адзначана спецпрызам. У дадзены час я працую над новым тэатральным праектам і напісала яшчэ адну п’есу.

– Складваецца ўражанне па тваіх словах, што важна напісаць першую кнігу, а далей пойдзе само?

– Галоўнае ў тым, каб пісаць, атрымліваць задавальненне. Пісаць, каб пісаць, – ну, няправільна. З прымусам да сябе наўрадці атрымаецца. Але думаю, што гэта цалкам індывідуальная штука. Яшчэ вельмі важна бачыць, як працуюць іншыя людзі. Тады сам пачынаеш працаваць больш шчыльна. Бачыш, як можна яшчэ рабіць, акрамя таго, як прызвычаіўся. Вядома, цяжка ператрываць, калі бачыш, што хтосьці больш таленавіты за цябе. Калі ён ці яна робіць штосьці як дыхае. Тут вельмі важна не здацца. Тое самае і з тым, калі разумееш, што твае тэксты не горшыя, а яны проста іншыя.

– Колькі грошай прыносяць кнігі ў Беларусі? Ці можна на гэта жыць?

– Не. Прынамсі тыя праекты, у якіх я удзельнічала, не прыносілі столькі грошай, каб на іх можна было жыць. Чаму гэта так? У дзяржаўных выдавецтвах есць адзіны ганарар. Яго вельмі часта нельга выплаціць адразу, толькі тады, калі будзе рэалізавана пэўная частка накладу. Могуць быць іншыя дамоўленасці. Думаю, у прыватных выдавецтвах ёсць тыя выплаты, якія прынята называць роялці. Я з такім не сутыкалася. Але ведаю, што і ў прыватных выдавецтвах таксама ёсць розныя варыянты вырашэння фінансавага боку.

– Есць думка, што нельга рабіць пісьменніцтва прафесіяй. Яно павінна заставацца хобі. Як лічыш?

– Не магу нічога сказаць, бо мне не даводзілася быць толькі пісьменніцай. Я і выкладаю, і пішу, і раблю дызайны. Але я не бачу сябе без піьсменніцтва. Магчыма, мне б і хацелася, каб гэта было адзінай дзейнасцю.

– Ніколі не быў выдатнікам па літаратуры. Ці змагу напісаць кнігу ў такім выпадку?

– Я думаю, што гэта не з’яўляецца ступарам. Калі ў чалавека з’явілася патрэба штосьці сказаць, у яго атрымаецца. І гэта не звязана са школьнымі прадметамі. У мяне наогул пачалі з літаратурай здарацца дзіўныя рэчы акурат у той час, калі я працавала над кнігай. Было пытанне, ці выйдзе дзявятка. За кожную памарку зніжалася па бале, я атрымлівала шасцёркі за дрэнны почырк і ўжо змірылася з думкай, што не будзе медаля. Усё яшчэ ў класе залежыць ад настаўніка. Ёсць тыя, хто жыве сваім прадметам, а ёсць тыя, хто ідзе па метадычцы. У гэтым творы мелася на ўвазе тое, а ў іншым вось тое. Скажу як выкладчыца, што гэта нічога агульнага не мае з мысленнем і з магчымасцю выказвацца. Калі ты вольна выказваешся і разумееш, што тваё меркаванне пачута і вартае чагосьці, а калі з табой нехта не згодзен, то трэба аргументаваць і даводзіць свае погляды бакам – для мяне вось гэта самае галоўнае. Для мяне важна не тое, каб мае студэнты прачыталі тэкст і зразумелі яго мэту, а тое, што яны наконт гэтага лічаць і што могуць вынесці для сябе. Усе гэтыя адзнакі нічога для мяне не вартыя.

 

Запісала  Вольга Северына 
Фота з асабістага  архіва гераіні

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.