«Тут дыхaeцца па-іншаму»: як малады гісторык з ДЦП асвойваецца на першым працоўным месцы ў Клічаве
Арцём Яраслаўскі прыехаў на Магілёўшчыну, у горад Клічаў, у ліпені – па размеркаванні пасля Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Сёння ён – старэйшы навуковы супрацоўнік Клічаўскага краязнаўчага музея. Мы сустрэліся з хлопцам, каб даведацца яго гісторыю, дзе шлях да прафесіі быў не простым, але мэтанакіраваным.
Школа, дзе не было адрозных
Арцём нарадзіўся ў Светлагорску. У яго з дзяцінства – дзіцячы цэрэбральны параліч. Але гэта не перашкодзіла яму скончыць школу, паступіць ва ўніверсітэт і атрымаць дыплом гісторыка. «У мяне з дзяцінства былі асаблівасці па здароўі, – расказвае Арцём. – Але ў школе No 6 Светлагорска для нас, сямі чалавек у класе, былі створаны ўмовы: у кожнага свая парта, вучэбнае памяшканне было прадастаўлена нам». Сярэдняя школа No 6 Светлагорска, дзе вучыўся Арцём, уключана ў праект ЮНІСЕФ па стварэнні інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя. Тут рэалізуюцца індывідуальныя маршруты суправаджэння, забяспечваецца даступнасць навучання для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, фарміруецца культура талерантнасці і ўзаемадапамогі ў школьнай супольнасці.

Былы вучань удзячны былому дырэктару Наталлі Рыгораўне Кісялёвай, якая паклапацілася, каб такія дзеці не адчувалі сябе адрознымі. «Большасць з вучняў была з ДЦП, у кагосьці былі праблемы са слыхам… Але вучылі настаксама,якіўсіх,–інаватлепш,боўвагабыладакожнага. У мяне ў дзённіку па ўсіх прадметах былі адзнакі практычна кожны дзень, таму што мы адказвалі пастаянна.Ікожнызнасвыбраўнейкіпрадмет,паякіммыпаглыбленазаймаліся.Гэтатолькізаахвочвалася.Ніхтонам не казаў, што трэба вучыць толькі ўсе прадметы».
«Яна запаліла ўва мне гэты агонь»
Менавіта ў гэтай школе, дзякуючы настаўніцы гісторыі Жанне Станіславаўне Акінчыц, Арцём вызначыўся з прафесіяй. «Спачатку была проста цікаўнасць. У чацвёртым класе, калі гісторыі як прадмета яшчэ не было, я прачытаў падручнік «Мая Радзіма – Беларусь» і прыйшоў да дырэктара з просьбай: можна мне настаўніка гісторыі? Мне сказалі: канечне. І прывялі майго будучага класнага кіраўніка – Жанну Станіславаўну. З чацвёртага класа і да адзінаццатага я паступова вывучаў гісторыю. Алімпіяды рознага ўзроўню, канферэнцыі. Паступова прыйшоў да думкі, што я хачу гэтым займацца па жыцці. Настаўніца запаліла ўва мне гэты моцны агонь да ведаў.
/
Пасля школы быў Гомельскі ўніверсітэт. Паступіць праз алімпіяду не атрымалася, таму давялося ісці класічным шляхам – праз ЦТ. Арцём набраў 96 балаў па гісторыі Беларусі. «Гэта быў добры вопыт, хоць і не атрымалася дабраць да ста. У мяне была мэта, і я да яе ішоў».
/
«Тут дыхaeцца па-іншаму»
Пасля ўніверсітэта – размеркаванне. Арцём прызнаецца: выбар Клічава быў нечаканым. Арцём не называе канкрэтных вуліц ці славутасцяў, але некалькі разоў вяртаецца да таго, што яму падабаецца ў Клічаве. Найперш – прырода: «Тут дыхaeцца па-іншаму. Горад чысты, зялёны, тут няма буйных прадпрыемстваў, якія забруджваюць паветра, –дадае ён. – Калі я прыехаў, у мяне першае ўражанне было, што шмат зеляніны. Людзі стараюцца вырошчваць нешта прыгожае. Гэта вялікі плюс. Па-другое – кампактнасць і магчымасць хадзіць пешшу: горад невялікі, можна спакойна з адной кропкі ў другую перамясціцца. І па-трэцяе – наяўнасць такога цудоўнага музея. Уразіў гэты ўтульны маленькі музей. На ўваходзе можна заўважыць, што ён выглядае зусім маленечкім. Але калі ты пачынаеш весці экскурсію, разумееш, што ў ім нашмат болей прасторы, чым здаецца – цэлых дзевяць экспазіцыйных залаў. Дзевяць! І калі ідзеш далей, гэты маленькі музей паглынае», – расказвае малады экскурсавод.

Пытанне з жыллём вырашылася дзякуючы аддзелу культуры і дырэктару музея Юліі Лызо. Калектыў установы – невялікі, але, па словах Арцёма, кожны стараецца дапамагчы. «Я быў прыемна здзіўлены, як мяне тут сустрэлі. Дырэктар Юлія Леанідаўна, захавальнік фондаў, навуковыя супрацоўнікі – усе падтрымліваюць. У нас маленькі калектыў, таму ўзаемазамяняльнасць і дапамога тут лічацца нормай», – кажа ён.
Да працы Арцёму ісці дваццаць хвілін пешшу. Для хлопца гэта прынцыпова. «У маёй сітуацыі рух – гэта жыццё. Я не люблю транспарт, таму што хада – гэта мая штодзённая практыка. У Гомелі я жыў у цэнтры горада, і вучоба была побач. Тут, у Клічаве, таксама кампактна. Я вынослівы і магу з задавальненнем прайсціся», – тлумачыць ён.
«Кожнае пытанне можа быць самым нечаканым»
Сёння Арцём ужо праводзіць экскурсіі. Кажа, што кожная група – дзеці ці дарослыя – прыносіць нешта новае. «Кожнае пытанне ад наведвальніка можа быць самым нечаканым. Да гэтага трэба быць гатовым. Мне ўжо казалі, што нават вопытныя супрацоўнікі часам не могуць адказаць на пытанні дзяцей, – усміхаецца ён. – Асабліва гэта датычыцца партызанскай тэмы. Клічаўшчына – гэта цэнтр адной з найбуйнейшых партызанскіх зон Беларусі. Васямнаццаць тысяч народных мсціўцаў, тэрыторыя каля трох тысяч квадратных кіламетраў, уласныя газеты і лістоўкі. Тут работы шмат, і штодзённа даведваешся нешта новае», – падзяліўся суразмовец.
/
Арцём дадае: «У нашых экспазіцыях ёсць цікавыя прадметы. Напрыклад, швэдар, які быў звязаны ў вёсцы Закуцце нашымі жыхаркамі для аднаго з партызан. Баец прайшоў з ім усю вайну, захоўваў як абярэг. Потым яго родныя перадалі гэты прадмет на зямлю, дзе ён быў створаны. Так ён трапіў да нас у музей», – расказвае супрацоўнік.
/
Малады спецыяліст паведаміў, што Клічаўскі краязнаўчы музей можна назваць турыстычным цэнтрам краю. Яго калектыў прымае ў сваіх залах і на розных мерапрыемствах не толькі наведвальнікаў, клічаўлян усіх узростаў, гасцей з розных рэгіёнаў Беларусі і іншых краін, але і другі год сумесна з турыстычнай кампаніяй «Магілёўаблтурыст» рэалізуе на тэрыторыі раёна патрыятычны праект «Вывучаем маю Радзіму – Беларусь». У рамках яго за мінулы год краязнаўчы музей наведалі амаль 4000 юных магіляўчан – вучняў 4-х класаў школ горада Магілёва. Музей можа прымаць у дзень па два турыстычныя аўтобусы – каля 100 школьнікаў. Жадаючыя наведваюць не толькі музейныя экспазіцыі, але і мемарыяльны комплекс партызанскай славы «Усакіна» з экскурсіяй з элементамі гульні «Партызанскі спецназ». Падчас экскурсіі дзеці пагружаюцца ў гісторыю Клічаўскай партызанскай зоны, на час становяцца «дыверсійнымі атрадамі», вучацца выходзіць з самых складаных сітуацый. «Праз знаёмства з музейнай экспазіцыяй і лёсамі рэальных удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, выкананне ўмоўных «баявых заданняў» на турыстычным маршруце».

«Бар’ераў не ствараюць»
Бацькі нашага суразмоўніка жывуць у Светлагорску. Маці, Анжэла Іванаўна, працуе ў сферы дадатковай адукацыі – займаецца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам для дзяцей. Менавіта яна, па словах Арцёма, прывіла яму цікавасць да народных рамёстваў. Бацька працуе ў дзяржаўнай структуры, у прамысловасці. Доўгі час сваё жыццё ён звязваў са спортам – футболам. З-за адлегласці і адсутнасці прамых зносін родныя прыязджаюць да Арцёма перыядычна, але падтрымліваюць яго пастаянна – і словам, і справай.
/
«Мае тата і мама наведваюць мяне, заўсёды дапамагаюць. Пошта ў нас працуе – не праблема», – усміхаецца. Арцём падзяліўся, што ў лістападзе паступіў у магістратуру Гомельскага ўніверсітэта. Дырэктар музея падтрымала свайго новага калегу і, як прызнаецца: «Бар’ераў не ствараюць».
/
Сярод захапленняў у Арцёма – футбол. Цікавасць да гэтага віду спорту яшчэ ў дзяцінстве прывіў бацька Віталь. Малады чалавек, на жаль, сам не можа гуляць, але сочыць за матчамі, ездзіць на буйныя спаборніцтвы. Ён звярнуў нашую ўвагу, што ў экспазіцыі музея нават ёсць футболка мінскага футбольнага клуба «Чэмпіён» – гэта мінская ліга па міні-футболу. «Не магу сам удзельнічаць, але гэты від спорту ўнікальны. Я прысутнічаў на некалькіх буйных мерапрыемствах, напрыклад, на чэмпіянаце свету ў Расіі. Гэта быў лепшы час, таму што гэта і гісторыя вакол цябе, і любімая гульня, і міжнародная з’ява, калі тысячы людзей розных нацыянальнасцяў аб’ядноўвае адзін спорт», – гаворыць ён. І дадае на развітанне, стоячы каля спартыўнага стэнду музея: «Без мінулага няма будучыні. Мне хочацца, каб тыя, хто прыходзіць у музей, гэта адчулі».
Тэкст: Надзея Зуева
Фота Валерыя Картуля
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.