«Я вельмі люблю родную Беларусь, бо тут мае карані». Майстрыха з інваліднасцю – пра свой лёс і калекцыю лялек

У сярэдзіне чэрвеня ў бібліятэцы № 20 у Мінску па вул. Жукоўскага, 9, корп. 1 адбылося адкрыццё творчай выставы Людмілы Гурыновіч, якая ўжо некалькі гадоў шые мяккія лялькі і цацкі. Да канца месяца кожны жадаючы можа зайсці ў выставачную залу, каб разгледзець творы беларускай майстрыхі з інваліднасцю і нават набыць нешта сабе. Арганізатар выставы – Кастрычніцкая раённая арганізацыя Беларускага таварыства інвалідаў сталіцы.
– У нашай арганізацыі вельмі шмат таленавітых людзей, – удакладніла старшыня Кастрычніцкай РА БелТІ Мінска Ганна Чайка. – Людміла Гурыновіч – адна з іх, талентам якой мы ганарымся.
У чытальнай зале шмат людзей, якія з цікавасцю разглядаюць цацкі і лялькі майстрыхі, якая, між іншым, перасоўваецца сярод іх з мыліцай і сціпла дзякуе за цёплыя словы ў свой адрас. Які лёс напаткаў гэтую таленавітую жанчыну, – чытайце ў штотыднёвіку “Вместе!”.
“Не дапускаць хвароб да сэрца, а проста іх лячыць”
Людміла Гурыновіч нарадзілася ў Капыльскім раёне ў невялікай вёсцы Вялешына-2, але з 18 гадоў жыве ў Мінску.
– Пасля заканчэння школы я паступіла ў Мінскае кулінарнае вучылішча, – распавядае Людміла Уладзіміраўна. – Не магу сказаць, што гэта было маё прызначэнне, таму працавала шмат дзе не па спецыяльнасці – і афіцыянткай, і ў аддзеле камплектацыі будтрэста. Пасля атрымала непрацоўную групу інваліднасці.
Пра свой дыягназ жанчына гаварыць не любіць, бо яе галоўны прынцып – “не дапускаць хвароб да сэрца, а проста іх лячыць”. Але яна не ўтойвае, што з дзяцінства была схільнай да хвароб.
– Да 7 гадоў, па расказу матулі, разоў пяць моцна хварэла запаленнем лёгкіх, таму зараз я – астматык, – кажа Людміла Уладзіміраўна. – Перанесла 5 аперацый на каленным суставе. Але калі я стану рабіць на гэтым акцэнт, то заўсёды буду ў дрэнным настроі. А навошта?
Пасля атрымання групы па інваліднасці жанчына зарэгістравала ўласную турыстычную фірму і ва ўзросце 41 год пайшла атрымліваць вышэйшую эканамічную адукацыю.
– У 1994 годзе я вырашыла, што трэба паспрабаваць заняцца ўласным бізнесам, таму рызыкнула адкрыць турыстычную фірму для людзей з інваліднасцю, якія былі як працаўнікамі, так і кліентамі, – дзеліцца суразмоўца. – У асноўным, мы арганізоўвалі турыстычныя групы, якія вазілі ў Польшчу дзеля таргоўлі. Мне заўсёды вельмі падабалася эканоміка, кіраўніцтва. На той момант, калі паступіла ў ВНУ, я ўжо была дырэктарам паспяховай фірмы. Гісторыя наступная: у майго вадзіцеля дачка павінна была паступаць разам з сяброўкай, але апошняя перадумала. І тут я вырашыла: замест сяброўкі паеду я. Гэта было спантанна, але я паступіла. Нават задумвалася пра паступленне ў аспірантуру, але па сямейных абставінах не атрымалася. Хаця, мне здаецца, я добра кантактую з аўдыторыяй і магла б быць выкладчыкам.
“Бабулечка, табе трэба шыць, родная”
Два гады таму з-за кавідных абмежаванняў і закрыцця мяжы Людміла Гурыновіч вырашыла спыніць сваю прадпрымальніцкую дзейнасць. Але, як кажа сама, пра гэта не шкадуе, бо з’явілася шмат вольнага часу для любімага занятку – шыцця.
– Я расла ў творчай сям’і, таму з дзяцінства рукадзельнічала, – усміхаецца Людміла Уладзіміраўна. – Мой тата быў на ўсе рукі майстар! Няма нівод-най хаты ў нашай вёсцы, дзе б не было яго вырабаў. Ён быў кавалём, але выконваў рукамі ўсё, што можна. Вырабляў і для матулі розныя прыстасаванні па гаспадарцы. Дарэчы, мама таксама мела залатыя рукі – вышывала, ткала. Я з маімі дзвюма сёстрамі заўсёды дапамагалі. У нас дома ніколі не было ціха і сумна. Мы займаліся спортам, спявалі, танцавалі. Наш татачка любіў танчыць і рабіў гэта амаль прафесійна, а матулечка была салісткай у мясцовым капыльскім ансамблі.
Да 2015 года Людміла Уладзіміраўна не карысталася сваім талентам да шыцця. А падштурхнуў яе да гэтага рамонт у кватэры, які гаспадыня вырашыла рабіць у стылі праванс.
– На той момант я яшчэ не планавала так сур’ёзна гэтым займацца, – прызнаецца суразмоўца. – Але нашу сям’ю спасцігла вялікае гора – памерла мая дачка. У той момант у мяне зямля сышла з-пад ног. Каб не звар’яцець, пачала шыць. Рабіла гэта па 16 гадзін. Маёй матывацыяй і падтрымкай стала ўнучка, якая паўтарала: “Бабулечка, табе трэба шыць, родная, толькі не сядзі проста так”.
Калі заходзіш у кватэру да Людмілы Гурыновіч, цяжка не заўважыць паліцу з вялікай калекцыяй лялек. Пра кожную з іх жанчына гаворыць з любоўю і гонарам.
– Усё пачалося з таго фатальнага моманту, калі я страціла дачку, – цяжка ўздыхае жанчына. – Сяброўка тады прыслала мне ў якасці падтрымкі ляльку. А далей я адчула неабходнасць збіраць іх усё больш і больш. У цэнтры калекцыі – галоўная лялька Кацюша, прысвечаная дачцэ. Для яе я зрабіла крэсла, каб тая была вышэйшай за астатніх. А ў руках лялькі – пяльцы з недашытым малюнкам “Тры ружы”, якія вышывала яшчэ сама дачка. У кожнага экспаната свая гісторыя – некаторыя я атрымала ў якасці падарунка, некаторыя купляла ў замежных краінах, адну пашыла сама. Тут ёсць лялька, з якой гуляла ў дзяцінстве дачка. Гэта калекцыя – мой гонар, яна вельмі важная для мяне.
“Для мяне гэта не бізнес”
Людміла Гурыновіч – часты ўдзельнік выстаў і ярмарак у горадзе. Як кажа сама жанчына, яна не прапускае ніводнага свята.
– Я пастаянна прымаю ўдзел ва ўсіх выставах, прычым самастойна, – заўважае суразмоўца. – Мне часта кажуць: “Вазьмі прадаўца, у цябе праблема са здароўем”. Але я не хачу, бо мне вельмі падабаецца размаўляць з людзьмі, дапамагаць з выбарам, расказваць пра свае цацкі. Для мяне гэта не бізнес, гэта – маё жыццё і мая творчасць. Я з задавальненнем падбіраю цацку па характару дзіцяці. Напрыклад, занадта актыўным нельга браць ляльку ў чырвонай сукенцы, а маленькім – з прышытымі вочкамі, каб яны іх не праглынулі.
Спачатку ідэі для сваіх твораў яна падгледзела ў інтэрнэце, але зараз вобразы ствараюцца самі па сабе. У кожнай такой цацкі – часцінка душы майстрыхі.
– Ніколі не бяру ў рукі ніткі і тканіну, калі дрэнны настрой. Таму энергетыка ў маіх вырабаў толькі добрая, – упэўнена яна. – Часам бяру, напрыклад, блакітную тканіну для вопраткі лялькі, а яна некалькі разоў падае. Пасля бяру ружовую – і працэс ідзе як па маслу. Мне здаецца, што такім чынам мае цацкі маюць нават уласны характар.
Акрамя гэтага, Людміла Уладзіміраўна піша вершы, шмат з якіх прысвечаны роднай Беларусі.
– Пачалося ўсё з падарунка-кнігі пра Мінск, якую я падпісала сваякам у Клайпеду, – кажа суразмоўца. – І тут радкі пайшлі самі па сабе, нібы я ўсё жыццё складала вершы. Зараз мае творы чытаюць турыстам мінскія экскурсаводы. Дарэчы, у мяне было шмат магчымасцяў паехаць жыць за мяжу. Але я вельмі люблю родную Беларусь, бо тут мае карані, і не магу пакінуць бацькоўскую хату, за якой мы з сям’ёй прыглядваем.
“Трэба рабіць дабро”
У складзе Беларускага таварыства інвалідаў Людміла Гурыновіч ужо шмат гадоў і пастаянна супрацоўнічае з арганізацыяй. Але дапамогі ніколі не просіць, бо лічыць, што ёсць тыя, каму яна больш патрэбная.
– У маладосці мне бабуля казала, што калі цябе ўдарылі па шчацэ, падстаўляй другую. Тады я гэтага не разумела, – шчыра прызнаецца майстрыха. – Але цяпер разумею, што трэба ўсё жыццё не стамляцца рабіць дабро. БелТІ – падтрымка для тых, каму гэта неабходна. Я і сама заўсёды гатовая дапамагчы ўсім, хто звяртаецца да мяне.
– Я прывыкла да працы і не магу інакш, як бы дрэнна сябе не адчувала. У меня разумная і таленавітая ўнучка, добры муж, а таксама любімае рамяство. Я шчаслівы чалавек, гэта дакладна, – падводзіць вынік суразмоўца.
Дарыя Галоўчыц
Фота аўтара
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.