Вучыцца ва ўніверсітэце, працуе ў бальніцы і водзіць машыну. Гісторыя Паліны Дзямешка з Сеніцы

Поддержи

Сёння мы пазнаёмім вас з дзяўчынай, якая, нягледзячы на фізічны дэфект, вучыцца ў медыцынскім універсітэце, працуе ў бальніцы і мае шмат талентаў. Гісторыя Паліны Дзямешка можа стаць прыкладам для тых, хто саромеецца сваёй інваліднасці, няўтульна адчувае сябе ў грамадстве. Гэта як глыток свежага паветра. Адчыніце вакно і ўпусціце яго. Гэта вашае жыццё. І яно вартае таго, каб пражыць яго шчасліва.

“Пасля вакцыны мяне паралізавала”

Паліне 23 гады, яна мае 3-ю групу інваліднасці. Нарадзілася дзяўчына ў аграгарадку Сеніца, што пад Мінскам. Яна ў сям’і – другое дзіця. Ніхто з родных і падумаць не мог, што можа здарыцца нечаканае.

– Я не вельмі добра памятаю падзеі тых дзён, бо мне было ўсяго два гады, – распавядае Паліна. – Маці расказвае, што я нарадзілася здаровым дзіцём. У два гады мне трэба было зрабіць прышчэпку па ўзросту. Пасля гэтага ўзнялася тэмпература, але медсястра сказала, што гэта не з’яўляецца супрацьпаказаннем. А праз пару дзён пасля гэтай прышчэпкі ў мяне паралізавала ўвесь левы бок. Бацькі адразу павезлі ў бальніцу. Два тыдні праляжала ў рэанімацыі, да мяне не пускалі нават маці.

Па ўспамінах дзяўчыны, гэта быў цяжкі перыяд. Дзесьці да пяці гадоў Паліна амаль што жыла ў бальніцах.

– У дзіцячым садку я наведвала групу інтэграванага навучання для дзяцей з парушэннем апорна-рухальнага апарату, – працягвае дзяўчына. – Першы час пасля рэанімацыі не магла нават сядзець самастойна, але дзякуючы аперацыям і рэабілітацыі пайшла ў садок. Паціху пачала рабіць першыя крокі. Мне вельмі пашчасціла з бацькамі. Яны рабілі ўсё магчымае і немагчымае для таго, каб стала на ногі. Раніцай вадзілі на працэдуры ў паліклініку, а ўвечары – у платныя медыцынскія цэнтры. Толькі з-за таго, што яны не здаліся, я пайшла ў звычайны клас сярэдняй школы.

Зараз Паліна рухаецца самастойна. Адразу цяжка заўважыць, што ў яе ёсць паталогія апорна-рухальнага апарату. Па яе словах, зараз Паліна жыве паўнацэнна і не шукае вінаватых.

– Можна сказаць, што ўсё гэта адбылося са мной з-за ўрачэбнай памылкі, але навошта шукаць вінаватых? Здарылася дык здарылася. Паступова ў мяне ўсё прыходзіць у норму. Вядома, ёсць і незваротныя працэсы. Я кульгаю, не магу бегаць, асабліва на вялікія адлегласці, – гаворыць Паліна.

Акрамя бацькоў, дзяўчына лічыць сваім “выратавальным кругам” Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў, які яна наведвала амаль да свайго паўналецця.

– Прыкладна да 10 гадоў я праходзіла рэабілітацыю ў адной са сталічных клінік. Потым трапіла ў РЦДІ. І гэта быў ужо другі ўзровень. Я часта параўноўваю рэабілітацыйны цэнтр з летнім дзіцячым лагерам. Адчуваеш сябе не ў медыцынскай ўстанове, а сярод сваіх равеснікаў, сяброў, – усміхаецца яна. – Са многімі, з кім праходзіла рэабілітацыю, падтрымліваю адносіны. Гэта быў важны адрэзак майго жыцця.

“У сваёй талерцы”

Так Паліна сябе адчувала і ў школе. Па яе словах, аднакласнікі не абражалі яе за асаблівасць. Наадварот, дапамагалі, калі было трэба.

– У цэнтры некаторыя з дзяцей расказвалі мне пра тое, як іх абражаюць у школах за тое, што яны перасоўваюцца ў інвалідных калясках ці на мыліцах, – кажа Паліна. – Для мяне гэта было дзіка. Мне, здаецца, пашчасціла. З мяне ніколі не смяяліся і не абражалі.

Нягледзячы на частыя курсы рэабілітацыі і знаходжанне ў бальніцах, дзяўчына выдатна вучылася ў школе і займалася вакалам. Нават стала лаўрэатам адкрытага дабрачыннага конкурсу вакалістаў “SuperPuperHit 2016”.

– Дзякуючы ўдзелу ў гэтым конкурсе мяне запрасілі ў прадзюсерскі цэнтр у Мінску, дзе я займалася не толькі вакалам, а яшчэ і танцамі. Гэта было цяжка фізічна, але мне падабаецца пераадольваць сябе, – прызнаецца Паліна. – За гэты час я запісала кавер у музычнай студыі. А з выступамі пабывала амаль на ўсіх кацэртных пляцоўках горада. Кантракт з цэнтрам заключаўся на адзін год, аднак у якасці выключэння мне прапанавалі супрацоўнічаць і далей. Давялося адмовіцца. Стаяў выбар: альбо спевы, альбо вучоба. Я абрала другое.

“Жыць так, як хачу”

З дзяцінства Паліну цягнула да медыцыны. Яна нават знайшла фота, дзе маленькай апранулася ў медыцынскую форму.

– Мне заўжды падабалася глядзець фільмы ці чытаць кнігі на медыцынскую тэматыку. А яшчэ адчуваю ў сабе шмат сілы і дабра, каб дапамагаць людзям, – разважае дзяўчына. – Адразу я паступіла ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, бо ў Мінску не праходзіла па балах на бюджэт. Але планавала пасля першага курса перавесціся ў сталічны медыцынскі ўніверсітэт. Праўда, на першым курсе ў Віцебску мне так спадабалася, што перадумала. Да таго ж, стала актыўнай удзельніцай у творчым жыцці ўніверсітэта. А падчас вучобы на другім курсе прыйшоў каранавірус. І лёс распарадзіўся так, што маё месца – у  Мінску, побач з сям’ёй. Таму ў гэтым годзе ўжо буду выпускніцай Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Падчас пандэміі Паліна прыехала да бацькоў у Сеніцу і набыла сабе сабаку, таму хочаш не хочаш – трэба заставацца дома. Зараз Паліна вучыцца і працуе ў гарадской бальніцы.

– У мяне яшчэ няма спецылізацыі – яна будзе толькі на шостым курсе, – тлумачыць яна. – Зараз лічуся ўрачом агульнай практыкі. Мару пайсці ў афтальмалогію. Нават займаюся ў навуковым факультэцкім гуртку і пішу навуковыя працы па гэтай тэматыцы. Паралельна, ужо больш за год, працую ў 10-й клінічнай бальніцы ў аддзяленні мікрахірургіі. Пакуль толькі медыцынскай сястрой, бо вышэйшыя пасады без дыплома займаць нельга. Да гэтага працавала ў 9-й бальніцы ў аддзяленні трансфузіялогіі.

У Паліны Дзямешка даволі шчыльны графік, але яна паспявае выкраіць час і для хобі.

– Пару месяцаў таму я прайшла навучанне ў салоне эстэтычнай медыцыны. Зараз магу працаваць майстрам лазернай эпіляцыі. Гэта, дарэчы, добры заробак. Пакуль думаю. Можа, пайду і туды, – кажа яна. – А яшчэ апошнім часам разам з сяброўкай захапіліся аэра-стрэтчынгам. Гэта практыкаванні на расцяжку на гамаках. Не магу сказаць, што гэта проста, аднак вельмі расслабляе.

Апрача кар’еры, дзяўчына марыць стаць добрай мамай. Яна ўпэўнена, што кажны будуе сваё шчасце самастойна.

– Калі-нікалі мяне наведваюць дрэнныя думкі пра здароўе, але імкнуся факусавацца на добрым. Калі б не дыягназ, я была б іншым чалавекам. У мяне моцны характар, і я дасягаю ўсіх пастаўленных перад сабой задач. Напрыклад, ужо два гады ваджу машыну на механічным упраўленні. І мне не патрэбны былі дадатковыя заняткі з інструктарам – у ДАІ усё атрымалася з першай спробы. Я не з тых людзей, хто будзе сядзець і шкадаваць сябе. І калі раней яшчэ саромелася сваёй асаблівасці, то зараз мне гэта не перашкаджае жыць так, як я хачу, – падводзіць вынік Паліна.

 

Дарыя Галоўчыц

Фота аўтара і з архіва Паліны Дзямешка

 

Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.