Вераніка Цубікава: «Хачу, каб жыццё асаблівых людзей змянілася ў лепшы бок»

“Я ніколі не ўяўляла сваё жыццё асобна ад музыкі. Падчас юнацкіх перажыванняў і сумненняў здавалася, што калі не буду спяваць, проста памру – гэта будзе лепшы выхад. Лічу: талент нараджаецца з чалавекам і аддзяліць яго проста немагчыма. І нават калі б у дзяцінстве ў мяне нешта не атрымалася б з музыкай, яна ўсё роўна знайшла б мяне”, – гаворыць наша гераіня – спявачка, фотамадэль, пераможца і лаўрэат шматлікіх міжнародных музычных конкурсаў, удзельніца дабрачынных канцэртаў і акцый Вераніка Цубікава.
“Мяркую, калі б мне штосьці перашкодзіла займацца музыкай, я займалася б тэатрам ці чымсьці творчым, артыстычным”, – працягвае Вераніка. Яна лічыць, што яе дзейнасць не дазваляе ленавацца. Трэба сачыць за голасам і знешнасцю.
Часта бывае, што страхі і слабасці перамагаюць чалавека, і ён, здаецца, здраджвае сваёй мары. Але гэта не пра Вераніку. Яна заяўляе: “Я сама выбрала свой шлях і разумела, што стомленасць, якая часам узнікае, – гэта таксама мой шлях, цікавы, розны, але мой”.
Для любога артыста важна, каб яго творчасць прыносіла радасць людзям. Гэтая вядомая ісціна не з’яўляецца выключэннем і для нашай гераіні У размове артыстка падзялілася, што дзякуючы штодзённай працы, дысцыпліне і выбудаванаму графіку яна ўпарта ішла да сваёй мэты і дабілася прызнання публікай. Гэта цяжкі шлях. І спявачка разумее, як нялёгка прыходзіцца людзям з абмежаванымі магчымасцямі, якія таксама як яна, мараць штосьці ствараць добрае, прысвяціць сябе сцэне ці іншай творчай дзейнасці.
“Я заўсёды адгукаюся на выклікі аб дапамозе. І не толькі людзям з абмежаванымі магчымасцямі, але і жывёлам,– кажа Вераніка. – Часта я размяшчаю інфармацыю аб зборы хворым дзеткам у Іnstagram, наведваю з дабрачыннымі канцэртамі дзіцячыя дамы. Неаднойчы на Дзень маці ўдалося пабываць у мінскім Доме-інтэрнаце для пенсіянераў і інвалідаў на Ваўпшасава, 33.
Вакалістка – частая ўдзельніца дабрачынных Калядных канцэртаў, напрыклад, летась Вераніка ўдзельнічала ў мерапрыемстве, прымеркаваным у падтрымку пяцігадовай Арыны Філіпавай з Магілёва, а сёлета выступала ў Капылі на дабрачынным канцэрце “Усе фарбы жыцця для цябе” ў падтрымку 14-гадовай Ксеніі Вілюхі. На гэты канцэрт было раскуплена каля 230 квіткоў, а ўсе жадаючыя пакінулі ахвяраванні ў каробцы дабрыні. Усяго сабралі 5000 беларускіх рублёў.
Спявачка пастаянна на сувязі з Рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтрам для дзяцей-інвалідаў. Яна адгукаецца на любыя просьбы і прапановы дапамагчы. Упэўнена, што сваімі песнямі хоць крыху, аднак прыносіць радасць у іх жыццё.
“Заўсёды стараюся дапамагчы з адкрытым сэрцам настолькі, наколькі магу. І дапамагчы ў тым ліку маральна, словамі падтрымкі. Таму што для тых, хто апынуўся ў складанай сітуацыі ці мае праблемы са здароўем, заўсёды хочацца зрабіць дабро. Падтрымаць, пасяліць надзею ў іх душы. Зарадзіць жыццёвымі сіламі. Каб чалавек, які апынуўся ў цяжкім становішчы, якому неабходна дапамога, паверыў у тое, што цуда ў гэтым свеце ёсць.
Сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі шмат талентаў. І тут важна, лічыць мая гераіня, каб побач былі тыя, хто падставіць плячо, падкажа і ўбачыць у табе той агеньчык, які хоць крышачку зробіць свет лепшым. І расказала, як гэта было ў яе.
“У мяне вялікая колькасць педагогаў, якія са мной з самага ранняга дзяцінства. Яны ўбачылі ўва мне маленькага артыста з гарашчымі вачыма, які мроіў аб сцэне. І гэтыя людзі да сёння побач. Яны сочаць за маёй творчасцю. Магу звярнуцца да іх па параду. Гэта і мая бабуля – акардэаністка, і педагогі з музычнай школы. Аднак маючы прафесіянальны вопыт, будучы дарослым артыстам, многае разумею абсалютна сама. Мяне вельмі складана прымусіць нешта змяніць, прыбраць, бо тое, што я раблю, ствараю, і тая музыка, якую я нясу са сцэны, сапраўды ідзе ад сэрца”.
“Тым, хто задумваецца аб спевах, – гаворыць Вераніка, – хачу сказаць, што прафесія артыста складаная. Калі адключыць яе рамантызацыю, то гэта вялікая праца, якой трэба займацца, гэта вялікі набор навыкаў, якімі трэба авалодаць. Пастаяннае самаўдасканаленне, бесперапыннае адукаванне. Здаецца, што спяваць даволі проста, душа табе падказвае. Але насамрэч – усё не так. Гэтая дзейнасць зрастаецца з табой. І ў адрозненне ад іншых, больш чалавечых прафесій, яна патрабуе аддачы 24 на 7”.
Спявачка прызнаецца, што творчы чалавек не можа праяўляць слабасць. Аднак калі гэта тое, пра што марыў, хоць і складана бывае, не трэба сумнявацца і баяцца цяжкасцей.
“Я ніколі не сумнявалася і не задумвалася, што цяжкасці спужаюць. Імкненне праяўляць сябе праз музыку настолькі перавышае пэўныя моманты, што яны становяцца абсалютна нармальнымі рэчамі, рэальнасцю, у якой ты прывык жыць”, – гаворыць яна.
У гэтыя святочныя дні Вераніка традыцыйна святкуе Новы год і Каляды ў сямейнай атмасферы.
“У нас усё стандартна, як ва ўсіх: абменьваемся падарункамі, гатуем аліўе, запякаем мяса. Усё робім нашай жаночай часткай сям’і – бабуля, матуля і я. Сядаем за стол, размаўляем, глядзім “Блакітны агеньчык”, абавязкова загадваем жаданні. Вядома, навагоднія святы самыя доўгачаканыя з дзяцінства. На Каляды таксама збіраемся ўсёй сям’ёй, толькі большым складам. Адкрылі для сябе рэцэпт каляднага тварожнага кексу. Выпякаем яго напярэдадні. Цудоўна, калі атрымліваецца сабрацца раней, перад першай зоркай, каб крыху пагаварыць, пазагадваць жаданні, пакласці пад падушку запіскі з марамі”, – расказала Вераніка.
А яшчэ ў гэты чароўны навагодні час артыстка парадуе сваіх прыхільнікаў выхадам новага кліпа і прэм’ерай песні. Яе папярэдні кліп сабраў мільён праглядаў. Спявачка спадзяецца, што новы таксама спадабаецца. Ну і, вядома, яна будзе выступаць на навагодніх канцэртах.
“У мяне плануецца насычаны студзень, у якім буду радаваць гледачоў новай музыкай. А лепшым падарункам для сябе і для слухачоў у новым годзе лічу прэмію “Песня года Беларусі”, на якой можна будзе мяне пабачыць”, – падзялілася вакалістка.
Вераніка прызналася, што неабыякавая да ўразлівых людзей. І сваімі песнямі хоча прынесці ў іх жыццё свята.
“Хачу, каб жыццё асаблівых людзей змянілася ў лепшы бок, а святочны настрой – дык дакладна! А чытачам газеты “Вместе!” жадаю, каб лёс спрыяў і дазваляў максімальна ператварыць у жыццё ўсё, пра што вы думаеце. Святла і цеплыні ў вашыя душы! Натхнення! Здароўя! Займайцеся любімай справай і будзьце шчаслівыя!
Надзея Зуева.
Фота з архіва Надзеі Цубікавай
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.