«Цуд цэлы, калі маці блін спячэ ці бульбы прыгатуе». 93-гадовая Валянціна Крутаўцова з Сенненскага раёна ўзгадвае вайну

Поддержи

Найстарэйшая жыхарка вёскі Літусава Cенненскага раёна, што на Віцебшчыне, Валянціна Крутаўцова ў свае 93 можа з дакладнасцю ўзгадаць падзеі ваеннай пары. Падчас Вялікай Айчыннай яна была падлеткам.

Мы сядзім у сціплай, чыста прыбранай хаце. На стале – нешматлікія фотаздымкі. Жанчына расказвае, як спраўляецца са сваёй няхітрай гаспадаркай – куры, гарод, дагледжаны кветнік. Да яе прыходзіць сацработніца Ірына. Аднак Валянціна Сяргееўна можа яшчэ самастойна хадзіць у краму, аплочваць камунальныя паслугі на пошце. Пячэ велікодныя булкі, а на Вадохрышча абавязкова асвянцае ваду.

Усё жыццё працавала даяркай. З мужам Ляксеем жылі душа ў душу. Вось ужо больш за дваццаць гадоў, як яго не стала. Матулю наведвае сын з горада, яшчэ двое жывуць далёка: адзін з іх – на поўначы Расіі. На жаль, на здароўі доўгажыхаркі адбілася раптоўная смерць дачкі. Аднак наша гераіня – чалавек, які не здаецца… Хоць апошнім часам і падводзяць сілы, стараецца рухацца. “Удзячна памочніцы Ірыне, што не забывае. Прыйдзе, пагаворым з ёй, дапаможа мне, і ўжо лягчэй жыць”, – дзеліцца суразмоўніца.

У гэтыя святочныя майскія дні, у 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дзень Вялікай Перамогі прашу Валянціну Сяргееўну ўзгадаць той час, калі яна ўпершыню пачула слова “вайна”.

Яе сям’я жыла на хутары Вуглы, што каля невялічкай крынічкі. З канца 30-х – пачатку 40-х хутаранцы пачалі пераязджаць са сваімі пабудовамі ў суседнюю вёску Літусава. Матулю Валянціны Сяргееўны звалі незвычайна для мясцовасці – Ліцэра. Бацька-калгаснік Сяргей Восіпавіч, 1904-га года нараджэння, на вайну не пайшоў з-за рэўматызму. Быў родам з гэтага хутара, насельнікаў якога звалі вуглянцамі.

Пачатак вайны 11-гадовая Валя ўбачыла ў Літусаве, калі здарыўся пажар. Гарэў былы калгасны ток, які падпалілі немцы. Падалі снарады, гарэла хата аднавяскоўца. Матуля Валянціны Сяргееўны стаяла ля вакна і бачыла ўсё. Каля хаты ўпаў снарад. Крыху не хапіла, магло б запалаць і іх жытло.

Звычайна ўначы да сям’і прыходзілі партызаны, прасілі ежу, а калі і начлегу. “У доме не было яшчэ падвойных вокнаў – не паспелі зрабіць, – расказвае жанчына. – Папрасілі чалавека, якога звалі Ягорам. Малады, ні ў партызанах, ні на вайне не быў. Мужчына ўмеў рабіць рамы для вокнаў, габляваў іх, потым наноч ішоў дамоў”.

Аднойчы на гэтыя габлюшкі прыйшлі пагрэцца партызаны: “Мы ў вас трошкі адпачнём”, – сказалі яны. Паляжалі хлопцы, аднак, быццам душа чула, падхапіліся і хутка падаліся ў лес. “Ці, можа, сігнал хто ім даў, – разважае цяпер баба Валя. – А габлюшкі ніхто не падгарнуў, відаць было, што на ёй спалі”. Раптам прыйшлі немцы і сталі пытацца: “Партызан быў, спаў?” Што было адказаць маладой шмат-
дзетнай Ліцэры? Калі не павераць, заб’юць усіх, – прамільгнула думка. “Дзеці бегалі, качаліся”, – як хто дапамог,  сарваліся словы з вуснаў. Гітлераўцы паверылі маладой гаспадыні і болей ноччу не хадзілі. Толькі ўдзень: курэй, яек прасілі. А партызаны прасілі хлеба. Як магла, дапамагала сям’я лясным змагарам. Шматдзетная маці Ліцэра вязала для іх цёплыя шкарпэткі.

Летам 1942-га ехалі немцы на вёску Бортнікі, каб патрапіць у вёску Аланцьева. Шлях да Оршы пралягаў праз іх сяло. Аднак на фашыстаў напалі партызаны. Развязаўся бой. Гітлераўскія коні былі забітыя, партызанам удалося збегчы. Назаўтра прыехаў карны атрад, аблілі і спалілі Бортнікі. Людзі ўцякалі хто ў лес, а хто ў суседняе Літусава. Пасля фашысты вярнуліся, бо адзіны зруб новай хаты не загарэўся. Карнікі аблілі яго бензінам і яшчэ раз падпалілі.

Гэта была хата сям’і Курылаў з пяці душ. Яны папрасіліся да сям’і Валянціны Сяргееўны. Так да шасцярых чалавек прыбавілася яшчэ пяць. Спалі пагарэльцы на падлозе. Так і жылі да вясны. У некаторых насельнікаў была закапаная ямачка “дабра”. У Курылаў жа знішчылі ўсё. Харчаваліся разам, посна, мала: бульбіна, тоўчаны ў ступе ячмень. Калі было, на жорнах малолі жыта, пяклі з яго хлеб. Аралі, цягалі плуг. Маленькая Валя разам з іншымі дзецьмі валачыла барану. Талакой дапамагалі адно аднаму. З прыходам вясны пагарэльцы пачалі вяртацца назад у вёску, рабілі зямлянкі, якія замянялі ім родныя хаты…

Наступіў 1944-ы. Другі год як стаялі ў вёсцы немцы. Людзей не чапалі. Прыязджалі за курамі, забіралі кароў, свіней. Бацька Валянціны Сяргееўны ад немцаў хаваўся. Дняваў у пограбе каля сцяны, у бульбе, сярод адзення. Можа, мяркуе жанчына, дзякуючы гэтаму перастала балець і нага. Пакрысе Сяргей Восіпавіч пачаў хадзіць. І ў канцы вайны яго забралі на службу. Каля месяца давялося ўсё ж такі яму паваяваць. Ранілі, пасля трапіў у шпіталь.

Летам каля двух месяцаў у іх хаце паспелі пажыць пяцёра немцаў. Вялікая сям’я мусіла рабіць нары на паграбні. Спалі на посцілках паверх кастрыцы. У суседскім круглым двары стаяла нямецкая кухня. Фрыцы з кацялкамі хадзілі за абедам і падвячоркам. Ліцэры ж дазволілі гатаваць ежу для малых на сваім двары – на цаглінках. Зрэдку адзін немец, той, што быў стары і добры і ў якога засталася ў Нямеччыне маленькая дачка, гаварыў гаспадыні, каб ішла ў хату паліць у печы, карміла дзяцей. Разам з маці ў гэтыя хвіліны ля печы круцілася старэйшая Валянціна: цуд цэлы, калі маці блін спячэ ці бульбы прыгатуе. Калі ў немцаў была палучка, маглі пачаставаць дзяцей салодкай трубачкай ці ледзянцом. Іншым разам прасілі ў гаспадыні бідончык, каб прынесці малым супу.

Калі б выпала такая магчымасць, Валянціна Сяргееўна і цяпер бы пазнала тых добрых пастаяльцаў. “Вось табе і немцы! Як успомніш, дык шкада”, – гледзячы ўдалечыню, жанчына “вяртаецца” з тых далёкіх сваіх успамінаў.

Калі немцы адступілі, а бацька вярнуўся з непрацяглай сваёй службы, нарадзіліся яшчэ дзеці: Каця, Надзя, Соня. Вайна скончылася, калі Валянціне было 14 гадоў.

Запісала Надзея Зуева

Фота аўтара і з уласнага архіва гераіні

 

 

Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.