Сысці жыць на вуліцу, каб уратаваць душу. Споведзь бяздомнага з псіхіятрычным дыягназам

Яшчэ ў дзяцінстве Леаніду Усіку паставілі псіхіятрычны дыягназ. Але далёка не толькі адзін дыягназ папсаваў яму жыццё. З дыягназам, аказваецца, можна жыць, як і з галасамі, якія гучаць у галаве… Леанід страціў жыллё, сям’ю, нават некалькі разоў быў блізкі да таго, каб страціць жыццё… Але ўвесь гэты час вёў змаганне з самім сабой, каб не страціць самае галоўнае – сумленне.
Дыягназ нарадзіў крыўду
У 62 гады звычайна ўжо можна падводзіць вынікі. Але Леанід, можна сказаць, толькі зразумеў і пачаў выпраўляць уласныя памылкі. І самае галоўнае – ён не саромеецца пра іх казаць. Галоўнае, каб іншыя іх не нарабілі. Яго жыццё – гэта бясконцыя падзенні. Чым ніжэй падаеш, тым складаней будзе падняцца.
Нарадзіўся Леанід у Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці, але свайго дзяцінства фактычна не памятае. «Мая мама жыла ў Мінску, працавала на чыгунцы. Я ж хварэў моцна і часта. Тады мяне аддавалі на выхаванне да старавераў пад Полацк».
Ужо ў 9 гадоў яму паставілі псіхіятрычны дыягназ. У 16 гадоў Леаніда паставілі на ўлік ў псіхалагічны дыспансер.
/
«Але мае бацькі былі вернікамі. Яны сказалі, што мая хвароба – дар Божы, лекі ад яе не дапамогуць. Адпаведна, лекі мне і не дапамагалі».
/
Калі яму споўнілася 20, на дзіва, ён трапіў у войска, у радыёразведку. Гэта былі яго самыя шчаслівыя гады: «Я проста спадзяваўся, што пасля войска мяне здымуць з уліку, у мяне пачнецца нармальнае жыццё». Але з уліку не знялі. Пачалося змаганне за лепшае, як яму падавалася, жыццё. Праца на заводзе, які быў звязаны з электронна-вылічальнай апаратурай. Пасля – прадпрымальніцкая дзейнасць: утрыманне абутковых майстэрняў. Усё гэта суправаджалася вялікімі грашыма, пыхай, алкаголем: «Зараз я ўжо разумею, што ўсе гэтыя выхадкі, звязаныя з алкаголем – гэта ж проста дзіцячая крыўда! Вы ўявіце, у 16 гадоў паставіць чалавека на ўлік! У мяне тады накрылася ўся мая спартыўная кар’ера».
– Мама атрымала кватэру на Маскоўскай, я быў там прапісаны, – узгадвае Леанід. – Але пасля жаніцьбы я жыў з сям’ёй у іншым месцы.
Праўда, з сям’ёй ён пражыў толькі шэсць гадоў. Праз тое, што ён злоўжываў алкаголем, які быў змяшаны з асаблівасцямі псіхічнага стану, жонка з ім жыць больш не стала. Пакрысе Леанід страчваў усіх блізкіх. Пакуль не застаўся амаль адзін.
Верыць – азначае дзейнічаць
У 1996 годзе Леанід намацаў чарговае дно. Жонка з ім жыць адмовілася. Роспачныя пошукі працы ні да чаго не прывялі. Была магчымасць уладкавацца ў адну з сілавых структур, але даведка аб дыягназе абярнула ўсё супраць яго. Напэўна, гэта стала апошняй кропляй для таго, каб сысці ў нікуды. Дакладней, на вуліцу.
– Вы жылі з іншымі бяздомнымі? – пытаю Леаніда.
– І так, і не. Я сыходзіў ад іх. Я шукаў куток, бо хацеў пабыць адзін.
Леанід кажа, што тады прэпараты, якія яму выпісалі раней, яму не асабліва дапамагалі. Ён прымаў іх і запіваў танным віном. Напэўна, думаў, што так можна больш заглушыць галасы ў галаве і роў у сэрцы.
Гэта прывяло ў 1998-ым да чарговага дна: ён аказаўся ў крытычным стане ў бальніцы. Выявілі пухліны ва ўнутраных органах.
/
«Там мне дактары сказалі: або я раблю пэўныя дзеянні, або я памру. Я ім паверыў. Вера – гэта дзеянне, таму я і пачаў дзейнічаць. Твайму целу можа дапамагчы ўрач і псіхатэрапеўт. Але душу тваю не ўратуе ніхто, акрамя цябе»
/
Леанід заняўся сваім здароўем. Здаў аналізы, падабраў сабе комплекс з траў, якія стаў прымаць, назаўжды кінуў піць, уладкаваўся на працу, вярнуўся да маці. І… знайшоў сабе цікавае хобі.
– Я тады дворнікам працаваў, барада ўжо адрасла – па пояс, – паказвае Леанід. – І я вось мяту зранку, а да мяне падыходзіць жанчына і кажа: «Дзед Мароз, ідзі ты на кінастудыю, паспрабуй у кіно здымацца!» Ну, мы і пайшлі. Мяне паглядзелі і сказалі, што будуць здымаць. А грымёр наогул сказаў, што і грым мне не патрэбны. Першы раз было не па сабе, а пасля ўвесь гэты працэс стаў выклікаць цікаўнасць. Спачатку мяне раздражняла камера найбольш. Пасля навучыўся пазіраваць.
Праўда, быў і такі выпадак, калі Леаніда выгналі са здымачнай пляцоўкi: у імправізаванай бойцы ён прымяніў сапраўдную сілу, узгадаўшы войска.
Самы знакаміты фільм, у якім зняўся Леанід – «Анастасія Слуцкая». Там ён сыграў баярына. Таксама параіў паглядзець серыял «Вакзал», у якім ён сыграў сябе – бадзягу, які жыў на вакзале.
Кіно стварыла для Леаніда паралельную рэальнасць, дзе было цікава, утульна і бяспечна, хоць ролі ў яго і былі другасныя. Так, ён здымаўся, паралельна працуючы дворнікам, да 2010 года.
Страта жылля
Калі Леанід стаў зноў жыць з маці, то дапамагаў ёй у бюракратычных пытаннях, бо яна сама была непісьменная. У той жа кватэры жыў брат, які злоўжываў алкаголем.
– У кватэры былі пастаянныя п’янкі, і нічога немагчыма было зрабіць, – узгадвае Леанід. – Адчуваў я сябе тады вельмі кепска. Усё было як у тумане, нават смерць маці я кепска памятаю. Пасля быў суд, у выніку чаго ў 2014-ым застаўся без прапіскі. Спрабаваў нешта даказаць, але нічога не атрымалася…
З бацькоўскай кватэры Леанід зноў сышоў у нікуды.
– І куды вы жыць пайшлі?
– Жыў у сяброў, пры касцёле…. Перабіваўся дробнай працай… З галасамі, якія я чую, я жыву. Я проста не зацыкліваюся на іх. Я магу адрозніць рэальнае ад нерэальнага.
– Ці прымалі дапамогу ад валанцёраў?
– Так, прымалі. Ды і сам аказваў.
Леанід далучыўся да вядомага ў колах бяздомных Юрыя Іванавіча, які трымае свой прытулак для бяздомных і дапамагае ім сацыялізавацца і выпраўляць памылкі мінулага. Там бяздомныя ходзяць на своеасаблівыя «заданні»: дапамагаюць тым, каму яшчэ горш. Напрыклад, некалькі разоў на тыдзень яны ходзяць да самотных людзей з інваліднасцю, якія ляжаць у сваіх кватэрах, яны мяняюць ім бялізну, апрацоўваюць раны, гатуюць паесці… Дапамагаў такім людзям і Леанід.
/
«Уявіце, чалавек гадамі ляжыць адзін дома. А да яго няма нікому справы. Ці ўявіце бяздомнага, у якога ногі адмовілі, вось ён валяецца на вакзале. Па яго трэба паехаць і прывезці».
/
Салодкі прысмак жыцця
Напэўна, жыццё Леаніда памянялася тады. Калі некалькі гадоў таму ён прыйшоў у клубны дом «Адкрытая душа», дзе дапамагаюць людзям з псіхічнымі асаблівасцямі. «Я проста хадзіў каля Чырвонага касцёла. Адчуваў пэўную несабранасць, канфлікт з самім сабой… Мне там і прапанавалі прыехаць сюды. Прыехаў, першая думка – мяне хочуць схаваць, але гэта ўжо панічныя атакі пачаліся. Ну, зайшоў. Хадзіў і глядзеў. Злы хадзіў, ні з кім не размаўляў».
А пасля Леанід пачаў працаваць з псіхатэрапеўтам, псіхолагам. Пакрысе ў яго душы стаў наводзіцца парадак. «Калі ідзеш па дарозе, заўжды сустрэнецца арганізацыя, якая дапаможа», – перакананы Леанід.
Зараз Леанід зноў працуе на «Лукойле». Вырашае пытанне з афармленнем пенсіі.
– Што дапамагае сёння жыць? – разважае Леанід. – Мне падабаецца, калі людзі звяртаюцца да мяне і просяць дапамогі. Часта людзі кажуць, што хочуць заняцца бізнесам, зарабіць шмат грошай… А я кажу, каб клапаціліся больш аб душы… Што з тых грошай, якія ты не зможаш у выніку нікуды ўзяць?
Зараз Леанід з дапамогай юрыста аднаўляе дакументы, жыве ў сябра. Але наконт даху над галавой ён не перажывае: сказана ж у Бібліі, каб не клапаціліся пра гэта. А Леанід усё часцей стаў звяртацца да Бога. Вось ён і клапоціцца пра іншае: каб нягледзячы на свой дыягназ, быць заўжды ў гармоніі і шчырасці з сабой і з тымі, хто яго атачае. Ён аднавіў стасункі з сябрамі, з якімі пасварыўся яшчэ некалі даўно… Самае галоўнае – змог наладзіць адносіны са сваімі дзецьмі… праз 15 гадоў! Менавіта столькі яму спатрэбілася, каб зразумець, што ў жыцці важнае, а што – другаснае. «Я 20 гадоў патраціў на аргументаванні тых рашэнняў, якія прыводзяць у трубу», – падсумоўвае Леанід.
Леанід п’е травы – душыцу, мяту, валяр’ян, ліпу: ён асабіста перакананы, што яны яму дапамагаюць у яго хваробе. Леанід кажа, што дзякуючы комплекснай тэрапіі, якую яму аказваюць у клубным доме, па-іншаму стаў адчуваць рэчаіснасць. «Мой дзень праходзіць па-іншаму. У мяне ёсць жаданне жыць. Жаданне рабіць добрае. Гэта неверагодны стан!»
Часта мы бачым на вуліцы бадзяг, ад якіх хочацца звярнуць на іншы бок вуліцы… Але ж некалі ў чалавека было ўсё: праца, сям’я, кут. Магчыма, ён няправільнае рашэнне прыняў. Ці не змог з самага пачатку пасябраваць са сваім дыягназам… Але калі паразмаўляць з гэтым барадатым бадзягам, то можна пачуць вельмі мудрую, неадназначную спавядальную гісторыю накшталт той, што распавёў Леанід. І хто ведае, магчыма, твая неабыякавасць здолее стаць апошняй кропляй ва ўжо амаль поўным стакане бяздомнага. Кропляй, якая дапаможа яму выплыць на паверхню са дна.
Вікторыя Чаплева
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.