«Сустрэньце Новы год побач з ёлачкай дома». Валанцёр Дзмітрый Занкевіч дапамагае дзецям і дарослым з інваліднасцю стаць крыху шчаслівейшымі

Яшчэ Арыстоцель казаў, што сутнасць жыцця – служыць іншым і рабіць дабро. Часам нават маленькі ўнёсак у дапамагу тых, хто ў гэтым мае патрэбу, для кагосьці стане выратавальным. Дзмітрыю Занкевічу з Мінска 19 год, ён ужо амаль чатыры гады супрацоўнічае з дабрачыннымі фондамі і дапамагае дзецям і дарослым з інваліднасцю.
– Дабрачыннасцю я пачаў займацца ў 2019 годзе, – успамінае Дзмітрый. – Я проста ўбачыў у інтэрнэце аб’яву аб тым, што шукаюць валанцёраў у фонд “Ласкавыя крылы”. Гэта дабрачынная арганізацыя валанцёраў, якая дапамагае дзецям з анкалогіяй, інвалідам, дзецям-сіротам, малазабяспечаным сем’ям, людзям усіх узростаў. Тады мне толькі споўнілася 16 гадоў. Я і падумаў: чаму б не паспрабаваць? Першая роля, якую мне прапанавалі – Дзед Мароз. Разам з дырэктарам Таццянай Грунтовіч, якая штогод арганізуе свята для дзяцей, мы адправіліся ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў аддзяленне з самымі маленькімі дзеткамі. У той момант я зразумеў, што мае праблемы па вучобе ці ў асабістым жыцці – гэта дробязь. Было толькі адно пажаданне кожнаму з малышоў: “Сустрэньце наступны год побач з ёлачкай дома”.
Яшчэ ў школе Дзмітрый быў актывістам – прымаў удзел амаль што ва ўсіх конкурсах, быў вядучым на канцэртах і дапамагаў настаўнікам у падрыхтоўцы да любога свята. Пасля 9 класаў хлопец паступіў у кулінарны каледж, але хутка зразумеў, што гэта яму не падыходзіць.
– Калі скончылася школа, мне вельмі не хапала той “двіжухі”, у якой я заўсёды жыў, – працягвае суразмоўнік. – З кулінарнага я сышоў і зараз планую паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва. Да гэтага рашэння мяне прывяло валанцёрства, бо я зразумеў, што жыць без гэтага не магу. Памятаю, калі з-за каранціну адмянялі ўсе мерапрыемствы, мне было сумна, бо гэта стала неад’емнай часткай майго жыцця.
Акрамя “Ласкавых крылаў”, хлопец супрацоўнічае з фондам “Спірас”, які дапамагае дзецям і дарослым людзям з інваліднасцю, якія пражываюць у псіханеўралагічных інтэрнатах, а таксама людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.
– Са “Спірасам” я быў знаёмы даўно, бо калі ездзіш па мерапрыемствах, то абавязкова знаходзіш знаёмых і нават сяброў, з якімі потым маеш цесныя зносіны, – успамінае Дзмітрый. – Два гады таму я зламаў сабе руку і сядзеў на бальнічным. Убачыў у сацыяльных сетках, што “Спірас” збіраецца паехаць з канцэртам у Грозаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат. Напісаў сваёй знаёмай, якая займаецца арганізацыйнымі момантамі: “А можна я з вамі?” Так і пачалося маё супрацоўніцтва са “Спірасам”.
Дзмітрый Занкевіч лічыць, што не трэба дзяліць людзей на інвалідаў і здаровых, бо ўсе заслугоўваюць павагі і добрага стаўлення да сябе.
– Я адчуваю, што ў мяне ёсць рэсурс, якім я магу дзяліцца з іншымі. Будзь гэта выступленне ў нейкім вобразе казачнага героя, або гуманітарная дапамага, якую збіраў і развожу па інтэрнатах – усё гэта я раблю з задавальненнем. Я адчуваю сябе шчаслівым чалавекам.
Дарыя Галоўчыц
Фота аўтара і з асабістага архіву суразмоўцы
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.