Спявачка Danaya: «З радасцю дапамагаю тым, хто мае ў гэтым патрэбу»

Поддержи

Гэтая маладая спявачка актыўна прымае ўдзел у дабрачынных мерапрыемствах і з’яўляецца валанцёрам руху БРСМ “Добрае сэрца”. Свае песні выконвае падчас штогадовага выніковага канцэрту “Валанцёр года”, а радасць у вачах “асаблівых” слухачоў лічыць самай лепшай узнагародай, якую не купіш ні за якія грошы. Дзяўчына вывучае юрыспрудэнцыю на кафедры права, а таксама працуе педагогам па вакале. Яе чулае сэрца і прыроджаная неабыякавасць прымушаюць заўсёды быць у руху і дапамагаць тым, хто мае патрэбу. Наша госця – чалец беларускага Саюза музычных дзеячаў, актыўная і харызматычная поп-спявачка DANAYA (Даная Шаршавіцкая).

Дабрачыннасць

– Штогод я ўдзельнічаю ў выніковым канцэрце “Валанцёр года”. Ёсць удзячнасць за дапамогу ў падрыхтоўцы мерапрыемства і валанцёрскую дзейнасць. Займаюся валанцёрскім рухам даўно. Мы ладзім дабрачынныя акцыі. Арганізацыя “БРСМ” “Добрае сэрца” ездзіць з канцэртамі па ўсёй Беларусі, дзе я абавязкова спяваю для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Дапамагаем цяжкахворым, ветэранам, пажылым адзінокім людзям, развозім падарункі і патрэбныя рэчы ў прытулкі. Уразлівыя людзі вельмі рады. Нягледзячы на тое, што да іх часта прыязджаюць артысты і проста ахвочыя дапамагчы. Яны вельмі адкрытыя. Бягуць абдымацца, фатаграфуюцца, вядома, тыя, хто можа. Гэта заўжды прыемна.

Знаёмства

– Мой дэбют на эстрадзе пачаўся ў чатыры гады. Я іграла ў тэатры не вельмі паслухмяную дзяўчынку. У гэтым спектаклі мне дапамагалі бацькі. Прычым абсалютна выпадкова (усміхаецца). Тады захварэлі галоўныя героі. Іх вырашылі замяніць маімі татам і мамай. Для маці гэта было больш-менш нармальна, таму што яна вучылася ў музычнай школе. Для бацькі-лекара гэта было нешта вельмі незвычайнае, незразумелае, але ён справіўся (смяецца). Калі гаварыць пра маё станаўленне, то яно пачыналася ў Барысаве. Цяпер жыву ў Мінску. На малой радзіме бываю не вельмі часта. Там у нас застаўся дом. У асноўным бываем там летам. Маё імя не псеўданім, як многія думаюць. Даная – гэта імя па пашпарце. Адзінае, для сцэны пішу яго англійскімі літарамі без прозвішча.


Дзяцінства было вельмі актыўным: іграла ў тэатры, наведвала мадэльную школу, займалася вакалам. Школа была з музычным ухілам – гэта сальфеджыа, фартэпіяна, вакал, хор. Не дзіўна, што прыйшла да музыкі. Заўсёды хацела іграць на фартэпіяна. Мне прапаноўвалі іншыя інструменты, але выбрала фартэпіяна. Потым маці пазнаёмілася з кампазітарам Ганнай Казловай. І ўжо так у дзевяць гадоў я прыйшла на эстрадны вакал. Затым была гімназія-школа мастацтваў імя Ахрэмчыка. Выпусцілася з чырвоным дыпломам па спецыяльнасці “Дырыжыраванне. Акадэмічны хор”. Цяпер вучуся на юрыдычным факультэце эканамічнага ўніверсітэта і з’яўляюся старшынёй прафбюро факультэта. Мы часта перадаём сабраныя рэчы ў прытулкі, збіраем грошы на корм для бадзяжных сабак. Нядаўна, напрыклад, ездзілі ў адзін з дзіцячых дамоў-інтэрнатаў.

Любімая справа

– Я педагог. Гэта не проста. Да ўсяго трэба быць яшчэ і псіхолагам, каб знайсці падыход да кожнага вучня. А ў мяне займаюцца не толькі дзеці, але і дарослыя. Не магу сказаць, з кім лягчэй і прасцей: ва ўсіх ёсць свае нюансы.        Адзін раз сутыкалася з выгараннем. Гэта адбылося на трэцім курсе каледжа. На той момант нейкія сітуацыі проста адпусціла і ўсё прайшло. А ўвогуле, займаюся любімай справай, якую абажаю, люблю, якой гару. Таму больш выгарання не лаўлю. Тым, хто таксама хоча звязаць жыццё са сцэнай, параіла б не здавацца і не
губляцца, калі што-небудзь не атрымліваецца. Надаўна гаварыла аб гэтым сваёй выхаванцы. На ўроку яна спела пэўныя ноты не так, як можа і як мне хацелася б. (Трэба сказаць, што на занятках ніколі не сваруся.) Задала пытанне: чаму ты так зрабіла? Вучаніца не ведала адказу, але адчула ў маіх словах, што праспявала няправільна. Малая расплакалася і паўурока ёй тлумачыла, што памылкі – гэта крокі да поспеху.

Захапленні

Здаецца, я захапляюся толькі музыкай і вучобай на кафедры права. Калі б не музыка, нават не ведаю, што выбрала б. Музыка была заўсёды ў маім жыцці. Не ўяўляю сябе без яе. Магчыма, гэта быў бы мадэлінг, тэатр… Дарэчы, слухаю розныя кампазіцыі. Абажаю класіку – оперу Жоржа Безэ “Кармэн”. На яе магу хадзіць пастаянна. І сучасную музыку люблю. Што тычыцца куміра, то ніколі на аднаго пэўнага артыста не раўнялася. Ад усіх пакрысе нешта ўзяла – так і склаўся мой вобраз.

Люблю кнігі. З імі такая гісторыя: калі пачынаю чытаць і мяне захоплівае, значыць, гэта мая кніга. І прызначаю час на гэту кнігу. Калі не захоплівае, магу адкласці і пачаць чытаць праз паўгады, пару месяцаў, праз год. Так адбылося з маёй любімай кнігай “Кансуэла” Джордж Санд. Памятаю, пачала чытаць, потым неяк закінула. І цалкам прачытала, не адрываючыся ўсе два тамы, напэўна, праз год (усміхаецца). Дабрачыннасць таксама застаецца ў прыярытэце. З радасцю дапамагаю тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Калі гэта збор сродкаў на лячэнне дзіцяці, то звычайна купляю які-небудзь падарунак ці проста магу пакласці пэўную суму ў канверт. У гэтым плане заўсёды адкрытая да прапаноў і стараюся ніколі не адмаўляцца. У адказ бачу радасць у вачах. Разумею, што я падарыла эмоцыі. Гэта тое, што ніколі не купіш за грошы.

Творчасць

– Калі гаварыць пра майго слухача, то гэта вельмі добры, шчыры чалавек, які разумее і прымае. А песні ўсе дастаткова жыццёвыя, акрамя дзвюх апошніх – “Дафамін” і якая не так даўно выйшла “Не давяраць”. У некаторых сінглах ёсць мае цытаты. Яшчэ раю паслухаць мае песні “GPS” і “Крэмавае неба”.

Што атрымліваю ад сцэны? Адназначна шалёны энергаабмен – гэта тое станоўчае, што ёсць у прафесіі артыста. Нават калі няма настрою перад канцэртам, то выходзячы на сцэну, адбываецца абмен энергіяй, і зараджаешся па-максімуме. Адмоўнае – напэўна, толькі жорсткі графік: мала спіш, мала ясі. Але і гэта ўсё ўзнаўляецца. Сваёй творчасцю я прапагандую каханне, магчыма, пэўную жаночую сілу.

Пажаданне

– У свята 8 Сакавіка чытачкам газеты “Вместе!” пажадаю шчасця, сіл, цярпення, здароўя, вялікага-вялікага кахання, не толькі ў Дзень закаханых і на 8 Сакавіка, але і кожны дзень. І моцнае плячо побач, за якім можна схавацца, калі што. І чалавека, з якім можна адчуць сябе сапраўднай дзяўчынкай.

Надзея Зуева

Фота з уласнага архіва спявачкі

 

Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.