«Шчыліну ў вакне заклеіла скотчам і заставіла абразамі». Як у сацыяльнай кватэры жыве жанчына, якая даглядае мужа і сына з інваліднасцю

Поддержи

Пра Святлану Калантай мы ўжо пісалі. Яна з мужам, у якога 1-я група інваліднасці, і з сынам з інваліднасцю жыла ў пакоі інтэрната ад прадпрыемства «Камволь». Аднак адтуль іх высялялі, бо інтэрнат зачыняўся. З таго моманту шмат што змянілася ў сям’і. Галоўнае – гэта той факт, што Святлане далі кватэру. З гэтай прычыны Святлана і запрасіла да сябе ў госці.

Згодна з пастановай, варта даць сацыяльнае жыллё

Раней Святлана працавала дворнікам, зараз аформлена па доглядзе і сына, і мужа. Муж – інвалід 1-й групы, які прыкаваны да ложка. Сын Серафім атрымаў у школе траўму, таму цяпер мае адно вуха, якое не чуе, і другое, якое паступова ідзе да гэтага ж. Некалькі гадоў сям’я жыла ў інтэрнаце ад прадпрыемства «Камволь». Аб гэтым у свой час хадайнічала адміністрацыя Ленінскага раёна Мінска. Быў заключаны дагавор найму жылога памяшкання ў інтэрнаце, тэрмін якога скончыўся ў 2019 годзе. У 2018 годзе сям’я была ўключана ў асобныя спісы грамадзян, у складзе сям’і якіх маюцца дзеці-інваліды, на атрыманне жылога памяшкання сацыяльнага карыстання.

«Мне абяцалі даць блок, каб я магла даглядаць сваіх інвалідаў». Як сям’я вымушана высяляцца з інтэрната ў нікуды

Святлана выхоўвае дзіця з інваліднасцю і мае мужа з інваліднасцю, таму згодна з Артыкулам 105 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь мела права на атрыманне жылога памяшкання сацыяльнага карыстання. Яно прадстаўляецца ў межах ад пятнаццаці да дваццаці квадратных метраў агульнай плошчы жылога памяшкання на кожнага члена сям’і за вылікам агульнай плошчы жылога памяшкання, якое знаходзіцца ў іх уласнасці.

Прадстаўнікі гарвыканкама Ленінскага раёна прапанавалі Калантай кватэру на вуліцы Маякоўскага ў доме на першым паверсе. Камісія па жыллёвых пытаннях Ленінскага райвыканкама 24 лістапада вырашыла даць асобную двухпакаёвую кватэру агульнай плошчай 41,68 квадратных метраў. Сама Святлана Іванаўна лічыць гэтую плошчу малой для пражывання там яе і двух людзей з інваліднасцю.

Новае жыллё

Калі я зайшла ў кватэру, у калідоры было цёмна: нешта здарылася з праводкай. Святлана адразу запрасіла мяне ў залу. Перада мной ляжаў ухутаны чалавек. Галавы яго не бачыла. Калі Святлана ўсадзіла мяне на імітаванае крэсла, я нарэшце разгледзела Андрэя. Бялявы, прыгожы – і далёка не адразу зразумела, што сляпы.

Больш за дзесяць гадоў ён інвалід 1-й групы. Хадзіць не можа. Да таго ж – пасля таго, як яго збілі, страціў зрок. Святлана афіцыйна аформлена ў райвыканкаме па доглядзе.

– Там, пэўна, макароны пераварацца, – нагадвае Андрэй Святлане. Ужо хоча есці.

Святлана ласкава адказвае, што яна ўжо пра ўсё паклапацілася. Хутка прынесла яму макароны. Ён, лежачы на жываце, пачаў іх есці.

У кватэры жывуць коткі. Святлана ўратоўвае іх, лечыць, а пасля аддае ў добрыя рукі.

У кватэры халодна. На кухні і у пакоі сына Серафіма адчынены вокны, бо зразумела, што пах у доме, дзе ляжыць інвалід, не будзе прыемны.

– Балкона няма, – каментуе Святлана Іванаўна. – Муж, прабачце, ходзіць пад сябе… А як мне сушыць рэчы? Шафу няма куды паставіць – сушу на дзвярах.

Сапраўды, рэчы на вешалках развешаны нават на кухні.

Святлана Іванаўна паказвае і шчыліну ў вакне, якую яна заклеіла скотчам і заставіла абразамі.

– Праз гэтую дзірку Андрэй застудзіў сабе вока. Увечары падстаўляю сюды падушкі, каб не дзьмула. Канечне, ён сляпы, але ўсё ж…

– Святлана, дзякуй! – перарывае Андрэй і аддае пустую міску з-пад макаронаў.

– Калі ласка! – ветліва адказвае Андрэю жанчына.

– Гэта ўсе вашы рэчы? – пытаю Святлану Іванаўну. Скрыні, цацкі, дываны… Палова пакоя наўпрост імі завалена.

– Так, у інтэрнаце яны былі зачынены ў асобным пакоі. Я думала шафу паставіць… Але шафа тут не стане. Каб перавезці ўсе рэчы, яна наймала машыну з грузчыкамі.

Умовы для дзіцяці

Святлана пагадзілася на гэтую кватэру найперш праз дзіця. Ужо не аднойчы праз тое, што ў сям’і не было сталага месца жыхарства, Серафіма органы апекі забіралі ў інтэрнат. Тое ж здарылася і ў канцы кастрычніка. У рэшце рэшт Святлана пагадзілася засяліцца ў гэтую кватэру.

– У гэты час я прыйшла ў выканкам, мне сказалі, што трэба фота, што пакой дзіцяці абсталяваны, – распавядае Святлана. – Я стала дасылаць супрацоўніцы фота пакоя. Пакой Серафіма не параўнаць з іншым пакоем-складам. У яго светла, чыста. Сам Серафім сядзеў за камп’ютарам.

Святлана Іванаўна сцвярджае, што зараз намагаецца вырашыць праблемы, звязаныя з умовамі ў кватэры. Яна сапраўды патрабуе дапамогі. На жаль, у нашым грамадстве ёсць катэгорыя людзей, якая не можа дапамагчы сабе сама. Нагадаем, што артыкул 27 Закона РБ «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў РБ» кажа пра тое, што жылыя памяшканні, якія займаюць людзі з інваліднасцю, павінны быць прыстасаваны пад людзей з інваліднасцю. Артыкул 52 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які рэгулюе найм жыллёвых памяшканняў, кажа пра тое, што жылыя памяшканні, дзе пражываюць людзі з інваліднасцю, павінны быць пад іх прыстасаваны.

 

Вікторыя Чаплева
Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.