Радміла Рыбакова: «Асаблівы глядач адрозніваецца сваёй шчырасцю»

Поддержи

Яна саліруе ў нацыянальным аркестры зусім нядаўна і ўжо больш за 14 гадоў – у гурце з прыгожай назвай “Сosa Nostra”. З італьянскай гэты выраз значыць “Наша справа”. Назва ілюструе агульнасць памкненняў гуртоўцаў. Разам з калегамі-музыкантамі Радміла часта ўдзельнічае ў добрых справах. Аднак за лепшае лічыць пра гэта не гаварыць. Сёлета артыстка прыняла ўдзел у інклюзіўным праекце. Сваімі ўражаннямі спявачка падзялілася ў інтэрв’ю газеце “Вместе!”, а таксама раскрыла сакрэт папулярнасці хіта “Музыка траў” і прызналася, чым здзіўляе яе асаблівая публіка.

– Радміла, пачнем з вашага творчага шляху. Раскажыце, як аказаліся на эстрадзе?

– Колькі сябе памятаю – столькі спявала. Паўсюль. У аўтобусах рабіла канцэрты (смяецца). Вось мы едзем з музычнай школы дадому – я спяваю. Родам з Рагачова. На той момант у горадзе была адзіная вакальная студыя. Яна і да гэтай пары існуе. Пры ёй – той жа кіраўнік. Маці адвяла мяне ў
шэсць гадоў. І да заканчэння школы я там спявала. І не ўяўляла нейкай іншай прафесіі. Усім казала, што паступлю і буду спявачкай.

Па матулінай лініі – усе галасістыя. І ў матулі голас быў, і ў дзядулі. Пасля школы паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў на эстраднае аддзяленне, вакал. Самае цікавае, што калі займалася ў студыі, ніколі не ставілі саліраваць. Напэўна, не бачылі ўва мне салістку. І тое ж самае, калі хацела патрапіць у студыю пры каледжы: мне сказалі, што рана быць салісткай. Але гэта не спыняла. Ніколі не гублялася. Тут жа знайшла іншую студыю дзесьці на ўзбочыне Гродна і запісалася. Была прага. Ніколі не лічыла, што гэта праблема ўва мне. Заўсёды думала, што гэта яны, выкладчыкі, нешта нерасчулі. Здаецца, гэта дапамагала неяк расці. Адвучыўшыся ў каледжы, патрапіла ў… армію (смяецца). На кантракт.


– Нечакана… А чаму армія? Як жа спевы?

– Калі паступала ў каледж, у мяне было мэтавае накіраванне. І трэба было вярнуцца па ім і адпрацаваць. Але я не хацела пакідаць Гродна. На той час супрацоўнічала з адной ваеннай часцю. Выступала ад іх на конкурсах, прывозіла прызавыя месцы, лаўрэацтва. І вось вырашыла, што не з’еду, а пайду лепш служыць да іх, у армію. Былі думкі паступіць у школу лейтэнантаў. Карацей, звязаць жыццё з арміяй. Але пасля падвярнуўся выпадак. Праводзіўся конкурс: набіралі салістаў у Прэзідэнцкі аркестр, называўся “Новыя галасы Беларусі”. Нейкім цудам удалося патрапіць на кастынг у Гродне. Прайшла. І далей завярцелася… Мяне неаднойчы лёс адводзіў з намечанага шляху.

– Вы вакалістка ў гурце “Cosa Nostra”. А з нядаўняга часу яшчэ і салістка аркестра…

– “Cosa Nostra” – гэта асноўны занятак, мой від дзейнасці. Гурту 14 гадоў. Мы стараемся яго развіваць, аддаваць туды больш свайго часу. Што датычыцца аркестру, то з верасня я афіцыйна салістка Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Я. Фінберга. Усё жыццё хацела выступаць з жывым гукам, пад інструментальнае суправаджэнне. І таму пайшла ў аркестр.

– Ці цяжка было патрапіць туды?

– У іх перыядычна праводзіцца праслухоўванне. Прыйшла, і мяне ўзялі. Каб выступаць з аркестрам, трэба ўмець слухаць, бо ён крыху адрозніваецца ад “мінуса”. Падчас канцэрту адчуваеш падтрымку: ты не адзін на сцэне. Гэта такая музычная машына, якая дае ўпэўненасць.

– Рэпертуар аркестру і гурту кардынальна розніцца. Ці адбіваецца гэта на голасе? 

– Што датычыцца рэпертуару “Cosa Nostra”, то мы іграем і аўтарскую музыку. Яна ў стылі поп-рок. Чаму першапачаткова мы не ўзялі для выканання рок, хоць мы яго ўсе проста абажаем? Таму што гэта не для шырокай аўдыторыі. Мы яго зрабілі лягчэйшым крыху, каб музыка была больш даступнай. А ўвогуле іграем і каверы розныя, і старую музыку, ды ўвогуле ўсё, што запатрабавана публікай. У аркестры праграмы розныя. Выконваем сучасныя песні, рамансы. Ёсць асобныя праграмы, прысвечаныя беларускім кампазітарам. Мне калісьці сказалі: ну ты менавіта эстрадніца-эстрадніца! (смяецца). Не ведаю, мне лёгка даецца спяваць і там, і там. У нас у “Cosa Nostra” працую, як умею, як вучылася. Нічога з сябе не строю. Калі выконваю поп-рок ці рок, спяваю настолькі, наколькі здольная. Спецыяльна нічога з сябе не выціскаю.

– Радміла, вы яшчэ і педагог?

– Я педагог па вакале ў камандзе Андрэя Гузеля – прадзюсара музычнага праекта “Звёздный путь”. Увогуле быць педагогам мне падабаецца. Тры гады адпрацавала ў музычнай школе. Выкладаць – гэта іншы ўзровень. Мне, як вакалістцы, такі досвед карысны. Вялікі плюс, што ўмею займацца гэтай справай. Скажу так: калі ў чалавека ёсць жаданне займацца і працаваць, бо гэта вялікая праца, то дамагчыся поспеху можна.

– З якімі аўтарамі, кампазітарамі супрацоўнічае гурт “Cosa Nostra”?

– Мы доўга не адважваліся на выкананне аўтарскай музыкі. Спадзвігла на гэта Ганна Сялук. Пазнаёміліся падчас аднаго мерапрыемства. Яна нас убачыла і гаворыць: рабяты, а ці хочаце паспрабаваць сябе не як кавер, а як гурт са сваімі песнямі? І падарыла наш першы тэкст “Рэтраградны Меркурый”. Кампазіцыя нарадзілася ўмомант. Музыку напісала я. Нам так спадабалася. І пачалі працаваць. Ганна Сялук падарыла другую песню “Пішы курсівам”. Пасля была “Музыка траў”, далей – “Уключыце сонца”, сур’ёзная песня, дарэчы. Аўтарамі сталі Ганна Сялук і Ганна Благава. І песня атрымалася класнай. Аўтары не маглі доўга вызначыцца, каму аддаць. І вось у нас яна прыжылася. Зусім нядаўна выйшла лёгкая-забаўная песня “Пра лета”. Можна ўжо слухаць на ўсіх лічбавых пляцоўках.

– Ваш хіт “Музыка траў” гучыць досыць доўга на радыёхвалях. Аднак знайсці інфармацыю пра аўтарства твора аказваецца нялёгка.

 – Немагчыма знайсці па той прычыне, што назву мы прыдумалі самі. А верш называўся па-іншаму. Выпадак быў такі: нашаму барабаншчыку, па сумяшчальніцтву майму мужу (усміхаецца), гэты твор прапанаваў яго педагог з Гомеля Аляксандр Гулай. На старонцы ў Інстаграме ён заўважыў песню, запісаную ў такім савецкім, старэнькім выглядзе. Дзіма зачапіўся за мелодыю, яна была вельмі прыгожай. Даслаў мне. Кажа: паслухай. Было такое адчуванне, быццам гэта наша песня і мы павінны яе спяваць. Тут жа падумалі, якую аранжыроўку можам зрабіць. Так, каб гэта было сучасна, плюс у нашым стылі. І добра было б, каб нам яе падарылі. Мы аддалі на аранжыроўку ў Маскву. Аранжыроўшчык улавіў нашу думку, што мы хочам, як. І атрымлася, тое, што атрымалася.

– Пра што гэта песня? Адназначна не магчыма вызначыць…

– Вы правільна сказалі: вызначыцца цяжка. Шмат розных сэнсаў. І я вам не скажу адназначны адказ. Мы пакідаем людзям такі момант – падумаць, каб кожны знаходзіў у ёй нешта сваё. На гэтую песню просяць у мяне часта мінусоўку – на конкурсы, экзамен эстраднікам. Таму што падабаецца. Дарэчы, словы нашага беларускага паэта Анатоля Грачанікава.

– Як лічыце, якімі якасцямі павінен валодаць сучасны артыст?

– Павінен быць стрыжань і ўпэўненасць, што ты можаш. Трэба працаваць, ніколі не расслабляцца. На гэта няма часу, бо табе пастаянна наступаюць на пяту. Заставацца чалавекам. Нельга дамагацца свайго, робячы іншаму блага.

– Ведаю, што не адмаўляеце ў дапамозе тым, хто мае патрэбу…

– Лічу, што ўсе добрыя справы, у тым ліку дабрачыннасць, робіцца ў цішы. І пра гэта крычаць не трэба. Часта просяць паспрыяць у зборы для лячэння дзетак. Мы стараемся дапамагаць, чым можам. Наша каманда заўсёды “за” ўдзел у дабрачыннасці, проста не вельмі любім пра гэта казаць.

– Нядаўна вы ўдзельнічалі  ў інклюзіўным праекце…

– У маі з гуртом удзельнічалі ў модным паказе “Каляровыя сны”. Гэта быў Рэспубліканскі дабрачынны праект, дзе дзеці з асаблівасцямі фізічнага і псіхічнага развіцця, у тым ліку дзеці-сіроты, выхавальнікі сацыяльных пансіянатаў і школ-інтэрнатаў з усёй краіны выходзілі на сцэну разам з артыстамі эстрады. Дзеткі з асаблівасцямі ў развіцці дэманстравалі касцюмы, створаныя дызайнерамі, паказвалі харэаграфічныя нумары. Мы былі запрошаны на дэфіле, у працэсе якога спявалі свой “Рэтраградны Меркурый”.

– Радміла, як мяркуеце, чым адметны асаблівы глядач?

– Мы часта прысутнічаем на мерапрыемствах, дзе ёсць дзеткі і дарослыя з абмежаванасцямі. І ведаеце, як мне здаецца, асаблівы глядач дакладна адрозніваецца сваёй шчырасцю. Яны настолькі шчаслівыя, глядзяць з шырока расплюшчанымі вачыма і ўсмешкай. Заўсёды стараюся ўдзяліць ім больш увагі, усміхнуцца, падысці пасля канцэрту – даць пяць, паціснуць руку. Яны вельмі рады, і нам так прыемна!

– Добрая песня лечыць душу, асабліва калі гэта жывое гучанне… Ці згодны?

– Маё меркаванне – музыка ўсім дапамагае. Лічу, гэтыя асаблівыя людзі не выключэнне. Бачачы іх эмоцыі, радасць і шчасце ў вачах, вядома, можна сказаць, што песня дадае пэўныя фарбы ў жыццё.

– Як падабаецца ўзнаўляцца пасля канцэртаў?

– Спаць. Высыпацца. Бывае, хочацца прагуляцца па парку, падыхаць свежым паветрам. Аднак у якасці адпачынку абіраю нешта максімальна спакойнае, дома. У асноўным жа гэта – сон.

– На развітанне пажадайце што-небудзь для нашых чытачоў.

– Жадаю больш нагод для ўсмешак! Няхай лета будзе цёплым, каб кожны змог адпачыць. Каб у сям’і ўсё было добра! А самае галоўнае – слухайце цудоўную музыку, пажадана гурта “Сosa Nostra”!

Гутарыла Надзея Зуева

Фота з уласнага архіва спявачкі

 

Новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.