«Прыгажосць без межаў». Хлопец з інваліднасцю кіруе салонам, дзе топ-майстры працуюць разам з асаблівымі

Поддержи

39-гадовы Ігар Жукаў нарадзіўся ў Наваполацку, але ў дзяцінстве пераехаў у Мінск. У 13 гадоў падчас гульні ў футбол у яго пачало дваіцца ў вачах. Гэта было яго першае кровазліццё ў мозг. Аперацыя, доўгі шлях аднаўлення, вяртанне да нармальнага жыцця. А потым новае кровазліццё, кома, рэалістычныя сны і чарговая аперацыя. Сёння Ігар кіруе салонам прыгажосці, дзе для людзей з інваліднасцю дзейнічаюць зніжкі. Да 60%. Ігар размаўляе па-беларуску і будуе планы на будучыню. Пра тое, як ён стаў стваральнікам фанацкага руху і чаму вырашыў дапамагаць іншым, – чытайце ва «Вместе!».

«У адзін момант я вырашыў, што мне трэба збегчы»

Ігар (сябры называюць Гога) нарадзіўся ў Наваполацку. Першыя чатыры гады жыў там – садок, сябры ў двары, вясёлае дзяцінства. А потым бацькі вырашылі пераехаць у Мінск.

– Я прасіўся назад, бо жыццё ў Наваполацку было для мяне больш звыклым, – успамінае Ігар. – У сталіцы ўсё было незнаёмае. Я хацеў дадому. І аднойчы вырашыў збегчы. Я быў упэўнены, што знайду дом бабулі.

З гэтай ідэяй маленькі хлопчык, які яшчэ нават не хадзіў у школу, даехаў да вакзала, зайшоў у цягнік. Правадніца спытала: «А дзе твае бацькі?» На што Ігар адказаў, што яны ўжо зайшлі. Яго пусцілі.

– Кіламетраў праз 30–40 усё ж такі работнікі цягніка здагадаліся, што я еду адзін, – смяецца ён. – Даставілі ў міліцыю пры вакзале. Потым прыехалі бацькі. Вось такая была прыгода.

Гэтая гісторыя, як ні дзіўна, вельмі добра характарызуе Ігара. З дзяцінства ён не баяўся дзейнічаць. Гэта, напэўна, і зараз дапамагае яму ў жыцці.

«Пачало дваіцца ў вачах»

Ігар, як і большасць хлопцаў яго ўзросту, вучыўся ў школе, гуляў у футбол, меў разрад па плаванні. Жыццё ішло сваёй чаргой – пакуль у 13 гадоў не здарылася нечаканае.

– Мы з сябрам гулялі ў футбол, і ў мяне пачало дваіцца ў вачах, – успамінае ён. – Балюча не было, але карцінка – як у тым кіно, калі герой атрымаў па галаве. Я абліўся халоднай вадой. Не дапамагло. Пайшоў дадому, ледзь не ўпаў. Думаю: «Ну ўсё».

Бацька быў дома. Ігар сказаў, што яму дрэнна. Вырашылі, што атруціўся грыбамі – якраз на той момант былі ў вёсцы ў Віцебскай вобласці. Выклікалі хуткую дапамогу. Спачатку хлопца павезлі ў Шуміліна, потым у Віцебск.

– Доўга не маглі паставіць дыягназ, – гаворыць ён. – У выніку высветлілі: артэрыявенозная мальфармацыя галаўнога мозгу. Па-просту кажучы, лопнуў сасуд і ў мозг палілася кроў. Сказалі, што такая паталогія сасудаў, як у мяне, бывае раз на мільён, нягле­дзячы што АВМ – даволі распаўсюджаная хвора. Ну, значыць, я той самы мільённы.

Ігару зрабілі трэпанацыю чэрэпа. Пасля аперацыі ён не мог хадзіць, прапусціў каля шасці месяцаў навучання ў школе.

– Праз паўгода здавалася, што ўсё добра, – успамінае Ігар. – Але пасля аперацыі я стаў павольней бегаць. Не было той жвавасці. Трэнеры па футболе казалі, што я добра гуляў. Але кар’ера вялікага футбаліста, на жаль, скончылася, – жартуе ён.

Ён скончыў школу ў Мінску, захапляўся спортам, падарожнічаў, у тым ліку з фанацкімі рухамі. Некаторы час Ігар нават быў стваральнікам аднаго з такіх рухаў у Беларусі. Кажа, што гэта дало яму каштоўны досвед арганізацыі і зносін з людзьмі.

«Сны ў коме настолькі рэалістычныя, што сам пачынаеш у іх верыць»

У 2008 годзе Ігар скончыў эканамічны факультэт БДУ. Займаўся бізнесам – стварыў гандлёвую сетку па продажы бульбы, пастаўляў у крамы Віцебска, Брэста і Мінска. Але 20 верасня 2009 года, калі яму было 24 гады, здарылася новае кровазліццё ў мозг.

– Была кома, – успамінае ён. – Зноў рабілі трэпанацыю чэрэпа, на гэты раз двойчы. Як казалі лекары: «Каб кроў прыбраць і ціск знізіць у галаўным мозгу».

Умовы былі спрыяльныя для аднаўлення – малады арганізм усё ж. Але ніхто не даваў гарантый. Лекары сказалі бацькам: «Ідзіце пагуляйце, пакуль адыйдзе ад наркозу». А Ігар усё не выходзіў з комы. І сніліся яму дзіўныя рэчы.

– Сны настолькі рэалістычныя, што не перадаць словамі, – кажа ён. – Шматсерыйныя, з сюжэтамі. Тры асабліва запомніліся.

Першы. Ён у сярэднія вякі на мануфактуры, дзе яго род нешта вырабляў, але ён чамусьці адзін стаяў каля станка. Другі ў Амерыцы – нічога цікавага, проста падарожжа. А трэці – самы каларытны: ён у Швецыі на рэабілітацыі. І там кухар з гувернанткай задумалі яго забіць. Ігар не мог хадзіць, таму поўзаў, хаваўся ад іх.

– І наяве кажу медсястры: «Дайце тэлефон». Яна дае, а я набіраю 02. І па-англійску: «Дапамажыце мне!», – смяецца ён. – Вось такая кінастужка. Гэта я ўжо прыходзіў у сябе і хутка пачаў разумець, дзе я і што адбываецца.

Як распавядае Ігар, аднойчы падчас абходу ён выпадкова пачуў размову лекараў пра сябе. Сядзеў каля балкона. Яны яго не бачылі, а ён усё чуў. Вопытны доктар пытаецца ў малодшых калегаў: «Што можаце сказаць?» Яны адказваюць: «Ну вось, Жукава шкада. Малады хлопец, пазітыўны. Хадзіць не будзе ўжо». Другі адказвае: «Ну чаго не будзе? Будзе. Але толькі пад сябе».

– Спецыфічны медыцынскі гумар. Але я не пакрыўдзіўся на такі прагноз, – усміхаецца Ігар. – Аднак вырашыў іх пераканаць.

«Вёска мяне ратавала»

Пасля бальніцы Ігар трапіў у Аксакаўшчыну. Ажно дзевяць разоў ездзіў туды на рэабілітацыю. Калі скласці ўвесь гэты час, то атрымаецца амаль год.

– Рэабілітацыі, зразумела, дапамагалі. Але яшчэ мяне ратавала вёска, – прызнаецца ён. – Лекары казалі: «Хадзіць спакойна і толькі 30 хвілін». А я хадзіў па лесе гадзінамі. Прырода, цішыня. Гэта лепшыя лекі.

Спачатку ён адмаўляўся ад групы інваліднасці.

– Думаў: «Усё ў парадку, я сам». А потым прыйшлося прызнаць. Сёння ў Ігара 2-я група. Ён дрэнна спіць. Часам парушаецца каардынацыя. Узімку, калі слізка, бярэ палку. Але ў цэлым жыццё наладжана.

– Я не камплексаваў, – кажа ён. – У Аксакаўшчыне шмат маладых хлопцаў, якія хрыбетнік зламалі. Ім было цяжка, яны нікуды не выходзілі. Мне шкада іх было.

Тады ў яго з’явілася ідэя: стварыць сайт, дзе людзі з інваліднасцю маглі б размаўляць, дамаўляцца аб сустрэчах, разам выязджаць. Сайт нават з’явіўся. Дэвіз: «Магчыма ўсё і заўсёды». Але з гадамі ўсё згасла.

– Кінуў я гэтую справу, бо не атрымалася сабраць вялікую колькасць людзей, – усміхаецца ён. – Але думка засталася. І я вярнуўся да яе, калі пачаў займацца салонам.

«Салон – гэта не проста праца, гэта жыццё»

Амаль дзесяць гадоў Ігар быў дома. Нічым асаблівым не займаўся.

– Гэта ж няправільна, – кажа ён. – Чалавек павінен нешта рабіць.

Рашэнне прыйшло нечакана. Маці валодала салонам прыгажосці, які працаваў яшчэ з 1999 года, але ўжо не хацела ім займацца. Ігар вырашыў: трэба дзейнічаць.

– У сакавіку 2021 года я стаў дырэктарам гэтага салона, – успамінае ён. – Тады ж пачаў размаўляць па-беларуску. І не спыняюся.

Галоўнае для яго – дапамагаць людзям з інваліднасцю. Салон «Фабрыка мрояў» на Змітрака Бядулі, 6, праўда, не абсталяваны для калясачнікаў. Галоўны недахоп. Але Ігар знаходзіць выйсце: тых, хто не можа прыехаць, абслугоўваюць дома. За час дырэктарства Ігара больш за тысячу чалавек з інваліднасцю атрымалі паслугі бясплатна. Акрамя таго, дзейнічаюць пастаянныя зніжкі: 60% – для 1-й групы, 30% – для 2-й, 20% – для іх бліжэйшых родных (маці, бацька, муж, жонка). І стаіць скрыня «Дабрыні» для ахвяраванняў – хто колькі можа, тым і дапамагае.

Калектыў у Ігара сапраўды незвычайны: дырэктар (ён сам), бухгалтар, дзве адміністратаркі, тры цырульнікі, два масажысты (адзін з іх невідушчы), тры майстры манікюру і педыкюру, два касметолагі, майстар перманентнага макіяжу. Працуюць у салоне топ-майтры, да якіх прыязджаюць з другіх гарадоў і нават краін. Ёсць яшчэ асобны і цікавы чалавек – дзяўчына з ДЦП, якая робіць міхендзі (наносіць часовыя ўзоры на скуру з дапамогай натуральнай хны). Аплата яе паслугі па жаданні і сума на погляд кліента.

– А мы нічога з гэтага не атрымліваем. Але нам не трэба. Глядзець, як людзі свецяцца ад шчасця – вось галоўная ўзнагарода, – кажа Ігар.

Салон выязджае на мерапрыемствы. Напрыклад, у гэтым месяцы ўдзельнічалі ў паказе мод у СУ «Інвацэнтр» Беларускага таварыства інвалідаў. Майстры Гогі рабілі візажы і прычоскі мадэлям.

– Некаторым проста трэба падняць настрой, – тлумачыць Ігар. – Масаж, увага, цёплае слова. Яно часам лепей за любыя лекі.

«Мова – наша прыгажосць»

Адной з галоўных фішак салона Ігар лічыць беларускую мову. Ён сам пачаў размаўляць па-беларуску некалькі гадоў таму.

– Гэта наша мова, – кажа ён. – Мне сумна, што мы на ёй не размаўляем. А чаму не? Яна ж прыгожая.

Спачатку было нязвыкла, але хутка ўцягнуўся.

– За гэтыя гады толькі адзін чалавек сказаў, што не разумее. Адміністратаркі размаўляюць па-беларуску. Майстры – амаль усе. Да нас многія ідуць менавіта беларускамоўныя. Але гэта выбар кожнага. Мы нікога не прымушаем. Проста спрабуем зрабіць свет крыху прыгажэйшым, – усміхаецца ён.

«Мая мара – зрабіць базу для людзей з інваліднасцю»

Ігар плануе адкрыць новы салон – на Лагойскім тракце ў офісе, які застаўся яму пасля смерці бацькі. Ужо з безбар’ерным асяроддзем. Таксама ў яго ёсць бацькава лесапільня, якой ён кіруе самастойна.

– Але мая галоўная мара – зрабіць салон на Змітрака Бядулі базай для людзей з інваліднасцю, – расказвае ён. – Я распрацаваў стратэгію: 15 працоўных месцаў для людзей з інваліднасцю. А таксама бясплатнае абслугоўванне раз у месяц. Такога ў Беларусі яшчэ няма.

Ён ужо спрабаваў дамовіцца з Мінгарвыканкамам – хоча, каб дзяржава прадала яму памяшканне. Пакуль вырашаецца пытанне.

– Калі плаціш арэнду, цяжка дапамагаць бясплатна. А калі б памяшканне было маё – я б зрабіў безбар’ерную прастору. І навучыў бы людзей, каб яны маглі стаць майстрамі. Напрыклад, калясачнікам было б зручна працаваць майстрамі манікюру.

У асабістым жыцці, кажа Ігар, пакуль усё ідзе сваёй чаргой. Не жанаты, дзяцей няма.

– Будаваў дом у вёсцы, думаў пра сям’ю. Але жыццё – рэч непрадказальная. Як атрымаецца – так і будзе. Галоўнае – не стаяць на месцы. Я вырашыў, што мая інваліднасць – не праблема, а магчымасць, – кажа Ігар. – Калі ўжо так здарылася, трэба з гэтага выходзіць. Адштурхнуцца ад таго, што маеш. І рабіць дабро.

Падпісацца на старонку салона, дзе для новых кліентаў дзейнічае 25% зніжка, можна па гэтай спасылцы

Тэкст: Дарыя Галоўчыц
Фота з архіва Ігара Жукава

 

 

Новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.


Exit mobile version