«Пакуль ногі ходзяць, буду працаваць» . Старшыня Свіслацкай РА Беларускага таварыства інвалідаў Зінаіда Лук’янюк – пра любоў да жыцця і сваёй арганізацыі

Зінаідзе Анатольеўне Лук’янюк 72 гады. Вось ужо 10 гадоў, як яна ўзначальвае Свіслацкую раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”, якая налічвае 339 чалавек. Гэтая рэгіянальная арганізацыя лічыцца адной з лепшых у аб’яднанні. І ўсё дзякуючы імпэту і актыўнай жыццёвай пазіцыі неабыякавай жанчыны.
Зінаіда нарадзілася ў 1951 годзе ў маленькай вёсачцы Ягнешчыцы Слонімскага раёна. Выхоўвалася ў шматдзетнай сям’і. Яна ў бацькоў – чацвёртая, яшчэ ёсць малодшая сястра.
– Раней сем’і былі вялікія. Гэта было з аднаго боку цікава і весела, а з другого часам складана, бо бацькі шмат працавалі. Ім было цяжка спраўляцца. Таму з намі жыла бабуля, – успамінае Зінаіда Анатольеўна. – Дзяцінства і юнацтва былі звычайнымі на той час: дапамагала бацькам, гуляла з вясковымі хлопцамі і дзяўчатамі, за паўтара кіламетра ад хаты хадзіла ў сельскую школу.
Пасля школы Зінаіда паехала паступаць у Баранавіцкі тэхнікум на кухара-кандытара. Тады гэта быў першы набор там на такую спецыяльнасць. Яна паступіла і атрымала сярэдне-спецыяльную адукацыю.
– Паводле размеркавання трапіла ў Свіслач. Адразу працавала кухарам 4 разраду, а праз два месяцы назначылі шэф-поварам. 13 гадоў я адпрацавала там, а пасля яшчэ ў школьнай сталовай. З працы сышла, калі да пенсіі заставалася 7 месяцаў, – расказвае Зінаіда Анатольеўна.
Не атрымалася дапрацаваць па двух прычынах: пасля смерці маці захварэў бацька, за якім патрэбен быў догляд. Таксама падвяло ўласнае здароўе.
– Я так хвалявалася за свайго бацьку, калі ён пачаў хварэць, што на нервовай глебе і ў самой узніклі праблемы са здароўем, – кажа яна. – Зараз маю 2-ю групу інваліднасці.
У 2012 годзе Зінаіду Анатольеўну папрасілі прыйсці на сустрэчу ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Свіслацкага райвыканкама. Там прысутнічаў і Васіль Лукашэвіч, які на той час быў старшынёй праўлення Гродзенскай абласной арганізацыі ГА “БелТІ”. Ён і прапанаваў Зінаідзе Анатольеўне ўзначаліць Свіслацкую раённую арганізацыю гэтага аб’яднання.
– Было цяжка пачынаць, – дзеліцца жанчына. – Я шмат ездзіла па вёсках, хадзіла па кватэрах і дамах у Свіслачы, запрашала людзей далучыцца да арганізацыі. За першыя тры месяцы наша структура павялічылася на 57 членаў, за два наступныя гады – на 277. Цяпер у Свіслацкай РА ГА “БелТІ” – 339 чалавек.
– Падчас пандэміі, – працягвае размову старшыня, – арганізацыя страціла шмат людзей. Гэта быў цяжкі перыяд. Зараз стараемся аднаўляцца. Людзі проста так уступаць у таварыства не вельмі хочуць. Тлумачу ім, што мы будзем дапамагаць. А галоўнае, рабіць разнастайным іх жыццё.
Свіслацкая РА ГА “БелТІ” актыўна ўдзельнічае ў культурных і спартыўных мерапрыемствах як самога аб’яднання, так раёна і вобласці.
– Вельмі важна быць актыўнымі. Мы заўжды прымаем удзел у абласной спартакіадзе, якую праводзіць Гродзенская АА БелТІ; у фестывалі нацыянальных культур, што праходзіць у Гродна; на розных святах у Свіслачы. У нас ёсць і сацыяльныя партнёры. Напрыклад, да Дня пажылых людей разам з раённай арганізацыяй ветэранаў праводзім ля мясцовага кінатэатра свята “Залатая восень”, дзе будуць выступаць самадзейныя артысты з нашай арганізацыі, – інфармуе Зінаіда Анатольеўна.
Акрамя гэтага, члены Свіслацкага раённага таварыства інвалідаў наведваюць фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Свіслач”. Там з імі займаюцца трэнеры. Нашы таленавітыя артысты перыядычна выступаюць з канцэртамі ў тутэйшым доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. А з аддзяленнем сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў Свіслацкага ТЦСАН маюць агульны план мерапрыемстваў.
– Аддзяленне знаходзіцца праз дарогу ад офіса нашай арганізацыі. Мы супрацоўнічаем з ім: разам ездзім на экскурсіі, арганізуем канцэрты, дыскатэкі, салодкія сталы і іншыя мерапрыемствы, – тлумачыць старшыня.
Зінаіда Анатольеўна ў бягучым годзе адзначыла 72 гады, але, як кажа сама, энергіі ў яе меней не стала.
– Я ўсім сэрцам люблю сваю арганізацыю, – кажа напаследак Зінаіда Анатольеўна. – І пакуль ногі ходзяць, буду працаваць.
Дарыя Галоўчыц
Фота з архіва Зінаіды Лук’янюк
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.