«Паедзем толькі ў Беларусь. Няхай там будзе пустая зямля, але гэта Радзіма». Былая малалетняя вязніца Вера Колесава расказала пра свой лёс
3 ліпеня – у адну з галоўных дат у гісторыі незалежнай Беларусі – у чарговы раз хочацца расказаць пра людзей, якія жылі падчас Вялікай Айчыннай вайны. У мінулым месяцы ў горадзе Баранавічы 95-годдзе адзначыла Вера Мікітаўна Колесава, якая падлеткам у гады Вялікай Айчыннай вайны была вывезена нямецкімі захопнікамі ў Германію. Мы з’ездзілі да гэтай жанчыны, каб даведацца пра яе лёс, пра тыя пакуты, якія давялося ёй перажыць на нямеччыне.
“Хавай дачку на гарышча”
Вера Мікітаўна жыве амаль што ў цэнтры Баранавічаў. Ля дома – клумба з кветкамі, за якой, як стане вядома з гутаркі, даглядае гэта пажылая жанчына. З адчыненага вакна на першым паверсе яна махае рукой, запрашаючы ў кватэру.
– Добры дзень! Можа, чай ці каву? – вітае Вера Мікітаўна. – Праходзьце, будзем размаўляць.
Кватэра падобная на музей. У зале на сценах шмат фотаздымкаў, карцін і вырабаў з тканіны. Вера Мікітаўна абяцае, што раскажа пра ўсё сваё жыццё, але спачатку – успаміны пра Вялікую Айчынную вайну.
– Я нарадзілася ў Віцебская вобласці ў вёсцы Бабінічы – гэта дзесьці 10 кіламетраў ад Віцебска, – пачынае жанчына. – Тут і застала нас вайна. На той момант мне было ўсяго 13 гадоў. Яскрава памятаю, як да нашага дома пад’ехала машына, і мой брат папярэдзіў: праз гадзіну тут будуць немцы. Наш дом стаяў каля галоўнай дарогі, таму мы хуценька сабраліся і пачалі адыходзіць далей ад гэтага месца.
Вера ў сям’і была самай малодшай. Яшчэ ў яе былі тры браты і сястра, якая памерла яшчэ да вайны. Усіх братоў і бацьку сям’я страціла напачатку вайны. Так і засталіся яны ўдвух з маці.
– Немцы ўсё ж мяне злавілі, – успамінае суразмоўца. – Яны збіралі па вёсках падлеткаў, прымушалі рыць акопы. Мяне разам з іншымі трымалі ў падвале віцебскай школы, але я збегла праз маленькае вакенца. Каля 10 кіламетраў ішла дадому, а ў нашай хаце ўжо былі немцы. Яны ведалі, што мяне забралі. Але гэта былі простыя салдаты, не эсэсаўцы, таму яны сказалі маці: “Хутчэй хавай дачку на гарышча”.
“Нас пагрузілі як скот”
У хуткім часе немцы пачалі адступаць. Перад гэтым усіх вяскоўцаў выганялі з хатаў. Тых, хто аказваў супраціўленне, расстрэльвалі.
– Нас з маці гналі амаль 10 кіламетраў да таварнай станцыі, – працягвае Вера Мікітаўна. – Там, як скот, нас пагрузілі ў чыгуначныя вагоны, прызначаныя да перавозкі цялят. І адправілі ў Германію. Па прыездзе на чужбіну пасялілі ў бараках. Туды прыйшоў гаспадар адной з сядзібаў, каб выкупіць сабе працаўнікоў. Ён выбраў толькі маці, але я стала моцна трымацца за яе і галасіць, тады яму давялося ўзяць і мяне, – усміхаецца суразмоўца.
Дзесьці 8 месяцаў яны з маці правялі ў немца ў горадзе Вольцыг.
– У гаспадара была вялікая плантацыя хмелю, а таксама шмат кароў, – узгадвае жанчына. – Такая ж самая па ўзросце, як і я, была там Варка з Украіны. Мы з ёй даілі 18 кароў. Тады яшчэ не было ніякіх апаратаў, таму ўсё рабілі ўручную. Пасля апрацоўкі хмелю на руках былі страшэнныя мазолі – было балюча брацца за саскі ў каровы. А яшчэ мы часта былі галодныя і хацелі піць. Памятаю, як Варка вырашыла папіць надоенага малака і не заўважыла, як ззаду падышоў гаспадар. Ён раззлаваўся і так моцна ўдарыў Варку па твары, што выбіў ёй пярэднія зубы.
Як кажа Вера Мікітаўна, вызваляць іх прыйшлі амерыканскія салдаты, бо плантацыя знаходзілася ў заходняй частцы Германіі.
– Амерыканцы прапаноўвалі нам паехаць у ЗША, – кажа суразмоўца. – Мая сяброўка Варка згадзілася адразу, а маці сказала: “Мы паедзем толькі ў Беларусь. Няхай там будзе пустая зямля, але гэта Радзіма”. Тады нас пасадзілі ў машыну і адвезлі на савецкі бок, дзе ўжо нашы салдаты дапамаглі дабрацца дадому.
“Хто не выйдзе на гімнастыку, зніжаю балы”
Калі сям’я вярнулася на Віцебшчыну, яны ўбачалі свой спалены дом. Два гады жылі ў зямлянцы.
– Стрыечны брат мамы з суседняй вёскі дапамагаў нам будаваць дом, таму было трошкі лягчэй, – расказвае Вера Мікітаўна. – Маме яшчэ выдалі грошы з КДБ, бо там служылі брат і бацька. За гэтыя сродкі мы набылі карову. А праз паўгода пасля заканчэння вайны маміна стрыечная сястра, што жыла ў Літве, прапанавала мне працу ў ваеннай сталовай.
Вера згадзілася. На той момант ёй споўнілася 17 гадоў. Тут, у Каўнасе, адбылася сустрэча, якая і вызначыла яе далейшы лёс.
– Я працавала афіцыянткай і абслугоўвала афіцэраў, што прыходзілі ў сталоўку снедаць і абедаць, – распавядае яна. – І тут я сустрэла свайго будучага мужа. Сам ён быў са Смаленска, а служыў у авіяцыі ў Літве. Хутка ў нас нарадзілася дачка, а праз два гады яго перавялі ў Баранавічы – працаваць інспектарам на авіязаводзе. У гэтым горадзе мы і засталіся на ўсё жыццё.
– Я навучылася шыць і пайшла працаваць на Баранавіцкую фабрыку мастацкіх вырабаў. Два тыдні шчыравала за швейнай машынкай, а пасля стала кантралёрам, – з гонарам кажа Вера Мікітаўна. – Я заўжды была актывісткай. Мяне нават двойчы выбіралі ў дэпутаты гарадскога савета ад фабрыкі. Яшчэ шмат гадоў маё фота было размешчана на гарадской дошцы гонару. На фабрыцы адпрацавала 40 гадоў, а яшчэ 7 дадалі да працоўнага стажу як малалетняй вязніцы.
– Не толькі сама актыўнай была, яшчэ і астатніх да гэтага прывучала, – уступае ў размову былая калега Вольга Бабонава. – Калі мне давялося працаваць на фабрыцы, Вера Мікітаўна была інструктарам па мастацкай гімнастыцы. Вялі нават уласную табліцу з баламі. Зранку яна казала: “Хто не выйдзе на гімнастыку – зніжаю балы”.
“Калі хочаш шмат пражыць, трэба гарэлкі меней піць”
Муж Веры Мікітаўны памёр на 45 годзе жыцця, таксама як і сын. У яе засталіся дачка і ўнук. Яны жывуць у Мінску, але прыязджаюць у Баранавічы, каб наведаць маці і бабулю.
– Маёй дачцэ 75 гадоў, прязджае да мяне кожны месяц і кажа: “Мама, давай я забяру цябе ў Мінск”. А я адказваю: ні ў якім выпадку! – кажа жанчына. – Мне добра і адной. У мяне ёсць клумба пад вакном, якую я даглядаю. Часам да мужа і сына на могілкі з’езджу. За прадуктамі хаджу самастойна – бяру сваю торбу на калёсах і паціху іду. А калі што, у мяне ёсць памочніца з Баранавіцкай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў (у складзе якой, дарэчы, і сама Вера Мікітаўна. – Заўв. аўтара). Гэта Вольга Бабонава. Яна да мяне прыходзіць часта.
У 1995-м годзе Вера Мікітаўна перанесла мікраінсульт, з-за чаго некалькі месяцаў правяла ў ложку. Але здавацца жанчына не планавала, таму займалася гімнастыкай і хутка стала на ногі. Зараз мае 2-ю групу інваліднасці, але па хатняй гаспадарцы спраўляецца самастойна.
Пасля перанесенага інсульту Вера Мікітаўна не стала менш актыўнай. Яна пайшла ў мясцовы Дом культуры спяваць у хоры. Праз нкаторы час яе вылучылі на народнае телешоу “Я магу!”.
– Калі выйшла на сцэну выконваць свае прыпеўкі, не спрацавала флэшка з музыкай, – успамінае жанчына. – Прыйшлося спяваць акапельна. А я так шмат ведала прыпевак, што мне ўжо арганізатары з залы пачалі казаць: “Мікітаўна, хопіць!”, – смяецца яна.
Гледзячы на жыхарку Баранавічаў, здзіўляешся яе пазітыву і любові да жыцця ў такім узросце. Пытаем: як зберагчы здароўе і дажыць да 95 гадоў?
– Калі хочаш шмат пражыць, трэба гарэлкі меней піць, – у рыфму адказвае суразмоўца. – Я ўпэўнена, што галоўнае – гэта быць актыўным. Трэба ўдзельнічаць ва ўсім, весела жыць, не адмаўляцца ад мастацкай самадзейнасці. Я б і зараз пайшла танцаваць, калі б ногі дазволілі. Мая парада: вядзіце сябе належным чынам, тады ўсё будзе ў нас добра. Хай заўсёды будзе мірнае неба!
Дарыя Галоўчыц
Фота аўтара
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.