“Ні разу нідзе не падкрэсліў, што інвалід”. Браніслаў Румо з вёскі Літусава, што на Сенненшчыне, расказаў пра бацьку-франтавіка

Поддержи

Жыхар в. Літусава, што на Сенненшчыне, Браніслаў Румо расказаў пра бацьку-франтавіка, падзяліўся гісторыямі яго ваеннага мінулага. Разам з сынам ветэрана ўдалося пагартаць сямейны альбом і ўзгадаць жыццё пасляваеннай вёскі. Паказваючы на здымак маладога бацькі ў ваеннай форме, наш герой адзначыў: “Тата нікому не жаліўся на лёс. Лічыў сябе простым чалавекам, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, як мільёны іншых. Ні разу нідзе не падкрэсліў, што інвалід, што не дзейнічала рука… Куля ў жываце так і засталася на ўсё жыццё, а асколкі нагадвалі аб вайне да апошніх яго дзён”.

Сям’я салдата

Даваенная гісторыя сям’і бярэ свае карані з канца XIX стагоддзя, калі продкі Лісецкія прыехалі на Віцебшчыну з Заходняй Беларусі. Яны былі веруючымі каталікамі. Спачатку ўладкаваліся ў вёсцы Пурплева (там і цяпер засталіся рэшткі старадаўняга касцёла, каля якога знаходзілася сядзіба). Пасля сям’я знайшла прытулак на хутары Рукалева. “У дзядулі Рыгора было тры кані, дзве кабылы, адзін жарабок і “вархалка” (прылада для ачысткі зерня). Калі яны ўступалі ў калгас, усё туды аддалі”, – пачынае размову Браніслаў Герасімавіч.

“Герасім, мой бацька, нарадзіўся ў 1914 годзе ў сям’і Румо Рыгора і Марыі Захараўны (Шушкевіч). Акрамя Герасіма ў сужэнцаў былі дзеці – Адам, Раман, Усціння, Зяноўя, Праскоўя.

“Тата пабраўся шлюбам з мамай, Лісецкай Ганнай Антонаўнай, у 20 гадоў. У 1935-м нарадзіўся першы сын Валодзя, у 1938 – мая сястра Марыя”. У 1939-м маладая сям’я Герасіма і Ганны Румо перабралася ў вёску Звягі-Рошчына (Сенненскі р-н). Яны выгадавалі пяцёра дзяцей.

“Жыццё радавала, у бацькоў былі планы. Але… у 1939-м тата пайшоў на фронт. Да Вялікай Айчыннай удзельнічаў у польскім паходзе і савецка-фінскай вайне, служыў там у разведцы”, – успамінае сын салдата. Дадае сціплыя ўспаміны бацькі пра тое, як у 1940-м разам з баявымі таварышамі ў дзікі мароз ляжалі на снезе ў засадзе, як ішлі на лыжах, як фіны ўмелі добра страляць…

Баявы подзвіг чырвонаармейца

“Я нарадзіўся ў 1947-м. Быў малы і не цікавіўся ў той час у бацькі пра вайну. Таму якая для таты яна была, мы, яго дзеці, так і не даведаліся. Успамінаць мала хто хацеў. Ветэрана не стала ў 1988 годзе, яму было 74”, – удакладняе сын Герасіма Рыгоравіча.

Пра баявыя подзвігі чырвонаармейца Румо гавораць ордэны і медалі, што засталіся ў спадчыну ўнукам і праўнукам. Яны беражліва захоўваюць у сямейным архіве ўсё, што так ці інакш звязана з дзедам. Калаж з медалямі героя займае ганаровае месца ў доме сына побач з партрэтам бацькоў. Браніслаў Герасімавіч пералічвае ўзнагароды ветэрана: ордэн Айчыннай вайны І ступені, ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, ордэн Славы ІІІ ступені, ордэн Чырвонага Сцяга (за адвагу і храбрасць, праяўленыя ў баях з нямецкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне), Ордэн Чырвонай Зоркі, медаль “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”.

“Тата расказваў, як у 1942-м гнаў іх немец, адступалі на Маскву. Некалі было звяртаць увагу на тыя раны: падлечаць – і ў бой”. Ржэўска-Вяземская наступальная аперацыя пакінула глыбокі след у памяці байца. Аднак, пераглядаючы архіўныя дакументы, заўважаем загад аб узнагароджанні радавога Румо ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. У апісанні подзвіга – некалькі радкоў, але нават па іх зразумела, як цяжка прыйшлося салдату ў той бітве: “Чырвонаармеец Румо, будучы сапёрам 40 асобнага сапёрнага батальёна 8-й штурмавой брыгады 2-га Беларускага фронту, прымаў актыўны ўдзел у баях з нямецкімі захопнікамі з 18.08.41 – 21.04.44 гг. І ў баі за Жлобін атрымаў цяжкае раненне ў левую руку, правую нагу, шыю і правае плячо: у выніку ранення левая рука зусім не працуе, правая нага перашкаджае хуткаму перамяшчэнню. Зараз не працуе па інваліднасці. За актыўны ўдзел на франтах Айчыннай вайны і атрыманыя цяжкія раненні годны ўзнагароджання ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені”.

Нашым войскам прыйшлося праявіць небывалую смеласць і адвагу, каб разграміць асноўныя сілы групы армій “Цэнтр” і стварыць спрыяльныя ўмовы для наступлення на Бабруйскім накірунку. У ходзе Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі савецкія войскі нанеслі сур’ёзнае паражэнне праціўніку, што далей адыграла вялікую ролю ў Бабруйскай аперацыі 1944 года. Многія зрабілі гэта цаной свайго жыцця…

Сын байца ўзгадвае: “Падчас таго бою тата ляжаў на аперацыйным стале палявога шпіталя: рука адбітая ў локці. Чуў, як гаварылі ўрачы: “Давай ампуціруем. – А можа, будзе жыць? Давай прышыем”. Яна засталася сухарукая, – успамінае сын інваліда вайны. – Бацька вярнуўся дадому ў 1944-м увесь пабіты. На кастылях, шыя, рука і галава абвязаны, з асколкамі ў нагах, куля ў жываце. Я мыў яго і стрыг. Ад удару ў патыліцы на два пальцы – адтуліна. У гэтым месцы быў вырваны кусок мяса да касці. Як толькі не адбіла галаву”, – здзіўляецца Браніслаў Герасімавіч.

Былыя раны

“…Бацька жыў з патрывожанай нервовай сістэмай, – працягвае сын ветэрана. – Як надвор’е мяняецца – станавіўся сам не ў сабе. Працаваць не мог. Мама прасіла ў калгасе, каб узялі конюхам. Тады мы, старэйшыя дзеці, пасвілі іх і днём, і ўночы. Працаваў вартаўніком на ферме, рахункаводам. Практычна быў не працаўнік – застаўся інвалідам 2-й групы. Усе казалі, што толькі дзякуючы такой гаспадыні, як мая мама, тата столькі пражыў. Як прыйшоў, людзі гаварылі: “Герасім не жылец”. Мая сястра Марыя, 1938 года нараджэння, успамінала, што бацька здаваўся ёй чорт ведае кім. Нават абзывала яго. Дык той не вытрымліваў, мог і кастылём запусціць, – усміхаецца Браніслаў Герасімавіч і дадае, што паступова бацька абжыўся. Пасля вайны ўсім нялёгка было. Нават апрануць не было чаго – у чым прыйшоў з вайны, тое і насіў”, – заўважае ён.

З часам асколкі ўсё мацней трывожылі былога салдата. “У 1966-м, – узгадвае наш герой, – тата паехаў іх даставаць. Куля ў жываце так і засталася на ўсё жыццё. Колькі лекаў чалавек пераеў! Аднак хадзіў на сваіх нагах. Яшчэ і нервы не давалі жыць. Маці павезла яго ў Лепель у бальніцу. А ўрач кажа: “Гаспадыня, ты не па адрасе прывезла. Калі тут пакінеш, то не вернеш”. Забрала дамоў. Памятаю, ён на Маркаўшчыне ў Віцебску ляжаў у другой абласной”.

Застацца жывым

Па ўспамінах сына, ветэран ваяваў у сне… “Бывала, прачнецца і крычыць: “У бой!” Гэта зразумела, чалавек быў на вайне. У самым пекле. А як застаўся жывы, хто яго вынес з поля бою, як кроў пералілі, ён жа яе шмат згубіў, – нічога гэтага не памятае”.

Браніслаў Герасімавіч спыніўся на адным эпізодзе бацькавых успамінаў. У 1942-м яны ішлі па лесе, здзяйснялі націск на ворага. У тым пекле салдаты не маглі апомніцца, што адбываецца. На яго вачах гінулі аднапалчане. Не ўсім было наканавана дайсці да Ржэва і Вязьмы. У той мясарубцы салдату Румо цудам удалося застацца жывым. “Бацька Радзіму абараняў, ён не думаў, што загіне. Ды пра гэта ніхто не думае. Ён выконваў свой абавязак. І нас заўсёды вучыў шчырасці і справядлівасці”, – тлумачыць сын франтавіка.

“У Дзень Перамогі да мясцовага абеліска прыходзілі ўдзельнікі вайны. На іх, мабыць, не столькі шрамаў было, як у бацькі. Але ён не любіў гаварыць пра свае заслугі. Медалі адзяваў, насіў іх на пінжаку. Аднойчы папрасіў: “Зрабі мне калодачкі”… Неяк паехаў у Звягі, у пусты бацькоўскі дом. Гляджу, калодачка яго ёсць, – з сумам узгадвае суразмоўца. – Шкада, што тата не расказваў нічога. Мы раслі і не маглі нават распытаць, як там было”… – разважае Браніслаў Герасімавіч.

Вёска падчас вайны і пасля

“А што ж было ў нашай акупаванай вёсцы? Мама расказвала, як немцы прыходзілі. Калі дзе хата нічога – людзей выганялі, а самі засяляліся. Бацька быў на фронце. Маці Ганна Антонаўна з двума дзецьмі і свякроўю Мар’яй Захараўнай вымушаны былі пайсці жыць да знаёмых. Мама з бабуляй паспелі выкапаць у хляве ямачку і схаваць рэчы. Мясцовы жыхар, які служыў немцам, паведаміў аб гэтым. Фрыцы прыйшлі і забралі тыя схаваныя анучы. Пасля вайны капітан савецкай арміі Яўмен Мікітавіч Казлоў зрабіў данос на гэтага здрадніка ў Сенненскі ваенны камісарыят. З ваенкамата прыехалі рабіць расследаванне і сталі ў маці пытацца пра ўсё. А яна: “Ай, вайна скончылася, усё мінула”. І данос не падпісала. Гэты чалавек, што служыў немцам, зразумеў: цяжка будзе яму тут жыць. Пасля з’ехаў у Прыбалтыку”.

Сын Герасіма Рыгоравіча ўспамінае падзеі пасляваеннай пары. “На вёсцы было шмат адзінокіх жанчын. Мужыкоў не хапала. Да маці прыходзілі: “Пусціце свайго мальца (сына), хай мне гарод пабарануе ці сена прывязе”. Бацька гэтым не кіраваў, усім займалася мама. Сапраўды, яе заслуга, што бацька столькі пасля вайны пражыў. Яна працавала за яго і за сябе, і нас прымушала. Пражыць трэба ж неяк было, дык набярэ работ гэтых. І была звеннявой, і на ферме шчыравала – карміла свіней, цялят. У нас, у Звягах, дзе раней быў клуб, стаялі фермы. На гэтым месцы залівалася ўсё балота, там сеялі кок-сагыз (рабілі з яго гуму). Бывала, набярэ дзялянак кок-сагызу. Дык ёй як звеннявой за гэта далі, памятаю, дзесяць літраў сланечнікавага алею. А другім разам – цукру. У 1960-х пасля меліярацыі вырошчванне гэтай культуры спынілася.

…Бывала, мама ноччу цішком хадзіла да стога, каб узяць ахапак сена (ім набівалі сяннік, на якім мы спалі). Настолькі ўсё строга было, што за гэта маглі і пасадзіць. У нас было толькі 50 сотак агарода. Дзялілі пожню, бралі палосы з травой, касілі асаку – хто на сена ці капец абкладалі. А пазней ўжо сталі даваць бункеры саломы – столькі, колькі працадзён выпрацаваў. Рабілі за працадні. У ведамасць ставілі палачкі, за якія разлічваліся тым, што вырасла”.

“Яна расказвала, – працягвае Браніслаў Герасімавіч, – добра было, што ўмела трымаць плуг. Уявіце, гэта было ў вайну і пасля: чатыры бабы цягнуць, а яна за плугам ходзіць. Пасля ўжо заводзілі валоў, коней. Толькі ў сярэдзіне 1950-х, памятаю, з’явіўся ў калгасе першы трактар. Радыё – улетку 1954-га… А электрычную падстанцыю пабудавалі ў 1961 годзе. Святло ў Звягах, дакладна памятаю, правялі 19 лютага.

Яшчэ адзін цікавы факт. Пасля вайны засталіся ў Звягах дзве амерыканскія ці нямецкія “палутаркі” – невялікія аўтамашыны. Газончыкі гэтыя стаялі ў калгаснай пуні, рабочыя. Памятаю, збіраліся мальцы здаровыя. Аднавясковец Сяргей Закрэўскі бензіну з хлопцамі пастараюцца раздабыць, завядуць і ездзяць. А то і без паліва з гары спускалі ўніз. Аднойчы не справіліся, скаціліся ў вадаём. Валамі выцягнулі (смяецца). Стаялі гэтыя машыны доўга. А куды падзеліся, не ведаю. Вось гэтыя ўспаміны – апошняе, што нам, дзецям пасляваеннай пары, нагадвала аб вайне”.

Запісала Надзея Зуева

Фота аўтара і героя матэрыяла

 

 

Новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.