«Мінулае, якое яднае». Экскурсія з удзелам тэатральнай трупы для людзей з інваліднасцю прайшла ў Мінску

У Мінску 13 красавіка ў межах міжнароднага Фэсту экскурсаводаў прайшоў інклюзіўны шпацыр па шляхецкім Менску. Акунуцца ў эпоху Менску XVI-XVIII стагоддзя дапамог кандыдат гістарычных навук, экскурсавод Павел Булаты і народны тэатр “Жывое Слова”.
Спроба падобнай экскурсіі была ў верасні, калі рэдакцыя ладзіла падобнае пробнае мерапрыемства. А сёлета гэтая экскурсія, бясспрэчна, была адна з лепшых сярод дзясяткаў іншых на Фэсце экскурсаводаў. На мерапрыемстве нас сабралася каля трыццаці чалавек. Прыблізна палова ўдзельнікаў былі людзі з інваліднасцю. Вялікая частка з іх – гэта ўдзельнікі майстэрні “АртІдэя”.
Падавалася б, што новага можна даведацца пра Верхні горад? Аказваецца, шмат чаго! Задума экскурсіі складалася з таго, што шляхціч, прыехаўшы з фальварку ў Менск, мог наведаць некалькі кропак. Найперш шляхціч завітаў бы ў храм.
У тыя часы шляхта прытрымлівалася розных веравызнанняў, таму ў Верхнім горадзе ён мог наведаць або праваслаўную царкву Пятра і Паўла, або бернардынскі касцёл, дзе сёння месціцца Кафедральны Сабор, або ва ўніяцкую Свята-Духавую царкву, будынак якой захаваўся ў Верхнім горадзе.
Напэўна, не ўсе ведаюць, што там, дзе зараз стаіць помнік гарадскім шалям, раней стаяў рынак і корчмы. Таму наш уяўны шляхціч мог пасля малітвы падсілкавацца. На месцы былога рынку нас сустрэла… гандлярка Сара са скрыпачом Сымонам! Ён граў на скрыпцы, а яна прапаноўвала набыць улюбёны напой часоў ВКЛ за… рубель! Толькі нашы рублі яе не задаволілі. “Не ведаю такіх грошай!”, – сказала яна. Таму Павел дастаў гаманец і паказаў самыя сапраўдныя літоўскія талеры! А яблычны сідр прыйшоўся ўсім даспадобы.
Далей група падышла да ратушы, будынак якой узводзіўся ў цэнтры, калі гораду давалася права на самакіраванне. Каля ратушы стаяў суддзя ў шляхецкай вопратцы XVII стагоддзя.
Да яго падышла жанчына і стала запытвацца, якім чынам можна атрымаць развадны ліст ад мужа згодна са статутам Вялікага Княства Літоўскага. Аказваецца, зрабіць гэта было не так проста, але ў выпадку жанчыны магчыма, бо муж ад яе пайшоў і знік нібыта без вестак.
На месцы кафедральнага сабора панны Марыі, аказваецца, быў езуіцкі калегіум. Нас сустрэў вучань і настаўніца тагачаснага калегіума, з дыялогу якіх можна было зразумець, як праходзіла вучоба ў вучэльнях.
Далей група пабачыла самы стары мураваны будынак Мінску, прайшла побач з домам масонаў, дзе іх сустрэла таямнічая дзяўчына ў капелюшы і прапанавала «ўступіць у “масоны”».
Каля музея Ваньковічаў нас “сустрэў” сам Ваньковіч, і раздаў усім запрашэнне на сапраўдны баль! А пасля, у дворыку музея, мы патанцавалі паланэз і польку-тройку – танцы, якія танцавала шляхта! Яны сагрэлі не толькі цела, але і душу. Бо танцы, мінулае і наша гісторыя – гэта тое, што яднае ўсіх.
Вікторыя ЧАПЛЕВА
фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.