Ля вытокаў Беларускага таварыства інвалідаў. Міхаіл Пліска – аб працы дэпутатам гарсавета і сакратаром прэзідыума

Поддержи

Міхаіл Пліска – юрыст і гісторык. У Беларускім таварыстве інвалідаў ён працаваў амаль з самага яго заснавання. Калі Міхаіл Казіміравіч быў дэпутатам Мінскага гарадскога савета, ён шмат чаго зрабіў як для развіцця таварыства, так і для людзей з інваліднасцю. Адпрацаваўшы доўгі час сакратаром Прэзідыума БелТІ, Міхаіл Казіміравіч на пачатку лютага сышоў з гэтай пасады. Пра сваё жыццё, дзейнасць і бачанне далейшага развіцця арганізацыі ён распавёў газеце «Вместе!».

Дзяцінства і маладыя гады

Міхаіл Пліска нарадзіўся ў сям’і беларусаў у Даўгаўпілсе. Калі бацькі развяліся, Міхаіл разам з маці пераехаў у Наваполацк. Скончыў там школу, а пасля паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У Міхаіла Казіміравіча быў прыроджаны звіх абодвух тазасцёгнавых суставаў. Аднак III група інваліднасці пры паступленні ва ўніверсітэт не давала ніякіх ільгот, а конкурс на месца быў тады вялікі. «Але я добра гуляў у шахматы, – узгадвае Міхаіл Казіміравіч. – Нас было некалькі чалавек з аднолькавай колькасцю балаў. Замдэкана запытаўся, якімі відамі спорту я займаюся. Шчыра кажучы, не ведаю, чаму ён задаў такое пытанне… Бачна ж было, што я інвалід. Я адказаў, што маю першы разрад па шахматах». Так Міхаіл Казіміравіч стаў студэнтам БДУ.

На другім курсе яму ўдалося запісацца ў Ленінскую бібліятэку, дзе ён змог чытаць дарэвалюцыйныя выданні і кнігі са спецыяльнага сховішча, што значна садзейнічала пашырэнню яго кругагляду. Пасля заканчэння ўніверсітэта Пліска працаваў у архіве, а затым у школе, з якой у 1989 годзе вымушаны быў сысці праз ціск з боку кіраўніцтва. Адначасова Міхаіл Казіміравіч працаваў над дысертацыяй, аднак не паспеў яе абараніць: пачалася Перабудова – і ён стаў актыўна займацца палітыкай.

Дэпутат ад БелТІ

Першыя крокі ў палітыцы Міхаіл Пліска зрабіў у 1988 годзе:

– Я ўваходзіў у грамадскую арганізацыю «Сучаснік», якая была зарэгістравана пры ЦК ЛКСМБ. На адной з публічных дыскусій сустрэўся з Уладзімірам Чувічкам, першым старшынёй Беларускага таварыства інвалідаў. Ён сказаў, што заснавалася таварыства інвалідаў, і запрасіў да супрацы. Аднак я стаў членам таварыства толькі праз год, калі вырашыў вылучыцца дэпутатам у гарсавет па месцы жыхарства, то – бок ад арганізацыі Маскоўскага раёна». Так у 1990 годзе, абышоўшы моцных супернікаў, Міхаіл Казіміравіч стаў дэпутатам Мінскага гарадскога савета. Зразумела, што там ён прадстаўляў інтарэсы інвалідаў.

«Ужо на першай сесіі 1990 года мне ўдалося дабіцца стварэння Камісіі па справах інвалідаў, куды ўваходзіла ўсяго 7 чалавек: тады, канешне, няшмат было ахвочых займацца інвалідамі», – узгадвае Міхаіл Казіміравіч.

/

«У гэтым жа годзе на сесіі гарсавета мы прасунулі меры па абароне інвалідаў у сферы працаўладкавання, медыцынскага абслугоўвання, забеспячэння інвалідаў жыллём, неабходнымі таварамі… Памятаю, мы прабілі тады, каб на першым паверсе цагляных дамоў 5% кватэр выдзялялася інвалідам-вазочнікам. Некалькі чалавек нават паспелі іх атрымаць».

/

Па выніках даклада старшыні Камісіі Міхаіла Пліскі дэпутаты гарсавета прынялі рашэнне №85 ад 25 снежня 1990 года «Аб неадкладных мерах па сацыяльнай абароне інвалідаў у горадзе Мінску». Акрамя таго, Мінгарвыканкам павінен быў стварыць банк даных інвалідаў, якія хочуць працаваць, і спіс наяўных працоўных месцаў на прадпрыемствах, арганізацыях і ва ўстановах. Яшчэ ў «Мерах» былі прадугледжаны абавязкі з боку арганізацый і ў сферы культуры. Напрыклад, вытворчае аб’яднанне «Кінавідэапракат» па заявах раённых арганізацый БелТІ мусіла адзін раз на месяц арганізоўваць кінапаказы для людзей з інваліднасцю. Таксама Мінгарвыканкаму ў 1991 годзе было даручана забяспечыць безбар’ернае асяроддзе ў мінскіх кінатэатрах.

Дэпутатам Пліска быў да канца 1996 года. Калі ў 1991 годзе пасада старшыні Камісіі стала неаплачваемая, Міхаіла Казіміравіча запрасілі ў БелТІ на пасаду начальніка ўпраўлення, а ў 2003 годзе ён стаў сакратаром Прэзідыума.

– Чаму столькі гадоў вы аддалі менавіта Беларускаму таварыству інвалідаў? – пытаюся ў Міхаіла Казіміравіча.

/

 Я сам інвалід, таму лічыў сваім абавязкам дапамагаць людзям з інваліднасцю, і шмат чаго зрабіў для развіцця і ўмацавання таварыства. Так, на пачатку 90-х я кіраваў працай па напісанні першага Статута БелТІ, а ў 2008 годзе адважыўся напісаць праект закона «Аб правах інвалідаў Рэспублікі Беларусь», які быў падтрыманы на пленуме БелТІ.

/

Законапраект быў скіраваны на ліквідацыю ўсіх бар’ераў, якія перашкаджаюць людям з інваліднасццю прымаць такі ж удзел у жыцці грамадства, як і іншым людзям. У ім замацоўваліся некаторыя важныя паняцці, у тым ліку «дыскрымінацыя» і «абілітацыя». Мясцовыя органы ўлады павінны былі забяспечыць інклюзіўны падыход да адукацыі дзяцей з інваліднасцю. Своечасовай была ў ім і прапанова правядзення штогод у Палаце прадстаўнікоў парламенцкіх слуханняў па праблеме людзей з інваліднасцю. «Мы адправілі законапраект ў парламент. Аднак яго там не падтрымалі, хоць ён і быў досыць актуальны», – шкадуе Міхаіл Казіміравіч.

Сям’я

Галоўны памочнік ва ўсіх справах – жонка Міхаіла Казіміравіча Алёна. Пазнаёміліся яны ў 1981 годзе выпадкова, на вуліцы.

– Я жартам, нібыта экскурсавод, распавядала сяброўкам пра старажытнае замчышча на Нямізе, а ён падышоў з сябрам, і мы разгаварыліся, – узгадвае спадарыня Алёна. – Яны ішлі ў кіно, запрасілі і нас, але пагадзілася толькі я, бо Міхась мне адразу спадабаўся.

Міхаіл Казіміравіч ужо працаваў у школе, а Алёна была студэнткай філфака БДУ. Праз паўтара года яны ажаніліся, нарадзілася дачка. Некалькі гадоў таму яе не стала: памерла ад анкалогіі: «Позна выявілі хваробу – ужо нічога нельга было зрабіць…»

Ёсць нешта большае

Міхаіл Казіміравіч кажа, што сышоў з пасады сакратара Прэзідыума, таму што пачало пагаршацца здароўе. Да таго ж грамадства змянілася, таму трэба, каб і ў БелТІ кіруючыя пасады ў выканаўчых структурах займалі перш за ўсё маладыя менеджары, якія маюць досвед эфектыўнай працы з камандай.

– БелТІ, канешне, трэба рэфармаваць, – кажа Міхаіл Казіміравіч. – Хоць, трэба прызнаць, наша арганізацыя прасунутая ў плане правядзення агульнай палітыкі ў дачыненні да лю-дзей з інваліднасцю.

– А як вы бачыце гэтую рэформу?

– Думаю, абласныя арганізацыі павінны стаць больш самастойнымі ад Цэнтральнага праўлення. Таксама трэба зрабіць больш эфектыўнай працу прадпрыемстваў, заснавальнікам якіх з’яўляецца БелТІ.

Зараз Міхаіл Казіміравіч працуе над працягам сваёй кнігі: «Хачу паспець зрабіць тое, што задумаў». Хочацца падбадзёрыць яго і сказаць: «Абавязкова паспееце!»

 

Вікторыя Чаплева
Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.