«Кожны з нас мае свае асаблівасці»: артыст-лялечнік Мікалай Сцешыц аб тэатры і арт-тэрапіі для людзей з інваліднасцю
Кажуць, што прафесія акцёра здольная лячыць душы. Такая арт-тэрапія вельмі карысная для людзей з асаблівасцямі. Згадзіцеся, казачны свет здольны захапіць кожнага. Калісьці ён зачараваў і нашага героя – артыста-лялечніка. Акцёр выступае для ўразлівага гледача і лічыць, што “асаблівы” тэатрал нічым не адрозніваецца ад звычайнага. Наколькі складана працаваць для чалавека з абмежаванасцямі і ці можа сцэна лячыць, мы спыталі ў нашага госця – заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, вядучага майстра сцэны Магілёўскага абласнога тэатра лялькі Мікалая Сцешыца.
– Мікалай, як часта іграеце для гледачоў з абмежаванасцямі? Ці складана выступаць для “асаблівай” публікі?
– Спектаклі для “асаблівых” гледачоў бываюць дастаткова часта. Скажу шчыра, што такое выступленне нічым не адрозніваецца ад працы для хлопчыкаў і дзяўчынак без асаблівасцей у развіцці. Памятаю, былы наш рэжысёр Алег Жужгда казаў: іграйце для дзяцей, як для дарослых. Гэта правіла і цяпер выкарыстоўваю: размаўляю з малымі з пазіцыі дарослага. І яны прымаюць гэтую гульню.

Раней, калі быў маладзейшым, мне, вядома, было вельмі складана ўзаемадзейнічаць з уразлівай публікай. І калі праводзіліся навагоднія ранішнікі, і я ў ролі Дзеда Мароза, бачачы гэтых асаблівых дзетак, цудоўна разумеў, што ўсё, што гавару, яно для іх не спраўдзіцца. Усё роўна хвароба возьме іх у свае межы, і яны будуць жыць з гэтым. Калі мяне папярэджваюць, што ў зале будуць незвычайныя дзеткі, я заўсёды пытаюся: дык чым жа яны адрозніваюцца ад звычайных гледачоў? Тым, што хтосьці можа крыкнуць? Дык на гэта не трэба звяртаць увагі: ён глядзіць спектакль, ён так рэагуе. У яго такая фізіка. І я перасягнуў парог свайго жалю, сказаў сабе: яны нармальныя, працуй для іх, як для звычайнага гледача. Вось яны мяне і прымаюць. Такое дзіця можа падысці да мяне, схапіць за руку, абняць. Я цудоўна разумею гэта. Прыпынюся, пастаю, пакуль не падыдуць бацькі альбо выхавальнік. Перад спектаклем звычайна прашу дарослых прасачыць, каб ніхто з іх выхаванцаў не выскачыў раптам, не пабег. І ўсё, працую ў звычайным рытме. Так, яны асаблівыя. Але, калі разабрацца, кожны з нас мае свае асаблівасці.
– З якога ўзросту параіце пачаць знаёмства з тэатрам асабліваму дзіцяці?
– У нас ёсць пастаноўкі 0+. Але, лічу, гэта крыху ранавата. Вядома, да нас прыходзяць і ў два, і ў тры гадкі. Малыя сядзяць і проста глядзяць, зачараваныя. Найбольш аптымальна прыйсці ў тэатр лялек гадкоў у шэсць. І нават з самымі маленькімі мы размаўляем на сур’ёзныя тэмы.
– Чаму выбралі прафесію акцёра?
– Я ведаў, што буду акцёрам. Паступіў пасля дзявятага класа на акцёра тэатра лялек у Днепрапятроўскае тэатральнае вучылішча. Памятаю, падчас сумоўя растлумачылі, што акцёр тэатра лялек атрымае нашмат больш у параўнанні з акцёрам “драмы”. Той багаж ведаў, які дало вучылішча, мяне вядзе і да гэтай пары.

– Давайце ўзгадаем вашы студэнцкія гады…
– У нас быў моцны курс. Усяго 12 чалавек, а дайшло да канца толькі пяць. Адлічыць маглі толькі за адны паводзіны. А паводзіны, лічу, гэта важна. Было вельмі строга. Сёння аднакурснікі працуюць па ўсім свеце. Іх можна ўбачыць у расійскім кіно. Я ж не адчуваю цёплых пачуццяў да гэтага віду мастацтва. Для мяне быць драмакцёрам лягчэй. У той час цяжка было знайсці працу. Як вярнуўся з арміі, удалося ўладкавацца ў Слонімскі драмтэатр, пасля працаваў у Магілёўскім драматычным…. І толькі наш абласны тэатр лялек стаў маім другім домам.
– Чым ваш тэатр адметны? Што адрознівае яго ад іншых тэатраў лялек?
– У нашым тэатры актыўна развіты эксперыментальны пачатак. Можна ўзгадаць таленавітых рэжысёраў, якія цудоўна ажыццяўлялі гэтую канцэпцыю. І цяперашні Ігар Казакоў – перспектыўны ў гэтым плане рэжысёр. Нам пашанцавала, што яго знакамітыя папярэднікі – і народны артыст Украіны Сяргей Яфрэмаў, і заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Алег Жугжда, і іншыя творцы ставілі ў нас спектаклі. Мы і да сёння сябе пазіцыянуем як эксперыментальны тэатр. Хоць праблема рэжысуры, вядома, стаіць востра. А рэжысура ў тэатры лялек – асаблівая.
– Кажуць, што сцэна лечыць. Гэта так?
– Я заўсёды выходжу на сцэну, незалежна ад стану здароўя. За свае трыццаць гадоў працы не браў ніводнага бальнічнага. І сапраўды, калі выходзіш на падмосткі, знікае тэмпература, становіцца лягчэй. Памятаю, у спектаклі “Тры парсюкі” трэба было рабіць кульбіт. А ў мяне – страшэнныя ныркавыя колікі. Я прымаў “Но-шпу” і іграў спектакль.

У такіх выпадках трэба ахвяраваць сабою альбо мяняць прафесію. Мяне вытрымцы і самадысцыпліне навучыла тэатральная школа. Не ўсе вытрымліваюць: хтосьці зрываецца. Мяне ж гэтыя ўменні вельмі выручаюць. Трэба, значыць, трэба. Устаў і пайшоў. І працуеш не на дзе-
сяць-пятнаццаць працэнтаў, а на сто. Выкладваюся на рэпетыцыі, бо ведаю: тое, што напрацоўваю цяпер, вернецца ў будучым.
– Як спраўляецеся з крызісамі?
– Бываюць і белыя, і цёмныя палосы. Быў час, калі мы, акцёры, не ведалі, куды рухацца далей. Калі не было рэжысёраў. Таму па жыцці мяне вяла толькі прафесія. Натуральна, я нармальны чалавек, магу і дэпрэсаваць часам. А на сцэну трэба выходзіць як след, бо цябе чакаюць маленькія гледачы.
– А цікавасць дарослай публікі да “лялькі” ёсць?
– Скажу больш: яна нікуды не знікала. Да нас у тэатр часта прыязджаюць з Мінска. У тым ліку на дзіцячыя спектаклі. У мяне нават была прыхільніца. Яна заўсёды прывозіла незвычайныя сувеніры. Увогуле, дарослыя – тыя ж дзеці. Яны хочуць прыйсці і акунуцца ў гэтую атмасферу. Забыцца, што там, на вуліцы, чорт разбяры што творыцца. Апынуцца ва ўтульным доміку. Мы стараемся падтрымліваць такую атмасферу. І калі думаеце, што тэатр лялькі толькі для дзяцей, то дарэмна так лічыце. Губляеце для сябе шмат чаго.

– Скажыце, калі ласка, што для вас тэатр?
– Калі толькі прыехаў працаваць у Магілёў, адна карэспандэнтка таксама спытала: “Мікалай, што для вас тэатр?” А я ляпнуў першае, што прыйшло ў галаву: “Тэатр – маё жыццё”. Аднак гэта на самай справе так. Гэта і мая сям’я, і мае крыўды, і мае расчараванні. Я заўсёды ў тэатры – гэта для мяне мой дом. І мне гэта падабаецца.
– Мікалай, немагчыма не крануць тэму радзімы. Цікава, дзе ваш родны куточак? Ці часта ўдаецца там бываць?
– Любань. Там мая мама, мае родныя. Вельмі рэдка ўдаецца туды прыязджаць. Раз на год бываю дома. Шчыра, я выказваю вялікую ўдзячнасць сваім родным, якія ўсе гэтыя гады падтрымлівалі мяне і дапамагалі. Калі б не родныя, мне было б цяжка. І брату, і сястры, і маці вялікі дзякуй. Нядаўна мне сястра з Масквы напісала: “Брацік, я ганаруся табой!”. Гэта заслуга толькі іх.
Не думаў, што маім другім домам будзе Магілёў. Калі раней я мог адпачыць у нейкім атмасферным месцы – у кавярні, напрыклад, то цяпер згубіў да гэтага цікавасць. Добра адчуваю сябе толькі дома, у родных сценах.
– Сёлета вы святкуеце 30 гадоў творчай дзейнасці ў Магілёўскім тэатры лялек, а ў маі – сваё 55-годдзе. Віншуем! Што пажадаеце ў свой юбілей?
– У свой юбілей хачу пажадаць менш расчараванняў, засмучэнняў. Каб нам усім было добра. Удачы ў пачынаннях і справах. А самае галоўнае – здароўя! Усім – родным, блізкім і сабе.
Надзея Зуева
Фота прадстаўлена Магілёўскім абласным тэатрам лялек
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.