«Калі нічога не раблю, я хварэю». Гісторыя Святланы Герцавай-Абрамян, якая без запясця малюе жыццярадасныя карціны
З 16 сакавіка ў 5-й бібліятэцы Мінска праходзіць выстаўка карцін Святланы Герцавай-Абрамян. Жанчына мае інваліднасць. З дзяцінства ў яе ампутавана запясце. “Вместе!” наведалася да Святланы, каб зразумець, у чым сакрэт яе жаночага шчасця.
Я пачала будаваць жыццё, аб якім марыла”
– Нарадзілася я ў Мінску, жыву тут і зараз, – расказвае Святлана. – Наконт свайго дэфекту ніколі не хвалявалася. Па-першае, заўсёды былі сябры, якія не лічылі мяне інвалідам, а, па-другое, тое, што ў мяне няма запясця – не адразу і заўважыш.
Яшчэ маленькай Света цікавілася творчасцю. Пачынала з вязання, якому яе навучыла бабуля. Дзяўчына марыла займацца творчасцю. Але лёс склаўся інакш – пасля школы Святлана пайшла працаваць на мінскі завод “Электроніка”.
– Потым я адразу паступіла ў дзве ВНУ – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і ў Маскоўскі. Вырашыла, што паеду ў Маскву, нават рэчы ўжо сабрала. Але сям’я мяне спыніла і пераканала застацца дома, – узгадвае жанчына. – Аднак вышэйшую адукацыю я так і не атрымала. На першым курсе выйшла замуж, пасля нарадзілася дачка, якой патрэбен быў мой догляд, бо ў дзяцінстве яна часта хварэла.
У Святланы двое дзяцей – старэйшая дачка, якая з мужам і трыма дзецьмі жыве асобна, і малодшы сын.
– Пасля таго, як я сышла з універсітэта, мне яшчэ некалькі гадоў снілася, як вяртаюся назад, – уздыхае яна. – Шкада, што не атрымала дыплом. Затое гэтага дабіліся мае дзеці. Дачка скончыла школу з залатым медалём, затым універсітэт, а зараз гадуе двух хлопчыкаў і дзяўчынку. Сын – кампазітар, нядаўна пісаў музыку да спектакля “Жаніцьба”, які ішоў у Купалаўскім тэатры.
Нягледзячы на няпоўную вышэйшую адукацыю, Святлана асвоіла шмат розных прафесій.
– Калі завод разваліўся, я пайшла на курсы прадаўцоў, працавала касірам, – працягвае яна размову. – Некалькі гадоў шчыравала на Беларускай чыгунцы ў службе стандартызацыі, метралогіі, сертыфікацыі і кіравання якасці, а апошнія 15 – на Мінскім электратэхнічным заводзе. У мінулым годзе выйшла на пенсію. І не шкадую! Бо нарэшце я пачала будаваць жыццё, аб якім марыла.
“Калі я нічога не раблю, я хварэю”
Так характарызуе Святлана сваю творчую дзейнасць. Зараз мастачка не толькі піша карціны, але яшчэ і развівае свой кругагляд.
– У дзяцінстве мяне вабіла маляванне. Але я і падумаць не магла, што пасля таго, як выгадую дзяцей, пачну сур’ёзна гэтым займацца, – працягвае Святлана. – Я прайшла некалькі псіхалагічных курсаў, напрыклад, “Путь женщины” Яраслава Самойлава. Таксама ў мяне ёсць сертыфікат дызайнера інтэр’ера. Спрабавала асвоіць вырабы з эпаксіднай смалы. Яшчэ я хадзіла ў школу іміджу, каб папрацаваць з голасам і мовай; наведваю заняткі ёгай і аэрастрэтчынгам. Трэнеры звычайна здзіўляюцца і пытаюць, колькі мне гадоў? Увогуле, імкнуся ахапіць сябе ўсім, што магу сабе дазволіць.
Але галоўнае захапленне жанчыны – маляванне. Кватэра адпавядае творчай натуры яе гаспадыні – паўсюль карціны, надпісы на сценах, шмат вышыўкі і іншых прадметаў, якія Святлана зрабіла сваімі рукамі.
– Мне здаецца, я гатова маляваць толькі неба і мора, – кажа Святлана. – Дарэчы, у апошнія гады вярнулася да малявання дзякуючы сыну. Неяк на Новы год ён падарыў мне сертыфікат на майстар-клас, адкуль я прынесла дадому гатовую карціну. Не памятаю, калі апошні раз адчувала сябе такой шчаслівай. Калі ў мяне спытаюць пра самыя лепшыя дні ў жыцці, гэты момант будзе ўваходзіць у тую скарбонку дакладна. А пасля гэтага мне патэлефанавала знаёмая, з якой мы ўпершыню сустрэліся на курсах у школе іміджу, і сказала, што адкрывае сваю арт-студыю. І запрасіла мяне на заняткі.
Калі Святлана ідзе маляваць, сябры і сваякі адчуваюць гэта адразу. Яе асаблівы настрой, здаецца, перадаецца па паветры. Сама мастачка прызнаецца, што творчасць захапляе яе поўнасцю, нібы нічога вакол не існуе.
– Я два дні на тыдні хаджу ў арт-студю да знаёмай, – дзеліцца Святлана. – Дапамагаю ёй на месцы адміністратара, а мне дазваляюць ствараць карціны ў такім асаблівым месцы. Чаму асаблівым? Таму што туды прыходзяць таленавітыя людзі, а гэта вельмі матывуе. Яшчэ мяне натхняе падарожжа. За апошнія тры гады я пабывала ў Егіпце, Ізраілі, Чарнагорыі.
“Калі мне нешта спадабаецца, мяне не спыніць”
Зараз у Святланы праходзіць першая ўласная выстаўка. У 5-й бібліятэцы Мінска (вул. Казлова, 2) яна будзе працягвацца амаль месяц. З арганізацыяй выставы дапамагла Кастрычніцкая раённая арганізацыя Беларускага таварыства інвалідаў Мінска.
– У гэтай арганізацыі я з юнацтва, імкнуся прымаць удзел ва ўсіх мерапрыемствах, – расказвае Святлана. – Некалькі тыдняў таму мне патэлефанавала старшыня праўлення гэтай арганізацыі Ганна Чайка і прапанавала арганізаваць уласную выставу. Я задаволена такой магчымасцю. Для мяне гэта новы вопыт. Дагэтуль прымала ўдзел толькі ў агульных конкурсных паказах.
У Святланы жыццё віруе – яна рэалізуецца ў мастацтве і праводзіць час са сваёй вялікай сям’ёй. Але ў жанчыны ёсць мара, каб яе карціны змаглі ўбачыць не толькі блізкія людзі, а ўсе, хто неабыякава ставіцца да творчасці.
– Калі мне нешта спадабаецца, мяне не спыніць, – усміхаецца суразмоўца. – Я пішу карціны, раблю вышыўкі і нават пішу вершы. Але не ўмею гэта ўсё прэзентаваць. У мяне ёсць Instagram – @lynnyi_svet_sp, дзе дэманструю свае карціны. Каму гэта цікава, буду рада бачыць на сваёй старонцы.
/
Сказали: мир погряз во лжи.
Бессильны странные лентяи.
А я, как бабочка во ржи,
В свет крылья смело расправляю.Есть столько счастья на Земле:
Ходить, творить, любить и верить.
Вселенная пришла ко мне,
Чтобы сомнения развеять.Чтоб я нашла свой путь во тьме,
Раскрыла руки для объятий.
О! Как сейчас роскошно мне
От творческих своих занятий.И я иду. Бегу, смеясь,
По свету красок придорожных.
Любя, легко с душой сплетясь
В мечтах, надеждах всевозможных.Я вижу. Знаю мир, мой друг,
Как в лучших сказках и былинах.
Открыв глаза, смотрю вокруг.
Все отражу в своих картинах.
10-11.06.21
Lunnyi svet
/
Дарыя Галоўчыц
Фота аўтара і з архіва Святланы Герцавай-Абрамян
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.