Іншы шлях. Двайняты-сіраты з ДЦП будуюць сваё лепшае жыццё
Двайнятам Таццяне і Валянціне Упіт 28 гадоў. Гэта дзве прыгожыя і жыццярадасныя дзяўчыны, якія жывуць і працуюць у Мінску. З першага погляду адразу можна і не заўважыць, што яны крыху кульгаюць. Сёстры Упіт маюць 3-ю групу інваліднасці і агульны дыягназ на дваіх – ДЦП. Нягледзячы на знешнюю тонкасць і мяккасць, лёс дзяўчат лёгкім назваць немагчыма. Таццяна і Валянціна расказалі, як трапілі ў Івянецкі дом-інтэрнат і як прыстасоўваліся да самастойнага жыцця ў сталіцы.
Нарадзіліся раней тэрміну
Таня і Валя з’явіліся на свет у Чэрвені, невялікім райцэнтры Мінскай вобласці. Маці дзяўчат нарадзіла немаўлят дома, ў звычайнай хаце, яшчэ і раней тэрміну – на сёмым месяцы цяжарнасці. Хуткую дапамогу выклікалі суседзі. Урачы ўбачылі перад сабой умовы, непрыгодныя для жыцця дзяцей. Немаўлят адвезлі ў бальніцу. Дадому яны ўжо не вярнуліся.
– Не будзем утойваць: нашыя бацькі мелі алкагольную залежнасць, – пачынаюць расказ сёстры. – Пасля таго, як нас, нованароджаных, забралі ў Чэрвенскую бальніцу, маці і бацьку пазбавілі бацькоўскіх правоў. Акрамя нас, у сям’і было яшчэ васьмёра дзяцей: сем братоў і адна сястра. Мы самыя малодшыя.
Пра сваякоў Таня і Валя доўгі час амаль нічога не ведалі. Дзяўчынак пасля гаспіталізацыі адправілі ў дом малюткі ў Ждановічах. А пасля, пяцігадовых, – у Івянецкі дом-інтэрнат. Пра гісторыю сваёй сям’і яны даведаліся толькі ў 20 гадоў.
– Дзесьці ў 14 гадоў нам сказалі, што маці памерла, – успамінаюць дзяўчаты. – Мы ведалі, што пасля таго, як нас забралі, яе асудзілі за нявыплату аліментаў. А калі выйшла з турмы, яе збіла машына. Бацька, п’яны, замёрз у сумёце. У апошні год перад выпускным нас знайшла жонка старэйшага брата. На той момант, калі ўсіх афармлялі ў дзіцячы дом, ён быў ужо паўналетні. Брат прыехаў да нас на выпускны ў Івянец.
Сёстры шчыра кажуць, што блізкімі людзьмі яны так і не сталі. Але ім было прыемна пазнаёміцца са сваякамі.
– Мы нават з’ездзілі ў Чэрвень пасля гэтай сустрэчы, – працягваюць яны. – Там мы пазнаёміліся з яшчэ адным братам і яго сям’ёй. Астатніх раскідала па свеце. Хто ў Маскве, хто нават у Італіі. Сястру ўдачарылі, і мы не ведаем, дзе яна. Блізкімі нашы стасункі з братамі назваць нельга. Але было прыемна сустрэцца з біялагічнымі сваякамі. Мы, калі праўда, ужо і не маем патрэбы ў кімьсці. Галоўнае, што ў нас ёсць мы.
“Мы не абражаны на жыццё”
Пра дзяцінства ў доме малюткі Таня і Валя не вельмі хочуць успамінаць. Кажуць, што там было няпроста, і маленькіх дзяўчынак нават крыўдзілі. А вось пра жыццё ў Івянецкім доме-інтэрнаце яны расказваюць з задавальненнем.
– У нас выдатнае выхаванне – мы не абражаны на жыццё, – упэўнены яны. – Наш дырэктар, Алена Сігізмундаўна Петрашкевіч, вельмі добры чалавек, які кожнаму вахаванцу становіцца амаль што мамай. Для дзяцей у інтэрнаце ёсць усе ўмовы для камфортнага жыцця. Мы былі заўсёды занятыя: то канцэрты арганізоўвалі, то на калясках па калідорах гонкі ладзілі, то адпраўляліся ў паездкі па краіне і за мяжу.
Таня і Валя ў перыяд выхавання ў Івянцы пабывалі ў Амерыцы, Польшчы, Англіі. А ў Італію ўвогуле з’ездзілі 14 разоў.
– Да пачатку каронавірусу мы ездзілі кожны год у Італію да адной жанчыны, якая нас заўжды цёпла прымала, – успамінаюць суразмоўцы. – Яна нават хацела нас удачарыць. Але з-за таго, што яна лічыцца адзінокай, без мужа, ёй адмовілі. Яшчэ некалькі разоў былі тыя, хто хацеў нас забраць. Аднак тут ужо мы не схацелі. Калі былі зусім маленькія, то ніхто не пажадаў браць хворых дзяцей. Затым, пасля перанесеных аперацый мы сталі хадзіць самастойна. І жадаючыя з’явіліся. Але мы падраслі і наўрад ці ўжыліся б у прыёмных сем’ях.
“Даясі порцыю за аднагрупніка”
Скончылі школу сёстры Упіт у 20 гадоў і паступілі ў каледжы. Таццяна – у Мінскі дзяржаўны каледж кулінарыі, а Валянціна – у Мінскі дзяржаўны каледж індустрыі моды.
– У інтэрнаце мы прывыклі да таго, што за нас усё вырашаюць: гатуюць ежу па вызначаным меню, адпраўляюць да ўрачоў, дапамагаюць у вучобе. А калі “вырываешся” з інтэрната, адразу здаецца, што мора па калена, – прызнаюцца дзяўчаты. – Аднак гэта даволі хутка праходзіць. Першыя месяцы было такое, што мы за некалькі дзён трацілі ўсю пенсію на шкодную ежу ці нейкае моднае адзенне, а потым сядзелі без капейкі грошай. Але ўсведамленне, што так жыць нельга, што трэба думаць галавой, прыйшло даволі хутка.
Калі толькі пераехалі ў Мінск, сёстры часта ездзілі ў Івянец. Бо было страшна станавіцца адразу самастойнымі. А там звыклае становішча і школьныя сябры.
– Нельга сказаць, што мы пасля выпуску пусціліся ва ўсе цяжкія, – разважае Валя. – Я яшчэ трошкі “патусіла” ў час навучання ў каледжы. А Таня ў нас увогуле больш хатняя, спакойная. Напачатку вучоба мне давалася цяжка. Прывыкла да таго, што ў інтэрнаце да кожнага праяўляюць павышаную ўвагу і клопат. А тут мы са здаровымі аднагрупнікамі былі на роўных.
– Здараліся, дарэчы, і крыўдныя моманты, калі выкладчыкі нас вылучалі ад большасці, – падхоплівае сястру Таня. – Напрыклад, мне аднойчы ў каледжы прапанавалі: “Даясі порцыю за аднагрупніка”. Можа, гэта было сказана і з добрымі намерамі, але для мяне гэта прыніжальна. У нас грошы былі заўсёды. Акрамя выплат як сіротам, мы яшчэ імкнуліся падпрацоўваць. Таму зараблялі больш, чым дзеці, якія жылі ў сем’ях.
Насамрэч, вельмі няпроста, па словах суразмоўцаў, было ўразумець, што цяпер поўную адказнасць за сябе яны нясуць самі.
– Памятаю, як страшна было ўпершыню пайсці ў паліклініку, – успамінае Таццяна. – У мяне пытаюцца: ці хварэла на вятранку, якія рабілі прышчэпкі і гэтак далей. А я нічога з таго не ведаю. Тады ўрач казаў: прыходзь з бацькамі. А мне і адказаць на гэта няма чым, бо не хацелася агучваць, што сірата. Яшчэ мы не адразу ўцямілі, што да патрэбнага прапынку ходзіць пэўны нумар транспарту, а не любы. Зараз, наколькі ведаю, у інтэрнатах ёсць заняткі па сацыялізацыі. І гэта крута, бо ў нас такога не было. Таму даводзілася самім спазнаваць самастойнае жыццё. Але, як мне здаецца, усё ў нас склалася добра, бо на жыццёвам шляху траплялася шмат чулых людзей.
“Наш добры чараўнік”
Калі сёстры Упіт толькі пераехалі ў Мінск, перад імі паўстала пытанне жылля. Валянціну засялілі ў студэнцкі інтэрнат калідорнага тыпу па вуліцы Сурганава. Таццяне ж ад яе каледжа месца ў інтэрнаце не дасталося.
– Два гады мы жылі разам з сястрой у яе пакоі, – прызнаюцца дзяўчаты. – Пасля заканчэння вучобы таксама трэба было дзесьці жыць. Нам вельмі дапамагла апякунша нашага аднакласніка з Івянца. Мы не вельмі разбіраліся ў юрыдычных пытаннях і не ведалі сваіх правоў. Высветлілася, што мы на той момант былі яшчэ зарэгістраваныя ў бацькоўскай хаце ў Чэрвені. Разумелі, што туды ніколі не вернемся. І тады тая добрая жанчына-апякунша (імя сёстры называць не захацелі. – Заўв. аўт.) пачала хадзіць з намі ва ўсе патрэбныя інстанцыі з дакументамі, каб паставіць нас у чаргу на кватэры. І ўсё атрымалася.
У выніку ў Тані і Валі зараз аднапакаёвыя арэндныя кватэры ў Малінаўцы ў 15 хвілінах хадзьбы адна ад адной.
– Адразу далі кватэру мне, – кажа Таня. – Яна была не новай, да мяне тут жылі людзі. Рамонт быў, мякка кажучы, не вельмі. Прыйшлося яго пераробліваць. Усе матэрыялы і мэблю я купляла самастойна, за асабістыя грошы. А вось за працу рамонтнікам не плаціла. Нам дапамог адзін добры чалавек – наш добры чараўнік.
У Івянецкі дом-інтэрнат нярэдка прыязджаюць розныя госці: прадстаўнікі улады, грамадскіх арганізацый, бізнесмэны. Падчас выхавання дзяўчат да дзяцей ў Івянец завітаў Віталь Яцук, саўладальнік былой вялікай сеткі прадуктовых магазінаў “Віталюр”. Ён і наняў будаўнікоў, каб дапамагчы сёстрам.
– Мы ніколі нічога не просім, наадварот, імкнёмся дабівацца ўсяго самастойна, – працягвае Таня. – Віталь – вельмі добры чалавек. Ён прапанаваў нам дапамогу проста так, бескарысліва. І мы яму вельмі ўдзячны за ўсё, што ён зрабіў.
Таццяна зараз плаціць за кватэру 50 беларускіх рублёў у месяц, плюс камунальныя паслугі. Валянціне кватэру выдзелілі на год пазней, але ў новабудоўлі.
– Мне дасталася кватэра з касметычным рамонтам, патрэбна было набыць толькі мэблю і тэхніку, – дзеліцца яна. – Сума на пакупку пральнай машыны, пліты, умывальніка і ўсяго астатняга для мяне была непад’ёмнай. І тут на дапамогу зноў прыйшоў Віталь Яцук. Зараз я квітую за кватэру 60 рублёў, плюс камуналка.
“Мы з сястрой з тых, хто будзе працаваць да апошняга”
Пасля заканчэння каледжа Таня тры гады працавала ў гасцініцы “Мінск” кандытарам, адзін з якіх – адпрацоўка. Валя пасля вучобы ўладкавалася ў швейную майстэрню швачкай, затым яшчэ крыху працавала адміністратарам у спартыўным клубе. Але амаль адначасова сёстры перайшлі працаваць у “Віталюр”.
– Дзесьці два гады я была аператарам ЭВМ, – дзеліцца Валя. – Пасля скарачэння мяне адправілі на стажыроўку касірам. З таго часу працую за касай, цяпер ужо ў сетцы “Санта”. Работа не вельмі складаная, толькі пасля 12-гадзіннай змены адчуваю стомленасць. Аднак не скарджуся. Заработная плата добрая.
– У меня больш па спецыяльнасці занятак, – кажа Таня. – Я прайшла курсы сушыста. Ім і працую там жа, дзе і сястра. Крама размешчана непадалёк ад кватэры, што вельмі зручна. Першым часам было такое, што з-за інваліднасці калектыў адносіўся прадузята. Але я даказала ўсім, што працую на роўных з астатнімі і ніколі не скарджуся. Нават калі моцна стаміліся ногі. За два гады толькі двойчы брала бальнічны ліст. Адзінае: у мяне па законе крыху больш доўжыцца штогадовы адпачынак. А ў астатнім, працую як усе. Мы з сястрой з тых, хто будзе працаваць да апошняга на карысць кампаніі.
Таня прызнаецца, што ўжо думае пра змену працы. Яна лічыць, што трэба перыядычна мяняць род дзейнасці, каб не стаяць на месцы. Пакуль шукае вакансію барыста.
– Мне здаецца вельмі цікавым працаваць у кафейні, гатаваць напіткі і размаўляць з рознымі людзьмі, – дзеліцца суразмоўца. – Але калі казаць шчыра, мару быць педагогам і працаваць з дзецьмі. Для гэтага неабходна вышэйшая адукацыя. Пакуль толькі думаю пра гэта.
Мы дастойна жывём”
Гледзячы на сясцёр, здаецца, што іх вадой не разальеш. Але яны прызнаюцца, што доўгі час жылі як кошка з сабакам.
– Гадоў дзесьці да 23-х мы часта сварыліся. Але затым прыйшло разуменне, што трэба берагчы адзін аднаго, бо мы самыя блізкія людзі, – усміхаюцца Таня і Валя. – Вядома, калі-нікалі нам патрэбна дапамога ці парада ад кагосьці дарослага. У нас ёсць такая сяброўка. Яе завуць Ірына, яна юрыст. Мы пазнаёміліся яшчэ ў інтэрнаце. Яна суправаджала нас у Гродна на экскурсію. Імпануе тое, што яна не пашкадуе нас там, дзе не трэба. Скажа напрамую, што думае. І гэта вельмі “працверажае” ў складаныя моманты. А яшчэ яна была побач з намі, калі нас паклалі ў бальніцу на аперацыі. Амаль кожны дзень наведвала, размаўляла з урачом. Быццам маці для сваіх дзяцей.
На сцяне ў кватэры Тані ёсць малюнак дзяўчынкі на стульчыку, якая дзьме дзьмухавец. Там жа напісаны імёны блізкіх і важных людзей для яе. Там ёсць Ірышка (дарослая сяброўка), Валюша (сястра), Алена (дырэктар Івянецкага дома-інтэрната) і яшчэ некалькі сяброў. Акрамя таго, жыве разам з ёй кот Моця.
– Гэты кот жыў на дачы ў знаёмай, але з-за трагічных абставін застаўся без гаспадара. Тады мяне папрасілі ўзяць яго на некалькі дзён да сябе. Так і застаўся. Я не вельмі хацела, бо рэдка бываю дома. Але Моця такі разумны і пяшчотны коцік, што не змагла яго аддаць іншым людзям, – усміхаецца дзяўчына.
У Валі дома таксама ёсць кот Пушык, а яшчэ вялікі сабака. Коціка яна прывезла з Івянца. Ён жыў на тэрыторыі інтэрната. А сабака дастаўся таксама з-за просьбы пакінуць на ператрымку на пару дзён.
– Я вельмі люблю жывёл, асабліва сабак, – дзеліцца Валя. – Мой сусед займаецца дабрачыннасцю і пастаянна даглядае розных жывёл. Некалькі разоў ён даваў мне на ператрымку шчанятаў. У адзін з такіх момантаў маё сэрца не вытрымала і я пакінула аднаго сабе. Сястра, дарэчы, была супраць, бо я тады яшчэ працавала швачкай і зарабляла няшмат. Яна баялася, што не пацягну. Але я чалавек адказны. Хутчэй сама не паем, а сабаку і ката пакармлю. Бо мы ў адказе за тых, каго прыручылі.
У вольны час дзяўчаты не сядзяць дома, а актыўнічаюць на розных гуртках. Таня, напрыклад, працяглы час наведвае ўрокі па фартэпіяна. А яшчэ ўжо некалькі разоў хадзіла на аэрастрэтчынг. Марыць паспрабаваць сябе на барабанах. А яшчэ нярэдка выступае ў якасці мадэлі на фатасесіях. Валя наведвала аўташколу, але да экзамена па ваджэнню пакуль не дайшла. Яшчэ спрабавала займацца боксам і більярдам. А разам сёстры Упіт практыкуюцца танцамі на інвалідных калясках.
– Калі праўда, танцы – гэта была мая мара, – прызнаецца Валя. – Прыкладна два гады таму ў Івянецкім інтэрнаце праходзіла сустрэча выпускнікоў з Міністрам працы і сацыяльнай абароны. Было шмат запрошаных гасцей. Адна з іх – Ганна Гарчакова. Тады я падыйшла да яе і прызналася, што ўвесь час з захапленнем назірала за танцамі на калясках. І хацелася нават больш у Калодзішчах танчыць, чым у Італію ехаць на адпачынак. Пасля гэтай размовы разам з сястрой уступілі ў Беларускае таварыства інвалідаў, а таксама сталі наведваць СУ “Інвацэнтр” ГА “БелТІ”. Узімку ўпершыню танцавалі дуэтам. А так звычайна паасобку. Ёсць ужо шмат дыпломаў.
Калі цікавімся ў дзяўчат пра галоўную мару, яны адказваюць, што пакуль не загадваюць наперад. Валя ў адносінах з хлопцам. З ім праводзіць большую частку вольнага часу. Прызнаецца, што вельмі шчаслівая кахаць і быць каханай. У будучым уяўляе сябе за рулём машыны, вандруючы з каханым і сваім сабакам. Таня пакуль сваю палавінку не знайшла, але ў будучым марыць пра поўную сям’ю і дзяцей.
– Усяму свой час, – салідарныя сёстры. – Мы жывём шчасліва. У нас ёсць праца, сябры, хобі. Сустракаемся кампаніямі і цікава бавім вольны час. Нягледзячы на тое, што мы сіраты, жывём дастойна.
Дарыя Галоўчыц
Фота аўтара і з архіва Таццяны і Валянціны Упіт
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.