Інклюзіўны касір. Гісторыя інваліда-калясачніцы Аляксандры, якая працуе ў краме “Еўраопт”

“Унутраная харызма – гэта тое, што дапамагае па жыцці”, – упэўнена Аляксандра Гароднікава з Мінска. З дзяцінства дзяўчына перасоўваецца ў інваліднай калясцы, але гэта не перашкаджае ёй мець шмат захапленняў і, галоўнае, паўнацэнны заробак. Як гэта – працаваць касірам, седзячы ў інвалідным вазку, – чытайце на старонках “Вместе!”.
“Я не памятаю сябе іншай”
Зараз Аляксандры 33 гады, і яна не бачыла жыцця без інваліднай каляскі, але ў яе быў шанец хадзіць.
– Калі я нарадзілася, у мяне на пазваночніку знайшлі пухліну, з-за якой урачы паднялі трывогу, – дзеліцца Аляксандра. – Тады медыкі вырашылі, што трэба рабіць аперацыю, каб перастрахавацца, бо ў маёй бабулі была анкалогія. Аказалася, што дарма, бо пухліна была дабраякаснай, а верагоднасць таго, што яна сышла б сама па сабе – высокая. Але ўжо як ёсць, так ёсць. У выніку пасля аперацыі адбылося парушэнне пазванкоў і адняліся ногі.
Але, як прызнаецца Аляксандра, яна даўно перажыла гэта. Зараз у яе паўнацэннае жыццё.
– У тых, хто набывае інваліднасць з-за траўмы і губляе магчымасць хадзіць, – гэта пераломны момант, – разважае суразмоўца. – У мяне такога не здарылася, бо я не памятаю сябе іншай. Быў перыяд, калі мяне накрыла дэпрэсія. Здавалася, што на мяне глядзяць не як на звычайнага чалавека, а як на бездапаможнага інваліда. Але я памылялася. Калі зразумела, што людзі не могуць быць аднолькавымі, тады стала лягчэй.
Аляксандра вучылася ў звычайнай школе і наведвала заняткі да 5 класа. Пасля перайшла на хатняе навучанне. Пасля заканчэння школы яна хацела паступаць у БДУ на юрыдычны факультэт, ды не атрымалася. Таму дзяўчына абрала юрыдычны каледж БДУ.
– Мне заўжды хацелася працаваць, бо я не з тых, хто цэлымі днямі выседжвае дома, – кажа дзяўчына. – З-за таго, што ў мяне 1-ая група інваліднасці, я атрымала свабодны дыплом. На той час на даступнай мне адлегласці ад дома нідзе не было вакансій па маёй спецыяльнасці. Таму звярнулася ў цэнтр занятасці і стала на ўлік. Там мне прапанавалі месца менеджэра па продажах у цэнтры батывах паслуг. Я згадзілася. Праца дыстанцыйная – трэба было прымаць тэлефонныя званкі.
“Я дзяўчына дзвіжовая”
Праз год працы ў Аляксандры пагоршылася здароўе, таму давялося звольніцца. Менавіта тады і пачаўся той дэпрэсіўны перыяд, калі дзяўчына не магла прыняць сябе такой, якая яна ёсць. І тады дапамаглі танцы.
– Калі я прыйшла да Ганны Гарчаковай, чымпіёнкі міра і Еўропы, майстра спорту міжнароднага класа, займацца танцамі на інвалідных калясках, маё жыццё змянілася ў лепшы бок, – распавядае Аляксандра. – Танцы раскрылі мяне знутры, зрабілі больш жаноцкай. Прыклад Ганны таксама ў некаторай ступені дапамог, бо я бачыла перад сабой упэўненую і прывабную жанчыну, а не інваліда ў калясцы. І мне хацелася быць падобнай на яе. Зараз я танцамі ўжо не займаюся, але з цяплом успамінаю спаборніцтвы па танцах на калясках, якія праходзілі ў Калодзішчах, Санкт-Пецярбургу, дзе я, дарэчы, займала прызавыя месцы.
У 2019 годзе Аляксандра павінна была выступаць на чэмпіянаце па танцах на інвалідных калясках у Польшчы, але не патрапіла, бо зламала нагу. І гэты няшчасны выпадак стаў адлікам наступнага этапу ў яе жыцці.
– Дзякуючы сябру, я пайшла на курсы сацыяльнага кіно, – расказвае дзяўчына, – і мяне зацягнула. Я вучылася ў кінашколе Андрэя Палупанава; была на майстар-класах Вольгі Дашук, якая працавала на кінастудыі “Беларусьфільм”. Марыла паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на рэжысёра, але мне не далі дазволу на МРЭК. Аргументавалі гэта тым, што я не змагу праходзіць практыку. На дадзены момант заканадаўства змянілася, і я змагла б пайсці туды вучыцца, але зараз мне ўжо не так цікава, як раней.
“Я дзяўчына дзвіжовая” – кажа пра сябе Аляксандра. З 18-гадовага ўзросту яна ў складзе Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў, удзельнічае амаль ва ўсіх мерапрыемствах, што ладзіць гэтая арганізацыя.
– Маё знаёмства з РАІК пачалося з атрымання “правоў” на інвалідную каляску актыўнага тыпу, – жартуе дзяўчына. – Пасля лагера актыўнай рэабілітацыі я стала перасоўвацца па горадзе на гэтай калясцы. А два гады таму дзядуля падарыў электрычную прыстаўку да яе. Таму жыццё маё набыло хуткасць як у прамым, так і пераносным сэнсе. Шкада, што такой прылады няма ў кожнага калясачніка.
“Інклюзіўны касір”
У 2021 годзе ад асацыяцыі Аляксандру запрасілі на першыя ў Беларусі курсы “Інклюзіўны касір”, якія праходзілі ў Віцебскім дзяржаўным політэхнічным прафесійным ліцэі. Гэты праект па прафесійнаму навучанню інвалідаў-калясачнікаў арганізаваў старшыня Віцебскай гарадской арганізацыі “РАІК” Андрэй Цыбульскі.
– Я вучылася дыстанцыйна і два разы ездзіла на практыку, – расказвае Аляксандра. – Тады набралі групу больш за 10 чалавек, але да фіналу дайшлі толькі 5. Зараз, наколькі ведаю, працуюць інклюзіўнымі касірамі толькі два чалавекі – я і мая знаёмая.
Вось ужо паўтара года, як Аляксандра Гароднікава працуе ў краме “Еўраопт”. І вельмі задаволена сваім месцам.
– Я працую ў вялікай краме на Ігуменскім тракце, – кажа суразмоўца. – У мяне самая прыстасаваная да каляскі каса: з шырокім праходам і подыумам. Таксама кіраўніцтва адаптавала спецыяльна пад мяне “мабільную касу”: касавы апарат можна рухаць. Гэта палягчае працу з цяжкімі таварамі.
Атмасфера ў калектыве дружалюбная. На касе ў дзяўчыны вісіць шыльда “інклюзіўны касір”, але, як жартуюць калегі Сашы, – эксклюзіўны касір.
– Я вельмі люблю працаваць з людзьмі, і яны гэта адчуваюць, – усміхаецца дзяўчына. – Здаецца, мяне ўжо ўвесь раён ведае, вітаюцца, калі бачаць на вуліцы. Бываюць, вядома, розныя выпадкі з пакупнікамі, але яшчэ ні разу не было бязвыхаднай сітуацыі. На мяне злуюцца толькі маладыя хлопцы, калі я прашу іх паказать пашпарт пры набыцці цыгарэт або спіртных напояў, – смяецца яна.
“Людзям з інваліднасцю трэба не баяцца праяўляць сябе”
Аляксандра задаволена сваім жыццём, але, як яна лічыць, заўсёды трэба цягнуцца за новымі ведамі і вопытам.
– Раней я наведвала курсы па бізнес-планаванню. Былі нават думкі мець свой праект, – працягвае суразмоўца. – Калі крыху працавала ў рэкламе, зацікавілася SMM (маркетынг у сацыяльных сетках. – Заўв. аўт.). У будучым мне хочацца зарэгістраваць уласнае агенцтва, дзе змогуць працаваць людзі з інваліднасцю.
Сашу смела можна назваць амбіцыйнай дзяўчынай, бо ўсё, за што б яна ні бралася, атрымліваецца. У гэтым, як прызнаецца яна сама, дапамагло выхаванне ў шматдзетнай сям’і, дзе Аляксандра – першынец з шасцярых дзяцей.
– Дома ў нас не было ціха ці сумна, бо кампанія вялікая, – успамінае яна. – Мы і зараз жывём усямярох – бацькі, дзве сястры і дзве кошкі. Але мне хацелася б мець уласнае жыллё.
У канцы гутаркі Аляксандра паразважала наконт стаўлення грамадства да людзей з інваліднасцю і сказала наступнае: “Людзям з інваліднасцю трэба не баяцца праяўляць сябе, спрабаваць у розных сферах, не хавацца дома, а падарожнічаць і наведваць розныя мерапрыемствы. Я ўпэўнена, што большасць людзей ставіцца з дабром да нас, асабліва моладзь. Іншым разам людзі проста не ведаюць, як весці сябе побач з чалавекам у інваліднай калясцы”.
Дарыя Галоўчыц
Фота аўтара і з архіва Аляксандры Гароднікавай
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.