«Хвароб стала больш, ступень страты прафесійнай працаздольнасці – менш». Інвалід са Слуцка намагаецца абскарджваць заключэнне міжведамаснай навукова-экспертнай камісіі

Поддержи

Сяргей Масюк – адзін з нямногіх, хто адважыўся падаць скаргу ў Мінскі абласны суд на Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі. Ён лічыць, што яго правы як грамадзяніна былі парушаны. Але пра ўсё па парадку.

Пазіцыя пазоўніка

Сяргей Масюк жыве ў Слуцку. Рэалізавацца ва ўласным жыцці яму, як і многім іншым, не далі нечакана атрыманыя траўмы. Першую ён атрымаў праз ДТЗ у 2003 годзе: былі моцна пашкоджаны ніжнія канечнасці, дадзена трэцяя група інваліднасці. Зараз Сяргей досыць цяжка перасоўваецца з кастылём. Ступень страты прафесійнай працаздольнасці склала тады 30%. Сяргей пачаў аднаўляць прафесійна-кваліфікацыйны статус шляхам прафесійнай перападрыхтоўкі.

Ён вывучыўся на аператара ПЭВМ. Каб можна было Сяргею прысвоіць 4 разрад, ён мусіў адпрацаваць два гады. Па спецыяльнасці Сяргей адпрацаваў толькі паўгады, астатні час працаваў лабарантам ў кабінеце інфарматыкі і кабінеце псіхолага ў школе.

У 2015 годзе ў жыцці Сяргея зноўку здарылася ДТЗ… І зноўку – траўма. Толькі цяпер ужо не ніжніх канечнасцей, а верхніх. У 2018 годзе Міжведамасная навукова-экспертная камісія склала заключэнне, у якім ступень страты прафесійнай працаздольнасці Сяргея склала 50%: 30% – па наступствах траўмы ранейшага ДТЗ, 20% – па наступствах траўмы ДТЗ 2015 года. Яму была дадзена трэцяя бестэрміновая група інваліднасці.

Аднак сёлета Сяргею паставілі яшчэ адзін дыягназ: рак ныркі, трэцяя стадыя… Таму гэты год Сяргей патраціў на аперацыю і рэабілітацыю…

Якое ж у яго было здзіўленне, калі ён пасярод гэтага замкнёнага кола атрымаў заключэнне Міжведамаснай навукова-экспертнай камісіі ад 6 верасня 2019 года, дзе было сказана, што ступень страты прафесійнай працаздольнасці цяпер складае 30%… А трэцяя група з бестэрміновай інваліднасці перайшла цяпер на тэрміновую: дагляд трэба праходзіць раз на год.

– Няўжо рак робіць людзей здаравейшымі і больш прафпрыдатнымі? – не разумее Сяргей.

/

Зразумела, што 30% – не надта вялікая ступень страты прафесійнай працаздольнасці, каб не працаваць, як усе. Па заключэнні МНЭК можна зрабіць выснову, што Сяргею даўно трэба было ўжо шукаць працу на амаль поўны працоўны дзень. Як гэта зрабіць чалавеку, у якога слаба рухаюцца верхнія і ніжнія канечнасці і які лечыцца ад анкалогіі?

/

Сяргей Масюк звярнуўся ў Офіс па правах людзей з інваліднасцю. Там юрысты параілі яму абскарджваць заключэнне МНЭК. У сувязі з гэтым Сяргей Масюк падаў скаргу ў Мінскі абласны суд на неправамоцныя дзеянні Міжведамаснай навукова-экспертнай камісіі.

Што кажа МНЭК?

«У заключэнні МНЭК кажа, што я з’яўляюся аператарам ПЭВМ 4 разраду, – тлумачыў Суду Сяргей. – Але ў пасведчанні няма гэтага 4 разраду. У працоўнай кніжцы напісана, што я працаваў 6 месяцаў. Тут яны пішуць, што два гады».

Адвакат Сяргея Кацярына Карцель прасіла Суд задаволіць патрабаванні Сяргея ў поўным аб’ёме. «Масюку супрацьпаказаны цяжкія працы і поўны працоўны дзень», – казала яна.
Прадстаўнік МНЭК патлумачыў, на чым грунтавалася структура, калі зрабіла такое заключэнне: «Давайце спачатку разбярэмся наконт аператара ПЭВМ. Аператар ПЭВМ адносіцца да 4 кваліфікацыйнага разраду. На гэтай пасадзе Сяргей Масюк працаваў паўгода. На пасадзе справавода ён дапрацаваў 11 месяцаў, што таксама прыроўніваецца да 4 разраду. Працаваў ён яшчэ і лабарантам у кабінеце інфарматыкі. Вось адкуль узяліся два гады».

Адносна памяншэння ступені страты прафесійнай працаздольнасці прадстаўнік МНЭК патлумачыў наступнае. Масюк рэалізаваў рэкамендацыі шляхам перападрыхтоўкі, вывучыўся на аператара ПЭВМ: «У якасці беспрацоўнага ён не рэгістраваўся. А тое, што ён прайшоў перападрыхтоўку, азначае, што ён знізіў узровень страты прафпрыдатнасці з 30% да 10%». А рак ныркі з наступствам траўмы ніяк не звязаны».

Цікава ўсё атрымалася… Масюк не працаваў аператарам ПЭВМ пасля 2011 года. Гэта перыяд перад другой траўмай і анкалогіяй… А ступень страты прафпрыдатнасці толькі зменшылася… Масюк сказаў у судзе, што ён стаў на біржу працы 24 верасня, калі МНЭК ужо зрабіла заключэнне: «У мяне была аперацыя, разумееце? Пасля двойчы ў Загор’і – рэабілітацыя. Праўда, не дапамагло… Рука так і не разгібаецца. Тут знайшлі рак… Калі мне трэба было ўладкоўвацца на працу?». Сяргей з болем намагаўся дагрукацца і да прадстаўніка МНЭК, і да суддзі. Намагалася абараняць сына і старэнькая маці, якая прыехала са Слуцка разам з ім…

Вырак

У выніку Суд прызначыў судова-медыцынскую экспертызу з мэтай ўстанаўлення ступені страты прафесійнай прыдатнасці. Яе мусяць зрабіць тыя эксперты, якія раней не ўдзельнічалі ў справе Масюка.

Суддзя сказаў, што экспертыза мусіць даць адказы на тое, якую групу інваліднасці трэба даць Масюку, што выклікала інваліднасць, якая ступень парушэння і ступень страты працаздольнасці ў Масюка. Пасля заключэння МНЭК суд будзе вырашаць, адмяняць цяперашняе яе заключэнне ці не.

Сам Сяргей прызнаўся, што не чакаў такога рашэння. Ён задаволены і спадзяецца, што на паўторнай экспертызе атрымаецца ўстанавіць справядлівасць.
А мы зноўку сутыкаемся з той сітуацыяй, калі літара закона застаецца ў пэўных выпадках толькі літарай. Бо з адваротнага боку заўжды стаіць канкрэтны чалавек з канкрэтнымі патрэбамі, магчымасцямі і хваробамі.

 

Вікторыя Чаплева
Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.