Гісторыя Марыі Пругло, якая страціла зрок падчас службы ў арміі, але знайшла сябе ў творчасці, навучанні і царкоўным хоры

Поддержи

У Смалявічах жыве незвычайная жанчына. Марыі Пругло 37 гадоў. Яна інвалід па зроку 1-й групы, але не сядзіць на месцы. Вучыцца ў Расійскім дзяржаўным сацыяльным універсітэце, каб дапамагаць такім самым невідушчым людзям. Спявае ў царкоўным хоры, піша вершы, удзельнічае ў конкурсах. А яшчэ – з’яўляецца ўпаўнаважаным прадстаўніком абласной арганізацыі «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» ў Смалявічах.

Траўма ў дзяцінстве і страта зроку ў 19 гадоў

Маша нарадзілася ва Украіне. Калі ёй быў годзік, сям’я пераехала ў Беларусь – бацька быў ваенным. Жылі ў ваеннай часці пад Смалявічамі. Дзяўчынка марыла стаць ваеннай, але спачатку скончыла курсы тавараведа.

У дзяцінстве Маша звалілася з ровара на вялікай хуткасці. Урач тады сказаў: «Яна проста не хоча ісці ў школу». Ні ўколаў, ні здымкаў не зрабілі. З таго часу галава балела пастаянна. Ставілі дыягназ: спазмы сасудаў. Выпісвалі лекі, але лягчэй не станавілася.

У 19 гадоў Маша пайшла служыць у армію па кантракце – у войскі супрацьпаветранай абароны. Яна была сувязістам, механікам, тэлеграфістам. Прыняла прысягу, адслужыла паўгода… І раптам пачала губляць зрок.

– Я прыехала дадому перад Новым годам і кажу маме: «Я цябе не бачу», – успамінае Маша.

Бацька адвёз яе ў ваенны шпіталь. Дыягназ – пухліна мозгу, якая націснула на гля­дзельны нерв. Добра, што пухліна аказалася добраякаснай. Доктар накіраваў дзяўчыну да вядомага прафесара. У 2007 годзе была зроблена аперацыя. Потым хімія, апраменьванне. Жыццё падзялілася на да і пасля.

Цуд, які здарыўся ў яе жыцці

Пасля аперацыі Маша доўга не магла прывык­нуць да новага стану. Яна цалкам перастала бачыць.

– Гэта вельмі страшна, калі ты бачыў-бачыў, а потым раз – і цябе гэтага пазбавілі, – кажа суразмоўніца.

Спачатку Маша сядзела дома. Ёй здавалася, што яна адна такая на свеце. Пакуль не даведалася пра тэрытарыяльны сацыяльны цэнтр, дзе ёсць гурткі і спецыялісты. Аднойчы па тэлевізары пачула пра святую Ксенію Блажэнную ў Піцеры і адчула: трэба ехаць. І здарыўся цуд: сястра знайшла ў «Аднакласніках» даўнюю аднакласніцу, якая жыла побач з месцам, дзе пахавана святая.

– Я веруючая. Гэта мяне Гасподзь вёў, – упэўнена кажа Маша.

Крылы за спіной

Маша паціху пачала выходзіць на вуліцу. Спачатку каля дома, намацваючы дарогу нагой. Потым дайшла да сацыяльнага цэнтра. Аднойчы ёй прапанавалі звычайную тросць. З ёй было нязручна – яна пастаянна ўтыкалася.

А потым патэлефанавалі з Мінска і запрасілі на адкрыццё Цэнтра паспяховага чалавека спецыяльна для невідушчых. Там вучылі садзіцца ў аўтобус, хадзіць з тросцю, сервіраваць стол, клікаць афіцыянта, танцаваць, нават накладваць макіяж.

– Я пасля таго цэнтра вярнулася зусім іншым чалавекам. У мяне з’явіліся крылы за спіной, – успамінае Маша.

Там жа гераіня пазнаёмілася з рознымі відамі трасцей – складнымі, з розных матэрыялаў, з рознымі наканечнікамі. Маша замовіла сабе канадскую складную тросць са святлоадбівальнымі элементамі і цыліндрычным круцільным наканечнікам. Каштавала яна сто долараў, але грошай не шкада. З ёй стала значна зручней і бяспечней.

«Спявай, усё добра»

Асобная старонка жыцця Машы – царква. Яна даўно хацела спяваць у хоры, але баялася, што без музычнай адукацыі не возьмуць. Аднойчы на Каляды яна з маці прыйшла ў храм дапамагаць па гаспадарцы. Села за стол побач з рэгентам – кіраўніком хору. Разгаварыліся.

– Я пытаю: «Трэба ж музычную адукацыю?» А рэгент кажа: «Не, калі душа спявае – прыходзь, паслухаю». Прыйшла на службу. Рэгент падышла, паклала руку на плячо і сказала: «Спявай, усё добра», – узгадвае Маша.

Цяпер Марыя Пругло спявае ў хоры ўжо дзесяць гадоў. У храме Мінскай іконы Божай Маці ў Смалявічах. Маці, Аляксандра Рыгораўна, таксама падцягнулася. Прыйшла паслухаць і засталася.

Вучоба, планы і падтрымка

Маша вучыцца ў Расійскім дзяржаўным сацыяльным універсітэце (філіял у Мінску на вуліцы Народнай). Спецыяльнасць – сацыяльная работа. Хоча стаць адаптолагам-рэабілітолагам для невідушчых людзей.

Лекцыі запісвае на дыктофон. Заданні ёй скідваюць на флэшку. Калі чагосьці не хапае, шукае аўдыёлекцыі ў інтэрнэце. Піша на клавіятуры або галасавым уводам у тэлефоне. Шрыфтам Брайля пакуль не валодае. Але думае пра гэта, каб потым вучыць іншых.

– У мяне група цудоўная. Усе дапамагаюць. Стараста наогул ад мяне ні на крок, – дзеліцца наша суразмоўніца.

Маша атрымлівае ваенную пенсію і мае бясплатны праезд. Ёй прызналі, што захварэ­ла яна падчас службы па кантракце.

Сям’я, страты і цеплыня

Разам з Машай жыве маці. Часам да іх прыходзіць пляменнік-падлетак. Бацькі ўжо няма – ён памёр. Але ўспаміны пра яго грэюць. Тата быў ваенным, але вялікім рамантыкам. Калі сям’я жыла ў ваеннай часці сярод лесу, кожную раніцу ў іх стаялі вёдры з палявымі кветкамі. Ён часта спяваў маме песню «Утомлённое солнце». І да гэтага часу палявыя кветкі – любімыя Машыны.

«Дзверы адчыняюцца ў іншым месцы»

Зрок у Марыі стаў трубчатым. Яна бачыць толькі тое, што перад вачыма, як праз трубу. Бакавога зроку няма. Колеры адрознівае: сіні і жоўты бачыць добра, блытае зялёны з чырвоным.

На пытанне, што яна набыла пасля страты зроку, Маша адказвае без ваганняў:

– Пераацэнку каштоўнасцяў. Калі ты бачыш птушку, якая праляцела, ці ноччу на лецішчы крыло самалёта – гэта ўжо радасць. Я пачала пісаць вершы, удзельнічаць у конкурсах. Стала больш творчай.

А яшчэ гераіня перакананая: калі нешта не атрымліваецца, значыць, твае дзверы адчыняцца ў іншым месцы.

– Значыць, ты там патрэбна. Трэба проста ўзяць і паспрабаваць. Не баяцца, – кажа яна і дадае:

– Калі што, заўсёды можна папрасіць дапамогі… Галоўнае – не сядзець на месцы.

Тэкст: Надзея Зуева
Фота з асабістага архіва Марыі Пругло

 

 

Новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.