Фарбы жыцця распачалі калядны цуд: гісторыя дзяўчыны з ДЦП, якая малюе з дзецьмі, верыць у Бога і марыць пра вялікую сям’ю

Для кагосьці галоўнае зімовае свята – Новы год, але не для нашай суразмоўцы. Сёння, у перадкалядны дзень, мы раскажам пра дзяўчыну, якая верыць у Бога і цуд. Іуліанія Шах з Дзятлава Гродзенскай вобласці распавядае, як жыве з ДЦП і чаму маляванне для яе – амаль што сэнс жыцця.
– Мне 31 год, жыву ў невялікім, але вельмі ўтульным гарадку Дзятлава, – пачынае дзяўчына. – У матулі я першае дзіця, доўгачаканае, але нарадзілася з хваробай – дзіцячы цэрэбральны параліч. Зараз я поўнасцю самастойная, хаджу з палкай. Канешне, павольней здаровых, але на сваіх нагах, – гэта цешыць.
“Вялікая сям’я – гэта цудоўна”
Іуліанія расла ў шматдзетнай сям’і. Акрамя яе, ёсць яшчэ дзве сястры і брат. Адну сястру маці Іуліаніі ўзяла з дзіцячага дому.
– Мая сястра Маша – прыёмная, але я ніколі не адчувала яе не роднай, – дзеліцца суразмоўца. – Калі мне было 7 гадоў, я казала матулі: “Я так хачу, каб у мяне была сястра, з якой мы будзем лепшымі сяброўкамі”. І мама зрабіла добрую справу. Мы нарадзіліся ў адзін дзень, 17 снежня, толькі з розніцай у 2 гады. Маша ўжо жыве ў Мінску, але прыязджае да нас на святы з мужам і дочкамі. Пасля Машы ідзе Алёна, ёй 15 год, гэта зводная сястра. Яна таксама ўжо пакінула бацькоўскі дом – зараз навучаецца ў радыётэхнічным каледжы ў Мінску. Застаўся ў Дзятлаве пакуль толькі самы малодшы зводны брат, які ў гэтым годзе скончыць 9 класаў. Вялікая сям’я – гэта цудоўна.
У 2010 годзе Іуліанія скончыла Дзятлаўскую школу на хатнім навучанні, пасля чаго паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны універсітэт, на завочную форму. Атрымала эканамічную адукацыю, але марыла стаць урачом.
– Вучоба мне заўсёды добра давалася, – прызнаецца дзяўчына. – Але мая мара стаць урачом так і засталася жаданнем, бо дактары не дазволілі вучыцца ў медыцынскім. Але я ні пра што не шкадую. Знайсці працу па спецыяльнасці з інваліднасцю цяжка, зараз я не працую.
Адзін год была аператарам ЭВМ на базе Дзятлаўскага ТЦСАН. Для гэтага прайшла навучанне ў Нёманскім ліцэі. Але душой я адданая мастацтву. З дзяцінства суразмоўцу захапляла маляванне. Дзяўчына хадзіла займацца ў Дзятлаўскую школу мастацтваў, а таксама скончыла курсы па прафесіі “мастак-афарміцель” у Мінску.
– Мне заўсёды падабалася нешта рабіць сваімі рукамі – шыць, вязаць, плясці з пацерак, ляпіць з гліны. Увогуле ўсё, што з гэтым звязана. Але мая найбольшая любоў – гэта маляванне, – захоплена распавядае Іуліанія. – Зараз я не змагу сказаць, колькі ўсяго напісала карцін, многія з іх падарыла або пакінула ў мастацкай школе. Ніводную не прадала – няма ў мяне прадпрымальніцкай жылкі, – усміхаецца яна.
“Дзеці больш разумеюць, чым дарослыя”
Ёсць тэма, пры якой вочы ў Іуліаніі пачынаюць “гарэць” ад шчасця і шчырасці – гэта дзеці, з якімі яна малюе ў школе мастацтваў.
– Для таго, каб наведваць мастацкую школу, я ўжо вельмі вялікая, але ў мяне па сёння ёсць такое жаданне, – расказвае дзяўчына. – І якое было для мяне шчасце, калі мне дазволілі хадзіць у любы час заняткаў маляваць. У мяне там ёсць асабны невялікі пакой, дзе займаюся, але да мяне могуць заглядваць дзеці. Часам я ім дапамагаю, а іншы раз яны мне нешта падкажуць.

Жанна Лукашэня, настаўніца Дзятлаўскай школы мастацтваў, таксама ўпэўнена ў тым, что Іуліанія только натхняе малышоў, а не адштурхоўвае.
– Гэта ўвогуле цікавая гісторыя. Мне здаецца, мала дзе такое сустрэнеш, – распавядае Жанна. – Калі дзеці бачаць карціны Юлі, іх гэта нібы акрыляе. Яны адразу пытаюць: “Няўжо яна так прыгожа малюе?” Яны ставяцца да яе з павагай, разуменнем. Наша Іуліанія – светлая душа, таму я нават не магу ўявіць які-небудзь негатыў ад яе. Са свайго боку стараюся ўкласці ў яе больш упэўненасці, бо ў яе сапраўды вялікі талент. Часам яна можа са мной параіцца, як з сяброўкай.
Калі Іуліанія прыходзіць у школу, усе дзеці адразу падыходзяць да яе, каб прывітацца і паразмаўляць.
– На здзіўленне, дзеці больш разумеюць, чым дарослыя, – упэўнена Іуліанія. – Дарослыя могуць праводзіць мяне касым поглядам, а дзеці заўсёды нібы спачуваюць і падтрымліваюць. Пытаюцца іншы раз: “Калі вылечыш хворыя ножкі?” Адказаць няма што, а яны і не перапытваюць. Мне здаецца, дзеці бачаць душу, а не цела. І так не толькі з маленькімі. Напрыклад, аднакласнікі брата, якім па 14-15 гадоў, таксама заўсёды, калі бачаць мяне, усміхаюцца і прапаноўваюць дапамогу. Я вельмі люблю дзяцей. Праводжу ў мастацкай школе па 7 гадзін у дзень. Іду сюды самастойна. У здаровага чалавека дарога заняла б хвілін 15, а ў мяне атрымліваецца ўсе 50, але гэта таго варта. Калі б мне прапанавалі стаць настаўніцай, я б з задавальненнем згадзілася, але разумею, што гэта немагчыма з-за парушэння маўлення.
“Жыццё без Бога не мае сэнсу”
Акрамя захаплення мастацтвам, Іуліанія актыўна вядзе старонку ў TikTok, дзе яе відэа набіраюць мільёны праглядаў.
– У мяне ёсць сябар Роберт, у якого ў TikTok больш за 4 мільёны падпісчыкаў, – распавядае суразмоўца. – Ён мне і прапанаваў завесці сваю старонку. Я здымаю гумарыстычны кантэнт. Падабаецца не ўсім, бо бывае, что пішуць гадасці. Я такія каментары выдаляю, бо хачу, каб мая сацыяльная сетка была светлай і несла толькі мір і радасць. Канешне, некаторыя сваімі словамі псуюць настрой на ўвесь дзень, але добрых людзей у разы больш.
Іуліанія прызнаецца, што іншы раз прыемныя словы падтрымкі прабіваюць яе на слязу радасці. Дарэчы, яна ёсць ў розных сацыяльных мярэжах і заўсёды адкрыта да размовы.
/
У TikTok і Instagram Іуліанію можна знайсці пад іменем: @artist_julia_shah.
/
– У мяне вельмі шмат сяброў па перапісцы, – дзеліцца дзяўчына. – У асноўным, мае аднадумцы – веруючыя людзі. Для мяне не важна, якую веру яны прапаведаюць. Дарэчы, я сама наведваю і царкву, і касцёл, дом малітвы. Я да ўсіх стаўлюся з любоўю. Лічу, што жыццё без Бога не мае сэнсу, але не трэба навязваць сваю думку іншым. Кожны сам павінен прыйсці да Бога.
На Каляды заўсёды павінен адбыцца цуд. Наша гераіня больш за усё марыць аб адным – уласнай сям’і.
– Я прашу ў Бога, каб ён дапамог мне ў стварэнні сям’і. Я хачу бачыць побач мужчыну, які будзе мне падтрымкай і апорай. Уяўляю, як мы будзем жыць у невялікім горадзе, можа нават і ў Дзятлаве, а па нашым доме будуць бегаць 8 дзяцей. Я абавязкова вазьму з дзіцячага дома, каб падарыць камусьці шчаслівае дзяцінства. А яшчэ я жадаю кожнаму быць здаровым і шчаслівым, – падкрэслівае Іуліанія Шах.
Дарыя Галоўчыц
Фота аўтара
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.