Дзяўчына з асаблівасцямі: «Дзякуючы маляванню я ўяўляю сітуацыі і гісторыі, якія са мной ніколі не здарацца»
Насце 21 год, яна жыве ў Мінску. Псіхіятрычны дыягназ дзяўчыне паставілі, калі ёй было толькі 16 гадоў. Ён перакрэсліў усе яе планы на жыццё, аднак Наста так і не прыняла думку, што з групай інваліднасці можна проста сядзець дома.
Першыя прыкметы
Пасля 9 класа Наста паступіла ў каледж: вучылася роспісу па дрэве. Аднак адразу з’явіліся цяжкасці: хоць вучыцца дзяўчыне падабалася, аднак ёй стала цяжка знаходзіцца побач з новымі людзьмі: «Я так і не змагла адаптавацца, амаль ні з кім не кантактавала, пачала ўсяго баяцца, пайшоў стан несвядомасці, суіцыдальныя думкі». Наста ўвесь час прасіла бацькоў адвесці яе да псіхолага: разумела, што з ёй адбываецца нешта не тое. Аднак бацькі не ўспрымалі яе просьбы ўсур’ёз. У выніку ў хуткім часе Наста трапіла ў лякарню.
– Тады я адчувала сябе вельмі кепска, не магла чытаць, – узгадвае дзяўчына. – Прайшла тэсты псіхолага, сказалі: калі трапіць другі раз, паставяць шызафрэнію.
Насце сказалі абавязкова прапіваць таблеткі, аднак бацькі ў гэта не паверылі: дома дзяўчына паводзіла сябе адэкватна, хоць і пад дзеяннем лекаў пастаянна спала: «Знаёмыя нам казалі, маўляў, таблеткі зробяць мне толькі горш, навошта мне іх піць». Таксама спачатку бацькі не разумелі неабходнасць размоў з псіхолагам.
/
«Калі проста прасіла кансультацыі з псіхолагам, яны не чулі. Яны мяне пачыналі чуць, калі я прыходзіла да іх у жахлівым стане і казала, што, калі я не траплю да псіхолага, адбудзецца нешта страшнае».
/
У каледжы Наста ўзяла акадэмічны адпачынак. Год яна адсядзела дома, малявала, фактычна ні з кім не кантактавала. «Падчас адной размовы тата настаяў на тым, каб я вярталася ў каледж. Было страшна, я адчувала паніку, калі пра гэта думала. Мы з мамай набылі вопратку, але было сорамна ў ёй ісці, падавалася, што з мяне будуць смяяцца. У гэты час пачаўся псіхоз, прытым, калі я сядзела дома, гэтага не было заўважна».
Аднак, калі Наста прыйшла ў новы калектыў пасля акадэмічнага адпачынку, хвароба абвастрылася, прытым на працягу трох дзён. Ёй было настолькі кепска, што яна прыйшла да псіхолага ў каледжы і стала патрабаваць, каб яе тэрмінова шпіталізавалі.
Дыягназ
Праз некалькі дзён Наста ўсё ж такі трапіла ў бальніцу. У хуткім часе Насце паставілі псіхіятрычны дыягназ і сказалі, што яна больш не зможа вучыцца, таму ёй трэба афармляць групу інваліднасці. Пасля гэтага Наста сышла з каледжа. Спачатку дзяўчыне далі 2-ю групу інваліднасці, пасля – 3-ю. Дзякуючы лячэнню і заняткам з псіхатэрапеўтам, Насце стала лягчэй, кепска ёй становіцца цяпер толькі перыядамі. «Без псіхатэрапеўта мне вельмі складана, бо ёсць пытанні, якія мне трэба абмяркоўваць».
Наста пасля паступіла яшчэ і ў іншы каледж на мадэльера-канструктара, аднак так і не змагла адаптавацца да калектыву. «Магчыма, мне было б прасцей, калі б я вучылася дома. Мне цяжка засвойваць інфармацыю, не магла запомніць тэарэтычную частку, а пасля зноўку стала трапляць у бальніцы, таму правучылася толькі год».
Праца і захапленне
Уладкавацца на працу складана, вядома, з псіхічнай інваліднасцю. Але Насце пашанцавала: яна ўладкавалася прыбіральшчыцай у адну з мінскіх школ. Працуе яна кожны дзень, акрамя выхадных.
– Цяжка? – пытаю Насту.
– Не. Спачатку фізічна стамлялася, а пасля прызвычаілася. Цяжка становіцца, калі адчуваю сябе псіхічна горш. А так праца мне падабаецца, бо падчас яе я думаю аб прыемных рэчах ці нешта прыемнае слухаю.
Канечне, мара ў Насці іншая, дзяўчына да яе пакрысе крочыць. Наста вельмі хоча шыць вопратку. Так, зараз яна сканчвае курсы па пашыўцы ніжняй бялізны. Наста кажа, што яе мара – шыць бялізну прафесійна. «Курсы дорага каштуюць, але мне так хочацца ў гэтым развівацца! Гатовая бялізна – неверагодна прыгожая. Мне так падабаецца гэтая справа!».
Да таго ж вучыцца на курсах ёй камфортна: там не трэба вучыць тэорыю, якую Наста запомніць не можа.
Не так даўно Наста прыйшла ў Клубны дом «Адкрытая душа», які стаў для яе сапраўднай аддушынай. «Я ж асабліва нікуды не выходжу з дому, а там я магу змяніць абстаноўку, пакантактаваць з людзьмі, гэта дапамагае, калі ты знаходзішся ў ізаляцыі. Там пачаліся нядаўна групы падтрымкі, мне вельмі карысна пахадзіць, даведацца аб праблемах, якія ёсць, навучыцца, як з імі спраўляцца».
Творчасць
Вольны час Наста прысвячае творчасці: яна малюе. Яе захапленне маляваннем пачалося яшчэ з дзяцінства, калі яна глядзела анімэ-мультфільмы. Тады дзяўчына запалілася марай: здолець намаляваць адну з гераінь мультфільму. Пакрысе яна стала ісці да сваёй мэты, стала вучыцца маляваць. Зараз яна малюе на графічным планшэце і на паперы.
– Творчасць для мяне – гэта мая фантазія. Я прыдумляю сітуацыі і гісторыі і іх малюю. Гэта ж такі цуд, калі нешта прыдумляеш і матэрыялізуеш у малюнак!
/
У мяне сумнае жыццё, у ім мала ўражанняў. Дзякуючы маляванню я ствараю гэтыя ўражанні. Дзякуючы маляванню я ўяўляю сітуацыі і гісторыі, якія са мной ніколі не здарацца.
/
Наста марыць маляваць на глыбокія тэмы. Напрыклад, яна ўжо стварыла малюнак на тэму Халакоста.
– Мне цяжка паверыць у будучыню, – дзеліцца Наста. – Мне падаецца, што маё мастацтва нікому не цікава. Але мне хочацца, каб на мае працы быў нейкі водгук.
У Насці так і засталіся няздадзеныя некаторыя прадметы за курс сярэдняй школы, таму адукацыя ў яе – толькі базавая. Аднак дзяўчына не сумуе. І, пакуль мые падлогу ў школе, прыдумляе новых герояў для сваіх малюнкаў.
Вікторыя Чаплева
Фота з асабістага архіва гераіні
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.