Дзве вайны маёй сям’і. Настаўніца Ірына Камарова – пра сваіх родных, якія прайшлі вайну
У сёмай сталічнай гімназіі ёсць чалавек, якога ведаюць усе – ад першакласнікаў да дасведчаных педагогаў. Педагог вышэйшай катэгорыі Ірына Камарова працуе тут ужо больш за сорак гадоў. Яна вучаніца знакамітых настаўнікаў, у тым ліку і народнага настаўніка Савецкага Саюза Галіны Івановай.
Ірына Леанідаўна – інтэлігентная, далікатная, але пры гэтым неверагодна энергічная жанчына. Яна выглядае значна маладзейшай за свой узрост, і гэта, напэўна, таму, што побач з дзецьмі. Але не толькі. Яе сіла – у глыбокай сувязі з продкамі. Яна беражэ старыя фатаграфіі, пажаўцелыя і дарагія, захоўвае сямейную скарбонку з медалямі і перадае гэтую памяць сваім вучням і ўнукам. Настаўніца малодшых класаў расказала, што насупраць 7-й гімназіі, па вуліцы Антонаўскай, ёсць бярозавы гай. У перадсвяточныя майскія дні вучні былой, на той час 33-й школы, разам з ветэранамі высаджвалі тут бярозкі. Гэты гай заклаў салдат. Ён вярнуўся і пасадзіў столькі бярозак, колькі загінула яго баявых таварышаў. Гэтая добрая традыцыя працягваецца і цяпер. Для настаўніцы і яе вучняў гэта не проста дрэвы, а жывая памяць пра салдат, якія вызвалялі Мінск.
Напярэдадні 85-й гадавіны з пачатку ВАВ яна расказала нам пра ваенныя лёсы сваёй сям’і. Два дзядулі нашай гераіні – удзельнікі Вялікай Айчыннай. І абедзве вайны розныя, але адна на ўсіх.

Першы дзядуля нашай гераіні – Андрэй Паўлавіч Сяменчыкоў, быў лётчыкам, які, на жаль, не вярнуўся з вайны. Гэта дзядуля па лініі бацькі. Ён нарадзіўся ў 1918 годзе ў вёсцы Канава Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. У 1939 годзе яго прызвалі ў лётныя войскі Чырвонай Арміі. Служыў у Чэлябінску ў вучылішчы штурмавікоў, якое існавала яшчэ да вайны. Адтуль яго воінскую часць перадыслакавалі ва Украіну, у горад Белая Царква. І менавіта адтуль Андрэй Паўлавіч пайшоў на фронт, – распавяла ўнучка героя.
– У мяне захаваліся фатаграфіі, якія дзядуля высылаў бабулі, – паказвае Ірына Леанідаўна. – Вось ён з сябрам, вось з гітарай. Ён іграў на гітары, прыгожа спяваў, пісаў каліграфічным почыркам.
У 1945 годзе яго жонка Варвара Нікіфараўна Сяменчыкова атрымала паведамленне, якое было страшнейшае за пахаванне: «Прапаў без вестак у красавіку 44-га года». Яна засталася адна з маленькім сынам на руках.

– Потым бабуля гадамі пісала ва ўсе інстанцыі, – расказвае Ірына Леанідаўна. – У Цэнтральнае міністэрства абароны, у Чырвоны Крыж, у Падольск, на Беларускае радыё. У яе захаваліся чарнавікі: «Дарагія таварышы, дапамажыце ўсталяваць ісціну, дзе загінуў і пахаваны мой муж… З таго часу прайшло шмат гадоў. Скончылася вайна. Я паспела састарэць, але сэрца маё не дае мне забыць яго. Ён быў вельмі добрым чалавекам…»
Дзядулю так і не знайшлі. Але засталася памяць і фота.
Выратаваныя з вады. Гісторыя бабулі Варвары
Акупацыю Варвара Нікіфараўна перажыла ў роднай вёсцы. Ірына Леанідаўна расказвае гісторыю, пра якую доўга маўчала бабуля, але пазней пацвердзіла яе сяброўка.
– Бацька мой, Лёва, быў маленькі, з белымі валасамі, блакітнымі вачыма, – расказвае суразмоўніца. – І ў першыя ж дні акупацыі яго забраў нейкі нямецкі афіцэр. Варвара Нікіфараўна кінулася шукаць сына. Прыбягае, а малы сядзіць у афіцэра на руках і смокча шакаладку. Яна на калені: «Кіндэр, пан, гэта мой кіндэр!» А ён дастае партманэ і паказвае фота свайго сына – такога ж беленькага хлопчыка. І вярнуў малога, – дзеліцца гісторыяй наша гераіня.

А самае жахлівае здарылася пазней. Калі немцы пачалі зганяць моладзь у Германію, Варвара адмовілася пакідаць хворага сына.
– Бабулю выштурхалі з хаты, прывялі да ракі, на кладку, дзе жанчыны паласкалі бялізну. Яна трымала майго маленькага тату і малілася. І раптам нейкі чалавек крыкнуў: «Скачы!» Яна скокнула з кладкі і сышла пад ваду разам з сынам. А паліцай, які стаяў зверху, пачаў страляць. Лёва пасінеў. Яна яго трымае ў рэчцы, а над імі стрэлы. Але яны выплылі.
Выжылі дзякуючы выпадковаму чалавеку – камусьці з мясцовых. А паліцай гэты пасля вайны жыў у вёсцы, хадзіў з сабакам, і ўсе пра яго ведалі.
Другі дзядуля – Якаў Фёдаравіч Піліпенка
Ірына Леанідаўна расказвае, што гэта ўжо па матчынай лініі. Якаў Фёдаравіч нарадзіўся ў 1910-м ва Украіне, у сяле Папіўка Палтаўскай вобласці. Да вайны ахоўваў урадавы аб’ект. Там і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, бабуляй нашай гераіні Кацярынай Усцінаўнай.
А потым трапіў на будаўніцтва Беламорканала.

Гэты факт доўга хавалі ад унукаў, – дзеліцца Ірына Леанідаўна. – Адтуль, з Беламорканала, дзе ад цынгі ён страціў зубы, Якаў Фёдаравіч пайшоў на фронт добраахвотнікам.
Ваяваў адважна. Быў узнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны ІІІ ступені і Ордэнам Славы ІІ ступені. У 1943 годзе атрымаў цяжкае асколачнае раненне ў сцягно. Ледзь не ампутавалі нагу.
– Дзядуля расказваў: прыйшоў лекар, вельмі актыўны, і сказаў: «Калі ў вас ёсць насенне лёну, прыкладайце». І вось такімі прымочкамі нагу выратавалі. Але кульгавасць засталася на ўсё жыццё, – гаворыць унучка салдата.
Пасля вайны Якаву Фёдаравічу прапаноўвалі кватэру ў прэстыжным доме на плошчы Перамогі, тым самым паўкруглым, дзе пасяліліся яго аднапалчане. Ён адмовіўся.
– «Не, я хачу будаваць дом для маёй сям’і», – сказаў. І пабудаваў у Вяснянцы. Там, дзе цяпер Палац гімнастыкі. Дом, у якім прайшло маё дзяцінства, на жаль, знеслі. Але памяць засталася, – дадала настаўніца.

Каваль, рукамі якога зроблена агароджа Опернага тэатра
Пасля вайны Якаў Фёдаравіч уладкаваўся на механічны завод. Быў выдатным кавалём. Менавіта ён і яго таварышы зрабілі тую самую літую агароджу вакол Опернага тэатра. Тую, якую мы бачым і сёння.
– Ён быў вельмі сціплым чалавекам. Бабуля казала: «Яша, можа, халадзільнік возьмем?» А ён: «Кацюша, мы не для гэтага ваявалі». Ён не карыстаўся льготамі. Для яго галоўным было жыць па сумленні, а не мець прывілеі.
У мірны час Якаў Фёдаравіч атрымаў нагрудны знак «Выдатнік сацыялістычнага спаборніцтва» і гадзіннік ад Міністэрства будаўніцтва БССР. І памяць пра яго жыве ва ўнуках. І ў той самай агароджы, якую ён каваў.

Бабуля Кацярына, якая хавала яўрэйскую дзяўчыну
Асаблівая гісторыя, якой таксама падзялілася з намі настаўніца, пра яе бабулю Кацярыну Усцінаўну Піліпенка. Яна пражыла 95 гадоў, захаваўшы ясны розум да самага канца. Падчас акупацыі Кацярына Усцінаўна рызыкавала жыццём: больш за паўгода хавала сямнаццацігадовую яўрэйскую дзяўчыну.
– І яшчэ быў у бабулі такі выпадак. Побач з вёскай знаходзіўся лагер ваеннапалонных. Аднойчы сабрала кошык хлеба і нейкіх прыпасаў для палонных салдат. Падышла да нямецкага вартаўніка. Грошай у бабулі не было, і, каб немец дазволіў перадаць кошык, аддала яму свае завушніцы з ружовым каменьчыкам – падарунак дзядулі.
Гэта была плата за кавалак хлеба для чужых людзей. Завушніцы, якія берагла як памяць. Такім было сэрца гэтай жанчыны.

Настаўніца, якая памятае
Ірына Леанідаўна з цеплынёй успамінае і сваю настаўніцу беларускай мовы Вольгу Андрэеўну Гладкую. Падчас вайны яна была сувязной у партызанскім атрадзе разам з Адай Казей, сястрой знакамітага Марата Казея. Гэтыя людзі сталі для яе прыкладам таго, як можна спалучаць сціпласць, мужнасць і любоў да Радзімы.
Сям’я, якая засталася побач
Дзве бабулі – Варвара Нікіфараўна Сяменчыкова (па бацькоўскай лініі) і Кацярына Усцінаўна Піліпенка (па матчынай) – былі вельмі дружныя. Называлі адна адну «свацюшка мая». І дамовіліся яшчэ пры жыцці, што будуць пахаваныя побач. Сёння іх магілы на могілках «Ждановічы». Побач іх мужы, якія прайшлі вайну. А ў Крупцах, уздоўж праспекта Пераможцаў, магіла яшчэ аднаго байца, прадзеда нашай гераіні, які вярнуўся з вайны ў 1945-м і загінуў у 1946-м ад ран, – Усціна Адамавіча Дуліна з жонкай Марыяй.

– Калі памерла бабуля Варвара, праз тры дні нарадзілася мая ўнучка, – расказвае Ірына Леанідаўна. – І мы назвалі яе Варварай. Сыход аднаго жыцця і пачатак іншага. Гэта ўзрушальна. І праўнучка спявае, як яна, і майструе на ўсе рукі. Жыццё працягваецца.
Наша гераіня не толькі вучыць дзяцей чытаць і пісаць. Яна вучыць іх памятаць. Яе клас жыве з устаноўкай: «Дабро жыве ў душы» і «Трэба дарыць дабро». Унучка сваіх адважных дзядуляў і бабуль ведае, што жыць трэба паводле сумлення, так, як жылі яе продкі.
Глядзіш на гэтую жанчыну і разумееш: вось яна, жывая сувязь пакаленняў. У яе руках пажоўклыя фатаграфіі, а ў сэрцы імёны тых, хто не вярнуўся, і тых, хто выжыў.
Тэкст: Надзея Зуева
Фота з сямейнага архіва гераіні
Новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.