«Далей носа нічога не бачу». Слабавідушчы Уладзіслаў Рулінскі працуе праграмістам і вучыць японскую мову
Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя за мінулы год у свеце каля 2,2 мільярда чалавек, альбо 27% ад усяго насельніцтва, па розных прычынах маюць дрэнны зрок. Адзін з іх, мінчанін Уладзіслаў Рулінскі, які з нараджэння мае дыягназ “міяпія высокай ступені”, расказаў аб тым, як гэта жыць, калі далей носа нічога не бачыш.
– Вельмі блізка я бачу, але ўсё, што далей носа – ужо не, – жартуе Уладзіслаў. – У мяне 2-я група інваліднасці з нараджэння, таму ў свае 29 гадоў я не ведаю, як можна бачыць па-іншаму. Вучыўся я ў спецыялізаванай школе для дзяцей з парушэннем зроку ў Мінску. Дзесьці ў 6 гадоў захапіўся плаваннем. Адразу хацеў проста навучыцца плаваць, але стаў займацца прафесійна. Зараз маю званне “майстар спорту”.
Плаванне было на першым плане да паступлення ва ўніверсітэт. У 2010 годзе, пасля 11 класаў, хлопец паступіў у БДУ на механіка-матэматычны факультэт.
– Мне заўсёды падабалася матэматыка, таму я ведаў, што хачу стаць праграмістам, – працягвае суразмоўца. – Закончыў універ па спецыяльнасці “матэматыка і інфармацыйныя тэхногіі”. У праграмаванні ёсць шмат розных напрамкаў, але я марыў стаць распрацоўшчыкам. Гадоў пяць целяпаўся з месца на месца. Дзесьці працаваў па дамове падраду, дзесьці не працягваў працоўны кантракт больш чым на паўгода. Калі казаць пра працаўладкаванне, то тут асноўная праблема даволі іранічная. Мне, як інваліду, не трэба праходзіць выпрабавальны тэрмін, але працадаўцы ў сферы IT часцей за ўсё хочуць адразу ўпэўніцца ў тваіх прафесійных навыках. Атрымліваецца замкнёнае кола: адказваюць у працы не таму, што ты інвалід, а таму, што ім патрэбны вопытныя супрацоўнікі.
Але зараз Уладзіслаў знайшоў тое месца, дзе яму падабаецца. Ужо 3 гады ён працуе ў Беларускім інстытуце сістэмнага аналізу па прафесіі, аб якой марыў, – распрацоўшчык.
– У той сферы, дзе зараз я, можна бясконца развівацца, у гэтым кайф, – дзеліцца хлопец. – Я займаюся распрацоўкай дзяржаўных інфармацыйных сістэм. Тут вельмі важна не стаяць на месцы, а ўвесь час вучыцца новаму. Раблю я гэта пасля працы, таму амаль што ўвесь дзень звязаны з праграмаваннем. Мне падабаецца. Мяне часта пытаюцца: “Як ты са сваім зрокам так шмат працуеш за комп’ютарам? Ад гэтага ж будзе толькі горш са зрокам.” Але я ўпэўнены, што ў большасці зрок псуецца і без таго. Каб глядзець TikTok увечары, трэба факусіравацца на маленькім экране тэлефона, што і ў здаровага чалавека выклікае блізарукасць.
Нягледзячы на тое, што праца займае шмат часу, у мінчаніна ёсць захапленне, аб якім ён можа расказваць гадзінамі – японская мова і культура.
– У мяне ёсць мара – пажыць пару гадоў у Японіі, – прызнаецца Уладзіслаў. – Мне падабаецца Беларусь, я не хацеў бы пакідаць краіну назаўсёды. Але некалькі гадоў пажыць у іншай краіне, “акунуцца” у яе культуру – так. Мне здаецца, гэта вельмі цікава. Тым больш у Японіі таксама існуюць сацыяльныя праграмы для людзей з інваліднасцю. Там ёсць магчымасць уладкавацца ў якую-небудзь кампанію. Але перад гэтым трэба здаць міжнародны экзамен. Я вучу ўжо два гады мову, але мне, тэхнару, гэта даецца складана. Да таго ж, дарэчы, зусім не бачу, што выкладчык піша на дошцы. Прыходзіцца “спісваць” канспект у аднагрупнікаў, – усміхаецца хлопец.
Нябачныя літары і лічбы на дошцы – не адзіная перашкода для Уладзіслава. Маладому чалавеку кажны дзень прыходзіцца сустракацца з дробным шрыфтам на вуліцы, у крамах, кафэ.
– У фастфудах і невялікіх кафэ ці кавярнях часта няма меню, якое можна ўзяць у рукі, – тлумачыць суразмоўца. – Кошт ды назва страў указаныя толькі за прылаўкам – там я нічога не бачу. Калі няма тэрміналаў самаабслугоўвання, то даводзіцца дапытвацца ў касіраў. Гэта затрымлівае чаргу, і людзі пачынаюць нервавацца. Таму я стараюся такія месцы абыходзіць бокам. Добра, што ў Мінску ўсё ж ёсць кафэ, дзе меню можна ўзяць у рукі і спакойна пагартаць. Па горадзе, дарэчы, перасоўваюся з дапамогай навігатара. Нумары дамоў і грамадзянскага транспарту часцей за ўсё не бачу, але заўсёды можна спытаць у прахожых. Мне яшчэ не адмаўлялі ў дапамозе.
Уладзіслаў лічыць, што якасць жыцця не залежыць ад таго, колькі дыёптрый у цябе ў акулярах. Сам мінчанін наперакор стэрэатыпам атрымлівае асалоду ад таго, што мае.
– На нашым кантыненце я пабываў амаль што ва ўсіх краінах – Германіі, Галандыі, Францыі, Англіі, Індыі і іншых. Заўсёды было цікава, як жывуць людзі з іншымі ад нашай культурай і традыцыямі. Не быў яшчэ ў Кітаі, таму мару з’ездзіць туды на Кітайскі Новы год. Ну і вядома, спадзяюся, што атрымаецца здаць экзамен па японскай мове і патрапіць у Японію, краіну ўзыходзячага сонца, каб пазнаёміцца з яе культурай і традыцыямі.
Дарыя Голоўчыц
Фота аўтара і з архіва Уладзіслава Рулінскага
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.