Успаміны 84-гадовага жыхара вёскі Літусава пра бацьку, які прайшоў тры вайны, пасляваенны час і сучаснасць
Георгій Васільевіч Казлоў нарадзіўся ў пачатку вайны, 27 жніўня 1941 года, на хутары. Потым сям’я перабралася ў вёску. Усё, што ён памятае з таго часу: калі з маці ішлі па агародзе хавацца ў нейкую ямку; як па полі збіралі мёрзлую бульбу, а летам – шчаўе. Што ж асабліва ўспомніш, калі чалавеку было ўсяго тры-чатыры гадкі… Больш упэўнена мой суразмоўнік расказвае пра пасляваенны час. Успамінае, як бегаў басанож, як гумовыя боты адзяваліся толькі ў школу. Як бацька з братам запрагалі дзвюх кароў і цягнулі плуг. Як нарыхтоўвалі гародніну для сябе і скаціны, зносілі ў капец, накрыты саломай і зямлёй.
Знішчаў пятлюраўцаў і біўся за Кёнігсберг
Прашу Георгія Васільевіча расказаць аб усім па парадку: хто бацькі, як прайшлі маладыя гады, чым жыла вёска…
Бацька нашага героя, Казлоў Васіль Сямёнавіч, 1896 года нараджэння, быў родам са Звяг, што на Сенненшчыне. А маці, Лізавета Нікіфараўна Міхновіч – з хутара Міхнава, што знаходзіўся за некалькі кіламетраў. Там у сям’і былі свая хата, конь, зямлі колькі гектараў. Неўзабаве, удакладняе суразмоўнік, бацькоў сагналі ў калгас. Нарадзілася пяцёра дзяцей. «Усе да вайны: брат Пеця з 1922-га года, Ніна – у 1924-м, Валодзя – у 1933-м, Аля нарадзілася ў 1937-м. А я апошні».

Георгій Васільевіч расказвае, што бацька ваяваў на Імперыялістычнай вайне, Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнах… У Імперыялістычную вайну Васіль Сямёнавіч камандаваў узводам пад Баранавічамі і пад Кіевам. У 1917-м, пераследуючы Пятлюру, яго ўзвод знішчыў 87 пятлюраўцаў. У баях пад Жлобінам Васіль Сямёнавіч быў другім камандзірам станкавага кулямёта. У баях за Жлобін знішчыў 19 пятлюраўцаў. У Айчынную вайну быў стралком 49-га гвардзейскага стралковага палка 16-й гвар-дзейскай стралковай дывізіі 1-га Прыбалтыйскага фронту. У верасні 1944-га падчас наступлення ў раёне літоўскага горада Вілкавішкіс (да 1917-га – Валкавышкі) з вінтоўкі знішчыў чатырох немцаў. Быў кантужаны 19 жніўня 1944 года. У сакавіку 1945-га пры наступленні на Кёнігсберг, выбіваючы немцаў з першых траншэй, палажыў з вінтоўкі пяць гітлераўцаў. 14 сакавіка быў цяжка паранены: атрымаў скразное кулявое раненне абодвух ног. Ляжаў у палявым перасоўным шпіталі № 654.

«Бацька ўспамінаў пра той бой, – расказвае сын чырвонаармейца. – Беглі яны па мясцовасці. З-за пабудовы па ім пальнуў немец, далёка, але куля зайшла ў нагу і наскрозь прабіла другую. Забурыўся, скаціўся за бугорчык, а стрэл не перапыняўся. Праз сілу споўз, а тады параненага салдата падабралі свае. Ляжаў у шпіталі г. Іванава. Кулі дасталі. Аднак глыбокія разрэзы-шнары на нагах засталіся на ўсё жыццё. Балелі на змену надвор’я. Мае ордэн «Айчыннай вайны ІІ ступені» і медаль «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.».

Сын свайго бацькі
Вайна скончылася, калі сыну франтавіка ішоў пяты гадок. Георгій Васільевіч з цеплынёй успамінае першых настаўніц, якія выхавалі не адно пакаленне: Марыя Фёдараўна, Браніслава Антонаўна і Ірына Гаўрылаўна. Чатыры класы скончыў і яшчэ два гады хадзіў у школу за некалькі кіламетраў ад дома. «Абеды не давалі. Возьмеш хлеба якога, цукрам пасыплеш. Дранікі рабілі. Асабліва не было чаго ўзяць», – дзеліцца наш герой. Матуля, вясковая гаспадыня Лізавета Нікіфараўна, кожны дзень паліла ў печы. Брат Георгія Васільевіча вучыўся ў аршанскім чыгуначным тэхнікуме. Наш герой узгадвае, як той дабіраўся з горада дадому пешкі. «Прыйдзе ў выходныя, – расказвае, – мама намые бульбы, хлеба напячэ. Ён у заплечнік накладзе і пайшоў. Сястра Ніна падчас акупацыі працавала ў Оршы ў рэстаране. На жаль, памерла ў 22 гады ад запалення лёгкіх. (Партрэт маладой прыгажуні ста-іць сярод сямейных фатаздымкаў ў хаце нашага героя.) Астатнія мае браты і ў хуткасці сястра Аля абзавяліся сем’ямі і раз’ехаліся хто куды». А пра далейшую вучобу малодшага сына і размовы не было – бацька не пусціў. Неабходна капейчыну зарабляць – такі быў яго загад.

Маці памерла ў 1957-м. Бацька з сынам засталіся жыць удвух. Даводзілася рана падымацца: трэба было даіць карову, у поле выганяць.
«Аля да замужжа крыху пажыла з намі. Бывала, з танцаў прыйдзе, яе тата не хоча будзіць. А рагулю купілі непаслухмяную: білася. Прывязвалі вяроўкай за нагу. Дык я трымаў, а бацька даіў, – удакладняе Георгій Васільевіч. – Пасля памянялі карову, ужо я сам спраўляўся. Свіней трымалі, курэй. Тады ўжо ладна было – і каўбасы, і яйкі, і малако, і тварог – усяго хапала».
У 1962-м Васіль Сямёнавіч правёў свайго Жору ў армію. На той момант хлопцу споўнілася 22. Раней не бралі, бо трэба было даглядаць пажылога бацьку. Неўзабаве тата ажаніўся на салдатцы. Ганна Макараўна была бяздзетнай. Жыла з сястрой у суседняй вёсцы. Мужчына забраў яе да сябе ў Звягі. Пасля смерці другой жонкі пераехаў да сына Валодзі ў Ленінград. Аднойчы спускаўся з унукам па прыступках і пашкодзіў бядро. Доўга ляжаў у бальніцы. «Добра з палкай не мог хадзіць, – тлумачыць мой суразмоўца. – Калі выпісалі, стаў прасіць адвезці яго на радзіму». У 86 Васіль Сямёнавіч адышоў у нябыт.

Вёсачка мая…
У вёсцы да вайны была школа: чатыры класы. Пасля закрыцця зрабілі з пабудовы клуб і бібліятэку. Вялікая зала, скамейкі абапал, на якіх звычайна ўсаджваліся вясковыя кабеты. «Сядзяць – выглядаюць, – усміхаецца Георгій Васільевіч. – Мясцовага гарманіста ў нас не было. Ездзілі па яго ў суседнія вёскі Пашкова ці Пількавічы… У суботу танцы – хлопцы прывозяць гарманіста, а дзяўчаты грошы ці гарэлку давалі музыканту, – тлумачыць заўсёднік вясковых вечарынак. – Кіно прывозілі і круцілі па хатах – хто пусціць. Паступова бібліятэку перанеслі ў цэнтр калгаса. Застаўся толькі клуб. Мая жонка там прыбірала пасля танцаў. Пабудова, дзе калісьці мы танчылі, і цяпер стаіць, як напамін аб маладосці. Клуб даўно зачынілі. Доўгі час гэта была жылая хата. Цяпер там ніхто не жыве».
Георгій Васільевіч падзяліўся, як у маладосці ездзілі на танцы ў навакольныя вёскі. «Адну суботу ў Звягах гуляем, другую ў Пашкова едзем, трэцюю ў Пількавічы ідзём, чацвёртую ў Івашкаве весялімся. У каго ў клубе, а ў каго ў хаце, калі клуба няма, – удакладняе ён. – У Івашкаве (цяпер там жыве адзін чалавек) каля дарогі быў такі невялічкі клуб, былая чыясьці хата. Там выкінулі печку, паклалі падлогу, і быў вось такі клуб. Танцавалі цэлую ноч пад гармонік усе народныя танцы запар», – расказвае наш герой.
«Маладыя гады, маладыя жаданні!.. »
Георгій Васільевіч служыў тры гады ў Куйбышаве ў войсках супраць-паветранай абароны. Прыязджаў у водпуск. Дома чакала любая дзяўчына. «Ездзілі на палігон, выдатна адстрэльваліся. І адпускалі на пабыўку», – дадае суразмоўнік.

«Вярнуўся з арміі і праз паўгода ажаніўся, у 25 гадоў, – усміхаецца мой герой. – Мы з будучай жонкай Ганнай Адамаўнай з адной вёскі, жылі праз дзве хаты. Тры гады сябравалі да арміі, перапісваліся. Яна была во настолькі вышэй (паказвае), на карабок. Хіба гэта высокая? Ну пакахаў, што ж зробіш!» (Смяецца.)
– Яна вас кахала? – пытаюся.
«Напэўна ж, кахала, раз чакала з арміі тры гады!» – з усмешкай адказвае.

– Як вяселле гулялі?
«Быў чэрвень. Якія былі грошы!? Штось з закускі купілі: рыбных кансерваў, каўбасы. Рабілі галубцы, катлеты, самагонку гналі сваю… Гулялі ў суботу і нядзелю. Спачатку ў мяне, тады паехалі за маладой. Ну, а “сучку” гулялі ўжо ў нядзелю».
– І што вы рабілі ў гэты дзень?
«Ну як? Тое ж, што і на вяселлі (смяецца). Кажуць, што трэба венікам нейкага сабачку ганяць. Але гэткага мы не рабілі», – з усмешкай тлумачыць Георгій Васільевіч.
Вяселле гулялі на конях, з выкупам. Нявесту прыбіралі ў суседняй хаце, садзілі на дзяжу. Мужчына ўзгадаў абрад выкупу: «Поўна хата людзей. Во, кажуць, табе жонка. Падводзяць мне Бронікаву сястру Маню, я кажу: “не” (смяецца). Тады расхінуў людзей, а яна там стаіць. Гарманіст быў ці з Пількавіч, Валодзя, не памятаю ўжо. Весела іграў».
Маладыя пажылі спачатку ў хаце бацькі жаніха Васіля Сямёнавіча, тады пайшлі да цешчы Разаліі Антонаўны. Яна жыла адна: мужа забралі па даносе – быццам бы ў вайну паказаў дарогу паліцаям.

Заўсёды разам
Ганна Адамаўна і Георгій Васільевіч нарадзілі траіх дзяцей. Маладыя муж і жонка пайшлі працаваць у калгас у брыгаду. З цягам часу сямейная пара стала даглядаць цялят. Аператары па дарошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы займалі першыя месцы ў вытворчых спаборніцтвах. Іх працу цанілі на вышэйшым узроўні. Казловых часта запрашалі ў раён на святкаванне Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці: уручалі граматы, падзячныя лісты. Не раз фота калгаснікаў было на старонках газет, так, у «Голасе Сенненшчыны», ў № 74 за 14 верасня 1999 года пісалася: «Яны не толькі муж і жонка, не толькі працуюць у адной галіне – жывёлагадоўлі, але на раённым Стэндзе гонару разам. Анна Адамаўна і Георгій Васільевіч Казловы працяглы час займаюцца вырошчваннем маладняку буйной рагатай жывёлы ў калгасе “Першае мая” і штогод дабіваюцца высокіх вытворчых паказчыкаў. Гэтаму садзейнічае багаты жыццёвы і працоўны вопыт, старанне, узаемавыручка. Летась, напрыклад, яны забяспечылі сярэднясутачныя прывагі сваіх гадаванцаў звыш 700 грамаў. Зазначым, што такія рэзультаты атрыманы не ў групе заключнага адкорму жывёлы, а пры дарошчванні маладняку. Не на горшыя вынікі разлічваюць жывёлаводы сёлета, хаця гэта значна складаней, чым летась па прычыне бяднейшай кармавой базы».

Сям’я Казловых не толькі ўмела працаваць, але і весела адпачываць. Георгій Васільевіч быў аматарам матацыклаў. «Кожную суботу на сваім двухколавым жалезным кані з жонкай ездзілі ў суседнюю вёску. Прыязджалі, ставілі яго ў двары насупраць клуба і ішлі танцаваць. А з дзецьмі была цешча», – з усмешкай дзеліцца мужчына.
На веласіпедзе ў 84!
Лацінскі выраз «Motus vita est», што значыць «Рух – гэта жыццё», якраз пра нашага героя. Георгій Васільевіч прадаў свой апошні матацыкл (іх было тры) перад выхадам на пенсію. Цяпер, у свае 84 гады, ён выбірае ровар!
«Я кожны дзень езджу, – расказ-вае актыўны пенсіянер. – Да шыльды, дзе заканчваецца вёска, каля возера Руклева і дамоў», – апісвае свой штодзённы веламаршрут наш герой. – Дзве пластмасавыя бутлі на руль – і паехаў у суседнія Карнілавічы (апусцелая вёска) па чысценькую вадзіцу. У мяне ёсць водаправод, але ў ім вада не такая смачная», – расказвае ён.
Летась Георгій Васільевіч разам з дзецьмі і ўнукамі наведаў сваю сястру Алю, якая (на хвіліначку!) жыве ў Зеленадольску, што ў Татарстане. Ехалі на цягніку амаль трое сутак. На пытанне, а як здароўе – не падводзіць? Мой суразмоўнік паціснуў плячыма: «Здароўе як здароўе», – адказаў.

«Днём у хаце не застанеце»
Калі дамаўляліся аб сустрэчы, гаспадар папярэдзіў, што не сядзіць у хаце – увесь час у справах.
«Выбіраў сёння і цыбулю, і часнык, і моркву, – тлумачыць руплівец. – Вясной дзеці садзілі, а я матыжу патроху, прапалю, паліваю як трэба. Прыедуць па восені – дапамогуць у пограб знесці. Бульбу будзем капаць канём. Раней бралі ў калгасе, а цяпер – у конюхаў хто трымае».
Чатыры гады таму мужчына страціў сваю любую жонку Аню. Перамянілася нешта ўнутры, адарвалася палова, як кажа Георгій Васільевіч, і распарадак дня таксама змяніўся.

«Гляджу тэлевізар і днём, а калі і ўвечары. А чытаць не люблю. Акуляры? А навошта – лупа ж ёсць! У мяне адно вока толькі бачыць, левае катарактай закрыта, – тлумачыць мужчына. – З сябрам Лёнем раней сустракаўся, мы з адной вёскі былі родам, яго ўжо няма. Праеду круг на веласіпедзе па вёсцы. Заеду да Броніка, дваюраднага брата маёй жонкі. Мы добра сябруем. Так што калі хто захоча патэлефанаваць мне днём, у хаце не застанеце, а мабільнага няма, – тлумачыць вясковец. – Часта ўспамінаю, як з жонкаю жылі. Сядзім, бывала, за сталом, паабедаем ці павячэраем – усё разам. Запомнілася адно з апошніх святкаванняў Новага года. Прыйшлі сябры, мясцовыя, мае аднагодкі. Добра пасядзелі, паглядзелі тэлевізар, пагулялі ў карты. А так адзін сустракаю святы. Вось дзень народзінаў 27 жніўня, дык дзеці, унукі, праўнукі прыедуць з Мінска і Барані. У мяне пяць унучак і двое праўнукаў – хлопчык і дзяўчынка. Балуюць – прывозяць смашню, прыгатаваную дома, катлет зробяць, рыбы насмажаць, курачку патушаць. А так сам гатую: суп звару – тры дні ем, увечары яечню насмажу, у краму схаджу», – дзеліцца Георгій Васільевіч.

Добры гаспадар і… рамантык
Гаспадар паказвае свой дом. Раней тут жыў старшыня калгаса, – патлумачыў ён. – Сямейная пара Казловых набылі гэтую сядзібу на пенсіі. Вырашылі пажыць у камфорце. Аднак і тут прыйшлося прыкласці намаганні, каб давесці жытло да ладу. У доме ёсць ванная, тытан, які топіцца зімою. На двары – лазня. У хаце прыбрана. На акне у хрустальнай вазачцы стаяць астры. У кухні за шклом серванта каляровыя фотаздымкі. На адным – залатое вяселле Казловых, на другім – дзеці і ўнукі ля бацькоўскага парога. Па-гасціннаму гаспадар запрасіў да стала. Пасля цудоўных прысмакаў Георгій Васільевіч паказаў свой сад з яблынямі, дзе галінкі ўсыпаны белым налівам. Зазірнулі на агарод і ў парнік, у якім растуць памідоры. Далей – гараж, у якім, па словах пенсіянера, «поўна ўсякага жалеззя»: плуг, барана, акучнік… Каля варот замінаў звяглівы сабачка. Георгій Васільевіч папрасіў не звяртаць увагі на надпіс «Осторожно, злая собака!» і запэўніў, што яго пёс не ўкусіць. Вядома, прыйшлося паверыць. Тым больш, што гаспадар прытрымаў за ланцуг свайго чатырохлапага сябра. Мы спыніліся ля плоту, за якім адцвітаў пышны куст чырвоных ружаў. «У жанчыны адной, сваячкі, сёння дзень народзінаў, – прызнаўся наш герой. – Пайду віншаваць. Хацеў падарыць ёй ружы, але не дачакаліся, адцвілі», – сціпла паціснуўшы плячыма, сказаў ён.

…І ўсё-ткі рамантык яшчэ ў гэтым вясковым аптымісце не знік, падумалася, а наадварот – жыве і дае сілы рухацца, нешта рабіць, клапаціцца, працаваць і весяліцца, нягледзячы ні на што!
Надзея Зуева
Фота аўтара і з сямейнага архіва героя
Новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.