Спявачка ELEN: “Выпрабаванні даюцца нам не проста так…”
Артыстка ELEN (Алена Благадзір) – творчы арганізатар інклюзіўных праектаў. Актыўна займаецца дабрачыннасцю, дапамагае людзям з абмежаваннямі. З канцэртамі наведвае дамы сямейнага тыпу, летнікі і сацыяльныя пансіянаты, у якіх жывуць дзеці з псіхафізічнымі захворваннямі. У чэрвені вакалістка ўдзельнічала ў правядзенні інклюзіўнага фестывалю “Мы патрэбны адно аднаму”. Алена падзялілася ўражаннямі, расказала пра свой шлях у прафесію і спецыяльна для чытачоў газеты “Вместе!” прыадчыніла заслону прыватнага жыцця.
“…З акардэонам, песняй і цудоўным настроем”
– Я даўно арганізоўваю дабрачынныя канцэрты з удзелам зорак нашай эстрады. Вельмі цікава, што ёсць артысты, якія адразу ж згаджаюцца выступаць у падобных мерапрыемствах. Прычым заслужаныя, народныя. Трэба, значыць, трэба. Напрыклад, у мяне няма думкі, каб не паехаць. Мне гавораць: Лена, едзем? Трэба наведаць некалькі дзіцячых дамоў і прытулкі для састарэлых. Едзем, – адказваю. На працы адпусцяць? Дамоўлюся, пытанняў няма, – кажу.
Паехалі, – падарылі эмоцыі. Вядома, ёсць тыя, хто адмаўляецца ад падобных праектаў. І я разумею такіх творцаў. Хто ж хоча бясплатна працаваць? Аднак гэта ж, па сутнасці, з’яўляецца часткай нашай прафесіі. Каманда артыстаў часта ўдзельнічае ў зборы сродкаў на лячэнне хворых дзяцей. Грошы збіраюцца праз дзяржаўны фонд. Удакладню, што маю дачыненне толькі да запрашэння артыстаў і ўласнага выступлення. Заўсёды тлумачу гэта, бо здараюцца непаразуменні. Пры сабе маю кантакты фонду: каб жадаючыя маглі азнаёміцца, як ідзе збор.

“Заходзім да ляжачых хворых…”
– Два гады запар ездзім з дабрачынным фондам імя прападобнай Еўфрасінні Полацкай. З нашымі спартсменамі наведваем дзіцячыя дамы, сацыяльныя пансіянаты для пажылых і інвалідаў з навагоднімі святочнымі праграмамі. Набываем перасоўныя каляскі для дзяцей і дарослых інвалідаў. Таксама закупляем садавіну, шакалад, адзенне. Запрашаем святара, распачынаем святочную праграму сумеснай малітвай. Дорым песню, танцавальныя і гімнастычныя нумары. Абавязкова зазірнем да ляжачых хворых, якія жывуць у сацыяльных пансіянатах. Мы заходзім да іх з акардэонам, песняй і цудоўным настроем. Людзі ў захапленні. Вы проста не ўяўляеце іх эмоцый!
Самі разумееце, якая атмасфера ў пакоі. І вось гэтыя эмоцыі, усмешкі, вочы чалавека, які лічыў, што ўсе сваякі і знаёмыя пра яго забыліся, даюць адчуць, што ты зрабіў штосьці важнае. Што не проста так прыехаў на канцэрт і выступіў, табе папляскалі ў далоні і ты пайшоў. Разумееш, што чалавеку прынёс задавальненне, пакінуў прыемныя ўспаміны на ўсё жыццё.
Пры падтрымцы адміністрацыі Заводскага раёна Мінска, а таксама шэрагу ўстаноў і арганізацый краіны ў сталічным заапарку ўжо дванаццатае лета праводзіцца дабрачынны інклюзіўны фестываль пад назвай “Мы патрэбны адно аднаму”, на які прыязджаюць дзеці і маладыя інваліды з усёй краіны. Праграму робім сумесна. Яны выступаюць на сцэне разам з зоркамі беларускай эстрады. Чатыры гады з’яўляюся суарганізатарам гэтага інклюзіўнага фэсту па артыстычнай частцы. Усіх прысутных радуе кантактны заапарк. Попытам карыстаюцца інтэр-
актыўныя пляцоўкі – у кожнай свая цікавостка. Для асаблівых гасцей малююць аквагрым, надзімаюць шарыкі, пішуць партрэты, ладзяць майстар-класы, выставы. Людзей вельмі шмат прыязджае. У мяне дастаткова шмат фота і відэа з мерапрыемстваў. Столькі ж застаецца ўражанняў і цёплых успамінаў.
“Чым больш песень, тым лепш”
– З’яўляюся салісткай ваенна-духавога аркестра вайсковай часці 3214. Гэта маё асноўнае месца працы. Дарэчы, тут мяне натхнілі на журналісцкую творчасць. Пішу пра сваю вайсковую часць у спецыялізаваныя часопісы. Сёлета мяне ўзнагародзілі медалём ад маёй часці. За якія заслугі, вы спытаеце? Паверце, медаль проста так нікому не даецца. Працую на карысць унутраных войскаў: напісала дзве песні для іх. Гэта “Беларускі спецназ” і “Дзякуй за службу”. Трэцяя пад назвай “Унутраныя войскі” ў распрацоўцы. Кампазіцыі такія класныя! Хутка з’явяцца на лічбавых пляцоўках.
Я ўладальніца аднаго з самых рэдкіх жаночых галасоў – контр-альта. Гэта нізкі голас з сакавітымі нотамі, прыгожымі, аксамітнымі, якія кранаюць душы людзей. У хоры спявала другім альтам. Песні, па якіх пазнаюць і якія выконваю на галоўных мерапрыемствах краіны, розныя. На патрыятычную тэму ёсць цудоўная кампазіцыя з кліпам “Процветай, родная Беларусь!”. Яе любяць і апошнім часам паўсюль просяць выканаць. Карыстаецца папулярнасцю “Нереально красивая”, з якой некалі пачынала. Ну а сінгл “Там” часта круцяць па радыё. А на канцэртах, калі гучыць, ахвотна падпяваюць. У бліжэйшы час думаю выпусціць відэаверсію.

Спяваю эстраду, поп. Аднак у мяне розныя кірункі. Ёсць нават поп-рок кампазіцыя “Лёд”, на якую зняты прыгожы кліп. Мае песні маюць ратацыю на радыёстанцыях.
У аркестры спяваю і эстрадныя, лёгкія кампазіцыі, і творы на ваенную тэматыку. Работу з дырыжорам проста не параўнаць з аранжыроўкай, дзе ведаеш кожную нотку. Галоўную ролю іграе чалавечы фактар. Вельмі тонка адчуваю ігру інструменталістаў.
Артыст на тое і ёсць артыст, каб мог сябе паказаць з розных бакоў. Павінен быць шматгранны. Чым больш песень на розныя тэматыкі, тым лепш.
Мне піша шмат аўтараў. Дасылаюць дэмкі, практычна гатовыя. Ёсць аўтары, з якімі супрацоўнічаю. Вельмі шмат песень, дзе аўтар і музыкі, і слоў – я. На працягу чатырох гадоў працую з Юрыем Кісялём, кіраўніком Palyurproduction. Ён супрацоўнічае з многімі артыстамі. Аранжыроўкі раблю ў яго. Песні рэальна стрэлілі і гучаць на радыёстанцыях. Кампазіцыі на ваенную тэматыку піша для мяне Таццяна Кажэўнікава. У яе цудоўныя тэксты.
“У нашай справе важна разбірацца ў юрыдычных пытаннях”
– Па першай адукацыі я артыст-вакаліст. Цяпер атрымліваю другую: вучуся ў Акадэміі кіравання на факультэце кіраўніцкіх кадраў па спецыяльнасці юрыспрудэнцыя. Два гады таму вырашыла паспрабаваць і падала дакументы. Шчыра не ведала, ці прайду. Перажывала, бо ў акадэміі працуюць моцныя педагогі. Здавала сур’ёзнае тэставанне на камп’ютары. Там вочкамі не паміргаеш (смяецца). Мне сказалі: усе адказы ёсць у Канстытуцыі РБ. Чытала. Прайшла: быў добры бал. І вось уцягнулася ў гэтую справу (смяецца).
Цікава вывучаць аўтарскае права, усё, што тычыцца дагавораў. Напэўна, ведаеце гісторыі, калі аўтары судзяцца і забараняюць выконваць іх творы. Лічу, што атрыманыя веды спатрэбяцца ў працэсе дзейнасці. У нашай справе вельмі важна разбірацца ў юрыдычных пытаннях. Застаўся год вучобы. Буду кваліфікаваным юрыстам. Дарэчы, сферы культуры ўпраўленцы заўсёды патрэбны! Магу ім быць. Чаму б і не! (усміхаецца).
“Трэба, каб была дзвіжуха!”
– За 20 кіламетраў ад Мінска ёсць дом. Сказала б: гэта месца сілы, таму што там нарадзілася прабабуля. Часценька ездзім туды. А так я сталічная штучка (усміхаецца). У кватэры што? Чалавек загнаны ў чатыры сцяны. А там выходзіш – клас! Прасторы, маштабы… Ох, душа разгарнулася! Вёска знаходзіцца паміж двума азёрамі. Вельмі прыгожыя мясціны. Так і называецца Азярычына. Там у нас гаспадарка…

Знаёмыя шмат бачаць у маіх сторыз у TikTok і Instagram курэй (смяецца). Яны ў мяне гламурныя (смяецца). Ідэя разводзіць іх майго мужа (смяецца). Куры пародзістыя. Ня-
суць блакітныя яйкі. Бярэш маленькіх птушанятак і чакаеш: будзе певень ці курыца. У куратніку павінен быць певень адзін. Неяк вырасла восем! А гэтым разам чатыры. І паміж сабой яны не могуць знайсці паразумення, бо ўсе лідары (смяецца). Смак яек адрозніваецца, вядома! Цяпер не магу есці з крамы. Свае смачныя, з яркім жаўтком. Знаёмыя бяруць для пірагоў. Курэй не кармлю аніякай хіміяй, толькі зярно, тварог, кашы вару, прыводжу бульбу, моркву.
На лецішчы люблю яшчэ адпачываць. Аднаўляюся. Менавіта так! Зразумела, ёсць у нас і клубніцы, і пятрушка, і кропчык, і кветкі. Па дробязі ўсяго. Мы не прывычныя да агародаў. Займаюся спортам, бегам, хаджу ў трэнажорную залу. Трэба, каб была дзвіжуха! Як кажуць, рух – гэта жыццё? Так і ёсць. Трэба абавязкова займацца спортам. Ездзіць у вёску – гэта перазагружацца пасля канцэртаў.
Пажаданне ад ELEN:
– Самае галоўнае – хачу пажадаць моцнага здароўя. Не апускаць рукі, займацца любімай справай. Гэта заўсёды натхняе. Кажуць жа, што трэба ў якасці працы выбраць хобі, і тады ўсё атрымаецца. Выхоёдзіць на вуліцу і дзякаваць жыццю за тое, што ёсць. Бо, як гаворыцца, усе выпрабаванні даюцца нам не проста так, а для чагосьці. Каб мы адчулі прыгажосць нашага жыцця. Сонечнага настрою! А самае галоўнае – мірнага неба над галавой!
Гутарыла Надзея Зуева
Фота аўтара і з архіва спявачкі
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!с
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.