Музыка іх звязала: гісторыя кахання Наталлі і Дзяніса Голубевых працягласцю 15 гадоў

Поддержи

Ён – паэт, аўтар-выканаўца, музыкант, аранжыроўшчык. Яна – спявачка і педагог па вакале. А разам – Наталля і Дзяніс Голубевы з Пінска – сямейная пара і лаўрэаты Міжнароднага фестывалю творчасці інвалідаў “Віцебск-2023”. У шлюбе яны жывуць 15 гадоў. І цікава, што пазнаёміліся ў Віцебску ў 2006 годзе, на Міжнародным фестывалі творчасці інвалідаў, удзельнікамі якога былі.

Пра Дзяніса

Дзяніс Голубеў нарадзіўся ў Светлагорску Гомельскай вобласці. Да 14 гадоў вучыўся ў звычайнай сярэдняй школе, але ў сувязі з пагаршэннем зроку пераехаў у Гродзенскую спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку.

– Зараз я маю 3-ю групу інваліднасці па зроку, – пачынае расказваць пра сябе Дзяніс. – У мяне з нараджэння шмат розных дыягназаў, якія ў выніку і паўплывалі на зрок. Да 7 класа было яшчэ больш-менш нармальна, але калі я пачаў адставаць у вучобе праз тое, што дрэнна бачыў, дома было вырашана перавесці мяне ў спецыялізаваную ўстанову.

З дзяцінства хлопца цягнула да музыкі. Сам Дзяніс кажа, што спалучэнне нот заўсёды чароўна ўплывала на яго.

– Маё “нараджэнне” як музыканта звязана з цудоўным горадам Гродна, дзе я пачаў спяваць і пісаць уласныя песні і вершы, стаў прымаць актыўны ўдзел у школьным жыцці, – дзеліцца Дзяніс. – Творчасць мяне зацягнула, і я паступіў у Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў на аддзяленне “Народная харавая музыка”. А праз 3 гады – у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў у Мінску.

Пра Наталлю

Наталля мае 1-ю групу інваліднасці з дзяцінства. Дыгназ – артрагрыпоз – захворванне, якое характарызуецца дэфармацыяй канечнасцяў, а таксама недаразвіццём суставаў і мышцаў. Але гэта ніколі не перашкаджала ёй жыць так, як падабаецца.

– Нарадзілася я ў Пінску Брэсцкай вобласці, – кажа Наталля. – Вучылася ў звычайнай школе, якую, дарэчы, скончыла з залатым медалём. Ніколі не адчувала сябе “не такой”, як іншыя. У мяне было добрае асяроддзе, дружныя аднакласнікі. Ніхто ніколі не абражаў, а нават наадварот – заўсёды дапамагалі, калі было патрэбна.

Пінчанка перасоўваецца самастойна, але ў некаторых бытавых пытаннях неабходна дапамога, напрыклад, дастаць нешта з высокай паліцы.

– З дзяцінства заўсёды спяваю, – інфармуе Наталля. – Прафесійна вакалам адразу не займалася. Адукацыю ўвогуле абрала не зусім творчую – скончыла філіял ад Мінскага інстытута кіравання і прадпрымальніцтва па спецыяльнасці “правазнаўства”. Хаця, здаецца, гэта як паглядзець. Шмат юрыстаў вельмі таленавітыя людзі. І падыход да працы таксама можа быць творчым.

Пра музыку Наталля не забывалася. Яе дэбют адбыўся на Міжнародным фестывалі эстраднай музыкі ў курортным горадзе Чэхацінка (Польшча), куды дзяўчына трапіла дзякуючы Пінскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў, членам якой з’яўляецца. Дарэчы, менавіта БелТІ і аб’яднала два сэрцы – Дзяніса і Наталлі.

Сустрэча

8-га ліпеня 2006-га года ў Віцебску, у дзень сям’і і шлюбнай вернасці (так супала) адкрываўся Міжнародны фестываль творчасці інвалідаў, які штогод арганізоўвае Беларускае таварыства інвалідаў. Дзяніс (на той час яшчэ студэнт) прыехаў з Мінску выступаць з аўтарскай песняй, а Наталля – з Пінску. Так яны і сустрэліся.

– Калі я ўпершыню ўбычаў Наталлю, яшчэ не ведаў, як далёка зойдуць нашыя адносіны, – усміхаецца Дзяніс. – Але, як часта бывае, слова за слова, усмешка за ўсмешкай… І вось вы ўжо муж і жонка.

Яшчэ да шлюбу ў Дзяніса і Наталлі адбыўся творчы саюз. Пара дэбютавала дуэтам у 2007 годзе, зноў у Віцебску на Міжнародным фестывалі творчасці інвалідаў. Дзяніс спецыяльна для гэтага напісаў песню.

– З таго моманту наш шлюбны і творчы саюз толькі мацнее, – падтрымлівае размову Наталля. – Калі мы жылі ў розных гарадах, шмат размаўлялі па тэлефоне. Але гэта не перашкаджала мацнець нашым пачуццям. З кожнай сустрэчай мы ўсё больш адчувалі важнасць адзін аднаго ў жыцці. Наш дуэт стаў гарманічным не толькі ў творчых, але і ў сямейных адносінах.

Вучоба – не адзінае, што размяжоўвала закаханых. Пасля заканчэння ўніверсітэта Дзяніса чакала размеркаванне. Маладога спецыяліста накіравалі ў кобрынскі палац культуры, дзе хлопец два гады працаваў мастацкім кіраўніком народнага калектыву “Крынічка”.

– Мы пажаніліся, калі я яшчэ не адбыў размеркаванне ў Кобрыне. І толькі праз год пераехаў да Наталлі ў Пінск. Пасля гэтага не разлучаліся ніколі, – кажа Дзяніс.

Жыццё зараз

Сям’я жыве душа ў душу ў Пінску і гадуе 11-гадовага сына Фёдара. Творчую дзейнасць шлюбная пара ніколі не супыняла. На рахунках і Дзяніса, і Наталлі – шмат музычных дасягненняў. Напрыклад, Дзяніс – неаднаразовы дыпламант міжнародных конкурсаў, такіх як “Філантроп”, “Фестываль студэнцкай творчасці” і г.д. А таксама ўдзельнік сумеснага праекту БелТІЗ і Белтэлерадыёкампаніі “Запалі сваю зорку”. Наталля – лаўрэат і дыпламант розных вакальных конкурсаў і фестываляў, у тым ліку міжнародных (Беларусь, Расія, Украіна, Кітай). Ад Беларускага таварыства інвалідаў атрымала ўзнагароду імя народнага артыста СССР і Беларусі Ігара Лучанка.

– Я з 2010 года працую кіраўніком эстраднага гуртка і культарганізатарам на пінскім прадпрыемстве “ЭлКис” ГА “БелТІЗ”, паралельна з’яўляюся старшынёй прафсаюза, – дзеліцца Дзяніс. – Увесь час працягваю ствараць музыку, імкнуся быць добрым бацькам і мужам.

Наталля не аднойчы змяняла месца працы. Яна працавала юрыстам у Пінскай гарадской асацыяцыі ГА “РАІК” і нават мела ўласнае ІП па перакладзе тэкстаў і паслугах сакратара-рэферэнта. Калі пайшла ў дэкрэтны адпачынак, закрыла бізнэс.

– Калі Фёдару споўнілася 3 гады, я зразумела, што настаў час шукаць новую працу, – распавядае Наталля. – Я ўзяла ў рукі газету “Вместе!” і там мне пашчасціла ўбачыць аб’яву, што ў Мінску патрабуюцца перакладчыкі дакументаў з веданнем англійскай мовы. Я патэлефанавала ў гэтую кампанію, і вось ужо 7 гадоў працую ў іх дыстанцыйна.

Паралельна Наталля развівае ўласны адукацыйны праект (“Новый голос”) для вакалістаў, музыкантаў, артыстаў і тых, хто працуе з голасам.

– Я дыпламаваны педагог па вакале са стажам 10 гадоў, – расказвае суразмоўца. – За маімі плячыма шмат школ і курсаў, у тым ліку і за мяжой. Калі я атрымала шмат ведаў у гэтай сферы, зразумела, што хачу падзяліцца гэтым дзяліцца, і маі веды і вопыт дапамагаюць іншым у дасягненні іх мар, а таксама спяваць, як сапраўдныя зоркі. Даю як індывідуальныя ўрокі, так і групавыя майстар-класы.

Дзяніс і Наталля Голубевы сёлета сталі лаўрэатамі Міжнароднага фестывалю творчасці інвалідаў імя Ігара Лучанка, але ў розных намінацыях. У Дзяніса – 3 ступень у паднамінацыі “Аўтарская песня”, у Наталлі – 2-я ў “Эстрадным вакале”.

– Памятаю, як яшчэ ў падлеткавым узросце пазнаёмілася са старшынёй праўлення Пінскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Нінай Аляксееўнай Грынько, якая адразу адчула мой талент, – успамінае спявачка. – Мы і зараз сябруем. Праўда, апошнія 11 гадоў не ўдзельнічалі ў фестывалі. І вось зноў патрапілі на сцэну ў Віцебску. Здаецца, змянілася няшмат – такая ж файная атмасфера, толькі ўдзельнікі мацнейшыя, чым раней.

– Наталля скромнічае, – умешваецца ў размову Дзяніс. – Прафесійны ўзровень змяніўся не толькі ў удзельнікаў, але і асабіста ў яе. Нездарма атрымала дыплом 2-й ступені.

Для Наталлі і Дзяніса незвычайна было выступаць асобна, бо апошнія гады яны заўсёды спяваюць дуэтам. Нават запісалі ў студыі свае трэкі. Карацей кажучы, ідылія – і ў музыцы, і ў сям’і.

– Мы актыўная сям’я з грамадзянскай пазіцыяй, – упэўнены Голубевы. – Наш сын расце добрым чалавекам, які ведае, што людзі бываюць розныя – нехта не можа хадзіць, нехта не бачыць. Але гэта ніяк не ўплывае на адносіны да іх. А яшчэ мы верым, што ў кожнага, хто хоча займацца творчасцю, усё абавязкова атрымаецца. На прыродных дадзеных далёка не паехаць, трэба працаваць над іх развіццём кожны дзень. Калі будзе жаданне, знойдуцца і магчымасці.

 

Дарыя Галоўчыц

Фота рэдакцыі газеты «Вместе!» і з архіва сям’і Голубевых

 

 

Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.


Exit mobile version