Дзякуючы простай вясковай жанчыне сённяшняе пакаленне ведае прозвішча героя і перадае з вуснаў у вусны гэту гісторыю

Поддержи

Апошнім часам з’яўляецца нямала новых цікавых матэрыялаў аб малавядомых подзвігах ваенных часоў. Вось і мы вырашылі расказаць гісторыю пра двух савецкіх воінаў. Збіраючы матэрыял, на жаль, многага не ўдалося даведацца. Не паспелі своечасова сустрэцца, пагутарыць са сведкамі тых падзей. Ужо няма ў жывых тых герояў. Вечным сном спяць у брацкіх магілах баявыя таварышы.

Магілы двух разведчыкаў знаходзяцца ў вёсках Сенненскага раёна Балбасаве і Звягах-Рошчына. Доўгі час гэта былі помнікі невядомым салдатам. Аднак у канцы 90-х прозвішча аднаго з герояў стала вядомым дзякуючы мясцовай жыхарцы, дзіцяці вайны Ніне Казловай. У 1944-м ёй было восем гадоў. Аднак, паводле сцвярджэнняў сучаснікаў, Ніна Якаўлеўна добра ведала гэтую гісторыю. У жанчыны быў хатні адрас байца. Мабыць, яго знайшлі жыхары ў гімнасцёрцы загінулага. Ужо пазней яна наладзіла перапіску з роднымі салдата. І ў канцы 90-х дачка, унучка і зяць прыехалі ўвекавечыць памяць свайго блізкага чалавека. Да помніка, які дагэтуль лічыўся помнікам невядомаму салдату, прыйшла ўся вёска. У той дзень прымацавалі шыльду з прозвішчам героя.

Сцяпан Прохаравіч Патрасаў (1915-1944 гг.)

Ніна Якаўлеўна сама была дачкой франтавіка. Бацька Якаў Трафімавіч Барышаў ваяваў у 169 гвардзейскім стралковым палку 1-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Памёр ад раненняў у 48 гадоў і пахаваны ў Літве. Таму разумела, наколькі родзічам важна пабываць на тым месцы, дзе пахаваны іх чалавек. Жанчына ўсё жыццё пражыла ў роднай вёсцы, працавала паляводам. Выгадавала трох дзяцей, мела ўнукаў. Была руплівай гаспадыняй і сціплым, выхаваным чалавекам. Лёс, як кажуць, не пеставаў. Аднак яна ніколі не скардзілася на жыццё. Цудоўна ведала мясцовы фальклор і ўмела прыгожа спяваць. Была прыроджанай аптымісткай. Ніна Казлова памерла ў 2012 годзе. Але яе справа жыве і цяпер. Дзякуючы простай вясковай жанчыне сённяшняе пакаленне ведае імя героя і перадае з вуснаў у вусны гэту гісторыю.

Мы паспрабавалі аднавіць некаторыя моманты апошняга баявога шляху разведчыкаў. У гэтым аповедзе, зразумела, застаецца шмат цьмянага, але галоўная складаючая – успаміны людзей. Прапанаванае эсэ – не што іншае, як спроба зазірнуць у мінулае, мастацкая інтэрпрэтацыя паводле ўспамінаў, якая не прэтэндуе на факталагічную дакладнасць.

***

Гэта было ў канцы чэрвеня 1944-га, калі савецкія войскі пачалі знакамітую барацьбу за Беларусь. Ад Віцебска, Оршы, Магілёва рушылі на захад магутныя танкавыя калоны, неўтаймоўная пяхота, імклівая конніца. Вялікую дапамогу армейскім часцям аказала ў той час разведка.

Казлова Нiна Якаулеуна, (1934-2012), в. Звягі-Рошчына, 2009 г.

Верагодна, іх атрад знаходзіўся ў Аршанскім раёне. Кіламетраў за дзесяць размяшчаўся адзін з важнейшых у той час стратэгічных шляхоў – чыгунка “Смальяны” ў кірунку Орша – Лепель. А кіламетраў за сорак – важныя шашэйныя дарогі, якія дазвалялі нямецка-фашысцкаму камандаванню здзяйсняць перакідку войскаў і баявой тэхнікі ўздоўж фронту… Ёсць таксама здагадкі, што лагер частак войскаў 40-га гвардзейскага палка мог абаснавацца і ў старым лесе з густым падлескам, што быў у радыусе вёсак Балбасава і Звягі-Рошчына.

…У той цёплы чэрвеньскі вечар хлопцы вярталіся з разведкі на конях. (Не выключана, што гэта была самаволка.) Рухаліся па намечаным шляху. Ішлі глухімі прасёлкамі, абыходзячы вёскі. Разведчыкі стралковых часцей не забывалі пра асцярожнасць, бо іх маглі засекчы немцы. На выпадак небяспекі трымаліся бліжэй да вербалозу і пералескаў. Днём хаваліся, каб не ўбачылі мінакі. Начавалі ў лесе ці стозе сена, бывала, у лазні ці закінутай прыбудове. Звычайна грукаліся ў дзверы дома, які выглядаў багацейшым, прасілі паесці. Асцярожна заводзілі размову, высвятлялі, ці не спыніліся ў вёсцы немцы. Упэўніўшыся, што небяспекі няма, заходзілі ў хату, уладкоўваліся на начлег, часцей у адрыне. Як правіла, жанчыны спачувалі такім гасцям, стараліся дапамагчы, дзяліліся апошнім.

Вось і гэтым разам байцы вырашылі змяніць тактыку і зайсці адпачыць. Хутчэй за ўсё, калі верыць развагам мясцовых жыхароў, разведчыкаў было трое. Адзін з трох асцярожна павінен быў заходзіць у вёску, а двое – схавацца на ўскраіне і чакаць са зброяй напагатове. У выпадку небяспекі трэці павінен стрэліць з вінтоўкі.

Ваенныя абышлі мясцовасць, нічога падазронага не заўважылі. А хлопцы ўсё ж на сваёй зямлі! Тым больш, падзеі апошніх дзён дазвалялі  адчуваць сябе смялей (ужо не мы баяліся акружэнняў, а вораг). Заехалі ў крайнюю хату да цёткі Ліды (тут не аднойчы спыняліся нашы). Памыліся і перакусілі, заадно ўзялі з сабой харчу. Залеглі ў стозе, але амаль не спалі. Раніцай рушылі ў лагер у добрым настроі, нават не падазраючы, што коннікаў высачылі.

Помнік невядомаму савецкаму разведчыку, в. Балбасава

У полі, на Сафронаўшчыне (так людзі называлі гэтае месца паміж дзвюх вёсак), разведчыкаў акружылі. Адзін з нашых салдат, які першым заўважыў гітлераўцаў, падняў трывогу. Хутчэй за ўсё, ён не патрапіў у поле зроку. Пра яго лёс нам нічога не вядома.

Аднак двум яго таварышам сыходзіць было ўжо позна. Рашэнне байцоў было адно: не здавацца. І яны падрыхтаваліся да сутычкі. Ворагі прапанавалі здацца. Фашысты хацелі ўзяць коннікаў жывымі. Але нашы адказалі агнём. Завязаўся бой. Немцы вялі метадычны агонь, прасоўваючыся групкамі. Чырвонаармейца ранілі. Хлопцы на імгненне разгубіліся. Адзін з іх узяў на сябе камандаванне. Ён яшчэ думаў, што можа прабіцца з акружэння да лесу, прыкрываючы сабой адыход. Але зноў адбылося непрадбачанае: баявога сябра раніла паўторна. Ён зваліўся з каня, не мог устаць. Гвардзеец разлічваў вывезці байца з поля бою, аднак цяпер ужо яго выратаваць было немагчыма. Кольца хутка сціскалася. Усё бліжэй і бліжэй фрыцы падыходзілі да вербалозу, акружаючы з усіх бакоў. Баец працягваў адстрэльвацца, але ў абойме засталася апошняя куля. На імгненне, магчыма, з’явілася думка пакінуць яе для сябе. Аднак помста за сябра аказалася мацнейшай, і куля патрапіла ў немца. Адказ не прымусіў сябе чакаць. Раздаўся смяротны выстрал. Салдат абмяк, конь рушыў у бок вёскі…

***

…Смерць герояў стала для нас іх бяссмерцем. Перад адважнасцю і мужнасцю воінаў сёння мы схіляем галовы. Апісаныя падзеі адбываліся падчас Віцебска-Аршанскай аперацыі. 11-я гвардзейская армія прарывала абарону саперніка, у тым ліку ў лясіста-балоцістай мясцовасці.

Помнік радавому Патрасаву

Радавы Сцяпан Прохаравіч Патрасаў і яго таварыш (імя невядома) служылі ў 11-й гвардзейскай стралковай дывізіі 40-га гвардзейскага палка. Загінулі 27 чэрвеня 1944 года. Чырвонаармейцаў пахавалі вяскоўцы. Добрая памяць пра іх жыве ў сэрцах новага пакалення. Іх імёны і подзвігі застануцца ў вяках!

Месца пахавання чырвонаармейца Патрасава даглядае старэйшына вёскі Звягі-Рошчына Вера Канстанцінаўна Багдановіч. У канцы 90-х жанчына разам з аднавяскоўцамі прысутнічала на сустрэчы з сям’ёй байца. У 44-м яму было 29 гадоў… На радзіме, у татарскім сяле Урсала Альмецьеўскага раёна ў абаронцы заставалася жонка Агрыпіна Сямёнаўна і дзеці. Баявога таварыша Сцяпана пахавалі на могілках у вёсцы Балбасава Сенненскага раёна (яго цела знайшлі недалёка ад гэтай мясцовасці). Імя героя застаецца невядомым. Месца яго апошняга спачыну таксама дагледжана. Кожны год 9 Мая нясуць сюды жывыя кветкі. Лёс трэцяга гвардзейца-разведчыка, на жаль, таямніца, якую, верагодна, трэба будзе разгадаць. Можна меркаваць, яму ўдалося застацца ў жывых і прабрацца да сваіх.

Мясцовыя жыхары Вера Канстанцінаўна і сям’я Вольгі і Мікалая Казловых падзяліліся некаторымі дэталямі тых падзей, што расказвалі людзі. Якраз у той перыяд немцы зачышчалі сляды. Пасля свайго адыходу ў Звягах пакінулі двух сваіх памагатых, каб спаліць вёску. Пра гэта даведаліся нашы салдаты, прыйшлі і бязлітасна расправіліся з ворагамі. Пакуль немцаў вялі ў канец паселішча, удакладняе Мікалай Казлоў – малодшы сын Ніны Якаўлеўны, жыхары назіралі, а дзеці беглі ўслед і крычалі абразы. Аднаго фрыца застрэлілі. А на другога было шкада нават куль – забілі рыдлёўкай. Можа, для кагосьці гэта здасца занадта жорсткім. Аднак так народ помсціў за ўсё тое гора, што захопнікі прынеслі на нашу зямлю.

…Чым далей сыходзяць у гісторыю падзеі суровых ваенных гадоў, тым больш велічна ўяўляюцца подзвігі і мужнасць тых, хто аддаў жыццё ў імя Перамогі.

Надзея Зуева

Паводле ўспамінаў жыхароў в. Звягі-Рошчына

Фота В.К. Багдановіч, сям’і Казловых і аўтара

 

 

Новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.


Exit mobile version