Два медалі за шасцёра дзяцей. 90-гадовая Яўгенія Рэвяка з вёскі Літусава — жывая сведка вайны, якая бачыла ўсё маленькай дзяўчынкай
У Год жанчыны мы шануем мацярынства і дзяржаўную падтрымку маці. Але подзвіг тых, хто выхоўваў дзяцей у пасляваенныя гады, заслугоўвае асаблівай памяці. 90-гадовая Яўгенія Рэвяка з вёскі Літусава не мае сучаснага ордэна, але яна – жывая сведка вайны, якая бачыла ўсё маленькай дзяўчынкай. У сталым узросце, ужо пасля вайны, яна выгадавала шасцёра дзяцей без гаджэтаў і дапамог, працуючы да мазалёў. Яе подзвіг – гэта само жыццё, якое наша гераіня, нягледзячы на страчанае ваеннае дзяцінства, працягнула ў мірны час.
Абпаленае маленства
Яўгенія Сямёнаўна памятае вайну. У 1941-м, калі ёй было ўсяго восем, у яе родную вёску Шуплякі, якая знаходзілася недалёка ад месца, дзе жыве, прыйшлі немцы. Яўгенія Рэвяка, якой сёлета споўніцца 90, бачыла, як акупанты прымушалі стаяць гадзінамі ў ледзяной вадзе, як паліцаі здымалі з дзяцей апошняе адзенне, як маці адкупляла брата ад расстрэлу за поўнае сіта яек. Яна ела гнілую бульбу, шмат працавала і паспявала бегаць дзеўкай на танцы пад гармонік. А потым было замужжа, нараджэнне шасцёра дзяцей. І гэта было, мабыць, галоўны супраціў смерці. Сёння, напярэдадні Дня Перамогі, мы ўспамінаем не толькі салдат, але і тых, хто праз голад, страх і немагчымасць усё ж вырасціў новае пакаленне. Медалі? Яны ёсць, але для яе – гэта не галоўнае, а проста напамін пра тых, каго нарадзіла.

Два медалі за дзяцей
«У мяне медалі толькі на дзяцей», – кажа яна спакойна. Без гонару, без пафасу. Проста канстатуе факт. Нават не памятала дакладна, дзе яны ляжаць. Спачатку не хацела паказваць: «Што тут такога, знайшлі чым хваліцца». Ды потым усё ж вынесла з хаты два савецкія «Медалі мацярынства» – пацямнелыя ад часу, але дарагія ёй па-свойму…
Мы просім нашу суразмоўніцу расказаць пра дзяцей.
– Шэсць дзяцей было. А цяпер чатыры толькі, – кажа Яўгенія Сямёнаўна так, быццам пра надвор’е.
Але пасля такіх слоў змаўкае. Потым тлумачыць:
– Саша сышоў маладым. Галя, дачка, памерла ад раку. Жыла яшчэ шэсць гадоў пасля аперацыі. І тое шчасце.
Яўгенія Сямёнаўна ўзгадала, як цяжка прыходзілася – і працаваць, і выхоўваць.

– Я працавала даяркай, – расказвае гераіня. – Было цяжка, але працавалі, не спрачаліся, зараблялі грошы. Ішла з работы, толькі пераступіла парог – і Сашу нарадзіла ў калідоры.
– Вы да такога хадзілі і працавалі? – пытаюся.
– А што? Не забаранялі. А дэкрэты? Якія дэкрэты ранейшыя… У драўлянай люльцы качалі, калі была, дык і вязаць было зручна.
– А вы ў чым качалі?
– Ні ў чым – на руках.
Яна не скардзіцца, а проста расказвае, як было. Бо для яе гэта не «цяжкае жыццё» – гэта проста жыццё. Такое, якое было ў мільёнаў савецкіх жанчын, якія рана ішлі на ферму, даілі кароў, насілі цяжару, а потым бягом дадому – карміць, мыць, песціць, а пасля ізноў на працу.
Жыццё пасля вайны – было яшчэ цяжэй
– Бедна было, гола. Што елі? Бульба, зразумела, буракі… Выкідваем чарвяка з гнілой бульбіны – і елі. У маладосці бегалі на танцы, танцавалі пад гармонік. Пасля вайны заставаліся сярод насельніцтва былыя паліцаі. Дык калі такія прыходзілі на вечарынку, хлопцы ладзілі з імі бойку.
– Пасля замужжа працавала на ферме. Адна даглядала 50 галоў. І даіла, і бідонамі насіла, разносіла па 50 кілаграмаў камбікорму. Гэта ж не жарты!

«Не трэба пра мяне ўспамінаць»
За хатай жанчыны віднеюцца вясковыя могілкі. Я пытаюся, ці не страшна ёй.
– Не баюся. Духі не з’яўляліся ніколі, – смяецца. – Слухай, жывога бойся, а не мёртвага.
Гэта, мабыць, галоўная мудрасць, якую яна вынесла са свайго доўгага жыцця.
У канцы размовы пытаюся дазволу сфатаграфаваць яе.
– Не трэба мяне фатаграфаваць, – адмахваецца яна.
– Трэба, – адказваю, – для хронікі. А то хто потым пра вас успомніць, што была такая цёця Жэня?
– Не трэба пра мяне ўспамінаць, – усміхаецца.

Але потым усё ж такі згаджаецца. Папраўляе халат, бярэ на рукі ката. І на імгненне – толькі на імгненне – пазіруе, застываючы ва ўсмешцы. Відаць, што ёй прыемна, што яна рада, што хтосьці прыехаў і слухае яе гісторыю.
У Яўгеніі Сямёнаўны засталося чацвёра дзяцей, якія наведваюць, не забываюць. Шмат унукаў. Пасля таго, як усе дзеці разляцеліся, памёр муж. Жыве адна. І трэба сказаць, што аптымізму гэтай жанчыне не займаць. Птушку трымае. Купіла маладых курачак. Расказвае, што ўзімку ў хаце трымае, а то ў парнік носіць, каб цёпла было. Дзецям у горад дае яйкі.
– Ну а што рабіць? Не смуткую, не плачу. Вось гарод – бульбу пасадзім, клубніцы, маліну. Есці што куплю. Увечары гляджу абавязкова навіны і нашага Прэзідэнта. І дзякую яму, што жывём пад мірным небам. Што аб’явіў гэты год жаноцкім – гэта правільна. Хай яму Бог здароўя дасць паболей. А нам сіл і памяці, каб маглі сваім унукам расказаць, што было раней.
І ўсё. Ні скаргі, ні крыўды. Проста жыццё. Якое было і якое ёсць. А медалі, якія ляжаць дзесьці ў звычайнай вясковай хаце, не страцілі сваёй сілы. Таму што галоўны медаль – гэта дзеці. І нават тыя, каго ўжо няма, застаюцца ў памяці любой жанчыны-маці. А гэта, бадай, самая вялікая ўзнагарода.
Тэкст: Надзея Зуева
Фота аўтара
Новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.