Ад даступнасці – да роўнасці правоў
2 чэрвеня ў мінскай галерэі сучаснага мастацтва «Ў» каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі расказаў журналістам пра мерапрыемствы, запланаваныя ў рамках сёлетняга Тыдня Даступнасці, арганізатарам якога і з’яўляецца Офіс. Зрэшты, гэтыя імпрэзы будуць доўжыцца не тыдзень, а крыху болей. Заключнай жа падзеяй стане фестываль «Вольнае паветра», які адбудзецца ў ліпені.
На пачатку прэс-канферэнцыі Сяргей Драздоўскі ў чарговы раз падкрэсліў, што даступнасць – гэта не проста безбар’ернае асяроддзе. Перш за ўсё пад гэтым паняццем маецца на ўвазе вольны доступ да выгодаў цывілізацыі, да магчымасці актыўных зносінаў з людзьмі.
– Мы сутыкаемся як з фізічнымі бар’ерамі, так і з бар’ерамі ў ментальнасці – калі людзям цяжка зразумець, што такое інваліднасць і як з ёю жыць, – расказваў выступоўца. – Нельга не ўзгадаць і недасканалыя прававыя нормы, а таксама стэрэатыпы, якія заўсёды існуюць у дачыненні да людзей з інваліднасцю.
Менавіта пераадоленне ўсіх гэтых цяжкасцяў, а не толькі стварэнне безбар’ернага асяроддзя, і можна з упэўненасцю лічыць сапраўднай даступнасцю. Гэтую думку Офіс па правах людзей з інваліднасцю ўжо пэўны час настойліва спрабуе данесці да ўсяго нашага грамадства.
Як расказаў С. Драздоўскі, у Тыдні Даступнасці возьме ўдзел нямала цікавых людзей – падзеляцца вопытам міжнародныя эксперты, а таксама беларускія спецыялісты, якія працуюць у такіх сферах, як архітэктура, дызайн і інш. Сёлета ў межах Тыдня Даступнасці абмяркоўваецца, да прыкладу, такая з’ява, як універсальны дызайн. Яго сутнасць – у фарміраванні асяроддзя, якое было б зручным для кожнага чалавека, а не толькі для інвалідаў. Трэба сказаць, што больш за дзесяць арганізацыяў – Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам, Беларускі Чырвоны Крыж, МДГА «Дети. Аутизм. Родители» і іншыя – таксама спрычыняцца да Тыдня Даступнасці.
Акрамя таго, падчас Тыдня Даступнасці кожны жыхар Беларусі зможа атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю па пытаннях інваліднасці. Летась гэтай магчымасцю скарысталіся сто пяцьдзясят чалавек.
Напрыканцы прэс-канферэнцыі Сяргей Драздоўскі выказаў наступнае спадзяванне:
– Хочацца думаць, што мы зможам адыйсці ад разумення даступнасці выключна як безбар’ернага асяроддзя, таму што галоўны прынцып для нас заключаецца ў пераходзе ад даступнасці да роўнасці – роўнасці правоў.
Ніна КАЗЛЕНЯ
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.