Дачка і маці: пакінуць нельга пазбавіцца

Поддержи

Бывае такое, калі бачыш людзей упершыню, нібыта ўлюбляешся ў іх з першага погляду. У мяне так атрымалася з Нінэль Фёдараўнай і Марынай Юматавымі. Я не змагла напісаць пра адну з іх, бо праз усё жыццё яны крочаць разам.

Знітаванне лёсаў

Кватэра, дзе жывуць і маці, і дачка з інваліднасцю, знаходзіцца ў самым сэрцы Мінска – насупраць Ратушы. Нінэль Фёдараўна па адукацыі настаўніца гісторыі. Яна скончыла педагагічны ўніверсітэт у Мінску, а на адпрацоўку паехала ў Іркуцк. Вярнулася ўжо разам з мужам, які працаваў машыністам.
Як і любое першае дзіця, Марына ў Нінэлі Фёдараўны была чаканай дачкой. Але яна нарадзілася хворай – рэшткавая з’ява ўнутраўтробнага энцэфаліту. У выніку чаго ў Марыны частковыя парэзы рук і ног.

Хаця з моманту родаў прайшло ўжо шэсцьдзясят гадоў, Нінэль Фёдараўна гэты перыяд памятае добра. «Медсястра стаяла нада мной і казала: «Ну што ты равеш, як карова?» Ніякай дапамогі фактычна мне не аказвалі. А пасля менавіта вакол мяне пастаянна збіраліся дактары, але адразу мне хваробу дачкі не сказалі. Напэўна, вырашылі схаваць».

– Як вы ўспрынялі інваліднасць дачкі? – пытаю ў Нінэль Фёдараўны.

– Жахліва… Прытым, урач-педыятар казала, што дзяўчынка не будзе хадзіць. Але мая мама не хацела ў гэта верыць. Так яна ўвесь час карміла Марыну яечным шкарлупіннем.

У два гады Марына ўсё ж пайшла. Размаўляць, праўда, не магла, аказалася, што ў яе прырасло ўздзечка языка. Пасля яго падрэзалі. Але навыкі маўлення былі страчаныя. Марыну вадзілі шмат куды – і ў басейн, і на лячэбную фізкультуру, і ў маўленчую школу – усё, каб здолець перамагчы хваробу.

З мужам Нінэлі Фёдараўне прыйшлося развесціся. «Такое адчуванне, што яго раздражняў хворы дзіцёнак. Марына патрабавала шмат часу…». Часам, праз гэты рэжым не вытрымлівала сама Нінэль Фёдараўна. Таму з працы прыйшлося сысці. «Я намагалася будаваць сваё жыццё так, каб падстройвацца пад дачку».

– Вам было цяжка кінуць школу, дзе працавалі? – пытаю ў яе.

– Я вельмі любіла сваю працу… І дзеці любілі мяне. Расставаліся вельмі цяжка. У мяне быў пяты клас. Калі развітвалася з класам, набыла торт. Не магла нічога казаць, толькі сядзела за сталом і плакала. І дзеці плакалі таксама.

Аказалася, што ў Нінэль Фёдараўны ў самой другая група інваліднасці. «Я на пенсіі яшчэ магла працаваць, але далі інваліднасць… Што ж, процягам жыцця на мне было чатыры інваліды. Брат, сястра, маці… І ўсе прайшлі праз мае рукі».

Працоўны досвед

Марына скончыла звычайную школу. Дзеці смяяліся з яе, пакеплівалі. Праз гэта Марына нават перастала выходзіць да дошкі і адказваць.

Адносіны да дзяцей з інваліднасцю – тое, што баліць Нінэль Фёдараўне дагэтуль. «У школах не вучаць гэтаму спачуванню, і бацькі гэтаму не вучаць». «Іду па горадзе – і не бачу інвалідаў зусім. Але чаму так? Гэта ж не азначае, што іх няма. А азначае тое, што яны не могуць выйсці са сваіх кватэр, і, напэўна, не хо-
чуць».

Калі ты з інваліднасцю, шансы атрымаць спецыяльнасць, вельмі маленькія. Марына не стала выключэннем. Вучыцца яе праз інваліднасць не бралі. На працу яе не прымалі.

«Я хацела асвоіць хоць нейкую спецыяльнасць, каб можна было проста працаваць, – кажа Марына, – але рукі хворыя, асабліва нікуды і не ўладкуешся». Марыну ўсё ж такі ўзялі на працу ва ўнітарнае прадпрыемства «Верас». На гэтым прадпрыемстве яна прапрацавала каля дваццаці гадоў.

Яна ўласнаручна рабіла пакеты, каробкі і шмат чаго яшчэ. «Паколькі рукі ў мяне хворыя, то выконваць норму я не магла. Раней жа былі пяцігодкі, у якія трэба выканаць нормы. Пра гэта не магло быць і гаворкі. Як магла, так і працавала», – узгадвае Марына.

«Не ўсе кіраўнікі хацелі разумець, што рукі не дазвалялі хутка працаваць, – казала Нінэль. – Нават казалі, што яна ляніцца. А яна проста не магла так хутка працаваць».

Пасля пачалося нешта незразумелае: «Спачатку казалі – працуй дома. Я сышла. А дома працы няма». «Многіх, хто мала працаваў, адпраўлялі дадому. А пасля паціху пазбаўляліся, –узгвадвае Нінэль Фёдараўна.

– Марына сказала, што сама звальняцца не будзе. Так яе мучылі чатыры гады: заробак не плацілі, працу на дом не давалі… І зрэшты ўмяшалася я. Я напісала заяву і пайшла ў адміністрацыю прэзідэнта, аддала яе інспектару. Ён не мог паверыць, што чатыры гады не атрымлівалі заробак».

Пракуратура ўмяшалася. Заробак выплацілі.

Надзея запалілася і… пагасла?

Калі пачынала стварацца Таварыства інвалідаў, то жанчыны вырашылі, што будуць у яго ўступаць. На той момант стварэнне Беларускага таварыства інвалідаў змяніла іх жыццё. «Такой актыўнасці і ўвагі да інвалідаў як зараз, раней ніколі не было. Раней усё зводзілася да гуманітарнай дапамогі».

Нінэль Фёдараўна стала старшынёй пярвічнай арганізацыі. Гэта быў новы досвед, найперш таму, што жыццё Нінэль цяпер стала звязана з людзьмі з інваліднасцю. «Я захаплялася тады, захапляюся і зараз тымі жанчынамі, якія сталі ў штурвала пярвічных арганізацый. Як яны, маючы інваліднасць і хатнія клопаты, знаходзілі сілы на дапамогу іншым?»

У канцы 90-х, у бытнасць яе старшынёй адной з пярвічных арганізацый Цэнтральнага раёна Мінска, у пярвічцы было 157 чалавек. Зараз жа, па яе словах, людзі не вельмі ахвоча жадаюць уступаць у арганізацыю.

– Чаму так? Як думаеце? – пытаю ў Нінэль Фёдараўны.

– Думаю, што трэба кардынальна мяняць падыход да працы і функцыянавання таварыства. І дзяржава павінна дапамагаць. Гэта ж ненармальна, што таварыствы знаходзяцца ў падвальных памяшканнях… Як туды можна дабрацца вазочніку? Ды ён проста туды не патрапіць. А мала хто ведае, што таварыствы жывуць самі па сабе. Канвенцыю, канечне, нарэшце падпісалі. І шмат пішуць пра яе. Але ўсё гэта – агульныя словы. І нічога канкрэтнага не сказалі.

Асаблівую падзяку і Нінэль Фёдараўна, і Марына выказваюць «Інвацэнтру» ГА «БелТІ». Калі Марына стала хадзіць на заняткі да Барыса Бачкоўскага, тады яе жыццё кардынальна змянілася: «Пасля канфлікту з надомнай працай я аказалася ў чатырох сцянах. Была нікому не патрэбна. Выйдзеш на вуліцу, крышку пройдзешся – і ўсё на гэтым. Я выпісвала «Нашу долю», пасля спыняла, пасля зноўку выпісвала… Але мне хацелася жывога кантактавання. Хацелася б прымаць актыўны ўдзел у жыцці».

Нінэль Фёдараўна захапляецца Барысам Бачкоўскім: «Я не магу перадаць словамі, як я паважаю гэтага трэнера. Ён трымае сябе ў форме і знаходзіць сілы весці за сабой іншых».

«Я часам хадзіла туды разам з Марынай. Але, вы ведаеце, цяжка мне. Так балюча глядзець на гэтых людзей. Там ёсць людзі, з якіх кпяць, маўляў, дарослыя дзядзі, – а розум, як у дзіцёнка. Але Марына іх шкадуе, знаходзіць агульную мову. І тыя да яе цягнуцца».

Нінэль піша, Марына – дэкламуе

Нінэль Фёдараўна піша вершы. Праўда, вельмі саромеецца іх і лічыць, што яны не варты тых, якія друкуюцца. «Мы можам пачытаць іх толькі ў вузкіх колах, – сарамліва кажа Нінэль Фёдараўна.

Цікава, што яны з дачкой нават размаўляюць вершамі. Калі Нінэль Фёдараўна нешта ўзгадвае і хоча метафарычна пацвердзіць сваю думку, звяртаецца да Марыны: «Марына, як я там пісала?». Марына ўзгадвае і дэкламуе радкі, якая пісала калісьці яе мама. Я ж паралельна захапляюся і вершамі, і тым, як маці з дачкой лоўка працуюць у пары.

І так прыемна бачыць, што ёсць у нашай краіне тыя, чые адносіны праз усё жыццё захоўва-
юць цеплыню. І хваробы, і кпіны іншых не зрабілі іх сэрцы жорсткімі. Наадварот. Яны любому, як і мне, пры развітанні могуць сказаць: «Будзеце ў цэнтры, абавязкова забягайце да нас!».

 

Вікторыя ЧАПЛЕВА 
Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.


Exit mobile version