Жыццё без правілаў

Поддержи

Не так даўно ў Беларускім паэтычным тэатры аднаго акцёра «Зьніч» адбылася прэм’ера монаспектакля «Мой сябра Джэйсан». Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Сяргей Кавальчык (дарэчы, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага) стварыў яго паводле рамана амерыканскай пісьменніцы Сінціі Лорд, які на беларускую мову пераклала Крысціна Пучынская.

Жыццё – гэта правілы, вялікія і драбнюткія. Але існаваць без іх немагчыма. Так думае дзяўчынка Кэтрын, і для гэтага ў яе ёсць падставы.Театр одного актера Зьніч, спектакль Мой сябра Джэйсан, Синция Лорд, Кристина Пучинская, режиссер Сергей Ковальчик горьковский театр, правила жизни

Кэтрын дванаццаць гадоў, і ў яе пачаліся канікулы! Здавалася б, найлепшы час у жыцці падлетка. Але гэта не пра Кэтрын. Яе брат Дэвід – аўтыст. Ён не заўсёды разумее, як паводзіць сябе з іншымі людзьмі, і Кэтрын прыдумвае для яго пэўныя правілы. Ёсць правілы простыя – напрыклад, «Не стой перад тэлевізарам, калі яго хто-небудзь глядзіць», і складаныя – «На пляцоўцы крычаць можна, а за сталом – не. Маму абдымаць можна і трэба, а касіра ў відэапракаце – ні ў якім выпадку». Ёсць яшчэ правілы-падказкі: «Часам людзі не адказваюць, таму што не чуюць, а часам – таму, што не хочуць адказваць».

Для Кэтрын таксама існуюць правілы. Яе і Дэвіда бацькі надта паглыбленыя ў працу, і таму з братам займаецца ў асноўным сама дзяўчынка. Ездзіць разам з ім на заняткі па працатэрапіі, бясконца ставіць на відэамагнітафоне адзін і той жа, самы любімы братаў мульцік… І саромеецца, калі Дэвіда бачыць нехта са знаёмых ці незнаёмых.

– Часам я мару, – кажа Кэтрын вуснамі выканаўцы Вікторыі Кавальчык, – каб прыдумалі якую-небудзь такую таблетку, каб Дэвід прачнуўся аднойчы раніцай нармальным чалавекам, як пасля працяглай комы, і сказаў: «Блін, Кэтрын, а што гэта было?» Але такой таблеткі няма, і нашыя сваркі толькі раз’ядноўваюць нас, заўсёды сканчаючыся тым, што Дэвід плача, а я шкадую, што пакрыўдзіла яго за тое, у чым ён невінаваты.

Аднойчы Кэтрын знаёміцца з Джэйсанам – хлопцам у інвалідным вазку, які не можа рухацца, не можа размаўляць… Яго спосаб стасункаў са светам – гэта сшытак-размоўнік з карткамі, на якіх схематычнымі малюнкамі пазначаныя словы: «сэндвіч», «піца», «газіроўка», «піць», «есці», «яшчэ», «добра», «дрэнна», «хачу», «прабачце», «можа быць», «не ведаю», «падабаецца», «калі ласка», «дзякуй», «чаму», «мужчына», «жанчына», «хлопчык», «дзяўчынка» і шмат чаго яшчэ… Словаў сапраўды вельмі шмат – і вельмі мала для таго, каб пагаварыць пра ўсё, што хочацца падлетку. Неўзабаве пасля знаёмства ў размоўніку Джэйсана з’яўляецца яшчэ адно слова – «Кэтрын».

Сама ж дзяўчынка востра адчувае ўсю несправядлівасць сітуацыі, у якой апынуўся Джэйсан: ён можа выказвацца толькі ў той ступені, наколькі гэта дазваляюць ягоныя карткі. І нікому, здаецца, не прыходзіць у галаву, што ён хоча мець гітару і марыць граць у рок-гурце, што ён не ведае, што ядуць марскія свінкі, ды і саму гэтую жывёлу ніколі не бачыў. А Кэтрын гэта зразумела. Яна любіць маляваць і марыць ствараць такія карціны, «каб людзі ахкалі, гледзячы на іх». Што ж, магчыма, такія карціны з’явяцца ў яе потым. А пакуль што Кэтрын можа маляваць карткі для Джэйсана і тлумачыць яму новыя словы.

Але словаў так шмат! Якія выбраць? Так, у Джэйсана ёсць слова «чаму», але няма карткі «чаму б і не?». А гэта ж зусім іншае! Яшчэ, напэўна, варта выбраць слова «жарт». А яшчэ – «прэч адсюль!», спецыяльна для жанчыны-лагапеда, якая заўсёды размаўляе з Джэйсанам вельмі гучна, як з малым неразумным дзіцем. Няхай ён не можа размаўляць, але чуе выдатна! Так што гэты выраз яму якраз і спатрэбіцца, упэўненая дзяўчынка.

Спачатку Кэтрын аддае Джэйсану прос-та карткі з новымі словамі. Потым гэта становяцца карткі са словамі, што выяўляюць яе пачуцці і перажыванні. Брат зноў паводзіў сябе няправільна перад знаёмымі, Кэтрын думала, што звар’яцее з ім. Джэйсан, ёсць слова «звар’яцець»! Да суседскай дзяўчынкі прыйшоў знаёмы хлопец, які здзекаваўся з Дэвіда. Гэта было жудасна, для гэтага ёсць слова «катастрофа»… Яшчэ Кэтрын робіць картку «ні фіга сабе!» – канешне, маме Джэйсана паказваць яе не варта… Але хіба любы іншы падлетак не мог бы сказаць гэтак? Хутка з картак «сябар», «мой», «Кэтрын» Джэйсан складае фразу «Кэтрын – мой сябар».

Дзяўчынка ж працягвае парушаць правілы, немаведама кім прыдуманыя для Джэйсана. Хлопцу падабаецца музыка, ён марыць мець гітару? Вырашана: Кэтрын накіроўваецца ў антыкварную краму, і яе грошай акурат хапае на самую танную гітару. Аднойчы яна прыносіць Джэйсану марскую свінку: вось, яны такія, гля-дзі! Неяк Джэйсан пытаецца ў яе, як гэта – бегаць? «Місіс Мархаўз, – звяртаецца Кэтрын да маці Джэйсана, – мы пойдзем на паркоўку! Як навошта? Каб пабегаць!» Што, хіба нехта ўсё яшчэ лічыць, што бегаць у інвалідным вазку нельга? Можна! Кэтрын і Джэйсан кажуць: можна!

Для свайго сябра Кэтрын так лёгка можа парушаць правілы! Калі ж справа датычыцца яе самой, усё адразу становіцца складана. Аднойчы Джэйсан даведваецца, што ў суботу для падлеткаў ладзяцца танцы. А калі пайсці туды? Чаму б і не? (вось і прыйшлося дарэчы адно са словаў, адкрытых яму Кэтрын)

Але Кэтрын не танцуе, увогуле не танцуе ніколі. «Ніякіх танцаў! Калі толькі я не адна ў сваім пакоі, або ў поўнай цемры», – гэта адно з яе правілаў для самой сябе. «Правілы – па-іншаму гэта значыць апраўданне», – з дапамогай картак кажа ёй Джэйсан. І тады іх сяброўства перажывае першае выпрабаванне на трываласць, а Кэтрын, заціснутая ў свае і чужыя рамкі «можна» і «нельга», «трэба» і «ні ў якім разе», у рэшце рэштаў з іх выбіраецца, выдзіраецца і вырашае: танцуюць усе! І яна таксама.

***

«Мой сябра Джэйсан» – спектакль па-свойму ўнікальны. Яго стварэнне ініцыявала грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці. Нічога падобнага, сцвярджаюць стваральнікі спектакля, у Беларусі яшчэ не было: упершыню на вялікай сцэне так адкрыта закранаецца тэма інваліднасці, падымаецца пытанне, як жыць у нашым грамадстве чалавеку з інваліднасцю? Пра гэта выдатна распавяла выканаўца Вікторыя Кавальчык. Актрыса нязмушана пераўвасаблялася з галоўнай гераіні Кэтрын у Дэвіда, у Джэйсана, заклапочанага працай бацьку, занятую сваімі праблемамі маці, у лагапеда, які займаецца з Джэйсанам, і нават у гаспадара антыкварнай крамы. Дарэчы, на сцэне выканаўца была не адна: Джэйсана ўвасобіў манекен у інвалідным вазку. Згадзіцеся, цікавы і смелы рэжысёрскі ход!

Лішне казаць, наколькі гэта складана для акцёра – граць у монаспектаклі і кожнае імгненне быць у напружанні. Але, мне здаецца, усё атрымалася. Справа за малым – каб спектакль заняў трывалае месца на сцэне. А яго прыхільнікі, я ўпэўненая, знойдуцца.

Што ж, здаецца, я расказала пра спектакль усё, што можна і што нельга. Але гэтая пастаноўка пра асаблівых людзей – і сама асаблівая. Напрыканцы дадам, што тыя, каго спектакль зацікавіў, могуць убачыць яго 23 лістапада ў Тэатральнай зале Культурнага цэнтра касцёла Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.