Загор’е – сястра Хатыні
Калі ехаць па дарозе Сілічы – Дзяніскі, павярнуць на вёску Селішча і праехаць кіламетры два па прасёлачнай дарозе, то на ўскрайку лесу ўбачым помнік жыхарам спаленай вёскі Загор’е. На чорнай гранітнай стэле выбітыя словы: «Тут была вёска Загор’е, разам з жыхарамі знішчана фашыстамі 6 чэрвеня 1943 года. Вечная памяць ахвярам». Побач усталявана пліта з прозвішчамі 76 загінулых, сярод якіх – 40 дзяцей ад месяца да 15 гадоў…

Штогод у дзень гібелі Хатыні, 22 сакавіка, мы ўспамінаем усе спаленыя ў час вайны беларускія вёскі, 186 з якіх так і не адрадзіліся. Каля дваццаці з іх у Лагойскім раёне: Дальва, Тхарніца, Слабада, Загор’е… У кожнай – свая трагічная гісторыя.
Адно з самых жорсткіх фарміраванняў нават сярод эсэсаўцаў – асобы карны батальён СС Дзірлевангера – размяшчаўся ў Лагойску, у палацы Тышкевічаў. Камандаваў батальёнам, які на пачатку 1942 года перавялі з Польшчы ў Беларусь, оберштурмбанфюрэр СС Оскар Дзірлевангер. Спачатку зондэркаманда базіравалася ў Магілёве, дзе вызначылася карнымі аперацыямі супраць партызан і знішчэннем мірных жыхароў. 15 чэрвеня 1942 года у вёсцы Боркі Кіраўскага раёна адбылася трагедыя: эсэсаўцы знішчылі паселішча з прылеглымі пасёлкамі, а каля 1800 жыхароў расстралялі і спалілі ў хатах.
Дарэчы, спачатку батальён змагаўся з партызанамі. Але аказалася, што знайсці народных мсціўцаў у лясах складана, таму немцы сталі ўжываць метад калектыўнай адказнасці мірных жыхароў за дзеянні партызан. У сакавіку 1943 года батальён перавялі ў Лагойск. Тутэйшыя вёскі спалены менавіта гэтай зондэркамандай. Сумесна з 118-м украінскім батальёнам яе салдаты знішчылі і Хатынь. У перыяд карных аперацый у батальёне звычайна знаходзіўся гаўптштурмфюрэр СС Артур Вільке, супрацоўнік мінскага СД, які меў права на месцы прымаць рашэнне аб знішчэнні вёсак.
У нямецкіх дакументах таго часу засталося данясенне камандзіра нямецкай роты ў штаб асобага батальёна Дзірлевангера. Гэтае падраздзяленне складалася з браканьераў і крымінальных злачынцаў, адабраных у турмах і канцлагерах Германіі і накіраваных у батальён у якасці штрафнікоў для перавыхавання.
У данясенні немцаў, у частцы «надзвычайнае здарэнне», адзначаецца, што раніцай, у 6.30, рота трапіла пад абстрэл з боку Загор’я, таму зваротным агнём былі забіты двое тых, хто нападаў, і два чалавекі ўзятыя ў палон. Паселішча як «бандыцкае гняздо» знішчана разам з жыхарамі. Гэта адзін з нешматлікіх дакументаў, у якім акупанты напісалі пра знішчэнне вёскі, бо нагода, па іх меркаванні, была важная: стралялі па нямецкіх салдатах. На дакуменце стаіць дата «6 ліпеня 1943 года», а на помніку напісана «6 чэрвеня». Правільная дата – 6 ліпеня, бо ў чэрвені батальён Дзірлевангера ўдзельнічаў у карнай аперацыі «Котбус» і знаходзіўся ў раёне возера Палік.
Батальён Дзірлевангера атрымаў заданне знішчыць партызан у заходняй частцы Лагойскага раёна. Немцы прачэсвалі месцы стаянак партызанскіх атрадаў у Маныльскім і Руднянскім лясах і… палілі вёскі разам з жыхарамі: 22 чэрвеня – Аўгустова, 23 чэрвеня – Ніўкі, 25 чэрвеня – Кандратавічы і Мошчанка, 28 чэрвеня – Мішкавічы, 29 чэрвеня – Сілічы, Лабуншчыну, Старынкі, 3 ліпеня – Рэбрышча. Кожны дзень эсэсаўцы выязджалі ў дазор, ці, як яны называлі, «штрайф», патруліравалі дарогі, шукалі партызан і спальвалі паселішча за паселішчам…
У тую раніцу яны накіраваліся праз Загор’е да вёскі Сялец. Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, рота карнікаў прайшла Загор’е і нават адышла ад вёскі. І тут пачуліся стрэлы… Хто страляў, невядома. Эсэсаўцы адразу ж вярнуліся і акружылі паселішча. Пачалася расправа… Мала хто паспеў выратавацца.
Мне ўдалося знайсці мінчанку Зінаіду Дзік – яна памятае расповеды бацькі, які ў той дзень быў у Загор’і. Да вайны Міхаіл Арлоўскі працаваў кавалём. Меў чацвёра дзяцей. Каваля ў армію не прызвалі. Арлоўскі на ўсялякі выпадак зрабіў у лесе зямлянку. Працаваць у кузні ён больш не мог: немцы разумелі, дзе можна рамантаваць зброю для партызан. Днём Міхаіл Сцяпанавіч хаваўся ў зямлянцы, а ноччу прыходзіў дадому. На досвітку сыходзіў у лес. Так было і ў той страшны дзень.
Жонка прыгатавала сняданак і папрасіла дзевяцігадовага сына Толю занесці бацьку ежу. А праз некаторы час карнікі акружылі хаты. Разбівалі вокны і стралялі без разбору… Дамы падпальвалі. Малы застаўся жыць з бацькам у зямлянцы. Яго маці, брат і дзве сястры загінулі. Пахаваць змаглі толькі на наступны дзень: тое, што ад іх засталося, сабралі ў хустку, паклалі ў кошык і закапалі пад бэзам – там, дзе цяпер і стаіць помнік.
Уратаваліся толькі некалькі чалавек, якія ў той трагічны дзень пасвілі кароў.
Успаміны сведак супадаюць з нямецкім дакументам: фатальныя стрэлы сталі нагодай для злачынства фашыстаў. Але… Хіба жыхары вінаватыя ў тым, што адбылося за вёскай? Хіба жанчыны з немаўлятамі павінны былі адказваць за кожны стрэл па немцах? Звычайна немцы каралі жыхароў за параненых ці забітых салдат, але ў нямецкім данясенні пазначана, што страт у той дзень не было…
Ёсць у Лагойскім раёне і другая вёска Загор’е. У 1943 годзе карнікі спалілі ўсе 19 яе хат. Загінула 15 жыхароў, астатнія змаглі ўцячы. Пасля вайны Загор’е аднавілі. Дзве вёскі з аднолькавай назвай, але ў кожнай – свая гісторыя.
Аляксандр ПАЎЛЮКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.